Трывожнае шчасце
Шрифт:
— Ідзі садзіся. Чаго там! Можа, пасватаешся да нашых дзяўчат!
Шафёр таксама лагодна крыкнуў:
— Гэй, ты! На гонары далёка не паедзеш! Садзіся. Давязу.
Пятро не азірнуўся. Толькі калі машына рушыла і крыху асеў пыл, ён павярнуўся і шпарка закрочыў следам за ёй, туды, дзе канчаўся невялікі сасняк і адкрывалася шырокае поле.
Хто ішоў па дарозе ад Рэчыцы на Лоеў, той ведае, якая гэта сумная і цяжкая дарога, асабліва ў летнюю спёку. Яна цягнецца па голай, як стэп, раўніне і нават першыя трыццаць кіламетраў — да Холмеч — абмінае зялёныя аазісы вёсак, дзе падарожны мог бы напіцца з калодзежа сцюдзёнай вады і адпачыць у цені вербаў ці вішняку. Ні дрэўца, ні кустоў, ніводнай рачулкі, ёсць некалькі равоў, па якіх сцякае ў Дняпро вясновая вада, ды ў
Пятро, як і кожны ў яго гады, быў паэт у душы, і ў яго хапіла занятку на добрую палавіну дарогі. Ён не заўважаў ні спёкі, ні аднастайнасці пожняў, ні пылу, нават Дняпро не вабіў яго. Першая празаічная рэч, на якую ён мусіў звярнуць увагу, былі ўласныя парусінавыя чаравікі. Пра іх нельга было не падумаць, бо гэта была самая ненадзейная частка яго ўбрання. Пятро прысеў на запыленую ўзбочыну, разуўся і, загарнуўшы чаравікі ў газету, паклаў іх у партфель побач са сваім духоўным скарбам.
Але самы шчаслівы закаханы і самы натхнёны паэт урэшце стамляецца. Тады знікае жаданне марыць, чалавек пачынае чытаць лічбы на кіламетравых слупах і адразу заўважае, якая па сутнасці гэта аднастайная і цяжкая дарога і як гола і сумна на полі ў жніўні: убрана збажына, пажоўк бульбоўнік, пачарнела няскошаная грэчка.
У Пятра гэтая стомленасць прыйшла разам са смагай — вельмі захацелася піць. Ён дастаў кавалачак хлеба, які захапіў тайком у сталоўцы ў час снедання, адкусіў і доўга трымаў у роце, смакуючы салёна-салодкую мякаць.
Але калі ён вызначыў па слупах, што патрэбная яму вёска ўжо недалёка, то адразу забыўся на стомленасць і смагу; іншыя турботы апанавалі яго: нельга паявіцца перад Сашай у такім выглядзе — запыленым, з бруднымі рукамі і нагамі, засмяглымі губамі. На шчасце, яму ўдалося знайсці пад адным мостам цераз роў лужыну дажджавой вады. Наўрад ці згадзіўся б ён у іншых абставінах мыцца ў такой вадзе, але тут іншага выйсця не было. Пятро старанна выбіў пыл са штаноў і някепска памыўся.
У поўнай форме — зашпілены на ўсе гузікі, абуты — набліжаўся ён да вёскі, ахутанай залатым пылам: заходзіла сонца, вяртаўся з поля статак. Боязь і радасць, трывога і лепшая надзея, няўпэўненасць і юнацкая задзірыстая рашучасць перамяшаліся ў дзіўнае і вельмі салодкае пачуццё. Нялёгка было яму спытаць у жанчыны, якая вельмі цікаўна аглядала яго, дзе кватаруе фельчарыца Траянава. Жанчына паказала на вялікую хату са старым клёнам пад акном.
У двары Пятра сустрэла дзяўчынка год васьмі, якая на ганку скрэбла бульбу.
— Скажыце, Саша дома? — нясмела спытаў Пятро, быццам перад ім была не малая, а нехта сталы і суровы з выгляду.
— Хто? — не зразумела дзяўчынка.
— Аляксандра Фёдараўна, Траянава, — яшчэ больш разгубіўся хлопец.
— А вунь — у садзе, — і гукнула: — Цёця Шура! Да вас прыйшлі!
Пятро ўподбег кінуўся ў сад, нібы спалохаўся, што Саша можа некуды знікнуць.
