Чтение онлайн

на главную

Жанры

Творы

Богушевич Франтишек

Шрифт:

Хрэсьбіны Мацюка

Калісь, як у нас казакі-то стаялі, У «шнурах» за горкай раз мяне спаткалі. Сказаў «пахвалёны», а яны смяюцца, Адзін штось спявае, іншы дзьме на дудца, А старшы скіпеўся: «Ты што за адзін?» Думаю: хто ж я? — ужо ж Юркаў сын! «Тутэйшы, — кажу я, — свой чалавек: Сын бацькі свайго, а бацька дзяцей, Тут і радзіўся, тут жыву век; Юркам зваць бацьку, я дык Мацей. Вун гдзе і хата, і выган, і сад; Там жнець мая жонка, а тут гарэць брат!..» Ён кіпіць горай, пытаючы, лае, Крычыць, і б'ецца, і ў твар штурхае. «Да хто ты, да хто ты, ці рускі, ці не?» Я дай круціцца туды і сюды, Думаю: што б тут сказаць яму мне? «Я не нашу, — кажу, — барады». «Да ты, — ён кажа мне, — веры якой? Ці ты праслаўны, ці ты — паляк?» «А дайце ж, паночку, — кажу, — мне пакой, Да я ж тутэйшы, я ж казаў так!..» Як сцебане, пракляты, мяне, — Аж у вачах чырвона здалося! Каб я ж чым-кольвек ў якой віне, А то не ведаць, скуль узялося? Я кажу гэтак: «Калі ж ужо так, Што васпан б'ешся без дай прычыны, То, мусіць, і праўда, што я і паляк І буду паляк я ад гэтай гадзіны!..» Ну і далі ж мне добра на знак: Цягнулі, біўшы, у Замаслаў [32] , Каб помніў крэпка, што я паляк, Каб і вам гэта здарэнне сказаў! Тое прайшлося, пайшлі і казакі, Калі пад восень завуць нас у збор. «Прыехаў, - кажуць, — начальнік такі, Сам князь Хаванскі, ідзіце у двор!» Трэба ўсё кідаць (хоць святам было). Народам, як макам, весь двор заліло: Князь у палетах, васолы такі! «Эх, — кажа, — рыбяты! — вы дуракі, Што ў рускай зямлі ды каталікі! Ну, цар вас прымае ў сваю веру; Дасць зямлі многа!.. Вы на паперу Тут падпішыце, а поп пасвенце, — Будзе ўсё добра, усюды пашэнце. Ну, братцы, вып'ем па чарцэ усе; Бацюшка крыж і крапідла нясе!» Мы ж толькі зірк адзін на другога, Маўчым, трасёмся, не кажым нічога: Ён Міруна за плечы узяў, Вядзець да стала, гарэлкі падаў: «Пій на здароўе і так пішы: — Вот сабраліся дзве тысяч душы; Рускую веру хочым прыняць, Каб каталіцкай не ведаць, не знаць…» Мірун папярхнуўся, як хуста, збялеў, Глянуў на ўсіх, на мяне паглядзеў. «Як, — кажа, — людзі, так, — кажа, — я, Спытайце, — кажа, — вун Мацяя; Як ён ды скажа перавярнуцца, Дык усе вёскі на яго здадуцца». Цягнуць мяне да таго князя, А тут аж мурашка за скурай лазе. «Ну што, маладзец, нап'ёмся водкі?» Даець мне грошы, такі салодкі: Усё гавора, радзе, пытае, Жонку цалуе, дзяцей гайдае. «Ну што ж, надумаўся, гатоў?..» «Надумаўсь, — кажу, — каб сто катоў Дралі мне скуру, пяклі на агню, Я веры сваей тыкі не змяню!» Іх! закіпеў той князь, аж зароў, Аж вылупіў вочы, счырванеў ён, як кроў… «Розаг падайце, нагаек, сто лоз! Ён з веры смяецца мне тут пад нос!» Хапілі мяне якісьць гайдукі, І розаг падалі чатыры пукі, І б'юць — не баліць, хоць за сэрца бярэ: За што ж ён мне гэта ды скуру дзярэ?! Як крыкну гэта: «Эй, бійце ж мацней, Мацнейшы ад веры вашай Мацей!» О так-то хрысцілі мяне казакі З тутэйшага ды у палякі!

32

Замаслаў — мястэчка Жэмаслаў (Жамаслаўе) у колішнім Ашмянскім павеце (цяпер Іўеўскі раён). Вясной і ўлетку 1861 г. тут адбыліся сялянскія хваляванні, якія скончыліся сутычкай з войскам; непакорлівых цягнулі на пакаранне ў Замаслаў, дзе стаялі казакі. У Замаслаўі жыў Багушэвічаў знаёмы Казімір Умястоўскі.

Бог не роўна дзеле

Бог сіроты любе, але долі не дае.

Прыказка
Чым-то дзеіцца на свеце, Што не роўна дзеле Бог? Адзін ходзе у саеце [33] , У золаце з плеч да ног, А другому, каб прыкрыцца Хоць анучай — велькі труд: Весь, як рэшата, свіціцца, Адны латы, адзін бруд! Адзін мае хатаў многа, А вялікіх — касцёл моў; Увясці б туды хоць Бога, І той бы з іх не пайшоў. У другога ў сцяне дзюры, Вецер ходзе, дым і снег; Тут карова, свінні, куры… Тут пакута, тут і грэх! Гэты едзе у вагоне, — Цёпла, мякка, толькі жыць! А ляціць, як віхар гоне, А ён сабе толькі спіць! Той ў мяцеліцу, ў марозе, Што
аж вон яму прэ дух,
Паўзе з клункам па дарозе, У снягу увесь па брух! Гэты хлеба і не знае, Толькі мяса ды пірог, І сабакам выкідае Усё тое, што не змог. А той хлеб жуе з мякінкай, Хлёбча квас ды лебяду, Разам жывець і есць з свінкай, З канём разам п'ець ваду! Аднаму дзесяткі-служкі Зарабляюць сотні сот; Рукі ў яго, як падушкі, Як кісель, дрыжыць жывот! Другі ж сам, аж на дзесятак Працуючы, лье свой пот, А высахшы, як аплатак, Цянюсенькі, як той кнот.

33

Сает — тонкае фабрычнае сукно лепшага гатунку.

