У палескай глушы
Шрифт:
Якуб Колас
У палескай глушы
Першая кніга трылогіі «На ростанях»
I
– А, гэта ты, бабка! Ну, прысядзь, пагаворым трохі!
– Я пастаю, панічок... У вас так ціха, я думала, што вы ўжо спіцё, а вы ўсё з гэтай кніжкай, - сказала, прысаджваючыся, бабка.
– Прабачайце, панічок: я прыйшла запытацца - ці баліць яшчэ ў вас галава, ці перастала?
– Перастала, бабка, перастала!
– сказаў малады настаўнік, звярнуўшы ўвагу
– Забыўся нават, што яна і балела!
– Ну, панічок мой родны, як сабе хочаце: хочаце верце, хочаце не верце, а я вам, далібог, шаптала!
– Ты і мне шаптала?
– здзівіўся настаўнік.
– Калі ж гэта ты ўмудрылася пашаптаць? Я нават і не прымеціў.
– Во вы тут сядзелі, чыталі, а я з кухні праз дзверы шаптала... Не гневайцеся: далібог, шаптала!
Высокая, сухарлявая кабеціна чарнявага воласу - яна была тут старожкаю - прыйшла ў незвычайны рух, вочы яе ажывіліся, а на твары адзначылася ўнутраное перакананне ў сіле свае здольнасці.
– Напэўна, гэта ты мне памагла, бабка, - сказаў настаўнік, усміхнуўшыся.
– Ой, панічыку, вы ўсё смеяцеся, не даяце веры. Не верыце ніяк мне, старой!
– О не, бабка: веру, веру! Аб тваім знахарстве ўсюды кажуць: у Хатовічах, у Малкавічах, у Ганцавічах - усюды!
– Г-э-э-э, панічок: з-пад самага Пінска прыходзяць і прыязджаюць да старое Мар'і, - з гордасцю прамовіла бабка.
– І як гэта ты, бабка, шаптаць навучылася?
– Навучылася, панічыку, навучылася!
– А хто цябе навучыў?
– Ой, панічок, вы ўсё хочаце ведаць!
– А што ж, бабка: навучыўся б, і да мяне хадзілі б людзі, і я памагаў бы ім.
– Няможна гэта, панічыку!
– Чаму няможна? Хіба грэх?
– Няможна!
– Мусіць, бабка, ты з нячыстай сілай знаешся?
– Бог з вамі, панічок! Што вы сказалі проціў ночы?! Няхай Бог крые! І не ўспамінайце вы яе!.. Ва імя Айца і Сына і Святога Духа!
Старая паляшучка, знахарка Мар'я, набожна перахрысцілася, падняўшы вочы на абраз.
– А што ж яна мне зробіць, гэтая нячыстая сіла? Я не баюся яе, бо яе, бабка, наогул няма.
– Гэ, панічыку, вы яшчэ маладзенькі, мала на свеце жылі.
– Ну, а вось ты, бабка, дзякаваць Богу, трошкі пажыла-такі, а скажы ж мне, ці бачыла ты хоць раз нячыстую сілу?
– Не кожнага, панічок, яна налучае, - ухілілася старая ад простага адказу.
– А я табе, бабка, скажу, каго яна налучае. Наколькі я ведаю, яна найбольш прывязваецца да п'яных цёмных людзей і то ўночы.
Старожка з гэтым не згадзілася і паківала галавой. А настаўнік, яшчэ зусім малады хлопец, які нядаўна прыехаў у першую сваю школку ў глухой палескай вёсцы, ледзь-ледзь усміхнуўся сам сабе, пэўны ў тым, што старая няіменна раскажа пра здарэнне з нячыстай сілай. Яму вельмі падабаліся такія гутаркі з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людской культуры.
– Я вам, панічок, не буду многа казаць, бо вы ўсё роўна не верыце, хоць, можа, і верыце часам, але кажаце, што не верыце. Ды калі не верыце мне, то паслухайце, няхай вам раскажа мой Міхалка. Вы ж ведаеце майго Міхалку? А калі яму не паверыце, спытайце людзей. Міхалка тады дзецюком яшчэ быў. Ішоў ён з Сяльца. І ноч была не цёмная. Чулі, можа, Сяльцо, недалёка ад нашай вёскі, вярста - не болей? Гэта - выселкі з нашае ж вёскі,
Лабановіч - так звалі маладога настаўніка - слухаў апавяданне з вялікай цікавасцю. Спярша яму было крыху смешна, але, па меры таго як сама апавядальніца ўсё больш і больш захоплівалася таемнасцю здарэння, Лабановіча зацікавіла іншае, а іменна - непасрэдная і цвёрдая вера людзей у існаванне ўсяго гэтага цёмнага спляцення нядобрай сілы. Мільёны і болей гадоў жыве гэта вера, пачаткі яе загублены ў цёмным віры прошласці, і да гэтага часу людскі розум не патрапіў вызваліцца з аблады гэтага чмучэння...
«Цікава!.. Трэба будзе калі падумаць над гэтым», - зазначыў сам сабе настаўнік. Але, як відаць, была ў яго яшчэ і іншая думка, і ён, нечакана для сябе самога, спытаўся:
– Бабка! А твой Міхалка мог бы і памерці праз гэта?
– Гэ, панічыку мілы! Чуць-чуць не памёр! Насілу, насілу адхаялі!
– І падумаць толькі: праз якое глупства можа памерці чалавек!
– прамовіў малады настаўнік, хутчэй да сябе самога, і задумаўся.
Галава яго крыху схілілася набок, цёмныя вочы, у якіх часта адбівалася нейкая затоеная думка, пазіралі, не міргаючы, у кут пакоіка, але нічога не бачылі, яны як бы пазіралі на тую думку, якая цяпер заварушылася ў яго галаве.
Старая бабка звярнула на гэта ўвагу і з нейкім страхам і цікавасцю пазірала на свайго «паніча».
– А што вы, панічыку, так задумаліся?
Лабановіч ускінуў на яе вочы і засмяяўся.
– А ведаеш, бабка, хочаш, я скажу табе, што ты цяпер думаеш?
Бабка здзівілася яшчэ болей, а настаўнік, не чакаючы яе адказу, прамовіў:
– Ты, бабка, пазірала на мяне і думала: «Калі гэты паніч яшчэ не з'ехаў з глузду, то з'едзе».
Старожка пазірала яму ў вочы, моцна здзіўленая, а Лабановіч, прыдаўшы важны выраз твару, сказаў:
– Ты, бабка, не думай таго: не адна ты знахарка. Я, можа, яшчэ выдатнейшы знахар за цябе.
– А што ж, панічыку, усё можа быць, - як бы з нейкай пакрыўджанасцю адказала бабка.
– Ты плюнь, бабка, на гэта, бо ўсё гэта - глупства, а лепш вось што: скажы ты мне, бабка, чаго мы на свеце жывём?
Бабка не ведала, які тон ёй узяць, каб не памыліцца, і сказала:
– Гэ, панічок: што вы так усё пытаецеся?.. Гляджу я на вас і дзіўлюся: сядзіць сабе, як той манашак, і ўсё ў гэтыя кніжкі пазірае. Паглядзелі б трохі, і годзе. А то калі ні прыйдзеш, вы ўсё ў кнігі гледзіце. Хіба можна так пільна і доўга пазіраць у іх?
– І, памаўчаўшы, дадала: - Сушаць яны, і болей нічога.