Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
8 верасня 1992 г. у «Народнай газеце» быў надрукаваны артыкул аўтара гэтых радкоў «Бітва пад Оршай». У той жа дзень ён быў надрукаваны на рускай мове ў газеце «Во славу Родины», органе Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Як бачым, тады і афіцыйныя органы шукалі карані беларускай вайсковай гісторыі.
Тады ж, у 1992 г., у 6-м нумары часопіса «Спадчына» быў надрукаваны мой артыкул «Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г.». Паколькі наклад часопіса тады меў каля 9 тысяч асобнікаў, а часопіс выпісвалі шматлікія падпісчыкі, то пра бітву пад Оршай даведаліся многія беларусы не толькі з газет, а з часопіса, які захоўваецца больш старанна, чым газета, і можна
Я добра памятаю, як Мікола Ермаловіч, прачытаўшы мой атыкул у часопісе, сказаў мне: «Мне цяпер няма неабходнасці вывучаць дакументы. Тут усё сказана». Ен і ўзяў за аснову гэты артыкул, калі ў сваёй апошняй працы «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» (Менск, 2000) пісаў старонкі пра Аршанскую бітву. Ад часу маіх публікацый 1992 г. і пазнейшых гадоў Аршанская бітва 1514 г. стала ўсеагульнавядомай.
На аснове артыкула ў часопісе змешчаны мае артыкулы пра Аршанскую бітву ў 1 томе «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (Менск, 1993, с. 187–188) і ў 1 томе «Беларускай Энцыклапедыі» (Менск, 1996, с. 537–538). Пры далейшай працы з крыніцамі я ўнёс удакладненні ў тэкст артыкула ў часопісе «Спадчына» (1992, № 6), і яны былі ўлічаны ў «Беларускай Энцыклапедыі».
У 1-м томе Энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае» кіраўніцтва Беларускай Энцыклапедыі не ўсё гэта ўлічыла. Таму ў гэтым артыкуле я і хачу ўнесці дакладнасць і паўтарыць раней апублікаваныя мною лічбы. Справа датычыцца колькасці ўдзельнікаў бітвы з беларускага боку і прадстаўніцтва ў ёй польскіх аддзелаў. Пра гэта больш падрабязна будзе сказана ніжэй у тэксце гэтага артыкула.
За апошнія гады незалежнай Беларусі шмат ужо напісана пра вайсковую гісторыю Беларусі, у тым ліку, і пра дачыненні паміж Літоўскай-Беларускай дзяржавай і Маскоўскім Вялікім княствам. Адносіны паміж імі, паміж Расіяй і Беларуссю, былі рознымі — былі і мірныя гады, былі і жорсткія, знішчальныя войны.
Усё гэта ні інструкцыямі звыш, ні забаронамі, ні цэнзурай, ні фальсіфікацыяй з гісторыі ніхто не зможа выкрасліць.
У канцы ХV - ХVІ стагоддзі адносіны паміж Маскоўскім Вялікім княствам і Вяліккім княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім былі вельмі напружанымі. Ішла барацьба за землі — або пад панаваннем Масквы, або пад эгідай Вільні. Барацьба ішла тады з пераменным поспехам. Пра гэта трапна сказаў А. С. Пушкін (зразумела, з расійскага пункту гледжання):
Уж давно между собою Враждуют племена, Не раз клонились под грозою То их, то наша сторона.Улетку 1514 г. падчас чарговай вайны маскоўскім войскам (з-за здрады князя Міхаіла Львовіча Глінскага) удалося захапіць Смаленск. Здавалася, шлях у глыбіню ВКЛ для яе захопу маскоўскімі войскамі быў адкрыты. Пасля капітуляцыі Смаленска Вялікі князь маскоўскі Васіль III накіраваў далей у Літву-Беларусь 80-тысячную конніцу з баяраў і «людзей вайсковых» (дваранаў і дзяцей баярскіх). Простых воінаў было мала.
На чале гэтага войска стаялі галоўныя ваяводы — баярын Іван Андрэевіч Чаляднін і баярын князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца, продак князёў Галіцыных.