Хцівец і скарб на святога Яна

Пры выгане ў вёсцы, ў самай перагонцы, Была хата крывенька у адно аконца; Ў хатцы адзінокі жыў хцівец лянівы, Што думаў без працы зрабіцца шчаслівы. У грошах, ён думаў, усё людское шчасце, А ён жа павінен гдзесьці скарб напасці! За мілю ж за вёскай ды быў лес закляты; А хціўцу жа лес той якраз проці хаты, Ў тым лесе заклятым не расло нічога, Праз яго ніколі не ішла дарога; Баяліся людзі у той лес заходзіць, А як хто заблудзе, — чорт па тры дні водзіць! П'яны хцівец, ішоўшы з васэля дадому, У той лес убіўся, залез серад лому. Вот стаіць ён гэта, клянець, праклінае, Калі гляне воддаль, — светлачка мігае. Думаў, хата блізка ці хтось пасець коні, Кінуўся на светла, прайшоў, можа, гоні, Аж глядзіць, агонь той ды з зямлі бярэцца. Хоць гарыць — не пале; няможна й сагрэцца. Спалохаўся хцівец, аж працверазіўся, Сам не аглядзеўся, як і апыніўся Аж у сваёй хаце, аж на печ забіўся! Назаўтра па вёсцы аб усім аб гэтам Вестка абляцела, як папер штахвэтам [34] . Адзін скажа верна, другі праінача, А кажды па-свойму здарэнне тлумача. Адзін кажа: пэўне маланка бліскала, Дык п'яному хціўцу у вачах і стала. Другі: што то светласць з магілкі святога, Пэўне хцівец будзе шчаслівы у Бога. А другія кажуць, што то скарб закляты, Што хцівец, як знайдзе, дык будзе багаты! А хцівец дай думаць: як бы тут разжыцца, Хоць бы гэтым скарбам з чортам падзяліцца. І сядзіць на прызбе ці ў свята, ці ў будні. Калі раз пад вечар вылазе чорт з студні! Опратка нямецка, спераду куртата, Капялюх высокі, як жыд носе ў свята, Портачкі, як дудкі, сам якісь цыбаты, І шкляныя вочы, ззаду хвост куртаты… Хцівец дагадаўся, што то за пасланец, Са страху затросся так, як той паганец, А тыкі пытае, трохі ачуняўшы: — Хто ж такі, панічык? — нібы не пазнаўшы. — Ды я не тутэйшы, кліпатэнт [35] , здалёку, Душы закупляю для пана штороку. — А ваш пан багаты? Ці дорага плаце? – Іх! — кажа. — Мільлёны ён на гэта траце. Яму трэскі а грошы, што грошы — то трэскі, Усякага купе, абы толькі кепскі! — Нашто ж душы кепскія, здаецца? — Э! бо добры у добрым псуецца! — Ці б то мне не можна прадацца вашэці, Каб я быў багатшы ад усіх на свеце? — Можна, — кажа немчык, — а чаму ж не можна? Чэраз маго пана нігды не парожна. Пры сабе не маю, але вун, у пушчы, Ляжыць скарб закляты за ройстам у гушчы, А там, на засценку, ёсць ведзьма старая, Пакажа, як браць скарбы, яна ўсё знае! Наша душа, твае грошы! — І запісаў штосьці, А сам кінуўся аб землю, забразджалі косці! Віхрам закруціла, і ён знік, як пена. Хцівец звяк на камень, аж пабіў калена. Спалохаўся чыста, што аж пражагнаўся, Навет плюнуў трэйчы, злажыў трэйчы хвігу, Але чорт закрысліў [36] душу сабе ў кнігу! Вот назаўтра хцівец прад усходам рана Ляціць да той ведзьмы, казаў бы да пана. Вот ужо і блізка яму да засценку… Стала чагось страшна! Ідзець памаленьку, Аж скуль узяліся, як туман з дубровы, Крукі і вароны, сарокі і совы Ды як сталі кракаць, галасіць, смяяцца, — Хцівец аж схітнуўся, каб назад падацца; Узяў камень, калі пусце, калі уцярэбе, Ды трафіў не ў пташкі, а сабе па лэбе! Аж зарагаталі каменні па полю, Аж сыпнулі слёзы у хціўца ад болю. Давай таптаць лапцям камяні са злосці… Калі гляне — ведзьма! Адны толькі косці!.. Калі гаркне хціўцу у варонне горла: «Якая ж то немач цябе тут прыпёрла?» «Маю інтарэсы, — кажа, — да вашэці І даўно прыйшоў бы, каб не твае дзеці…» А яна праз комін глядзіць і гавора: «Я цябе чакала, але не так скора. Не рабі мне глуму, а ідзі у сені, Але зажмур вочы, выверні кішэні І паўзі на брусе, ды наперад задам, Пад сцяну пралезеш яшчаркай ці гадам». Увайшоў ён гэтак у тое мяшкане, Аж спацеў са страху! — калі гэта гляне, Паўнюсенька хата пташкавых галовак, Скрыдэлак і ножак і цэлых паловак. Та свішча, там вішчыць, то крэкча, Гэтая стогне, а другая клекча. А ведзьма як крыкне каршуновым басам, Дык усё замоўкла зараз тым жа часам. «Ну, кажы ж, што трэба? Мусі, ці не грошы? Бо віджу, для нас ты чалавек харошы». «Эгэ ж, — кажа, — скарбу хацеў бы дабрацца, А ваша дык знаеш, як за яго ўзяцца». «Відзіш, які ласы? шык [37] гэта не жарты! Пагляджу я первей, ці ты яго варты: Задам тры работы, — як выдзержыш пробу, Дык забярэш скарбы, а не — дык хваробу! Нанасі ж пазногцям мне вады вядзерца, З маленькіх пылінак, вот па гэтай мерца, Пастаў слуп высокі ды, як волас, ценькі І злічы лісточкі на весь лес гусценькі!» Мусіць, тут і немчык тыкі памог трошкі, Досьць, што крутам-мутам выпаўніў да крошкі, Адкуль і ахвоты, і розуму стала? Усё зрабіў хцівец, што ні загадала. Ведзьма яго хвале, гладзе па галоўцы, Падала вячэраць чагось у латоўцы [38] , Здаецца, яечню і з савіным шмальцам, Сама яго корме, папіхае пальцам… Потым таго кажа: «Калі ты, лядачы, Захацеў так скарбу, дык ідзі ж уночы У лес перад Янам, каб ні брэх сабачы, Ані спеў пятушы, ані людзкі вочы Не былі ў прашкодзе. У папараць сядзіш, Хустачку падсцеліш, добранька разгладзіш І чакай паўночы. Папараць дасць кветку; Ты струсні на хустку папараці ветку, У хустку завяжаш кветачку ты тую І будзеш мець скарбы, калі пашанцуе. Толькі, дзяцюк, слухай! Каб ты не жагнаўся І, несучы скарбы, каб не аглядаўся!» Хцівец, дачакаўшы прад святога Яна, Зайшоў ў лес далёка ад самага