Шрифт:
Чароўная дудка. Прадмова да выдання
Збіраючыся ў няблізкую вандроўку, апроч рэчаў побытавых чалавек іншым разам бярэ з сабою нешта для душы: пачытаць у прынагодную часіну. Гэткім спажыткам для свядомага беларуса бясспрэчна можна лічыць "Дудку беларускую" Мацея Бурачка vel Францішка Багушэвіча.
Францішак Багушэвіч — наш самы яркі нацыянальны паэт XIX ст. Менавіта творчасць Мацея Бурачка і Сымона Рэўкі з-пад Барысава ў адной асобе — ягоная хай сабе і невялікая (нават па мерках XIX ст.), аднак яркая літаратурная спадчына адназначна сцвердзіла: беларуская літаратура была, яна ёсць, а значыць, у яе будзе і годны працяг.
Францішак Бенядзікт, сын Казіміра Багушэвіча, нарадзіўся 21 (9) сакавіка 1840 г. "у двары Свіранах" (цяпер у Летуве, пад Вільняй). Гадаваўся будучы паэт у маёнтку Кушляны (34 сялянскія
Пакутная вучоба скончылася 26 ліпеня 1868 г., а 17 жніўня, калі Багушэвічу выпісвалі атэстат, ён ужо "состоял на службе" ў г. Чарнігаве, адкуль у 1869 г. перавёўся ў Кралявецкі павет судовым следчым. Праз два гады (за гэты час ён папрацаваў у Старадубскім павеце) мы зноў бачым Багушэвіча ў Чарнігаве. Але і тут 30-гадовы следчы не затрымаўся надоўга, яшчэ раз змяніўшы месца працы: 21 ліпеня 1871 г. загадам Міністэрства юстыцыі прызначаны судовым следчым у Гразявецкі павет Валагодскай губерні. Дзіўны парадокс: туды, куды Багушэвічавых паплечнікаў-паўстанцаў гналі пад канвоем, ён падаўся, можна сказаць, самахоць. Наогул, калі разважаеш над працоўнай адысеяй выпускніка Нежынскага юрыдычнага ліцэя (праз год ён вернецца на Украіну, каб 7 месяцаў папрацаваць старшым следчым Барзнянскага павета і перайсці на службу ў Канатоп), заўважаеш адно: на радзіму будучы паэт не вяртаўся, пераводу па службе туды не прасіў. Не дзіва, бо мясцовыя губеранскія ведамасці яшчэ друкавалі абвесткі пра канфіскацыю маёмасці паўстанцаў 1863 г. Толькі ў 1876 г. на Беларусі скасуюць асаднае становішча, уведзенае пасля задушэння паўстання Каліноўскага; у 1883 г. (27 траўня) каранацыя Аляксандра III, новага цара (імператарам Аляксандр стаў у 1881 г.), суправаджалася, па традыцыі, амністыяй палітычных злачынцаў: тысячы паўстанцаў, "виновных в польском мятеже 1863 года", з Захаду і з Усходу пацягнуліся на радзіму.
2 лютага 1884 г. ён падаў прашэнне ў Нежынскі акруговы суд з просьбаю звольніць са службы, а 25 сакавіка ступіў на віленскі брук, камяні якога памяталі ягоныя крокі з гімназічных часоў, убачыў горад сваёй маладосці. Быў ужо цяпер ён не адзін, а з жонкаю Габрыэляй з дому Шклёнікаў, мінчанкаю, з якой узяў шлюб у 1874 г. і ад якой меў дачку Канстанцыю (Туньку) і сына Тамаша Вільгельма. Такім чынам, пакідаў Францішак Беларусь у той час, калі на ёй заставаўся самотны Дунін-Марцінкевіч, які знаходзіўся ва "ўнутранай ссылцы". Вярнуўся, калі тут падрасталі Цётка, Ядвігін Ш., калі першыя самастойныя крокі рабілі Купала і Колас.
Царскія маніфесты ды амністыі выдаваліся падчас падзейных (хрост, шлюб, каранаванне манаршых асобаў) ці юбілейных урачыстасцей і распаўсюджваліся на пэўныя катэгорыі "палітычных злачынцаў", але ніколі не адрасаваліся "літвінска-беларускай" літаратуры. Раз не дазвалялася фінансаваць аніякіх тубыльскіх часопісаў, рэдакцый, а тым больш выдавецтваў, значыць, і літаратуры такое не існавала.
Бо калі маўчаць паэты — знямее давеку народ. "Марудна (дужа марудна, бо ад жыццёвых клопатаў застаецца мала вольнага часу і думак) нараджаюцца песні і іншага складу вершы", — скардзіўся Францішак у лістах да Яна Карловіча, спавядальна прызнаючыся ненашмат старэйшаму сябру (апекуну-мецэнату, з дапамогаю якога змаглі пабачыць друкарскі варштат за мяжою прыжыццёвыя Багушэвічавы паэтычныя зборнікі, найперш "Дудка беларуская"), што юрыдычныя талмуды адбіраюць лепшыя хвіліны жыцця.