Саша ў знаёмай сукенцы ляжала пад яблыняй і чытала. Яна не ўзняла галавы, быццам нічога не чула. Пазней, значна пазней яна прызналася, што ўбачыла Пятра яшчэ за вёскай, на дарозе, і таксама спалохалася. Нават спачатку падумала схавацца, а дачку гаспадыні папрасіць, каб тая сказала, што яе няма дома. Але, зразумеўшы, што гэта і наіўна, і непрыгожа, і жорстка, яна, каб не выдаць свайго страху, свайго хвалявання, засталася ляжаць, глядзець у кнігу і слухаць спалоханыя ўдары ўласнага сэрца, размову Пятра з Нінкай, яго паспешлівыя крокі.
Пятро спыніўся за колькі крокаў ад яе. Недзе ў глыбіні душы ўспыхнулі крыўда і рэўнасць. «Пісала, што часу няма, а сама ў садзіку кніжачкі чытае». Але крыўду гэтую захліснула гарачая хваля пяшчоты. Ён шэптам паклікаў:
— Саша!
Яна ўзняла галаву і шырока расплюшчыла свае вялікія прыгожыя вочы; у водсвеце вячэрняй зары зусім пунсовым зрабіўся яе твар.
— Ты-ы?
Пятра ашаламіла такое яе здзіўленне, і ён стаяў разгублены, бездапаможны, варты жалю.
Саша зразумела, што ён адчувае, і хутка ўзнялася, села на коўдры, на якой ляжала, паправіла сукенку і працягнула руку:
— Ну, добры вечар. Будзь госцем.
Ён паціснуў яе руку і зморана апусціўся побач.
— Стаміўся? — І гэтае яе такое простае і ласкавае запытанне расчуліла да слёз сапраўды страшэнна зморанага хлопца. Ён з удзячнасцю паглядзеў на Сашу затуманенымі вачамі і, не маючы сіл вымавіць слова, прыпаў вуснамі да яе рукі. Але яна адняла руку і адсунулася ад яго.
— Не трэба. Нінка падглядае… І наогул — ведаеш што?.. Ты будзеш маім братам…
— Братам?
— Але, я скажу, што ты мой брат.
— Навошта?
— Я не хачу, каб у вёсцы загаварылі, што да доктаркі прыязджаў жаніх.
Раней яна ніколі не гаварыла такіх слоў, як «жаніх», «нявеста»: юнацтву яны здаюцца занадта грубымі. Але цяпер слова гэтае не абразіла Пятра, а, наадварот, узрадавала, і ён ахвотна згадзіўся:
— Добра. Буду братам… кім хочаш, абы толькі быць з табой, Сашок.
— Я не думала, што ты прыедзеш. Хоць мне вельмі-вельмі хацелася, каб ты прыехаў… Ты галодны, праўда? — магчыма, ад разгубленасці ці адчування сваёй віны перад ім яна рабіла такія нечаканыя пераходы.
Некалі ён кляўся, што ніколі не скажа ёй няпраўды. Але тут чамусьці схлусіў:
— Не, я абедаў нядаўна ў Рэчыцы. Я на машыне ехаў.
Саша шпарка падхапілася і ўзяла ў адну руку яго партфель, у другую коўдру.
— Хадзем у хату, — і гарэзліва бліснула вачамі. — Ты прывёз дзённікі, праўда? — Яна любіла чытаць яго дзённікі, хоць верыла не ўсяму ў іх.
Па дарозе падскочыла і сарвала яблык. Дзіўна, але гэта неяк адразу супакоіла Пятра. У першыя хвіліны ў яго з'явілася адчуванне, што за тры месяцы, як яны рассталіся, Саша вельмі змянілася, пасталела і ад гэтага як бы стала больш далёкай і чужой. Адчуванне такое палохала яго. І раптам па тым, як яна сарвала яблык, ён пазнаў сваю Сашу. Некалі на спатканнях яна часта рабіла так: сярод сур'ёзнай размовы аб самых высокіх матэрыях раптам падскаквала, зрывала каштан, ці галінку ліпы, ці проста ліст, клала яго на руку і «страляла». Або, калі яны часам выходзілі ўвечары за горад, раптам прапаноўвала: «Давай навыперадкі!»
А як хораша адчуў сябе юнак, калі яны селі за стол, адно супроць аднаго, і пачалі есці пахучае халоднае малако з чорным хлебам, у якім трапляліся неразмолатыя зерні і хрумсцелі на зубах. Як шмат хто ў яго ўзросце, Пятро ў кожнай з'яве шукаў сімвалічнага. Дагэтуль ён ніколі не сядзеў з ёй за адным сталом. За два гады амаль штодзённых сустрэч у іх ні разу нават і думкі не ўзнікала, каб зайсці разам у сталоўку ці рэстаран. Не, яны нават у кіно не хадзілі: Саша ўпарта не згаджалася. Пасля яна прызналася, што саромелася свайго беднага ўбрання: яна была з беднай сям'і, расла без маці.