рана, Выспаўся за слоньца, вечарам памыўся І сабе чакае: ці прэндка паўночы? Паставіўшы слупам на папараць вочы, Толькі зірк: па лесе кажаны, як мухі, Каля яго круцяць, поўзаюць рапухі, Гадзіны суюцца, а совы галосяць, Ваўкі страшна выюць, аж рэха разносяць, Ажно лес трасецца! І хцівец затросся, Але страх падолеў, і усё прайшлося, І усё заціхла, як магілка ўночы. Хцівец зноў паставіў на папараць вочы, Вецярок па лесе лісткі развявае, Струхнулася папраць, як бы то жывая! Калі глядзіць хцівец: кветачка, як слоньца, Заблішчала ясна, хораша бясконьца! Струсануў на хустку хцівец кветку гэта І ляціць дахаты з кветкай, як штахвэта! Цяпер хцівец ведаў ўсё на свеце чыста: Што ў зямлі ў сяродку, гдзе сіла нячыста, Як звяры гавораць, скуль вада у рэчцэ, Калі што пасеяць, адкуль што бярэцца, Калі будзе вецер, маладзік настане І каму якое гдзе будзе спатканне. Умеў перакінуць сябе ці другога Хоць у што захоча, абы не ў святога! З скарача [39] надое малака кадушку, З вады зробе водку, з каменя падушку; Як захоча, — дохне скаціна ад вока, Ведае, гдзе скарбы, хоць бы як глыбока! Знаў лячыць шалёных і кроў стрымаць з раны, Загаварыць зубы ці вочы паганы, Заломы у жыце закруціць па злосці Ці выжаць чужыя, як закруце хтосьці. Такі стаў дасужы, што свет здзіваваўся, Адкуль гэта хцівец розуму набраўся? Усё, усё чыста стаў ведаць як трэба, Толькі што не ведаў, як зарабіць хлеба! Узяў ён сякеру, рыдлёўку пад паху І ідзець у лес той без жаднаго [40] страху. Прыходзе да месца, гдзе светла мігнула, Штырхануў рыдлёўкай, аж зямля здрыгнула, Як людскія грудзі, і аж застагнала Жаласліва, цяжка, як бы вот канала! А ваўкі, мядзведзі, каты і сабакі, Гадзіны, рапухі і звяры усякі Калі загалосяць, як закрычаць пташкі, Аж хціўцу за скурай сыпнулі мурашкі, Пот паліўся цуркам, валасы паўсталі… Хцівец страх падолеў і капае далей. Трошкі пачакаўшы, скуль браліся крыкі, Шаблі зазвінелі, забрашчалі пікі, Б'юць у барабаны і крычаць салдаты: «Лаві, рубі ногі, каб не ўцёк дахаты!» А хцівец капае, як бы і не чуе. Тут ляціць карэта! — от-от задратуе! Там сотнямі коні яго налятаюць, Фурманы ганяюць і асцерагаюць, — Ён усё капае — вот так, як наняўся. Як ужо ж і гэтым страхам не паддаўся; Гадзіны з балота і вужоў ці мала Лезуць проста ў вочы і тыкаюць жала… Ані страпянуўся! А усё капае, Як бы то не чуе, як бы то не знае! Потым ваўкалакі, смакі [41] , ваўкалюды, Зубастыя ведзьмы сабралісь з усюды; На яго суюцца, зубамі скрыгочуць, — Ён тыкі капае, аж чэрці рагочуць! Асэсараў, соцкіх, ураднікаў хмара Наляцелі, грозяць, другі аж удара… Ён усё капае, ані аглянецца. Скарб і паказаўся, — няма куды дзецца. Кацёл, як кадушка, жалезам закуты… Абухом як трэснуў, дык пусцілі нуты, Рэчкай паліліся новыя дукаты, А хцівец падумаў: «Цяпер я багаты». Набраў іх без ліку, у мяшок насыпаў! На плечы закінуў, зрадзеў, аж захліпаў! І… ляціць дадому з тымі дукатамі. Аж тут і пагоня зямлю капытамі Рвець, як даганяе, аж сапуць іх коні! Ён чуе, што блізка, можа, няма гоні, Дукаты ў лісічкі, а сам у калоду Перакінуўсь зараз і прапаў, як ў воду! Калі ж наляцелі калмыкі, арапы, Шаблямі махаюць, аж трасуцца храпы, Ды ніяк нічога не могуць дарадзіць: Так-то умеў хцівец і след свой загладзіць. Тыя ж пастаялі, пацмокалі трохі, Коні завярнулі і пайшлі, як блохі. Калоду ў сябе зноў, лісічкі ў дукаты Перакінуў хцівец і ляціць дахаты. Калі ў паўдарогі чуе — ізноў гоняць, Крычаць, і страляюць, і шаблямі звоняць. То цяпер былі татары: кудлатыя шапкі, А твар, як дзве скулы, а вочы, як крапкі. Як зглядзелі хціўца, калі запішчэлі, Аж прыляглі коні… але не паспелі: Хцівец верць у дуба, а грошы у роя, А мяшок у вулей! Удалося й тоя! Цмокаюць татары! Прапаў, як у воду! Адзін кажа: «Трэба б зласаваць хоць мёду». А тут на іх коні пшчолы як сунуцца, — Ледва паўсядалі, каб назад вярнуцца! Хцівец зноў уцёкі. Пад вёскай, за гоні, Чуе — забубнела і зноў хтосьці гоне! То гналіся туркі. Так як падчас бітвы: Палашы крывыя, вострыя, як брытвы, У зубах кінжалы, голавы абрыты, Бровы так, як вусы, а твары сярдзіты!.. Хцівец кінуў камень, а гдзе ён каціўся, Там ручай глыбокі, шырокі зрабіўся; На ручаю човен і буч [42] на дне рэчкі, Поўны карасямі. Туркі, як авечкі, Саўсім не пазналі, што то перакінуў Хцівец сябе ў човен! І цяпер не згінуў. Туркі завярнулі, а хцівец уцёкі! Ужо тут пад хатай сусед недалёкі Як крыкне на хціўца: «Пачакай ты, скнэра! Падзелімся скарбам! А, які нявера!» Вытрымаў і гэта і не аглядаўся, Стануў на парозе, за закрутку ўзяўся, Аж тут сам з сабою узяў мех прадраўся; Як сыпнуць дукаты, дык аж загрымела! Не вытрымаў хцівец, у вачах сцямнела… Аглянуўся, відзе — ажно чорт смяецца, Крыўляе, рагоча, за бокі бярэцца! Тут абамлеў хцівец, як сноп, паваліўся, На раніцы толькі з расой прабудзіўся І наперш заглянуў — скарб яго ці цэлы? Зірк! і губы развесіў, і стаіць здурнелы: У мяху ўсё трэскі, а грошы не стала. А душа за чары навекі прапала! З папараці кветку хцівец гдзесьці страціў, Памаркі [43] забіла і не разбагацеў! Цяпер не то дзесяць, трох не пераліча, Не хціўцам, а дурнем кожны яго кліча. Вот хцівасць на грошы давяла да згубы: Няма ў свеце лепей, як свой грошык любы. А то, як каторы чалавек харошы, У добрым здароўі век зжыве без грошы!