Каб папярэдзіць наступ вялікай маскоўскай арміі, Вялікі князь Літоўскі (ён жа кароль польскі) Жыгімонт Казіміравіч, унук Ягайлы, накіраваў насустрач
Звычайна, паводле польскай гістарыяграфіі, сцвярджаецца, што у войску К. Астрожскага было ажно 14 тысяч польскіх вершнікаў і 3 тысячы наёмнай польскай пяхоты, а войска Вялікага Княства Літоўскага мела 16 тысяч, аднак, спасылаючыся на кракаўскія архівы і далейшыя іх публікацыі (Акты Таміцкага, том 3-ці), расійскі гісторык М. К. Любаўскі ў кнізе «Літоўска-Рускі сейм» (Масква, 1900) адзначае, што земскае апалчэнне шляхты Вялікага Княства Літоускага збіралася вельмі марудна. Ні шляхта з Жамойціі, ні польскія жаўнеры да войска не паспелі далучыцца. А хто з жаўнераў падыйшоў, застаўся ў Берасці.
Жамойцкая шляхта ўвогуле намагалася бараніць свае межы з Тэўтонскім і Лівонскім ордэнамі, а ўкраінская шляхта, бараніла сваю тэрыторыю ад набегаў крымскіх татараў. I ў складзе войска К. Астрожскага, што сабралася ў Менску, дзе знаходзіўся сам Вялікі князь Жыгімонт, польскай конніцы і пяхоты было не больш як 4 тысячы. Гэтую лічбу называе польскі гісторык 3. Вайцяхоўскі, удакладняючы, што з польскіх аддзелаў конніцы была палова, а другая палова — польскія пехацінцы. Такім чынам, Канстанцін Астрожскі камандаваў у значнай ступені літоўскім-беларускім войскам, якое складалася з аддзелаў усіх паветаў з сучаснай тэрыторыі Беларусі .
У нашым біяграфічным нарысе пра К. І. Астрожскага («Славутыя імёны Бацькаўшчыны» Менск, 2003) таксама пададзены гэтыя лічбы.
У літоўскім-беларускім войску аддзеламі лёгкай конніцы (з лёгкім узбраеннем) камандаваў дасведчаны палкаводзец Юры Мікалаевіч Радзівіл, які пазней быў Гетманам Вялікім Літоўскай-Беларускай дзяржавы. Асобныя аддзелы конніцы ўзначальваў Іван Сямёнавіч Сапега. На чале свайго апалчэння быў слуцкі князь Юры Сямёнавіч Алелькавіч. Польскімі аддзеламі камандавалі Войцах Сампалінскі і Януш Свярчоўскі.
Вялікі князь літоўскі і рускі Жыгімонт Казіміравіч выехаў на тэатр ваенных дзеянняў каб каардынаваць дзейнасць войска Вялікага Княства Літоўскага і польскіх аддзелаў (паколькі быў адначасова і каралём польскім).
Месцам, дзе павінна было сабрацца агульнае войска, быў вызначаны Менск і яго ваколіцы. У канцы ліпеня 1514 г. Жыгімонт прыбыў у Менск. Як адзначае расійскі гісторык М. К. Любаўскі, тут быў праведзены агляд войска, і выявілася, што польскія аддзелы прыбывалі марудна, а большая частка іх жаўнераў засталася ў Берасці. Кароль накіраваў да іх асобны ліст, каб спяшаліся на вайну, а сам з войскам зрабіў пераход з Менска ў Барысаў, дзе зноў быў праведзены агляд войска і яго вопіс (перапіс). Паколькі вораг паспеў захапіць Смаленск і паглыбляўся на тэрыторыю ВКЛ, Жыгімонт паслаў насустрач маскоўскім войскам (80 тысяч чалавек) войска Вялікага Княства Літоўскага начале з Гетманам Найвышэйшым Канстанцінам Іванавічам Астрожскім, якое налічвала 30 тысяч чалавек. Сам жа Вялікі князь застаўся ў Барысаве з войскам у 4 тысячы чалавек, галоўным чынам польскіх жаўнераў (па іншых звестках у яго заставалася 5 тысяч чалавек). Гэтыя лічбы — 80 тысяч чалавек у войску Вялікага Княства Маскоўскага і 30 тысяч чалавек у літоўскім-беларускім войску Канстанціна Астрожскага — прыводзяцца ў рускіх летапісах, звестках іншаземцаў, хроніках М. Стрыйкоўскага і А. Гваньіні. Згаджаюцца з гэтымі лічбамі і вайсковыя гісторыкі XX ст.