Трывожнае шчасце
Шрифт:
Гаспадыня вярнулася заспакоеная і зноў, прыветлівая, гаманкая, завіхалася па хаце, гатавала, мяркуючы па пахах, даволі смачны абед. Любу паклікалі да нейкай хворай дзяўчынкі. І Пятро выкарыстаў гэты момант. Выйсці з партфелем з хаты, не сказаўшы слова гаспадыні, было немагчыма. Тады ён зрабіў інакш: непрыкметна ўсунуў у партфель кепку, гэтак жа непрыкметна адчыніў акно на вуліцу і паклаў на падаконнік партфель. З хаты выйшаў як быццам прагуляцца. Пастаяў перад акном, пакуль не адвярнулася гаспадыня і не апусцела паблізу вуліца. Ціха ўзяў з падаконніка партфель і, азіраючыся, як злодзей, шмыгнуў у першы завулак. Вельмі баяўся сустрэцца з Любай, бо не ведаў, у які бок яна пайшла. Але яму пашанцавала: без прыгод ён дабраўся да лесу, абышоў па лесе вёску, выйшаў да Сожа і на рыбацкай лодцы пераправіўся
IV
Мінулі восень і зіма. Для Пятра час гэты праляцеў хутчэй і весялей, чым для Сашы. Ён зноў ездзіў на практыку, самую адказную, пераддыпломную, і ездзіў у цікавае месца — у толькі што вызваленую Заходнюю Беларусь, амаль на самую мяжу, дзе будаваўся ладны ўчастак важнай дарогі. Паездка была ганаровая — не ўсіх туды паслалі, толькі траіх, самых надзейных і актыўных камсамольцаў. Там усё было незвычайнае: людзі, якія дваццаць год пражылі ў няволі, іх расказы аб барацьбе, звычаі, вечарынкі моладзі, якія сябры наведвалі ў вёсках, сама практыка амаль на ваенным аб'екце, блізкасць мяжы, за якой стаялі немцы… Усё гэта хвалявала маладую цікаўную натуру Пятра, рабіла жыццё разнастайным, багатым на ўражанні, многа было нечаканых сустрэч, новых захапленняў. У гэтым водавароце ён часам забываўся на Сашу і пісаў ёй рэдка: разы два ў месяц, па сутнасці, толькі адказваў на яе пісьмы, хоць раней пісаў амаль штодзень. Увогуле ён стаў больш стрыманы ў сваім каханні і, апраўдваючы сябе, лічыў гэта за адзнаку сталасці. Але хутчэй за ўсё гэта была юнацкая самаўпэўненасць.
Саша напісала першая пасля таго, як ён так нечакана і з крыўдай пайшоў ад яе. Ён прыйшоў у Гомель і атрымаў пісьмо — стрыманае, але ласкавае, добрае, у якім яна па-сяброўску шчыра і па-даросламу мудра раіла не звяртаць увагі на дробязі, калі толькі ў сэрцы ёсць сапраўднае каханне. Ён узрадаваўся і адразу забыўся на ўсе свае крыўды. Але разам з гэтай радасцю прыйшоў той самаўпэўнены спакой, які часта губіць нават гарачае пачуццё.
Раней ён ніколі не расказваў сябрам пра Сашу. Два гады тыя ведалі, што ён амаль кожны вечар бегае на спатканні да нейкай Сашы ажно некуды ў Залінейны раён, але ніхто з іх ні разу не бачыў яе. Цяпер ён расказваў пра яе ахвотна і многа, паказваў маленькую фотакартачку, якую яму ўдалося атрымаць ад яе, і называў «мая Саша». Ён у размовах быццам бы выхваляўся, што і ў яго ёсць дзяўчына, як і ў кожнага з яго сяброў. Аднак, кажучы «мая Саша», ён цяпер значна менш, чым раней, думаў пра тое, што калі-небудзь яна будзе яго жонкай. Ва ўсякім разе, у яго не было жадання ехаць у вёску другі раз, тым больш што Саша жыла ў той самай гаспадыні і зноў у пісьмах хваліла яе. Гэта яго крыўдзіла, бо гаспадыню ён ненавідзеў. Настаўніка, да якога прыраўнаваў, Пятро ўспамінаў рэдка і нават забыўся імя яго. Але каб ён ведаў, што гэта сапраўды такі сур'ёзны сапернік, то, безумоўна, адчуваў бы і думаў інакш і не быў бы такі заспакоены. Мы заўсёды кахаем мацней, калі адчуваем, што каханню нашаму нешта пагражае.