34

Штахвэтамэстафетай.

35

Кліпатэнт (польск. plenipotent) — давераная асоба.

36

Заскрысліў — запісаў.

37

Шык — скарб, багацце.

38

Латоўка — гліняная патэльня.

39

Скарач — ручнік з кутасамі, на які высыпалі вараную бульбу, ад гэтага ён карэў, рабіўся закарэлы.

40

Без жаднага — без ніякага.

41

Смакі, або смокі — цмокі, драконы.

42

Буч — прылада для лоўлі рыбы.

43

Памаркі — мары, надзеі, спадзяванні.

Гдзе чорт не можа, там бабу пашле

Адзін мужык ды добра з жонкай ладзіў, А гэта ж чорту ў горле косць, І што ён толькі ні рабіў — не звадзіў, І немарасць бярэ і злосць. Чорт з хаты вон ідзе, хвастом трэ вочы; Жаль душ яму, а навет стыд; Не раз не еўшы быў, не спаўшы ночы, А скутку ніц [44] — сабе абрыд! Калі глядзіць, шкулдык, шкулдык бабуся, Якраз у тую вёску йдзець; Чорт думае: дай бабе пакланюся, — Яна іх пэўне развядзець? Прад бабай чорт такім харошым стаўся, Аж вышчырыўся бабін клык. Чорт жаль свой расказаў і абяцаўся Даць бабе пару чаравік, Як толькі муж ды жонку аддубасе, І прысягу па-свойму даў; А баба внэт [45] за дзела узялася! (Чорт бабу, пэўне, добра знаў Яшчэ тагды, як яблык крала Эва У раі божым, гдзесьці там, З таго праклятага праз Бога дрэва, Што праз яго прапаў Адам!!) Вот бабка зараз шусць да жонкі на сакрэты, Давай хваліць: што добра так жывуць, Што рэдка гдзе такой знайсці кабеты, А лепшых дык нігдзе не чуць. А можна бы і лепей навет жыць, Каб жонка ведала сакрэт, Умела як на тое варажыць, — Яшчэ бы лепшы стаў ёй дзед! «Ёсць у мужчын на самым гарляку Грубейшы валасок адзін; Як спіць, — згалі яго, дык будзе да вяку Слухмяны для цябе, як сын!» Тут бабе жонка надала, што мела, І баба з Богам выйшла вон, А жонка з радасці і полудня не ела, — Што век жа будзе добры ён! Мужык гарэ, а блізка ля мяжы, А баба міма йдзе… шкулдык — І стала! кажа: «Божа, памажы!» Як трэба адказаў мужык. «Што добрага чуваць, бабуся, ў людзях?» — «Ай, чула, чула дзісь я шмат! Ці то казаць, ці не казаць? бо страх. Цяпер на брата ідзе брат, А жонкі вернай, — гдзе цяпер шукаць?.. І у тваей каханак ёсць; Змаўлялася, — як будзіш у полі спаць, Дык брытвай табе зробе штосьць!..» Сказаўшы гэта, марш у лес бабуся, Як ліс, лягла за першы куст, Ціхусенька ляжыць, хоць кашаль дуся, Не пусце навет пары з уст! Аж жонка з полуднем ляціць ад вёскі, Схаваўшы брытву у кішэнь; На вобмежку паставіла дар Боскі І кліча мужа, як штодзень. Ён хмурны штось і есць не надта хоча, А потым зараз лёг заснуць. Заснуў! а жонка ў кішані шамоча… Дастала брытву — і чуць-чуць… «Га! рэзаць, подлая ты душагубка?» — Зароў, як той шалёны бык. «Дык вот якая ты, мая галубка?..» І дай біць жонку той мужык!.. Здзівіўся чорт, што баба так зрабіла. Узяў яго прад бабай ляк [46] . Ціжэмкі [47] бабіны наткнуў на вілы, Здалёка даў, баяўся так, Каб баба і яму жыцця не струла [48] , Не нарабіла ў пекле штук, Не набрахала б там, што чула, Або што ён — яе байструк. З тых пор, як чорт гдзе не дарадзе, Там слухае ён бабскіх рад, У бабскай круціцца грамадзе І ў пекле тым трымае лад!

44

Скутку ніц (польск.) — без ніякага выніку.

45

Внэт (польск.) — хутка, мігам.

46

Ляк — сполах.

47

Ціжэмкі — абутак з тканіны; палатняныя, парусінавыя або шаўковыя тапці.

48

Не струла (польск. stru'c) — не атруціла.

Кепска будзе!

