Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Адносная раўнавага ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай была пахіснута дзеяннямі апазіцыі, якая прадстаўляла шырокія колы прагрэсіўнай шляхты і мяшчан (шляхецка-буржуазнага блоку). Гэты блок на Чатырохгадовым сойме (1788–1792) правёў шматлікія і грунтоўныя рэформы, набліжаючы дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай да рэвалюцыйных змен Вялікай Французскай рэвалюцыі канца XVIII ст.
Кароль, насуперак жаданню расійскага пасла ў Варшаве графа А. М. фон Штакельберга, пайшоў на пагадненне з рэфарматарамі, кіраўнікамі сойма, супрацоўнічаў з імі. У снежні 1790 г. ён перадаў у сойм свой праект рэформы дзяржаўнага ладу, у якім прапаноўваў больш моцны манархічны лад
У 1792 г. збройная інтэрвенцыя Расіі спыніла рэформы. Праціўнікі рэформаў — удзельнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, - ідучы ў абозе царскіх войскаў, захапілі ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы. Да канфедэрацыі далучыўся і кароль, санкцыянаваўшы інтэрвенцыю і скасаванне рэформаў Чатырохгадовага сойма. На караля легла адказнасць як на капітулянта, які спыніў збройны адпор інтэрвентам. Цяпер Кацярына II трымала свае войскі ў Рэчы Паспалітай пастаянна. Кіраўнікі рэфарматараў вымушаны былі эміграваць і рыхтавалі паўстанне ў Польшчы і ВКЛ. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падчас працы апошняга сойма Рэчы Паспалітай у Горадні (улетку 1793 г.) ужо дзейнічаў цалкам пад кантролем расійскага пасла графа Я. Я. Сіверса, калі сойм мусіў пагадзіцца з другім падзелам Рэчы Паспалітай, ад якой Кацярына II адарвала цэнтральную частку сучаснай Беларусі і Правабярэжную Украіну, а Заходнюю Польшчу аддала Прусіі. Станіслаў Аўгуст санкцыянаваў вынікі другога падзелу Рэчы Паспалітай.
Падчас паўстання 1794 г. у Польшчы і Літве-Беларусі пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі (начальнік паўстання) кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў адхілены ад улады і займаў фармальнае становішча. Ён нават асцерагаўся за сваё жыццё. Яго малодшы брат, Міхал Ежы, арцыбіскуп гнезненскі, абвінавачаны ў здрадзе на карысць Прусіі і Расіі, каб пазбегнуць лінчавання натоўпам, скончыў жыццё самагубствам.
Пасля паражэння паўстання 1794 г. Станіслаў Аўгуст па загаду Кацярыны II выехаў з Варшавы ў Горадню, дзе жыў у каралеўскім палацы да смерці Кацярыны II. У Горадні ён даведаўся аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай і ліквідацыі дзяржавы. Тут 25 лістапада 1795 г. ён падпісаў акт адрачэння ад кароны на карысць Кацярыны II. Гэтым актам спынялася існаванне Рэчы Паспалітай і дзяржаўнасці Польшчы і Літоўскага-Беларускага гаспадарства. Калі Кацярына II памерла (лістапад 1796 г.), Павел I выклікаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Санкт-Пецярбург, дзе кароль пражыў да канца жыцця. Яму быў захаваны тытул караля і невялікі двор. Павел I ставіўся да яго з сімпатыяй і нават аднойчы пацікавіўся ў Панятоўскага, ці не з'яўляецца ён ягоным бацькам, як некаторыя гаварылі, але Панятоўскі не мог даць пэўнага адказу.
Кароль пісаў мемуары, у якіх апраўдваў сваю палітыку. Памёр ён у Санкт-Пецярбургу ў Мармуровым палацы 12 лютага 1798 г. і быў пахаваны ў каталіцкім касцёле на Неўскім праспекце. У 1938 г. рэшткі яго праху перададзены савецкім урадам польскім уладам і перапахаваны ў Троіцкім касцёле ў Воўчыне (Брэсцкая вобласць), дзе нарадзіўся Станіслаў Аўгуст. Пасля Другой сусветнай вайны грабніцу з прахам караля разрабавалі. Урна з прахам караля была разбіта настаўніцай-камсамолкай. У канцы 80-х гг. XX ст. сімвалічны прах караля перавезены ў Польшчу. Ад Троіцкага касцёла засталіся рэшткі. Пасля вайны ён выкарыстоўваўся як збожжасховішча.
