Чтение онлайн

на главную

Жанры

Шрифт:

Але чаму яна ўздыхнула? Гэтае пытанне не давала спакою. Ён успамінаў кожнае яе слова за гэты вечар. Пачаў шукаць іншы сэнс у запрашэнні і нават у тым, як яна здзівілася і разгубілася, калі ён знянацку з'явіўся перад ёй у садзе. Зноў прыгадаліся «тэарэтычныя» разважанні сяброў аб дзяўчатах, іх непрыстойныя думкі, якія заўсёды абражалі Пятра — абражалі за Сашу. З адным сябрам ён з-за гэтага пасварыўся назаўсёды.

Але пры ўсёй сваёй узнёсласці і юнацкай сарамлівасці ён добра разумеў, што ўрэшце іх каханне павінна прыйсці да таго, што яны стануць мужам і жонкаю. Такі закон прыроды. Але ці хоча гэтага Саша? Каб яна думала стаць зараз яго жонкай, ёй не было б патрэбы

выдаваць яго за брата. Сумленны ва ўсіх сваіх паводзінах і пачуццях, Пятро канчаткова адмовіўся ад думкі, што яму варта праявіць рашучасць, смеласць і пайсці да Сашы. Гэта можа абразіць яе, скампраметаваць: гаспадыня, відаць, не спіць. Аднак не зусім упэўнены, што Саша не жадае гэтага, ён наіўна чакаў, што яна прыйдзе сама, чакаў, як Палканаў [1] , уяўляючы, як гэта можа здарыцца, толькі думкі яго былі куды больш чыстымі і прыгожымі.

1

Герой апавядання М. Горкага «Варанька Алесава» (рэд.).

Саша павярнулася на ложку, і ён стаіў дыханне; у сэрцы затрапяталіся радасць і страх. Не, зноў цішыня. А час ляціць. Карацейшыя сталі на падлозе цені ад кветак, што стаялі на вокнах. Ужо даўно праспявалі першыя пеўні. За сцяной спрасонку нешта выгукнуў сын гаспадыні — мабыць, і ў сне ганяў кароў.

Пятро ўрэшце не вытрымаў і шэптам паклікаў:

— Саша!

Яна не адказала.

— Сашок!

Ён, стаіўшы дыханне, падняўся і глянуў з-за грубкі.

Святло месячыка падала на яе твар, на рассыпаныя па падушцы залатыя валасы.

Саша спакойна спала.

Яму стала сорамна за свае думкі, і ён хуценька вярнуўся на свой ложак.

Саша разбудзіла яго раніцой даволі позна.

— Ох, і соня ж! Прачынайся! — смяялася яна, тузаючы, як малога, за нос.

Пятро расплюшчыў вочы, глянуў і анямеў ад захаплення: ён упершыню бачыў Сашу ў белым халаце, у марлевай касынцы (амбулаторыя была побач з кватэрай), і гэтае ўбранне так пасавала да яе, што яна здавалася казачна прыгожай.

Я ўжо колькі хворых прыняла, а ты ўсё яшчэ спіш! Уставай — снедаць будзем!

Ён не вытрымаў, прыцягнуў яе да сябе і пацалаваў. Гэта ўбачыла праз адчыненыя дзверы гаспадыніна дачка. Выйшаўшы на двор, дзе маці рабіла нешта па гаспадарцы, малая адразу паведаміла ёй:

— А ведаеш, мамка, яны цалуюцца.

— Хто?

— Цёця Шура і яе брат.

Маці чамусьці ўзлавалася і накрычала на дачку: не падглядай, дзе не трэба.

На снеданне гаспадыня падала халодную бульбу, гуркі і міску сыраквашы. Пятро не звярнуў увагі — звычайнае сялянскае снеданне, дома ён харчаваўся не лепш, да таго ж ён быў у такім радасным настроі, што наўрад ці заўважыў бы, калі б яму нават зусім не давалі есці цэлы дзень. Але Саша раптам пачырванела і здзіўлена сказала да гаспадыні:

— Аня?! — і больш нічога не сказала, спадзеючыся, што гаспадыня зразумее і так. Але тая зрабіла выгляд, што нічога не разумее, і пачала мітусліва збірацца, каб некуды ісці.

— У нас, Шурачка, няшчасце: каровы пачынаюць яшчурам хварэць. Работы нам цяпер, даяркам!.. Хворыя асобна стаяць у загоне, а здаровых у поле выгналі. Вось і бегай туды-сюды… Можа, я на абед не прыйду, дык вы тут самі…

Пятро апетытна еў бульбу з гуркамі і, ні пра што не здагадваючыся, здзіўляўся, чаму Саша, такая вясёлая колькі хвілін назад, калі будзіла яго, палівала ваду на рукі, раптам нібы засмуцілася ці збянтэжылася. Яна амаль нічога не ела і не запрашала есці яго, як учора ўвечары. Сядзела моўчкі, хмурылася і ляпіла з хлеба шарыкі і зоркі.

— Што з табой, Саша?

— Нічога, — сярдзіта адказала яна і ўзнялася, але, відаць, схамянулася — ласкавая ўсмешка асвяціла яе твар. — Снедай і прыходзь да мяне ў амбулаторыю.