Як я толькі нарадзіўся — Бацька сказаў: «Кепска будзе!» Ну дык жа ж не памыліўся: Здзекавалісь Бог і людзе. А чым кепска? — бо на марцы Я радзіўся (пост праўдзівы, Цяжкі месяц гаспадарцы. Як пражыў хто, — будзе жывы). Пераеўся хлеб да крышкі, Бульбы толькі як пасеяць, І прыварку [49] ані лыжкі, І скаціна — хоць развеяць; Ні саломкі, ні то сена, Хоць бы на раз для скаціны; А тут дроў ані палена, А тут яшчэ нарадзіны! Трэба ж бабе бохан хлеба І гарэлкі ж трэба пляшку, Яшчэ ж хрысціць хлопца трэба… Вот і думай, як сярмяжку Нясці жыду пад заставу [50] Ці прадаць каня, кароўку? «Сеў, - казаў ён, — я на лаву, Узяўшыся за галоўку, І заплакаў, аж заліўся, Так, як бацьку пахаваўшы… Кепска зрабіў, што радзіўся, Кепска будзе, свет пазнаўшы!» Ці то слова йшло урокам, Што сказаў у кепскім часе, Ці хто кінуў такім вокам?.. Ну і доля ж удалася! І збылося ж бацькі слова! Вот у тыдзень вязуць гэта Хрысціць мяне да Макрова Кумоў двое і кабета. У Аборках [51] мост сарвала, А я ж быў — чуць жывы, слабы. Рада — ў раду, на тым стала, Што ахрысцяць з вады бабы. З Беразіны [52] жменяй вады Кума сама зачарпнула, Паматала сюды-туды. Трэйчы на мяне лінула. «Вот і хрэст увесь тут, — кажа, — І ксёндз хрысце гэтаксама, Толькі яшчэ чымсь памажа, А хлопцу ўсё роўна — яма! Хоць бы жывым хоць давезці, Каб дарогай не сканала, — Скажуць — кепска вязла гдзесьці Або туга спавівала!..» Гэтак мяне пахрысціўшы, Вязуць назад ужо да маткі, Вочы добра пазаліўшы, Ледзьве уняслі да хаткі. Закусіўшы тут як трэба, Пакумаліся, і квіта: Баба ўзяла бохан хлеба, Пляшку водкі, торбу жыта; Разышліся і паснулі. Матка ж мяне калыхае: «Люлі, - шэпча, — сынок, люлі…» А як зваць? — сама не знае. Вот назаўтра спазарання Бяжыць матка да кумошкі Ды пытае: як празванне Далі сыну? Лёну трошкі Тут прынесла пры здарэнню, Трошкі сала, круп са жменю… А кума ж была праворна: Хоць што збрэша — не запнецца; Круце сабе ў сенях жорна, Трэба ж салгаць! Куды ж дзецца? «Імя, — кажа, — твайму сыну Ксёндз хацеў даць па кантычцы, Думаў ён, можа, з гадзіну, Узяў ксёнжку, як стаў рыцца, Дык даў потым з каліндарка» [53] ! Матка прандзей з хаты ў сені, Як бы цівун гнаў па карку, Усё шэпча то імене: «Аліндарку, Аліндарку!» Прыляцеўшы так дадому, За калыску узялася І зрадзела, як святому, Што аж слязьмі залілася. І калыша, і галосе: Надта імя спадабала, Надта добрае здалося, Што такога і не знала! Вот і клікаць мяне сталі Скаліндаркай, Аліндаркай… Ну, як зналі, так і звалі. Але вот што з гаспадаркай? Наперш конь здох таго ж лета, І цялушка, як лань, пала… Матка ж, ведама, кабета, Затужыла і запала, Гадкоў зо тры пацягнула, Ў марцы й ручанькі згарнула. (А ўсё ў марцы, трэба ж гэта! А разумная была кабета!) З таго гора бацька бедны Стаў маркотны, як магіла. Было сядзіць такі бледны… «Што ж ты гэта нарабіла?!» Гэтак скажа і заплача. (Хто ж пачуе, хто забача?) Потым дай памалу сватаць; Трэба ж, ведама, жаніцца, Каб было каму палатаць, Каб было у што змяніцца, А так усё памарнела: Куры, гусі, навет свінне. І свіння дзяцей паела, І карова марне гіне… Увосень давай шукаць пары, Ды ніводная не хоча; Аднэй бедны, другой стары, Трэця, чорт ве — што тароча: «Аддай, — кажа, — Аліндарку Куды-кольвек хоць на людзе, Сядзь на нашу гаспадарку, Тагды выйду, добра будзе!» Бацька кідаўсь зо тры тыдні, Яшчэ горай зажурыўся, Прадаў сякі-такі злыдні [54] , Разлайдачыўся, распіўся І умёр так пад гародам, Устраміўшы ў плот галоўку! Шапку найшлі аж за бродам І у шапцы залатоўку. А назаўтра прывёў соцкі Асэсара,
паноў трое.
Труп той зрэзалі на клёцкі… (А у марцы ж было й тое!) Мяне цётка, у апеку Ўзяўшы, трошкі падрасціла Ды якомусь чалавеку, Як за сына, адпусціла. Незадоўга змёрла цётка, Я стаў круглая сіротка. Ці гдзе днюю, ці начую, А ўсё бяду сваю чую! Пастухі збяруцца ў гаю, Пяюць песні ля бярозы, А мне чагось, сам не знаю, Смутна, цяжка, цякуць слёзы. Рос я гэтак за вачыма, Ужо трэйчы спавядаўся, Калі зімой да айчыма Ды ураднік заблукаўся. Я сяджу сабе на печы, Пляту лапці, ўю аборы, Ён паказуе праз плечы: «Што-то сын твой, — кажа, — хворы?» «То не сын! — айчым той кажа. — Ўзяў сіротку; дзякуй Богу, Добры ўдаўся: позна ляжа, Рана ўстане і адлогу Не запусце… спагадлівы; Маю сына, хоць не родны. Ажаню, як буду жывы, Будзе Богу й людзям годны!» «А лет сколькі?» — той пытае. «Дваццаць, — кажа, — мусіць, мае?» «А зваць як?» — «Да Каліндарка!..» Ратнік піша усё шпарка. Як радзіўся, гдзе хрысціўся?.. Пісаў, пісаў дый паехаў! Бацька яго угасцілі, Далі торбачку гарэхаў… После таго, так не далей, Як у тыдзень і асэсар Шусць у хату (і з мадаляй). «А гдзе, — кажа, — той пасэсар, Твой Ліндарка, ці як звецца, Што хаваецца з някруцтва, Пляцець лапцікі на печцы?.. Ашуканства, баламуцтва!..»
А я ж ехаць меў па дровы, Бацька клікнуў, іду ў хату… А асэсар — той — здаровы!.. Лясь мне ў морду, потым тату. Я ж узяў яго за грудзі І піхнуў лыбом у дзверы. Ён як раўкне: «Гэй вы, людзі, Тут разбой! Прыміце меры!.. Тут рыштант, брадзяга скрыты, — Вот і лэб калісь быў брыты, — Вяжы ўсіх, нараджайся!..» Мяне лясь! «Ты хто? Сазнайся!..» — «Скаліндар, — кажу, — сірота!..» Пацягнулі па дарозе, Завязалі і варота, Мы ж спыніліся ў астрозе… Астрог, братцы, паглядзеўшы Мімаходам, выглядае, І нічога: шык, не еўшы, І ў астрозе не бывае, Але лепшы ў хаце голад, У дарозе велькі холад, Найцяжэйша праца ў полі, Як у той астрожнай долі! Відзеў пташку я у клетца, Як галоўкай потым б'ецца, Аж скрыдэлкам затрапоча — І сканае… жыць не хоча. Раз лісіцу, адкапаўшы, Прывязалі мы да кола: Стала ж грызці што папаўшы, Сабе бруха распарола, Растрыбушылась на часці, Каб не жыць так, хоць прапасці. Нашто — гадзіну, мядзянку, Пусці ў шклянае начынне, — Сама сябе без прастанку Будзе жаліць, покі згіне!.. Як ужо ж скаціна тая Або гадзіна праклята І та цану волі знае, Што ж для нашага-то брата, Меўшы розум не