У Сашы гэтыя месяцы жыццё было больш аднастайнае. Але яна таксама не сумавала. Смутак — занятак гультаёў, а дзяўчына працавала ўдзень, вучылася ўвечары: марачы аб інстытуце, яна паступіла ў дзесяты клас вячэрняй школы і хадзіла штодзень за шэсць кіламетраў у суседняе мястэчка. Акрамя таго, у яе таксама былі сябры і лепшы сярод іх — Уладзімір Іванавіч. Ён запрашаў яе на школьныя вечары, на танцы ў клубе, на лыжныя кросы. У доўгія зімовыя вечары, калі не было заняткаў у школе, прыходзіў да яе на кватэру, але заўсёды з сябрам-настаўнікам. Саша ні аб чым не здагадвалася, а ён не гаварыў пра свае пачуцці. Толькі аднойчы спытаў:
— Аляксандра Фёдараўна! Праўда, што юнак, які прыязджаў да вас, ніякі не брат ваш?
Саша пачырванела: ёй цяжка было хлусіць.
— Не, няпраўда. Пятро — мой брат.
Уладзімір Іванавіч, відаць, паверыў, бо ніколі больш не вяртаўся да гэтай тэмы.
Першая раскрыла яго пачуцці і намеры гаспадыня.
— А што, Шурачка, Лялькевіч добры чалавек?
— Добры.
— Кахае ён цябе моцна.
— Што вы, Аня!..
— Ды хіба я не бачу? Хлопец ажно сохне. А што? Чалавек ён сур'ёзны, лепшага мужа не знойдзеш. Жыве з адной маці. Дом свой, сад вялікі… лепшая ў вёсцы гаспадарка…
Саша засмяялася: ніколі ў жыцці яна не думала пра свой дом і сад, і размовы такія здаліся ёй недарэчнымі і сапраўды смешнымі. Яна пажартавала наконт усяго гэтага, але пасля пачала пазбягаць Уладзіміра Іванавіча: у школу не хадзіла, а калі ён прыходзіў, то выдумляла, што ёй трэба бегчы да хворага ці парадзіхі. Неяк у амбулаторыю да яе прыйшла яго маці, маленькая, гаманкая і простая да наіўнасці старая. Паскардзілася, што баліць у грудзях, баляць ногі. Саша паслухала яе, дала лекаў са сваёй амбулаторнай аптэкі. А старая ўсё скардзілася, што цяжка ёй адной, гаспадарка вялікая — карова, свіння, куры, качкі, а здароўя няма. І раптам не то параіла, не то папрасіла:
— Выходзілі б вы, Шура, замуж за майго Валодзю. Жылі б мы з вамі душа ў душу.
Саша разгубілася. Яе абразіла гэтае сватанне старой. «Зноў каровы, свінні… Як гэта агідна!» — абурылася яна ў думках, не ведаючы, што адказаць.
— Каб выйсці замуж, трэба кахаць чалавека, — нарэшце сказала яна простую ісціну.
— Ах, Божачка! — завохкала старая. — А хіба ж Валодзя мой не кахае цябе? Ды я табе, Шура, скажу, што ён і дня не можа пражыць, каб не пабачыць… У любы мароз бяжыць сюды.
