Сябра пазнаецца ў бядзе (на белорусском языке)
Шрифт:
Сомэрсэт Моэм
Сябра пазнаецца ў бядзе
Пераклад: Вiктар Валынскi
Вось ужо трыццаць гадоў я вывучаю сваiх сяброў. Але не надта многа ведаю пра iх. Я, пэўна, не адважуся наняць слугу, калi ў яго толькi прыемны твар, але ўсё ж такi, здаецца, гэта - менавiта твар, па чым мы звычайна мяркуем пра людзей, якiх упершыню бачым. Мы робiм вывады па форме падбародка, па вачах, па абрысах губ. Але я не ўпэўнены, што мы часцей не памыляемся. Раманы i п'есы часта недакладна адлюстроўваюць жыццё, таму што аўтары, магчыма, па неабходнасцi, ствараюць сваiх герояў падобнымi адзiн на аднаго. Яны не могуць дазволiць сабе стварыць iх унутрана супярэчлiвымi, таму што тады яны стануць незразумелымi, у той час як унутраная супярэчлiвасць
Усе гэтыя развагi прыйшлi мне ў галаву, калi я даведаўся з ранiшняй газеты, што Эдвард Хайд Бертан сканаў у Кобе. Гэты камерсант доўга жыў у Японii, займаўся гандлем. Мы былi вельмi малазнаёмыя, але ён аднойчы мяне дужа ўразiў. Калi б я не чуў гэтай гiсторыi ад яго самога, я нiколi б не паверыў, што ён здольны на такi ўчынак. Цiкава, што вонкава i манерамi ён ствараў даволi дакладны тып. Тут якраз - тыповы цэльны характар. Гэта быў маленькi чалавек, не болей пяцi футаў чатырох цаляў росту, вельмi зграбны, з сiвымi валасамi, маршчынiстым чырвоным тварам i блакiтнымi вачыма. Здаецца, яму было каля шасцiдзесяцi, калi я пазнаёмiўся з iм. Адзяваўся ён заўжды акуратна, з густам, адпаведна гадам i месцу ў грамадстве.
Хоць яго кантора была ў Кобе, Бертан часта паяўляўся ў Iякагаме. Аднойчы мне давялося жыць там некалькi дзён, чакаючы карабель. Нас пазнаёмiлi ў Ангельскiм клубе. Мы сталi партнёрамi ў брыдж. Гуляў ён вельмi добра. Гаварыў мала, як за картамi, так i пасля за кактэйлем. Кожны сказ яго быў старанна ўзважаны, але не пазбаўлены мяккага i стрыманага гумару. Бертан карыстаўся папулярнасцю ў клубе, i пасля, калi пайшоў, мне сказалi, што гэта адзiн з найлепшых наведвальнiкаў.
Так здарылася, што мы разам спынiлiся ў Гранд-атэлi, i на другi дзень ён запрасiў мяне паабедаць. Я пазнаёмiўся з яго жонкай, тоўстай, вясёлай, у гадах жанчынай, i дзвюма дочкамi. Гэта была, безумоўна, дружная сям'я. Але больш за ўсё мяне здзiвiла Бертанава дабрыня. У лагодным яго позiрку было нешта дужа прыемнае. Слухаеш яго мяккi голас, i ўявiць цяжка, што Бертан калi-небудзь можа яго павысiць. На твары - заўсёдная дабрадушная ўсмешка. Гэты чалавек прыцягвае вас, вiдаць, таму, што вы адчуваеце шчырую любоў яго да сваiх сяброў. Бертан безумоўна быў чалавек абаяльны. Але нiчога саладжавага ў iм не было: ён любiў пагуляць у карты i выпiць, мог расказаць пiкантную гiсторыю, а ў маладосцi нават захапляўся спортам. Гэта быў багаты чалавек, але кожную капейку ён зарабiў сваёй працай. Думаю, адзiнае, што прымушае вас пашкадаваць Бертана, гэта яго маленькi рост i нейкая няўпэўненасць: кожны раз iнстынктыўна хочацца абаранiць яго. Сам жа ён, здаецца, не можа i муху пакрыўдзiць.
Аднойчы я сядзеў у гасцiнай Гранд-атэля. Гэта было яшчэ да землятруса, i там стаялi скураныя крэслы. З вокан бачылася прасторная, ажыўленая гавань. Тут былi велiзарныя марскiя лайнеры, што накiроўвалiся ў Ванкувер i Сан-Францыска цi праз Шанхай, Ганконг i Сiнгапур - у Эўропу; грузавыя судны амаль з усiх куткоў свету, якiя бачылi i буры i непагадзь, джонкi з высокай кармой i каляровымi парусамi i незлiчоныя сампаны. Напружанае, клапатлiвае жыццё, але, не ведаю чаму, гэта вiдовiшча супакойвала душу. Рамантыка была побач: здавалася, выцягнi руку - i дакранешся да яе.
Неўзабаве ў гасцiнай з'явiўся Бертан. Убачыў мяне, падышоў i сеў у крэсла побач.