скацінны, Як знаць волю мы павінны?.. А ў астрозе ж няма волі, Ні ў чом няма і ніколі! У жалезе тыя дзверы, Пры дзвярах стаяць жаўнеры, А народ усё сярдзіты — Так як бы яшчэ не сыты Людскіх слёзаў, мукі, енку; Не гавораць памаленьку, А ўсё зыкам, а ўсё з лайкай, А ўсё з боем, ўсё з нагайкай. У дзядзінец нас як пхнулі, Дзвярмі тымі як грукнулі, Дык і свет мне тым закрыўся, Як бы у труну забіўся… Зараз старшы ўзяў за плечы, Хляснуў трэйчы, так, без рэчы, Ключы кінуў: «У халодну!» І аблаяў матку родну. Нас піхнулі, як у яму, Ў цёмну хату чварагранну [55] , Далі хлеба, вады меру І запёрлі, як за веру У цямніцах калісь гэта Замыкаліся ад света. Цёмна, зімна… Прытуліцца Няма куды! А каганец, Як бы губка, толькі тліцца… Заспявалі мы ражанец [56] . Пяём, плачым, аж галосім, Божай ласкі — Праўды просім! Ў такім енку, са слязамі І паснулі у той яме! Абудзіўся я з здзівення: Глядзіць ў шчэлачку праменне! Я падумаў: ласка ж Божа І сюды пралезці можа? Аглядаюся вакола, Як бы шукаў і тут Бога. Мне зрабілася васола, Не баюся я нікога, Зноў ражанец: «B'og ucieczka» [57] Бляю сабе, як авечка, Калі бразць ключом у дзверы, І крычыць хтось: «Гэй, вы, зверы, Вы, бунтоўнікі, паскуды, Выбірайцеся адсюды! Тут важнейшым трэба сесці, Вас у вобшчу здадзім гдзесьці!..» Павялі нас аж на гору… Па якомусь калідору… Дзверы, дзверы, ў дзверах дзюрка, І у каждай жа хвігурка Як бы тая ж выглядае, Гдзе ні глянеш, усё ж тая: Блішчаць вочы, твар, як гліна, І абросшы, як скаціна… У турме, як у тым гробе, Ў адну твар усіх паробе! Ішлі, ішлі гэтак з гоні. А смрод такі, што ад воні Мне аж дух у грудзях спёрла, Як бы цісне хто за горла. Тут нам хату паказалі, Упусцілі, развязалі, Вады далі, трохі хлеба І запёрлі зноў як трэба. Тут народу шмат сядзела. Глянуў я — душа самлела: Як падушкі, у іх твары, Ў хаце пуста, толькі нары. Ляжаць усе, з нас рагочуць, Навет мейсца даць не хочуць. «Давай, — кажа, — хоць на пляшку; А не даўшы, дык парашку Цёнгле [58] ты выносіць мусіш, А ўжо хлеба, дык не ўкусіш, — Мы табе наб'ём аскому, Покі вернешся дадому!» Я спалохаўся, баюся. «Войча наш!» — кажу, малюся… Бог даў спомніць: залатоўка Гдзесь была ў кашулі ўшыта, Што дала калісь жыдоўка, Што падвёз у млын ёй жыта. Прэндка сарваў тую лату, Кінуў злоты той на хату… І не ўгледзеў, як хапілі, Толькі відзеў — водку пілі. Тагды сталі нас пытацца, Ці застаўся хто у хатца? Адкуль, за што пасадзілі, Па якіх турмах хадзілі? Іншы вуча, на пытанне Даць якое паказанне: «Кажы, — кажуць, — знаць не знаю, Чый я ёсць, з якога краю. Малым быўшы, сляпых вадзіў; А падросшы, і сам брадзіў; Не прыпісаны да сказкі [59] , І так жыву з Божай ласкі. Бог мой бацька, зямля матка; Знаць не знаю» — уся гадка! Так да марца сядзім ціха, Не чуваць дабра, ні ліха, А у марцы шлюць бумагу, Каб дастаўлена брадзягу, Супраціўніка уласці, Улажэння першай часці, Што мянуецца «Ліндарам» Ды йшчэ б'ецца з асэсарам, Ды каб быў ў ланцуг закуты, На нагах каб былі путы, Праважацелі каб срогі [60] , Каб не сходзілі з дарогі, А каб проста да начала… І ці мала там пісана?! Вот назаўтра рана-рана Нам адзежка наша дана; Паскідалі мы сярмягі, Салдат узяў дзве бумагі, Нас звязалі — і ў дарогу!.. Я падумаў: «Дзякуй Богу! Хоць нас слоначка сагрэе! Вецерчык на нас павее! Можа, дожджык срыбны змоча! Можа, пташка засвяргоча?..» Аж заплакаў я, зрадзеўшы! От, здаецца б, і не еўшы Быў бы сыты на свабодзе, Як той кролік у гародзе. Тут, здаецца, і сканаў бы, За свабоду жыццё б даў бы! Скаўроначкі Бога хваляць, А пастушкі агонь паляць, А і слоначка прыгрэла, Аж мне ў душы паяснела. Да палудня ішлі гэтак, Пры дарозе шмат і кветак: То пралескі, то сасонка, Выгравае Божа слонка! Так пад вечар ў мейсцы сталі, У халоднай начавалі, — Было позна. Заўтра зрання, Якраз у дзень Звеставання [61] , Клічуць мяне да дапросу (Задаваць-то ужо чосу!). Той судзебнік маладзенькі, Такі быстры, хоць маленькі, Ўсё пытаецца ды піша І нагой усё калыша. Як спытаўся мяне, хто я? Я і спомніў сабе тое, Як вучыў там той з астрога: «Знаць не знаю я нічога!» І старога тут клікнулі, Папыталіся, раскулі І дадому павярнулі. А мне кажа: «Ты, брадзяжка, Сакрыў званне, будзе цяжка: Сорак розаг, потым роты! Скажы лепей — адкуль, хто ты?» А ўсё піша, піша, піша І нагой усё калыша. Пісаў, пісаў, даў другому І сам пайшоў кудысь з дому. Мяне зноў жа да астрогу, Толькі цяпер, дзякуй Богу, Адзінокі я застаўся. Айчым плакаў, як жагнаўся. «Помні, - кажа, — мяне, сыну, А я хіба што сам згіну, А цябе вярну да вёскі, Хіба б ужо гнеў быў Боскі Або б Праўда гдзесьці змёрла! Вырву цябе ім із горла: Бог паможа, проці сілы Праўда выйдзе, як з магілы!» Сказаў гэта, пакланіўся Ды ізноў слязьмі заліўся. І мне стала ў вачах цьмяна, Зашчымела ў сэрцы рана, Як бы штосьці адарвала, Сам не знаю, што мне стала? Калі гляну, ачунеўшы, — Я ў шпіталі, захварэўшы… Галава мая абрыта, Твар вадой ці чым абліты, А піць хочацца… здаецца, Рэчку б выпіў, каб пры рэчцэ! Так я праляжаў тры тыдні, Прадаў усе свае злыдні; Надта есці стаў памногу І паправіўсь, дзякуй Богу! Я ж тут ляжу, і ні рэчы, Што там стары гаспадара. А ён торбу ўзяў на плечы, Па начальству просьбы жара! Трэйчы Вільню, сем раз Ліду Ён адведаў. Трэба ж ведаць, — Прысягнуў, покі я выйду, Навет дома не абедаць! Раздабыў усе паперы, Запісаў мяне у сказку… Што і бацька б, можа, шчэры Не зрабіў такую ласку. Так увосень, ў замарозкі Прывялі мяне да вёскі, Пазбіралі шмат суседаў!.. Кожны гаварыў, што ведаў: Як я тут, калі радзіўся, Як і бацька мой жаніўся… Паказалі усё чыста, І што імя мне Каліста, Што завуць мяне Ліндарка, Так, на смех, што чыста гол, Як ліндар, што на фальварку: Весь маёнтак — ён ды вол. Асэсар быў ужо новы, Чалавечак так, нічога, Якісь ціхі, нездаровы І цярплівы… хваліць Бога! Пасля таго праз паўгоду Ў марцы ж мяне на свабоду, Дзякуй Богу, адпусцілі У той дзень, як і хрысцілі.

