Вераснёвыя ночы (на белорусском языке)
Шрифт:
– Я табе як добра, а ты чорт ведае што! Колькi сваталася, нiхто даспадобы не даходзiць. Усё перабiраеш. Табе ж цi не трыццаць год ужо?
– Ну, я ж казала, што ты мяне з хаты збываеш!
I яна пайшла злосная. А вечарам яны абое зрабiлi выгляд, што нiчога не было. Так уся гэтая прыкрасць i скончылася. А тут Асташонак, малады i вясёлы, трохi жулiкаваты, заўсёды стараўся злавiць яе i на вулiцы i на полi. I поўнiў яе агнямi суму здаровай перарослай дзяўчыны. У той дзень, калi здарыўся гэты яго ўчынак з трохрублёўкаю, ён назнарок прыбег праз агароды памагаць ёй складаць атаву, заўважыўшы яе каля гумна. Жартаваў з ёю, тузаўся, пакуль яна, чуючы, што трацiць волю
Палошчучы бялiзну, яна змагалася сама з сабою. Падабалася сама сабе; глядзела ў ваду; чула разамлеласць па ўсiм целе i як усё больш i больш прытуплялiся i ападалi думкi. Губiлася ўсялякая воля i цвёрдасць.
Стукалi ў садзе вобземлю яблыкi i грушы, спелi арабiны. Цякла пахам моцная мята. Асеннiя мухi гулi каля сяней, сiнiя i вялiкiя. Стасюк на вулiцы, па той бок студнi, боўтаецца ў лужы. Вулiца была цiхаю, дрымотнаю. I без дай прычыны захацелася ёй пакрычаць на Стасюка:
– Стасюк, iдзi ў двор!
II
Зыгмусь Чухрэвiч бедаваў, што вусень пааб'ядаў вясною лiсце ў садзе, i цяпер няма садавiны. Агаце прыкра было слухаць яго павольную гаворку, бачыць, як ён стараўся быць перад ёю дасцiпным. Гальштук у яго быў вузенькi, у зялёную палоску, вельмi туга нацягнены на цвёрдай манiшцы i раней за ўсё кiдаўся ў вочы. Гарнiтур быў нiшто, але няспрытна вельмi ж сядзеў, мусiць, адтаго, што манiшка i цвёрды каўнер усё роўна як звязвалi чалавека. Гамашы былi выглянцаваныя, але запыленыя. Фэлька быў адзеты прасцей i з самага ранку нiкуды не выходзiў з хаты. Гаворачы з iмi абодвума, Агата неўзаметкi паглядала ў люстэрка, што вiсела насупроць на сцяне. Мокрыя яшчэ валасы пахлi дарагiм мылам, i здавалася, што гэта пахне блакiтненькая шпiлька, што гэтак прыгожа сцягвала белы гафтаваны каўнер сiняй блузкi. Стасюк ацiраўся каля вялiкiх i ўсё дурыўся:
– Цёця Агата, есцi.
– Ты ж еў кагадзе.
– Зноў хачу.
Зыгмусь Чухрэвiч памог ёй адчапiцца ад Стасюка.
– Няможна так часта есцi, няздорава.
– Чаму?
– Няздорава на жывот.
– Сапсуецца жывот?
Фэлька ўзяў Стасюка за руку i вывеў на двор. Вiдаць было праз вокны павёў у сад, каб абы адчапiўся ад Агаты. Зыгмусь Чухрэвiч падкруцiў вусы, дастаў з кiшэнi партабак з бярозавай чачоткi i дастаў тоненькую папяросу. Пакуль трымаў у пальцах, Агата, гледзячы, думала, што ў яго прыгожыя рукi тонкiя i белыя зверху. I, закурваючы, ён зноў пачаў бедаваць, што вусень аб'еў сад. Гаворка яго была вялая, кожнае слова як бы абдуманае. "Здаецца, памагла б яму", - думала Агата, падышоўшы да люстэрка i папраўляючы грабянi ў валасах. У хаце была прыемная хмурнасць, - неба ў той дзень было шэрым, але высокiм. Сонца неглыбока было схавана за тонкую пялёнку ветравых хмараў, вецер шастаў за вокнамi садам, сад нехаця пачынаў жаўцець. Аж у хаце, здавалася, чуваць было, як пахнуць у садзе бэры i вiнёўкi. Цыганкi чырванелi над плотам i над страхою прыгрэбкi. Нават запозненыя спасаўкi падалi яшчэ на траву i разлiвалiся ў ёй зялёным кiсялём.
– У вас добра сад захаваўся ад вусеня, а ў мяне дык каб, скажам, на завод яблыка адно.
Агата ўздыхнула.
– Чаго вы, панна Агата, уздыхаеце?
– Нiчога, так сабе.
– Мусiць, сумна чагосьцi?
Агата глядзела, як ад усмешкi пайшло ў яго па твары шэсць вельмi сталых зморшчкаў, па тры з кожнага боку, i схавалiся яны канцамi сваiмi ў вясёленька падкручаных вусах.