– Цi не прапусцiць нам па чарачцы?
Ён пляснуў у далонi, падзываючы слугу, i заказаў два кактэйлi. Калi слуга з'явiўся з падносам, па вулiцы праходзiў чалавек, якi ўбачыў мяне i прывiтаўся.
– Вы ведаеце Тэрнера?
– спытаўся ён.
– Мы пазнаёмiлiся ў клубе. Мне расказвалi, што ён эмiгрант i жыве на грошы, якiя атрымлiвае з дому.
– Мабыць, праўда. Такiх людзей тут шмат.
– Ён добра гуляе ў брыдж.
– Як i ўсе яны. Тут быў адзiн летась, уявiце, мой цёзка - лепшага гульца я не сустракаў у жыццi. Думаю, у Лондане ён не трапляўся вам. Называў ён сябе Ленi Бертан. Я лiчу, раней ён належыў да якога-небудзь арыстакратычнага клуба.
– Не, не памятаю такога прозвiшча.
– Цудоўна гуляў у карты. Здавалася, ён валодаў нейкiм асаблiвым чуццём. Нават страшнавата. Я часта гуляў з iм. Нейкi час жыў у Кобе.
Бертан адпiў вiна.
– Даволi забаўная гiсторыя, - сказаў Бертан.
– Неблагi хлопец. Мне падабаўся. Апранаўся заўжды з густам, нават франтавата. Прывабны, з кучаравымi валасамi, белатвары i ружовашчокi. Жанчыны на яго заглядалiся. Чалавек, увогуле, някепскi, ведаеце, толькi крыху валацуга. Пiў шмат. Такiя людзi заўжды многа п'юць. Трохi грошай ён атрымлiваў з дому, раз у тры месяцы, дый выйграваў нямала ў карты. I ў мяне таксама.
На твары ў Бертана з'явiлася лагодная ўсмешка. Я ўжо ведаў са свайго вопыту, што ён мог выкiдваць вялiкiя грошы, гўляючы ў брыдж. Ён правёў па сваiм добра выгаленым падбародку тонкай, амаль празрыстай рукой з напухлымi жыламi.
– Вiдаць, таму ён i прыйшоў да мяне, калi апынуўся без капейкi ў кiшэнi, i яшчэ, можа, таму, што ў нас былi аднолькавыя прозвiшчы. Аднойчы ён зайшоў да мяне ў кантору, шукаў работы. Я здзiвiўся. Ён растлумачыў, што больш не атрымлiвае грошай з дому i таму яму трэба працаваць. Я спытаўся, колькi яму гадоў.
– Трыццаць пяць.
– А што вы рабiлi?
– Папраўдзе, нiчога.
Я рассмяяўся.
– Баюся, што пакуль нiчым вам дапамагчы не змагу, - адказаў я. Прыходзьце яшчэ праз трыццаць пяць гадоў, тады пабачым.
Ён не зварухнуўся. Збялеў. Памарудзiўшы крыху, урэшце шчыра сказаў, што апошнiм часам яму не шанцуе ў карты. Надакучыла гуляць толькi ў брыдж, перайшоў на покер i прайграўся ўшчэнт. Не засталося нi капейкi. Залажыў усё, што меў. За атэль плацiць няма чым, у доўг ужо не вераць. Хто цяпер дапаможа? Калi не знойдзе анiякай работы, застаецца самагубства.
Хвiлiну-дзве я вывучаў яго. I зразумеў, што хлопцу канцы. Вiдаць, пiў ён апошнiм часам больш звычайнага, i цяпер яму можна было даць усе пяцьдзесят. Наўрад цi жанчыны захаплялiся б iм, калi б убачылi яго ў гэтую хвiлiну.
– Але ўсё ж такi, цi ўмееце вы што-небудзь яшчэ рабiць, акрамя як гуляць у карты?
– спытаўся я.
– Я ўмею плаваць, - быў адказ.
– Плаваць!
Я ледзьве паверыў сваiм вушам: ах, якое глупства.
– Я плаваў за ўнiверсiтэт.
Я пачаў здагадвацца, куды ён хiлiць. Я сустракаў шмат людзей, якiя ў студэнцкiя гады былi кумiрамi сярод сваiх аднакашнiкаў, але гэта не выклiкала ў мяне павагi.
– Я сам быў някепскi плывец у маладыя гады, - сказаў я.
Але нечакана мяне працяла думка.
Перапынiўшы свой расказ, Бертан пытаецца ў мяне:
– Вы добра ведаеце Кобе?
– Не, - адказаў я, - быў там некалi праездам, але толькi пераначаваў.
– Тады вы не ведаеце Шыойя-клуб. Калi я быў малады, я праплываў адтуль вакол маяка да вусця ручая Тарумi. Гэта больш за тры мiлi, праплыць якiя было нялёгка, улiчваючы моцную плынь за маяком. Ну, я расказаў майму цёзку пра гэта i паабяцаў, што, калi ён праплыве там, я дам яму работу.