49

Прыварак — мука лепшага гатунку, грачаная, гарохавая, бабовая, а найчасцей ячная для прыгатавання розных страў.

50

Пад заставу — пад заклад.

51

Аборкі — вёска пад Маладзечнам каля Палачанаў са слынным старажытным драўляным касцёлам, рэшткі якога захаваліся дагэтуль (пабудаваны ў 1443 г., перабудаваны ў 1773 г.).

52

Беразіна — рэчка ў Аборках.

53

З каліндарка — з календара.

54

Злыдні — дробныя гаспадарчыя рэчы, транты.

55

Чварагранну — чатырохкутную.

56

Ражанец — ружанец, пацеры.

57

B'og ucieczka (польск.) — Бог маё сховішча, мой ратунак; пачатковыя словы каталіцкай малітвы.

58

Цёнгле — заўсёды.

59

Сказка — рэвізская сказка; спіс асоб падатковага стану, які складаўся пры рэвізіі-перапісе.

60

Срогі — строгі, суровы.

61

Звеставанне — веснавое свята 25 сакавіка (н. ст.).

У астрозе

Паперы прыйшлі у турму з акружнога, Што зараз зачнецца суд после Каляд. Сядзела ж там нашага брата і многа, Было і нявінных памежы нас шмат! Быў пан, што у банку краў грошы чужыя, Быў пісар, што выдаў паперы благія… Я сам тут сядзеў, а за што? каб спыталі, Дык я б не сказаў, і яны бы не зналі. А пісана так: «Што страбіў жывы знак». Калок на капцы (быў гнілы, як бурак) Пры полі маім мне стырчаў так, як скула, — Наехаў кабылай, і слуп той звярнула. Каб жа люльку паліць было чым, не красаўшы, Агонь разлажыў, той калок пашчапаўшы. Прыехаў дадому, пасеяўшы грэчку, Закінуў кабыле, забраўся на печку. Назаўтра, праспаўшыся добра уранку, Завець мяне сотнік, стукнуўшы па ганку: Ураднік склікае народ аж на поле, Пісаць там штось трэба яму ў пратаколе. Пайшоўшы, гляджу я — аж ён штось пытае: «Чыя то граніца і грэчка от тая? Хто слуп асмяліўся спаліць самапраўна? Калі то было? ці даўно, ці нядаўна?..» Ураднік жа піша, а я дык смяюся, Кажу: «Ох, я надта цябе ды баюся!» Пытаю: «Ці брат твой, ці бацька гніляк, Што ўзяўся пісаць пратакол шчыра так? Ці, можа, той кол толькі ёсць твой зямляк? А можа, вялікі якісь быў чынал, Ці спраўнік, ці большы яшчэ ганарал? Прыблуда! схавайся, адкуль ты прыйшоў, У нас ужо досыць такіх прыбышоў, І кожны згніе, бо як кол тут убіўся, А зрублены пень там згніе, гдзе радзіўся. Кабыла мая дык усіх вас паверне, Не то што чапаць, але толькі як п…!» А людзі рагочуць, зышоўшыся з хат, Бо кожны ўтапіць быў урадніка рад. А ён дыкі тое, што я кажу, піша, Другі раз спытае, чаго не паслыша. Мяне ж яшчэ болей ды смеласць бярэ. А дзядзька мой блізка за гоні арэ; Я ж, біч яго ўзяўшы, ды ззаду зайшоў, Урадніку трэйчы як дам меж вушоў! Аж ён закрычаў: «Калавур, тут разбой!» — І зноў запісаў, ўзяў паперы з сабой, Як сеў на каня, даў, аж пыл закурэў! Народ жа са смеху увесь аж памлеў. Смяёмся сабе, а таго неўдагад, — Ураднік — начальнік, не то што наш брат. За тыдзень жа сотнік павесткі прыпёр, Каб мы усе заўтра з'явілісь у двор. Тут пан прыляцеў, аж на тройцы з званком, Распытываць будзе пад строгі закон. Тут некуды дзецца, назаўтра, чуць свет, Мужчын з два дзесяткі, дванасця кабет Ідзём да двара, за малым не дзве мілі, Ідзём, а чаго? Каб мы зналі, хоць снілі! Адзін кажа, выйшаў то, пэўне, указ, Каб скінуць падаткі якія із нас; Другі, жэ зямлі дададуць ці аброк Даруюць за прошлы ці гэты хоць рок. Лгуць бабы, што біскупа вернуць ізноў Ці, можа, біць розгамі будуць паноў За тое, што немцам усё прадалі І надта пашмат што даўгоў завялі: У банках усе аж па вушы сядзяць, Кідаюць двары, на Парыжу глядзяць; Усе пушчы змялі у жыдоўскі кішэнь І жывуць так без заўтра, абы з дня на дзень. Ніхто не згадаў, чаго клічуць у двор, Ніхто не паняў, што то сотнік прыпёр! Прыходзім у двор, — той начальнік ёсць тут. Выходзе да нас, апрануўшы сурдут, Пытаецца так: «А за што вы, рабяты, Урадніка здулі, ледзь трапіў дахаты?» «За тое, — мы кажым, — што надта ён ласы: Што любе яешню, курэй і кялбасы; Унадзіўся надта ён лазіць па хатах Ды нюхаць, каторай муж служа ў салдатах; Свіннёй гаспадара у нашым гародзе, Праз дзверы улазе, праз вокны выходзе; Ды надта цікавы, каторы што мае, Не то што у свірны, ў кішэнь заглядае; На поле слупкі — і да іх яму наўда; Таго ж не ўтаропе, гдзе крыўда, гдзе праўда, Ён гад, каб пісаць, а рабіць ніц не робе, А нам ён дык так, як той кашэль ў хваробе!» Мы ж гэтак лапочым, а ён усё піша, Пытаецца толькі, а сам — як не слыша; А потым чытае: «Такія-то людзі Урадніка білі, цягалі за грудзі; Прызналіся самі, і як, і чым білі, І зналі самі, што закон праступілі Супроці начальства, законнай уласці І змовілісь вёскай урадніка ўкласці!» Зачыншчык жа я, — або я той калок Спаліў, а другіх я у бунт увалок; Дык мяне у астрог той жа час запярці І судзіць найстражэй па вялікай стацці! Чытае ён гэтак, а мне дык здаецца: Ён з нашага брата і з праўды смяецца; Бо ў законе ўсе роўны — і пан, і мужык [62] , А што ж то ураднік за велькі індык? Як ён каго трэсне, дык гэта нічога, Яго ж не даткні, так як Юр'я святога [63] ! То так думаў я, ажно выйшла не тое; Ураднік на службе, то дзела другое; Тагды сцеражы ты яго, як той скулы, Бо ён — то не ён, а то ёсць артыкулы, Раздзелы, стацці і ўсе зводы закона! Мужык жа, наш брат, той усюды — варона. Здалося ж мне так, што ці дурню, ці шэльме, Ці хітры ён будзе, багаты хоць вельме, Мундзір хоць надзене, жупан хоць бы новы, А дурнем жа будзе дурны, безгаловы; А шэльму жа нюхам пачуе сабака, І ўсюды для шэльмы чэсць будзе яднака. І прыказка ж кажа, што Бог — не цяля, З усёй грамады пазнае круцяля! Законы ж, а думачкі нашага брата, Як ноч, а то дзень; гэта будні, то свята. Вот гэтых законаў паняць я не мог, За гэта ж цяпер я папаўся ў астрог. Цяпер ужо тут дык мне вочы працёрлі, Пазнаў, як у бацькаву хату запёрлі… Ото ж і завуць і мяне на той суд, Вучыць шанаваць і начальства, і кнут, І слуп, што гніець, стаячы ля дарог, Бо начал, кнут і слуп то даў Бог!

62

Бо ў законе ўсе роўны — і пан, і мужык — судовая рэформа 1864 года абвясціла роўнасць усіх саслоўяў.

63

Святы Юр'я (Георгій) — вялікапакутнік, празваны таксама грэкамі «вялікім святым»; за гарачую прыхільнасць ідэям хрысціянства быў абезгалоўлены; дзень смерці 23 красавіка — рэлігійнае свята.

Быў у чысцы!