З беларускага слова тады не было як пражыць анікому на абшарах былога Вялікага Княства, нават будзь ты таленавіцейшым за Байрана, Гётэ альбо за Міцкевіча ці хай
Чаму? Апалагеты "адзінай і непадзельнай" пры самым першым з'яўленні зборнічкаў Мацея Бурачка пабачылі "в такого рода сочинениях тенденцию… разбить и ослабить литературное и национальное единство, а вследствие этого и политическое могущество русского народа". Але чаргуючы ўздымы і заняпады (апошняга было для нас куды болей, над сілу), Беларусь праз усё XIX стагоддзе ішла да сябе — вольнай і незалежнай. Таму калі 15 (28) красавіка 1900 г. у сваім маёнтку Кушляны адышоў Францішак Багушэвіч, alias Мацей Бурачок, vel Сымон Рэўка з-пад Барысава — з ім адышла цэлая змагарная эпоха. Бо менавіта аўтару "кантрабандных" (спрэс замежных зборнікаў) поруч з заснавальнікам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам ды іншымі пачынальнікамі ўдалося закласці падваліны для развіцця новай беларускай літаратуры.
У гісторыі станаўлення славянскіх літаратур зборнічак "Дудка беларуская", які выйшаў на свет увосень 1891 г. у кракаўскай друкарні У. Анчыца, не меў (дый да сёння не мае) аналагаў. Ні згаданым еўрапейскім сучаснікам Багушэвіча — Байрану, Гётэ з Шылерам, Міцкевічу з Славацкім, Пушкіну з Цютчавым і нават Шаўчэнку з Франко, ні потым у XX ст. ягоным наступнікам Купалу, Коласу, Багдановічу — не давялося пісаць да паэтычных слоў уступу, гэтак пафаснага і лёсавызначальнага.
"Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя "мужыцкай" завуць, а завецца яна "беларускай"". Як было тутэйшаму "цёмнаму" селяніну, што ўвесь век звекаваў у сваёй вёсцы, не верыць больш дасведчанаму, бываламу і разумнаму супляменніку, што гаворыць на адной з ім гаворцы: "…я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і пераканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая". Як было ім не верыць чалавеку, хай сабе чужому-незнаёмаму, калі ў кожным яго сказе, у кожным слове гучала засцярога: "Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі". Як было не пачуць закліку: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!"
У праграмнай "Прадмове" паэтам дакладна праведзена вызначэнне асноўных прыкмет існавання самастойнай беларускай нацыі: даўняя, праз вякі эканамічная і культурная супольнасць люду, што жыве на адной тэрыторыі разам з іншымі народамі, якія ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага ("ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра ракі да Нёмна…") і адзінства мовы ("…гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільна і да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…"). Тэма нацыянальнага адраджэння ў прадмовах да зборнікаў "Дудка беларуская" (а неўзабаве і да зборніка "Смык беларускі") становіцца асновай творчасці Ф. Багушэвіча. Яна была сугучная запатрабаванням эпохі канца пазамінулага стагоддзя. Калі трохі раней, у сярэдзіне XIX ст., Італія ўрэшце пайшла па шляху аб'яднання, словы яе вялікага паэта Франчэска Петраркі, напісаныя яшчэ ў XV ст. з заклікам да нацыянальнага ўз'яднання, захавалі тую ж, калі не большую, моц. Аналагічнае энергетычнае ўздзеянне захавае за сабой слова Багушэвіча праз чвэрць стагоддзя — да часу абвяшчэння незалежнай Беларусі. Прадмова Ф. Багушэвіча стала своеасаблівым маніфестам беларускага нацыянальнага адраджэння.
Рукапіс зборніка "Дудка беларуская" не захаваўся, таму даты напісання большасці твораў невядомыя. У лістах паэта да Я. Карловіча ёсць пачатковыя варыянты твораў "Мая Дудка", "У судзе", "Воўк, ягня, авечка" (у зборніку ён змешчаны пад назвай "Воўк і авечка"), "Думка", а таксама згадкі пра гісторыю і час напісання легенды "Хцівец і скарб на Святога Яна". Аўтографы даюць падставы меркаваць, што "Дудка беларуская" кампанавалася ў 1886–1890 гг. Акурат да гэтага перыяду адносяцца частыя згадкі-выказванні Э. Ажэшкі пра Ф. Багушэвіча: "…Ён чытаў мне свае беларускія творы і нават пакінуў мне іх копіі з асобным вершам, таксама напісаным па-беларуску, адрасаваным мне. Ці ж няпраўда, што гэта цудоўныя рэчы, яны маюць нейкае асаблівае хараство, і я вельмі зацікавілася, ці здолеюць нашы сяляне зразумець і адчуць іх? На будучае