Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
Шрифт:
А асёл крыкнуў: "I-А".
Непрыкметна iдзе ён па свеце. Ён любiць шэры колер, iм ахiнае сваю цноту. Калi i ёсць у яго дух, дык ён схаваны: аднак кожны верыць у яго доўгiя вушы.
А асёл крыкнуў: "I-А".
Якая таемная мудрасць - мець доўгiя вушы, заўсёды казаць "Так" i нiколi "Не"! Цi не паводле свайго вобраза i падабенства стварыў ён гэты свет - гэта значыць як мага дурнейшы?
А асёл крыкнуў: "I-А".
I простымi, i крывымi дарогамi ходзiш ты; i мала турбуе цябе, што людзям здаецца крывым, а што - простым.
А асёл крыкнуў: "I-А".
Ты нiчога не адкiдаеш, нi каралёў, нi жабракоў. I дзецям не забараняеш прыходзiць да цябе, а калi нядобрыя хлапчукi дражняць цябе, ты прастадушна кажаш: "I-А".
А асёл крыкнуў: "I-А".
Ты любiш аслiх, i сама свежыя смоквы падабаюцца табе, i аддаеш ты належнае ўсякай ежы. Пах бадзякоў мацуе тваё сэрца, калi выпадае табе галадаць. I ў гэтым - божая мудрасць.
А асёл крыкнуў: "I-А".
Аслiнае свята
1
Але на гэтым месцы лiтанii Заратустра ўжо не мог болей трываць i сам крыкнуў "I-А" яшчэ галасней за асла i кiнуўся на ашалелых гасцей. "Што гэта вы тут вырабляеце, прыяцелi?
– крыкнуў ён, рыўкамi падымаючы з зямлi мольбiтаў, Ваша шчасце, што нiхто, акрамя Заратустры вас не бачыў.
Кожны падумаў бы, што вы з гэтай вашай новай верай, - зацятыя блюзнеры альбо старыя бабы, што ўжо зусiм з'ехалi з глузду!
А ты, апошнi Папа, як ты мiрышся з самiм сабой, калi так нягожа молiшся аслу, быццам ён бог?"
"Даруй мне, о Заратустра, але ва ўсiм, што датычыцца Бога, я больш абазнаны за цябе. Тут нiкуды не папрэш.
Лепей бо ўзносiць малiтвы Госпаду ў такiм вось вобразе, чым наогул не мець божага вобраза! Падумай над гэтымi словамi, узнёслы мой дружа, i ты неўзабаве спасцiгнеш, у якiм выслоўi iсцiна.
Той, хто сказаў: "Бог ёсць Дух", зрабiў найвялiкшы крок i скачок, якi наблiзiў да няверства, крок, якога нiхто на зямлi да яго яшчэ не рабiў: нялёгка паправiць тое, што сказана iм!
Маё старое сэрца хвалюецца i трымцiць, калi падумаю, што ёсць яшчэ на зямлi нешта вартае малiтвы. Даруй жа, о Заратустра, старому пабожнаму сэрцу апошняга Папы!"
"А ты, - звярнуўся Заратустра да вандроўнiка, якi называў сябе ягоным ценем, - ты называеш сябе свабодным духам i ўяўляеш сябе iм? А сам грэшыш балвахвалствам, удзельнiчаеш у розных папоўскiх вычудах?
Сапраўды, што ты ладзiш тут, яшчэ горш за тое, што ты нарабiў з гэтымi нехарошымi чарнамазымi дзяўчатамi! Эх ты, нiкчэмны нявернiк!"
"Так, усё гэта даволi паскудна, - адказваў вандроўнiк, якi называў сябе Заратустравым ценем, - i твая праўда: але я нiчога не магу з гэтым зрабiць! Стары Бог зноў жывы, о Заратустра, што б ты там нi казаў.
Ва ўсiм вiнаваты сама брыдкi чалавек - гэта ён уваскрэсiў яго. Хоць ён i кажа, быццам калiсьцi забiў яго, але смерць багоў - заўсёды забабон".
"А ты, - спытаўся Заратустра, -
Глупства было тое, што рабiў ты; як ты, такi разумны, мог учынiць такое глупства?"
"О Заратустра, - адказваў вяшчун-чарадзей, - твая праўда, гэта было глупства, i я ўжо паплацiўся за яго".
"А ты, - звярнуўся Заратустра да сумленнага духам, - раскiнь мазгамi i шырэй расплюшчы вочы! Цi не паўстае супроць гэтага тваё сумленне? Цi не надта чысты твой дух для малiтвы i чаднага фiмiяму гэтых святошаў?"
"У гэтым нешта ёсць, - адказваў той, вылупiўшы вочы, - ёсць нешта такое ва ўсiм гэтым спектаклi, што ўлешчвае нават маё сумленне.
Магчыма, я проста не адважваюся верыць у Бога, аднак мне несумненна тое, што ў гэтым вобразе Бог найбольш верагодны.
Паводле сведчання пабожных, Бог вечны: У каго столькi часу, той можа дазволiць сабе не спяшацца. Як мага дурней i павальней - такiм чынам можна зайсцi даволi далёка.
Той, у каго столькi духу, можа цалкам захапiцца глупствам i шаленствам. Згадай сам сябе, Заратустра!
Сапраўды! Нават сам ты цалкам мог бы зрабiцца аслом ад лiшнiцы сваёй i ад мудрасцi сваёй.
Хiба не любiць сапраўды мудры хадзiць крывымi дарогамi? Гэтаму вучыць сама вiдавочнасць, гэтаму вучышся, гледзячы на цябе, Заратустра!"
"Ну i, нарэшце, ты, - сказаў Заратустра, павярнуўшыся да сама брыдкага чалавека, якi ўсё яшчэ ляжаў на зямлi, працягнуўшы руку да асла (бо ён даваў яму выпiць вiна).
– Ты, каму няма назову, скажы, што зрабiў ты?
Ты здаваўся мне пераўтвораным, блiшчалi вочы твае, брыдкасць твая была ахутана ўзвышаным: што ж зрабiў ты?
Значыць, гэта праўда, што кажуць, быццам ты ўваскрэсiў яго? А навошта? Хiба ж без нiякай прычыны забiлi яго i аддзялiлiся ад яго?
Ты сам здаваўся мне ўваскрэшаным: што ж ты зрабiў? Чаму ты павярнуўся назад? Чаму здрадзiў сабе? Кажы, невыказны!
"О Заратустра, - адказваў сама брыдкi чалавек, - ты шэльма!
Цi жывы ён яшчэ, цi ўваскрэс, цi памёр канчаткова, хто з нас двух лепей ведае гэта? Я пытаюся ў цябе.
Аднак я ведаю адно: у цябе я навучыўся гэтага калiсьцi, о Заратустра: хто хоча забiць канчаткова, той смяецца.
"Забiваюць не гневам, а смехам" - так ты калiсьцi казаў. О Заратустра, ты, схаваны, бязгнеўны разбуральнiк, сама небяспечны з усiх святых, ты - шэльма!"
2
I тады адбылося наступнае: Заратустра, здзiўлены такiмi дзёрзкiмi адказамi, кiнуўся да выхаду з пячоры i, павярнуўшыся да гасцей, усклiкнуў грамавым голасам:
"Ах вы, дурнi i блазны, усе вы, тут сабраныя! Няма чаго хавацца i прыкiдвацца перад мною!
Як трымцелi вашыя сэрцы ад шалу i захаплення, што вось нарэшце-такi вы зноў зрабiлiся, як малыя дзецi, - гэтакiя самыя пабожныя,