«Галоўнае, што Валодзя кахае, а да маіх пачуццяў — што ёй!.. Ці кахаю я яе сына — пра гэта не пытае», — падумала Саша ўсё з тым жа пачуццём абразы.
Размова гэтая прымусіла яе сур'ёзна задумацца. Упершыню з'явілася трывога за свой лёс, страх перад будучыняй. Як павернецца жыццё? Раней яна не думала пра замужжа і нават лічыла, што гэта нешта непатрэбнае ці, ва ўсякім разе, неабавязковае. Цяпер яна пачынала разумець, што гэта неабходна і непазбежна. Так нечакана дзяўчына перайшла ў сваіх думках і поглядах у сталую жанчыну.
Яна напісала пісьмо Пятру і папрасіла яго прыехаць. Ён сур'ёзна адказаў, што баіцца гаспадыні. Саша запэўніла, што гаспадыня будзе ласкавай, як добрая цешча, і жартаўліва пагразіла, што, калі ён не прыедзе, яна выйдзе замуж, бо да яе сватаюцца. Гэта не на жарт спалохала Пятра. Ён у гэты час працаваў над дыпломным праектам — праектаваў дарогу з усімі неабходнымі пабудовамі: дамамі даглядчыкаў, гасцініцай, бензакалонкамі, рамонтнай майстэрняй — адным словам, такую дарогу, якая і да нашых дзён ёсць толькі ў праектах і аб якой і зараз мараць уласнікі машын і ўсе шафёры. Чарцілі і вылічалі выпускнікі з натхненнем, хоць ведалі, што па іх праектах нічога не будзе пабудавана, а праекты згрызуць мышы ў тэхнікумаўскай бібліятэцы. Але ўсё адно дыпломны праект, дыпломная работа — больш разумны і дзейсны метад праверкі ведаў, чым экзамены, калі зноў пачынаецца тое ж «зубрэнне», што і ў час навучання, і калі ўсё наспех вызубранае забываецца праз дзве гадзіны пасля экзамену. Пры дыпломным праекце студэнты ўпершыню самастойна, з усёй адказнасцю пачынаюць тварыць, а тварыць без натхнення нельга. Хлопцы праводзілі ў чарцёжнай па дванаццаць гадзін. Пятро ж, калі вырашыў ехаць да Сашы, заставаўся там па дваццаць гадзін, каб падагнаць праект і выкраіць час на паездку. Ён шкадаваў патраціць лішнюю хвіліну на абед і не хадзіў у сталоўку — купляў булачку, кавалак каўбасы і абедаў у чарцёжнай, адначасова робячы разлікі. Ён заставаўся там да глыбокай ночы і часам тут жа за сталом засынаў. Аб такой вар'яцкай рабоце яго сказалі дырэктару, і той загадаў вартаўніку выганяць усіх і зачыняць чарцёжную ў дзевяць гадзін вечара. Тады Пятро пачаў прыходзіць у шэсць гадзін раніцы, калі чарцёжную адчынялі для ўборкі. Такім чынам ён за колькі дзён зрабіў тое, што планавалася зрабіць за месяц.
Напярэдадні Першага мая ён паехаў да Сашы. Ехаў спакойна, без хваляванняў і лішніх думак. Пехатою не пабег ад Рэчыцы — дарога гразкая, а цэлую ноч чакаў на прыстані, у халоднай і бруднай зале, парахода.
Потым цярпліва плыў паўдня, любуючыся разлівам Дняпра. А Дняпро цудоўны ў гэты час! Ён разліваецца на многа кіламетраў ушырыню, залівае лугі, лазнякі. Дубы на нізкім левым беразе стаяць па голле ў вадзе, а правы бераг ужо не выглядае такім абрывістым і высокім. Параход ідзе бліжэй да абрыву, і з верхняй палубы відаць вуліцы вёсак — гразкія, але ажыўленыя і па-вясноваму прыгожыя. І ўсюды дзеці гуляюць у «клёка» і ў мяча.