Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
12 кастрычніка 1920 г. у Рызе падчас савецка-польскіх мірных перамоваў былі падпісаны перамір'е і дагавор аб папярэдніх умовах міру. Паводле ўмоў перамір'я, ваенныя дзеянні на савецка-польскім фронце былі спынены праз 6 дзён — 18 кастрычніка 1920 г. а 24-й гадзіне. У гэтыя дні польскія войскі працягвалі наступ, заняўшы на поўдні БССР некаторыя раёны.
Перад С. Булак-Балаховічам стаяла задача працягваць барацьбу супраць Савецкай Расіі і за вызваленне Беларусі ад улады бальшавікоў. 20 ліпеня 1920 г. С. Булак-Балаховіч пайшоў на пагадненне з Б. В. Савінкавым, старшынёй Рускага палітычнага камітэта ў Польшчы, якога падтрымліваў начальнік Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскі. 27 жніўня 1920 г. паміж Б. Савінкавым і С. Булак-Балаховічам было падпісана пагадненне аб аб'яднанні рускіх і беларускіх атрадаў у Польшчы ў адну армію для самастойнага наступу на ўсход.
У выніку да пачатку лістапада 1920 г. значна папоўненыя атрады С. Булак-Балаховіча былі разгорнутыя ў Рускую народную добраахвотніцкую армію агульнай колькасцю каля 20 тысяч чалавек, з іх каля 15 тысяч у страі. У склад гэтай арміі ўваходзілі 3 пяхотныя і 1 кавалерыйская дывізіі, сялянская пяхотная брыгада, асобны туземны кавалерыйскі полк, полк данскіх казакоў, асабістая сотня генерала Булак-Балаховіча і чыгуначны полк, які яшчэ фармаваўся. Паводле асабовага складу найбольш шматлікімі былі 1-я дывізія «смерці» палкоўніка (потым генерал-маёра) Мацвеева і 2-я дывізія палкоўніка Мікошы, якія налічвалі па 4000–4800 жаўнераў і афіцэраў, і кавалерыйская дывізія палкоўніка С. Паўлоўскага (1100 шабель і штыкоў). Найбольш баяздольнай з іх была 1-я дывізія «смерці», якая складалася з 1-га Партызанскага, 2-га Пскоўскага, 3-га Востраўскага і 4-га Вазнясенскага палкоў і іншых падраздзяленняў. Асноўную частку дывізіі складалі жаўнеры і афіцэры Беларускага атрада, якія прыйшлі на фронт разам з С. Булак-Балаховічам з Эстоніі. У кавалерыйскай дывізіі найбольш баяздольным лічыўся 1-ы конны полк, які складаўся ў большасці з коннікаў, што прыйшлі з Эстоніі. У іншых частках арміі былі ў асноўным мясцовыя жыхары, якія не мелі дастатковага баявога вопыту, а таксама былыя палонныя камандзіры і чырвонаармейцы і дэзерціры з Чырвонай Арміі. Фармаванне арміі вялося і па паходжанні асноўнай масы жаўнераў. Так, 2-я дывізія палкоўніка Мікошы складалася з 4-х палкоў: Георгіеўскага, Мінскага, Смаленскага і Віцебскага. 3-я Волжская дывізія генерал-маёра Яраслаўцава складалася з Казанскага, Яраслаўскага, Ніжагародскага і Самарскага палкоў.
Задача арміі С. Булак-Балаховіча палягала на тым, каб адцясніць з Беларусі савецкія войскі, стомленыя доўгімі баямі на шляху ад Варшавы і, абапіраючыся на сялянства, амаль канчаткова змучанае бальшавіцкай палітыкай «ваеннага камунізму», прарвацца ў Расію для стварэння там дэмакратычнай рэспублікі.
Аднак у С. Булак-Балаховіча быў і свой, беларускі, план. Дзеля гэтага ён падпісаў 12 кастрычніка 1920 г. пагадненне з Беларускім палітычным камітэтам у Варшаве на чале з П. Алексюком. Камітэт стаяў на пазіцыях саюзу з Польшчай. Паводле гэтага пагаднення, пры вызваленні тэрыторыі Беларусі Булак-Балаховіч мусіў перадаць цывільную ўладу ўраду Алексюка. Сам С. Булак-Балаховіч разлічваў на сялянскае паўстанне ў Беларусі, якое падтрымае яго армію.
Напачатку лістапада 1920 г. армія С. Булак-Балаховіча была сканцэнтравана ў раёне Турава, які паводле савецка-польскага дагавора ад 12 кастрычніка 1920 г. належаў БССР, але пакуль знаходзіўся ў зоне, занятай польскімі войскамі. Перамір'е і папярэдні мірны дагавор не былі яшчэ ратыфікаваныя і не было яшчэ пагаднення аб вывадзе польскіх войскаў з занятай імі савецкай тэрыторыі. Аднак польскі бок фармальна спыніў адносіны з антысавецкімі сіламі на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Так, польскі ўрад заявіў, што ён раззброіў атрад Балаховіча, што застаўся на польскай тэрыторыі, - брыгаду цяжкай артылерыі і бронецягнік. Сапраўды, яны не ўдзельнічалі ў баях.
6 лістапада 1920 г. армія С. Булак-Балаховіча пачала наступ у Палессі ад Турава па абодвух берагах Прыпяці на ўсход. Галоўны ўдар абрынуўся на 10-ю стралковую дывізію Заходняга фронту, якая панесла значныя страты і вымушана была адступаць. 8 лістапада войскі Булак-Балаховіча занялі Петрыкаў, 9 — мястэчка Скрыгалаў і вёску Скрыгалаўская Слабада. Пасля цяжкага бою Пскоўскі полк 1-й дывізіі «смерці» палкоўніка Мацвеева 10 лістапада заняў Мазыр, які стаў цэнтрам ваеннай і палітычнай дзейнасці Булак-Балаховіча.