– На фэст, панна Агата, не збiраецеся?
– Не думала яшчэ. Можа i пайду.
– Можа разам пойдзем?
– Будзем бачыць.
–
– Дзякуй, у сваёй хаце можна пастаяць.
I тут яна падумала, цi не сказала чаго лiшняга, можа за тон гаворкi яе пакрыўдзiцца кавалер. Тады ветлiва, наколькi льга было, усмiхнулася:
– Вы таксама нейкi сумны.
– Не, чаго ж я. Сядайце.
Ён устаў з доўгага памалёванага столка i паставiў яго каля яе. Агата села. Ён сеў поплеч яе, заглядаючы ёй у вочы.
– Пра што вы думаеце?
– Вам трэба ведаць?
– Трэба.
– Нашто вам ведаць?
– Панна Агата...
– Што?
– Эх, панна Агата...
Падсунуўся блiжэй, узяў пад руку, пацалаваў яе кароткiя пальцы. Казытнуў вусамi яе цудоўную шыю.
– Панна Агата, панна Агата...
Яна выцягнула з яго рук сваю руку, адсунулася далей.
– Панна Агата!
Губы яго траслiся, вочы зелянелi нерухомымi iскрамi, твар чырванеў.
У сенцах затупаў Фэлька, увайшоў у хату. Агата пайшла ў мыцельнiк, за перагародку з цалёвак, нiбы мыць мiскi.
Зыгмусь Чухрэвiч расказваў Фэльку:
– ...Дык я i кажу яму перад усiмi - гад ты, кажу, печаны, хамула ты дурное. Хамут! Чым ты, кажу, хвалiшся? Што за тры рублi абармотам зрабiўся?! Знайшоў чым хвалiцца, выбачайце за слова, дурнiла. Я яму так i сказаў. Не сцерпеў.
– Каму гэта?
– трасучыся ад незразумелай крыўды, болю i тупой цяжкасцi на душы, крыкнула з мыцельнiка Агата.
– Асташонку.
Агата кiнула мiскi, з мокрымi рукамi кiнулася на двор. Пабегла ў сад, дзе пад бэрамi сохла капа садовай атавы. Упала галавою ў сена, калоцячыся ад бурных слёз.
III
Фэлька стаяў у варотах i чэзнуў па чарнавокай Алiмпе. Вечар быў цёмны. Агата сядзела каля хаты. Асташонак хадзiў з Алiмпаю па вулiцы. Непадалёку каля нечай хаты гуляў маладзеж. Фэлька не вытрымаў i падаўся да Алiмпы i Асташонка.
Пасля дзённага дажджу пахла жвiраватае каменне, маўчалi платы i хаты.
Дзяўчаты i хлопцы заспявалi. Фэлька, Асташонак i Алiмпа недзе знiклi з вачэй. Агата пачухала левы локаць, сцiшылася каля сцяны. Дзяўчаты на вулiцы зарагаталi. Агата пазнала iх па галасах. Падумала: "Як павыросталi, яшчэ летась у парваных андараках каровы пасвiлi, а гэта ўжо з хлопцамi гуляюць". Прыкрасць нейкая находзiла на яе. З'яўляцца пачалi думкi - пайсцi ў гурт маладзяжу. Але ўспомнiла - няма там аднагодкаў ёй, усе маладзейшыя. Брат Фэлька нiколi не ўпiкаў, што сядзiць яна дома, колькi сваталася - нi за кога iсцi не хацела, усё па густу выбiрала сабе i нiяк выбраць не магла. Хiба ж ён асмелiцца ўпiкнуць яе гэтым? А ўсё ж думкi ў яго ўсялякiя могуць быць... I чаму якраз Фэлька на думку ўзбрыў, хiба самой ёй нiчога гэта не абыходзiць?.. I чаго яны рагочуць так весела, гуляюць гэтак заўзята, гэтыя цыбатыя падлеткi? Можна падумаць, што i сапраўды паненкi цiкавыя. Прыкрасць сцiснула сэрца. Прыцiснулася плячыма да сцяны i чакала.
Гарэла святло ў хатах. Iшла ноч. Маўчала восень у садах i агародах, мёдам пахла павольнае кананне кляновага лiсця. Якую ж ноч прынёс верасень!
"Спаць iсцi", - узышоў чэмер думак, але ведала, што не засне.
Далонi рук пачалi гарэць. Ноч схавала ружовасць твару, маўчанне нервовую трывогу цела.
Дзяўчаты зноў заспявалi. I паважныя крокi скiнулi з яе забыццё.
– Панна Агата?
Зыгмусь Чухрэвiч пакруцiў вусы i сеў.
– Чаго вы маўчыце, панна Агата?
Падсунуўся блiжэй, памаўчаў i ўзяў за руку. Яе маўчанне надавала яму смеласцi. Палажыў руку ёй на плячо. Падсунуўся яшчэ блiжэй, аж прыцiснуўся i абняў адной рукою.