У 1784 г. Станіслаў Аўгуст уступіў у марганатычны (законны, але без права перадачы каралеўскай годнасці) шлюб з удавой генерал-інспектара Войска Літоўскага Эльжбетай Грабоўскай і меў ад яе сына, які насіў прозвішча Грабоўскі. Пляменнік караля — Юзаф (1763–1813) — меў тытул
Станіслаў Булак-Балаховіч (1883–1940)
Пасля доўгага замоўчвання беларускімі гісторыкамі савецкага часу ўжо у 90-я гады мінулага стагоддзя беларускія нацыянальныя гісторыкі вярнулі з часовага нябыту імя аднаго з найактыўнейшых беларускіх вайсковых і палітычных дзеячаў — генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Акрамя аўтара гэтых радкоў трэба згадаць працы Алега Латышонка з Беластока, Алеся Бяляцкага з Мінска. Артыкулы, прысвечаныя генералу і яго паходу ў Палессе, планаванаму як пачатак вызвалення Беларусі ад панавання ў ёй бальшавіцкай Расіі, увайшлі ў «Энцыклапедыю гісторыі Беларусі» і «Беларускую Энцыклапедыю». У Польшчы ў 1993 г. выйшла кніга М. Цабаноўскага «Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч. Забыты герой». Вывучэнне біяграфіі С. Булак-Балаховіча і яго вайсковай і палітычнай дзейнасці працягваецца. Забытыя імёны Бацькаўшчыны вяртаюцца.
Станіслаў Нікадзімавіч Булак-Балаховіч (10.02.1883–10.05.1940) нарадзіўся ў невялічкім маёнтку Мэйшты Відзаўскай воласці Браслаўскага павета Ковенскай губерні (за 10 км на паўночны захад ад Відзаў, цяпер у Шуленайскай апілінцы — воласці Літвы каля літоўска-беларускай мяжы). Яго бацька, Нікадзім Міхаіл, беларус-католік, працаваў кухарам ва ўладальнікаў маёнтка Мэйштовічаў, а маці, Юзэфа з Шафранаў, полька, была пакаёўкай. Паводле сямейнага падання Станіслаў Булак-Балаховіч паходзіў з дробнай беларускай шляхты.
Пасля нараджэння Станіслава яго бацька атрымаў ад Мэйштовічаў у арэнду маёнтачак Стакоп'ева (у тым жа Браслаўскім павеце), дзе нарадзіўся Юзаф (Язэп) (22.07.1896–13.06.1923), малодшы Станіславаў брат, таксама ў будучыні генерал. Станіслаў і Юзаф Булак-Балаховічы скончылі агранамічную школу. Станіслаў працаваў адміністратарам маёнтка Гарадзец-Лужкі ў Дзісенскім павеце. У 1905 г. ён выступаў на баку сялян у іх канфліктах з панамі, за што атрымаў мянушку Бацька.
Станіслаў Булак-Балаховіч перад Першай сусветнай вайной.
У пачатку Першай сусветнай вайны Станіслаў Булак-Балаховіч разам з братам Юзафам і сябрамі Дамброўскім і Мацкевічам добраахвотна ўступіў у расійскую армію і з 20 жніўня 1914 г. служыў у 2-м Курляндскім уланскім палку 2-й кавалерыйскай дывізіі спачатку шарагоўцам, а потым унтэр-афіцэрам. Ён удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, а потым сучаснай Латвіі. Узнагароджаны георгіеўскім медалём і Георгіеўскімі крыжамі 4-й, 3-й і 2-й ступеняў. Быў неаднойчы паранены і кантужаны.
9 ліпеня 1915 г. (са старшынствам ад 9 чэрвеня) атрымаў першае афіцэрскае званне прапаршчыка (з адной зорачкай на афіцэрскім пагоне) ад вярхоўнага галоўнакамандуючага вялікага князя Мікалая Мікалаевіча. Удзельнічаў (3 верасня 1915 г.) у дзеяннях за лініяй фронту супраць немцаў у тылах праціўніка ў складзе армейскага партызанскага атрада (каля 500 чалавек) пад камандаваннем Леаніда Пуніна. С. Булак-Балаховіч быў спачатку камандзірам эскадрона, а пасля гібелі Л. Пуніна 1 верасня 1916 г. — камандзірам усяго атрада.