Ведзьміна тоня
Шрифт:
Частка 26
Дарэмна Віцька бурчэў – складанне карты вострава захапіла яго. Ён па камандзе Віталя ішоў краем вострава, ля пачатку балота, і сам уяўляў, як малюецца лінія берага на карце. Кропку за кропкай памячаў Віталь, Віцька пераходзіў далей і далей, нарэшце – круг замкнуўся.
Востраў на карце выглядаў зусім не круглым – паўкруг. Ды яшчэ няроўны. Нічога не казала аб тым, што ён тут некім насыпаны… І Заікін быў у напрамку Савінага вострава без намёку на нейкі таямнічы азімут.
–
Сяргей падышоў да палаткі – дзеду ён больш не трэба быў: той сам майстраваў невялікі крыж.
Жэнька ўжо двойчы тэлефанавала – Зарэмба усё яшчэ не вярнуўся ў вёску. Нэла, стомленая доўгім блуканнем па лесе, цяпер моцна спала ў палатцы.
Жэнька адмовілася ісці з хлопцамі на рыбу – у апошні момант, гледзячы на салодка спячую малую, яна зразумела, што сама неверагодна стамілася. І прылегла побач з ёй.
…Не, такога клёву яны даўно не бачылі. І сам Віталь, які не вельмі захапляўся той рыбалкай, разгарачыўся так, што ў першыя дзесяць хвілін аж прытанцоўваў на месцы.
Ах, якія ж чапляліся карасі! Адзін у адзін, жоўта-залатыя, вялікія! І не гулялася рыба з нажыўкай: толькі ледзь варухнецца паплавок – і адразу ішоў адным штуршком у глыбіню. Эй, давай, цягні!
Вядзерца запоўнілася за пятнаццаць хвілін – а рыба брала і брала. Віталь за вялікім вядром збегаў, а Сяргей у гэты час краснапёрку выцягнуў: такая прыгожая.
Недзе хвілін сорак працягваўся такі клёў – не паспявалі закідваць.
А потым нібыта раз – і нехта прагнаў адсюль усю рыбу.
Паплаўкі нерухома стаялі ў цёмнай вадзе, быццам прымерзлі. Ветрыка не было, а тут падзьмуў, невялікія хвалі запляскалі аб плыт, з якога рыбачылі хлопцы…
– Так, цяпер на спінінг паспрабуем, га? – прапанаваў Віцька. – Відаць, шчупак тут гуляе, вось і перастала рыба браць.
– Давай, – без асаблівага энтузіязму адказаў Віталь. Яму ўмомант стала тут нецікава. Але вырашыў застацца, паглядзець. Сам на спінінг ён лавіць не збіраўся.
– Плыт трэба далей адвесці, – прапанаваў Сяргей. – Тут размахнуцца няма дзе.
Адвязалі плыт, усцягнулі сходні, адплылі далей ад берага.
Адзін закід, другі, трэці… Толькі на пяты блясна паляцела досыць добра – далёка і туды, куды Віцька цэліў. Нічога…
Ён абыякава ўжо (мо дзесяты раз упустую!) круціў катушку, як раптам лёска напялася. І – не пакруціць.
– Зачапіў, – плюнуў ад прыкрасці Віцька.
Пакруціў яшчэ – лёска з цяжкасцю, але намотвалася на катушку.
– Давай, падплывём, – падказаў Сяргей. – Віталь, бярыся за вясло.
Пачалі грэбці ў тым напрамку, дзе пад вадой хавалася лёска. Віцька пакручваў катушку, але лёскі намотвалася толькі на столькі, на колькі набліжаўся плыт.
– Нешта цягне, – раптам са страхам прашаптаў Віцька. –
– Не кідай! – закрычаў Сяргей, бачачы, як задрыжалі ў Віцькі рукі.
Было нястрымна бязлюдна тут – сярод чорнай вады, на паверхні якой беглі аднолькава роўныя частыя хвалькі. Вецер стаў нечакана халодным. А з аднаго і другога боку на сонца насоўваліся дзве сіне-фіялетавыя хмары. І нешта нябачнае ў глыбіні роўна, з неймавернай сілай цягнула лёску, а за ёй вуду і самога Віцьку ў халодную глыбіню…
Сяргей перахапіў спінінг – цяпер яны трымалі яго разам і разам адчулі, як нешта там, у глыбіні, роўна і неўтаймавана цягне, цягне і цягне.
– Адпусці, няхай размотвае… адпусці тормаз, – шэптам загадаў Сяргей.
Лёска пачала размотвацца – роўна, быццам пад вадой была такая ж катушка і там нехта намотваў лёску – не спяшаючыся, пакрысе.
– Прытарможвай, прытарможвай…
Але прытарможваць было дарэмна. Калі лёска разматалася ўся, хлопцы адчулі, што іх цягнуць разам з плытам.
– Віталь, грабі!
Віталь сутаргава гроб адным вяслом, але плыт разварочвала, і ён плыў.
– Трымай! Упрыся ў парэнчы спінінгам і трымай толькі! – Сяргей дапамог Віцьку паставіць спінінг так, каб невядомая сіла прыходзілася не на рукі хлопцаў, а больш на парэнчы, сам схапіў другое вясло.
Яны граблі хвілін колькі – плыт як быццам спыніўся. Лёска аслабла – і Віцька не разгубіўся, імкліва наматаў слабіну на катушку.
Потым іх зноў пацягнула – на гэты раз крута ў другі бок. І зноў спыніліся, зноў крыху аслабла лёска. Хлопцы супакоіліся, прайшла разгубленасць перад невядомым, пачыналася нешта падобнае на нечаканае спаборніцтва. Віцька зноў падматаў лёску. Зноў іх плыт панесла – ужо ў другі бок. І зноў энергічна граблі…
Па метры, па два падмотваў Віцька лёску. Плыт ужо амаль не кранаўся з месца, толькі млява паварочваўся туды-сюды. Віцька намотваў лёску, хлопцы ціха падграбалі.
– Божачкі! – выгукнуў спуджана Віцька.
Сяргей і Віталь кінулі вёслы, падскочылі да Віцькі.
І пабачылі тое, што так напужала іх сябра – да плыта ў верхнім слоі вады набліжалася чорнае, жывое бервяно. Яно ледзь рухалася, але ў ім адчувалася столькі сілы, што здавалася: захоча – праб’е наскрозь іх плыт.
– Што гэта?
– Чорт ведае. Шчупак, відаць…
– Такі здаровы? Ён жа Нэлу праглыне…
– Не праглыне… Не падмотвай больш. Трымай толькі. Як моцна пацягне – адпусці крыху… Віталь, давай на вёслы. Будзем грэбці да берага. Толькі не надта спяшайся…
Яны грэблі хвілін дзесяць – за гэты час Віцька крыху адпусціў лёскі. Яшчэ колькі ўзмахаў вёслаў – плыт падышоў да берага.
Там Жэнька з неразуменнем глядзела на заклапочаных хлопцаў. Яна і Нэла зайшлі ў ваду, чакалі плыт.
– Выходзьце з вады, – засіпеў, а не закрычаў Віцька. – Клічце дзеда!