Частка яго войска — 2-я пяхотная дывізія і група палкоўніка Юзафа Булак-Балаховіча (малодшы брат камандуючага) — наступала на Рэчыцу, а другая частка войска — на Оўруч і на Чарнобыль. 16 лістапада атрады С. Н. Булак-Балаховіча з трох бакоў падышлі да Рэчыцы і пачалі баі на яе ўскраінах.
Пасля заняцця Мазыра С. Н. Булак-Балаховіч раскрыў свае ўласныя палітычныя планы. Насуперак намеру Б. Савінкава ён з 12 лістапада пачаў у Мазыры выдаваць палітычныя акты і загады, накіраваныя на стварэнне незалежнай Беларускай дзяржавы, абвясціў сябе «начальнікам Беларускай дзяржавы» (як Пілсудскі — Польскай) і пракламаваў незалежнасць Беларусі. 14 лістапада 1920 г. выдаў загад пра фармаванне Беларускай нацыянальнай арміі з беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. За тыдзень з добраахвотнікаў былі сфармаваныя Сялянскі партызанскі атрад і Хабненскі полк (паводле назвы мястэчка Хабна). С. Н. Булак-Балаховіч абвясціў сябе галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі незалежнай Беларусі. Камандаванне Рускай народнай добраахвотніцкай арміяй ён перадаў свайму брату Іосіфу (Юзафу, Язэпу), надаўшы яму воінскі чын генерал-маёра. Але фактычна С. Булак-Балаховіч па-ранейшаму камандаваў Саюзнай Народнай арміяй, як яна называлася ад 14 лістапада.
У Мазыр з Варшавы прыбылі сябры Беларускага палітычнага камітэта П. Аляксюк і В. Адамовіч, якія заключылі з С. Н. Булак-Балаховічам і Б. В. Савінкавым пагадненне аб прызнанні Рускай народнай добраахвотніцкай арміяй незалежнасці Беларусі з наступным узгадненнем Устаноўчымі соймамі Расіі і Беларусі канчатковай формы ўзаемаадносін. С. Н. Булак-Балаховіч прызначыў П. Алексюка старшынёй свайго ўрада, а эмігранцкі ўрад В. Ластоўскага і савецкі ўрад Чарняка (А. Чарвякова) у Менску абвясціў «звергнутымі».
У арміі С. Н. Булак-Балаховіча былі і свае вайсковыя ўзнагароды: вялікі крыж з мячамі і крыж мужных. У цэнтры крыжоў была выява чэрапа. На вялікім крыжы быў у цэнтры па кругу надпіс: «За нашу і вашу свабоду». А раней яго Асобны атрад меў і свае паштовыя маркі.
Барацьбу супраць арміі С. Булак-Балаховіча вяла савецкая 16-я армія Заходняга фронту. На фронт былі скіраваныя дадатковыя сілы Чырвонай Арміі. Рэгулярныя войскі Чырвонай Арміі мелі колькасную перавагу. 3 боку Жлобіна контрнаступленне Чырвонай Арміі пачалося 16 лістапада. Яе часці 17 лістапада з боем занялі Калінкавічы. Баючыся застацца адрэзанымі, перадавыя атрады С. Н. Булак-Балаховіча 18 лістапада спынілі атакі ў раёне Рэчыцы. 19 лістапада пачалося агульнае адступленне яго дывізій. 2-я пяхотная дывізія ўпарта абараняла Мазыр, але 20 лістапада горад быў захоплены праціўнікам.
Асноўнай частцы арміі Булак-Балаховіча ўдалося 22 лістапада прарвацца ляснымі дарогамі ў раёне Каплічы-Якімавічы (на поўнач ад Мазыра) праз заслоны чырвонаармейцаў 33-й Кубанскай казацкай дывізіі і 24 лістапада фарсіраваць Пціч. 26 лістапада войскі С. Булак-Балаховіча выйшлі праз Жыткавічы да чыгуначнай станцыі Сінкевічы ў раён размяшчэння польскіх войскаў. План камандавання Чырвонай Арміі абкружыць і знішчыць вайсковыя сілы арміі С. Н. Булак-Балаховіча не ўдаўся.
Армія С. Н. Булак-Балаховіча сабралася ў раёне Тураў - Давыд-Гарадок - Лахва і была раззброена польскімі войскамі. Частка ж арміі адышла ў нейтральную зону (па 15 км. па абодва бакі мяжы), якая існавала да заключэння міру ў сакавіку 1921 г., і адтуль асобнымі атрадамі вяла партызанскія дзеянні супраць Чырвонай Арміі і савецкай улады. Частка атрадаў падчас адступлення арміі засталася на месцы і працягвала весці партызанскую вайну. Налёты атрадаў С. Н. Булак-Балаховіча на тэрыторыю БССР працягваліся да 1922 г. Значная частка былых яго жаўнераў атрымала працу ў Белавежскай пушчы на тартаках і вырубцы лесу.
Пасля савецка-польскай вайны Станіслаў Булак-Балаховіч быў прызнаны генералам, але не залічаны ў склад польскага войска як чынны генерал. Ён быў абраны як генерал брыгады старшынёй Саюза былых удзельнікаў нацыянальных паўстанняў (камбатантаў). Выдаваў публіцыстычныя кнігі, варожыя савецкай уладзе, бальшавікам і Гітлеру. У публіцыстычных творах ён паслядоўна выкрываў агрэсіўны характар палітыкі Савецкага Саюза і фашысцкай Германіі і папярэджваў аб рэальнай пагрозе агрэсіі з боку гэтых дзяржаў у дачыненні да суседніх народаў.