Раз у дзень задушны [64] , якраз апаўночы, Іду я дадому… а цёмна і ўюга — Не каб заліўшы саўсім ужо вочы, Але так, у меру падвыпіўшы туга; Іду і мяркую: ці то цяпер шчасце, Як паноў не стала, ці то была доля? І лічу на пальцах: паншчызны дванасце, А гадоў да трыццаць, як настала воля… Там быў аконам, камісар і цівун, Намеснік, ляснічы, хмістрыня, паны. І кожны меў права узяць за бізун, І кожны меў права да нашай спіны… А цяпер?.. Ой, штосьці кепска выходзе, Цяпер ці не болей настала паноў, Не надта свабодна у гэтай свабодзе. І давай я лічыць паноў новых зноў: Стараста, соцкі, пісар, старшына, Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд, З'езд міравы, прысутства і сход… Аж паднялася са страху чупрына, Аж пальцаў не стала на весь гэты шчот. А пальцамі ж трэба карміць гэты люд!.. Іду… калі, шусць, як маланкай спаліць, Стаіць, так якраз, што умёр, аканом. Прыгледжуся — ён, тыкі ён і стаіць, І стрыжаны ж вус, і стаіць з бізуном… Схудаўшыся толькі: скура ды косць. А белы весь чыста, белы, як снег, Толькі на сэрцы плямачкі ёсць І плямкі на пальцах — мусіць, то грэх?.. «Браціку, — кажа, — браце Мацей! Ратуй маю грэшную душу З чысца [65] , з рук подлых чарцей, Альбо навекі загінуць я мушу! Дваццаць пяць лет, што у чысцы я пёкся, Усе грахі выбыў, усіх жа адрокся, Толькі на сэрцы вот грэх, як смала, Прыліп да мяне і не змыты; То за жонку тваю: саграшыў, як жыла, За цябе, што нявінне быў біты. Ох, ідзі ты са мной, зачарпнуўшы вады, Аж да чысцу таго, аж на дне, І выбач ты мяне, што як быў малады, Твая жонка-краса спадабалася мне. І палій ты вадой мне на сэрца, Мацей, Буду Бога маліць за цябе, за дзяцей!» Я заплакаў з жалю, але думаю: досць Нацярпеўся і ён, балазе што жывы, Гэтак ссох ад агню — толькі скура ды косць. Пайду ў чысцец я той, пагляджу на дзівы! І дзівы ж, браце мой, у тым чысцу, але! Чэрці кормяць смалой і гатуюць ў смале, І цягаюць, і рвуць, запрагаюць у воз, Кручком цягнуць кішкі і зубамі за нос, Вочы колюць ражном, пазурамі рвуць твар, Скрабуць скуру нажом, як на боты тавар. І каго ж тут няма? — тут і пан, і жабрак, Ганарал і салдат, аканом і мужык. А што баб і дзявок — сказаць так — Ўтрое больш, як мужчын ёсць на лік. Хто за што, а як баб — дык найбольш за язык. Языкі ж даўжыні — так, як добры ручнік. Іх і паляць смалой, і нажамі скрабуць, І ніяк дабяла прапаліць не магуць. Надта шмат маладых, што дурылі мужоў; Чараўніц, а і зводняў старых, Тут я шмат і знаёмых найшоў, Але так не чапаў ужо іх. З мужыкоў тут не надта каб шмат, А ўсё больш дык багатых паноў. На зямлі адцярпеўшы, наш брат На той свет, як па масле, пайшоў. А панам дык і трудна цярпець Без прывычкі, дык стогнуць, аж страх! Глянеш, пан, як, здаецца, мядзведзь, А чорт дышлам запрог і трах-тарарах, Бічам б'е, ражном пора у тыл, Морду круце набок і за кудлы трасе; Стук і крык, аж віхор круце пыл, Так пан чортавы воз той нясе. Там паны і муруюць й аруць, Вымятаюць і свінні пасуць, А смалу дык, як мёд, там жаруць, А камення, як горы, нясуць, — Усё ў пекле каб дно як зрабіць, А ўсё толку няма іх работы нігдзе: Тут яны робяць усё, абы збыць, І там ім гэтак работа ідзе. Я ж то думаў, што ксяндзоў тут няма. Калі зірк! аж і ксёндз тут сядзіць: Чорт яго аблажыў грашыма, Запаліў у грашах тых, і ксёндз так гарыць. А другі дык вісіць, але як? — Дык і стыдна мне вам гаварыць, А са стыду чырвоны, як рак, Вочы жмура, як кот, і гарыць. А тут баба яго так кляне Ды так лае з астатніх жа слоў, Што, каб гэтак хто лаяў мяне, Я б яго з свету даўно перавёў. Станавы, старшына і тый тут. Тым дык чорт усё грошы збярэ, Скруце цвёрды круцель або жмут Ды ў горла запрэ і даўбешкай пярэ; Каласірам [66] ці чым там паліў, І жмут той у горле агнём запаліў… Але ж і ёсць там народу, аж цьма! І роду ўсякага, і стану, і веку, Хто не жыў на зямлі, таго тут няма; Няхай Бог сцеражэ там быць чалавеку! Ледзь я прайшоў аж у тую кануру, Гдзе аконам Бізуньскі цярпіць. Чорт і яго запрагае у фуру. Спацеўшы бедны, а енча: «Дай піць!» Я брызнуў крапідлам на твар, Ён аж зрадзеў, як дзіця, Як хапіўся рукой за той каламар [67] , Што ўзяў я з вадой яму для піцця, Дык высахла зараз вада аж да дна; Ён стаў такі светлы, як гэты дымок, Стаў нікнуць, засталася пара адна, І знік так, як нікне на слоньцы аблок. Не помню, як выйшаў я з чысцу таго, Праснуўся у хаце на печы аж днём. Усе кругом плачуць, не ведаць чаго, А пале мяне дык так, як агнём! Трашчыць галава, баляць усе косці, І надта вады зажадалася піць. Напіўся і зноў паў я у млосці!.. От давялося ж у чысцы мне быць.

64

Дзень задушны — дзень памяці памерлых, 1 лістапада.

65

Чысцец — паводле каталіцызму, месца часовай кары за дробныя грахі па смерці чалавека, куды ён трапляе пасля апошняга «Божага суда» і дзе адбывае пакуты; адпакутаваўшы (з дапамогаю родных і блізкіх, якія ў гэты час моляцца за душу нябожчыка), ён трапляе на неба.

66

Каласір — газа.

67

Каламар — чарніліца; тут у сэнсе конаўка або іншая пасудзіна.

Поделиться:
Популярные книги

Физрук 2: назад в СССР

Гуров Валерий Александрович
2. Физрук
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Физрук 2: назад в СССР

Адепт. Том второй. Каникулы

Бубела Олег Николаевич
7. Совсем не герой
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
9.05
рейтинг книги
Адепт. Том второй. Каникулы

Свет во мраке

Михайлов Дем Алексеевич
8. Изгой
Фантастика:
фэнтези
7.30
рейтинг книги
Свет во мраке

Афганский рубеж

Дорин Михаил
1. Рубеж
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
7.50
рейтинг книги
Афганский рубеж

Пограничная река. (Тетралогия)

Каменистый Артем
Пограничная река
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
9.13
рейтинг книги
Пограничная река. (Тетралогия)

Вдова на выданье

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Вдова на выданье

Попаданка

Ахминеева Нина
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Попаданка

Последний попаданец 9

Зубов Константин
9. Последний попаданец
Фантастика:
юмористическая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Последний попаданец 9

Авиатор: назад в СССР 12

Дорин Михаил
12. Покоряя небо
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Авиатор: назад в СССР 12

Двойня для босса. Стерильные чувства

Лесневская Вероника
Любовные романы:
современные любовные романы
6.90
рейтинг книги
Двойня для босса. Стерильные чувства

Последняя Арена 11

Греков Сергей
11. Последняя Арена
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Последняя Арена 11

Убивать чтобы жить 2

Бор Жорж
2. УЧЖ
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 2

Возвышение Меркурия. Книга 15

Кронос Александр
15. Меркурий
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 15

Чехов. Книга 3

Гоблин (MeXXanik)
3. Адвокат Чехов
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Чехов. Книга 3