Амбулаторыя размяшчалася ў былой кулацкай хаце, вялікай і пустой. Адна палавіна хаты служыла пакоем для чакання. Тут стаяў паўз сцяну доўгі ўслон і на падаконніку ляжалі часопісы і медыцынскія брашуры, на сцяне віселі плакаты — як даглядаць грудное дзіця. У пярэдняй палавіне — самой амбулаторыі — стаяў нізкі стол з рэгістрацыйнымі кніжкамі на ім, два венскія крэслы, старыя і моцныя, цвёрдая канапка, засланая чыстай прасціной і ў нагах цыраткай. За шклом невялічкай шафы паблісквалі розныя інструменты, бутэлечкі і шклянкі. Адным словам, было ўсё, як належыць ва ўстанове, дзе лечаць людзей. У пакоі гэтым, хоць хата стаяла вокнамі на поўдзень, заўсёды чамусьці было халаднавата, крыху вільготна і пахла цвіллю і лекамі. Але пахі гэтыя не раздражнялі, а Пятру здаваліся нават прыемнымі. Увогуле ён адчуваў сябе тут надзвычай утульна. Усведамленне, што гэта Сашына амбулаторыя, што Саша тут поўнаўладная гаспадыня і што ён мае права сядзець тут побач з ёй, такой блізкай і любай, радасна цешыла яго.

Хворыя не прыходзілі — амаль усе перабылі раніцой. Яны сядзелі ўдваіх і хораша гутарылі: успаміналі агульных сяброў, розныя смешныя здарэнні, расказвалі адно аднаму аб прачытаных за апошні час кнігах.

— А я яшчэ раз перачытаў «Што рабіць?», і мне не спадабалася жыццё Веры Паўлаўны. Не разумею, чаму табе хочацца жыць так, як яна, — сказаў Пятро.

— Не, я і зараз мару жыць так, як яна. Працаваць вось так, кахаць — і больш нічога.

— І ніколі не мець дзяцей? — упершыню адважыўся ён на такое сталае пытанне.

Яна здзіўлена паглядзела на яго.

— Дзяцей? Я ніколі не думала пра гэта. — Яна памаўчала, задумліва кусаючы пазногаць. — Не, дзіця я хацела б калі-небудзь мець. Але, ведаеш, я вось гляджу на многія сем'і, дзе муж, жонка, дзеці, і мне страшна робіцца — як непрыгожа людзі жывуць!.. Я не хачу так жыць!

Пятро падышоў і абняў яе ззаду за плечы, дакрануўся вуснамі да яе мяккіх валасоў, удыхаючы іх своеасаблівы, ап'яняючы водар.

— Мы з табой будзем жыць прыгожа, Сашок.

Яна неяк сціснулася ад гэтых слоў, быццам баронячыся ад удару, ссутуліла плечы.

— А мне чамусь здаецца, што мы ніколі не будзем разам…

— Ну што ты! — спалохаўся ён.

— Я не магу ўявіць цябе… — Ёй, відаць, цяжка было вымавіць, і яна грэбліва зморшчылася і застукала трубкай фанендаскопа па стале, быццам жадаючы заглушыць яго, непрыемнае слова гэта, — мужам… Я не хачу, каб ты стаў, як усе… я мару, каб ты заўсёды быў вось такі… далёкі, жыў у маіх марах — і ўсё. Я баюся, што, калі здарыцца інакш, гэта знішчыць усё светлае, што ў нашых адносінах, што ў маёй душы… Усё-ўсё…

— Сашок, жыццё ёсць жыццё. І наўрад ці будзем мы выключэннем. Мы — людзі.

— О! Які ты стаў! — здзівілася яна і, энергічным рухам вызваліўшыся з яго абдымкаў, адышла да акна, села на падаконнік.

Пятро сам здзіўляўся сваёй нечаканай смеласці і жыццёвай «мудрасці»: ніколі раней ён на такую тэму не адважваўся гаварыць і наогул разважаў інакш, прыкладна гэтак жа, як цяпер яна. Калі ж у яго з'явіліся такія думкі? Учора ён спалохаўся, што Саша стала залішне практычная і разважлівая, а сёння атрымлівалася наадварот: Саша думае па-ранейшаму, а ён — як усе. Гэтага «як усе» яны заўсёды баяліся.

Поделиться:
Популярные книги

Горькие ягодки

Вайз Мариэлла
Любовные романы:
современные любовные романы
7.44
рейтинг книги
Горькие ягодки

Сама себе хозяйка

Красовская Марианна
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Сама себе хозяйка

Черный Маг Императора 6

Герда Александр
6. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
7.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 6

Последний Паладин. Том 2

Саваровский Роман
2. Путь Паладина
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Последний Паладин. Том 2

Огни Аль-Тура. Завоеванная

Макушева Магда
4. Эйнар
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Огни Аль-Тура. Завоеванная

Законы Рода. Том 7

Flow Ascold
7. Граф Берестьев
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 7

Жандарм 2

Семин Никита
2. Жандарм
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Жандарм 2

Измена. Мой заклятый дракон

Марлин Юлия
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.50
рейтинг книги
Измена. Мой заклятый дракон

Его темная целительница

Крааш Кира
2. Любовь среди туманов
Фантастика:
фэнтези
5.75
рейтинг книги
Его темная целительница

Кодекс Охотника. Книга V

Винокуров Юрий
5. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
4.50
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга V

Неудержимый. Книга XVI

Боярский Андрей
16. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга XVI

Жена по ошибке

Ардова Алиса
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.71
рейтинг книги
Жена по ошибке

Real-Rpg. Город гоблинов

Жгулёв Пётр Николаевич
1. Real-Rpg
Фантастика:
фэнтези
7.81
рейтинг книги
Real-Rpg. Город гоблинов

Венецианский купец

Распопов Дмитрий Викторович
1. Венецианский купец
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
альтернативная история
7.31
рейтинг книги
Венецианский купец