Вёска
Шрифт:
Царкву абыходзіла, але крыжык на шыі насіла, і абраз Міколы ў хаце вісеў. І яшчэ — маці да панікі баялася маланак і грому (спраўджваючы прымаўку, што пакуль гром не грымне, селянін не перажагнаецца). Тады яна вохкала, божкала, завешвала люстэрка, запальвала перад абразам свечку...
У інстытуце, паслухаўшы Рамановіча, які нічога і нікога не баяўся, які на першай лекцыі па атэізму сваімі заўвагамі давёў выкладчыцу да істэрыкі, Антон таксама адразу ж зрабіўся веруючым. Раз трэба было быць у апазіцыі да большасці — дык ва ўсім. Раз усе вакол гаварылі па-руску, трэба было назло гаварыць па-беларуску; раз усе не верылі ў Бога — назло трэба было верыць. То была чыста
І вось толькі цяпер, стоячы ў царкве каля самага ўваходу, уражаны смерцю аднакласніка, удыхаючы духмяны дымок свечак, слухаючы хор, Васкевіч упершыню ў жыцці адчуў, як варушыцца ў грудзях — хай слаба, але варушыцца — ТОЕ. ТОЕ, чаму няма тлумачэння, што жыве ў кожным з нас, жыве, ці дрэмле, ці спіць, але што рана ці позна абавязкова абудзіцца, хоць на імгненне, хоць у час апошняга ўздыху.
— ...Го-о-осподи, — з сумнай пяшчотаю выводзілі ціхія жаночыя галасы: И свято-е воскресе-ние Твое!
Васкевіч слухаў, благавейліва хрысціўся, кланяўся, і з кожнай хвілінаю адчуваў усё большы супакой, еднасць з гэтымі людзьмі, што стаялі побач, з гэтым спевам, які ўліваўся проста ў душу, у сэрца, і расцякаўся там салодкай, да шчыпучых слёз расчуленасці, хваляю... На міг ён адчуў еднасць не толькі з гэтымі — жывымі — людзьмі. Вось так жа стаялі і тое ж адчувалі, слухаючы гэты ж спеў, мільёны, мільярды людзей і 100, 200, і больш гадоў назад; людзей, якія даўно памерлі, ператварыліся ў зямлю, прах — і якія вось уваскрэслі на гэты міг у ім, Антоне Васкевічы!
Баючыся, каб штосьці не парушыла гэтага настрою, прагнучы яшчэ больш у ім разабрацца, Васкевіч хуценька выйшаў з царквы, спусціўся на вуліцу. Горад аглушыў яго. Ён пехам папраставаў на вакзал, стараючыся не глядзець у твары, не чуць слоў. Аўтобус адпраўляўся гадзіны праз дзве. Васкевіч купіў білет на чужы, што спыняўся, калі папрасіць, на крыжаванні шашы з Антонавай «школьнай» дарогаю — па якой ён узімку хадзіў у мястэчка прапісвацца.
Выбраўшыся з аўтобуса на крыжаванні, Антон зірнуў на гадзіннік. Гадзіна дня. Валера, яшчэ, магчыма, і не пахавалі.
Васкевіч адышоўся ад шашы настолькі, каб не чутно было гулу, звярнуў з дарогі на ўзлесак, прылёг на ўзгорачку пад хвоямі, на мяккую сівую мучку-ціпец, закурыў. Было пахмурна, але цёпла, суха. Праз кашулю калолася сухая ігліца. Карычневая лясная мурашка забегла на далонь, патыркалася аб пальцы, потым пачала караскацца па рукаве вышэй, да пляча. Васкевіч зняў яе і пачаў разглядаць.
«Дык каму трэба, каб я быў такі, як ёсць? Жыў так, як жыву? Тым, хто выганяў мяне з Менска?»
«Глупства! Трэба Таму, Хто кіруе і рукамі тых, што мяне выганялі!»
«Я ў волі Яго. Захоча — і забярэ да сябе, як Валера, захоча — верне ў Менск, не захоча — і я правякую тут!»
ХХІV
Прайшло тыдні два.
Антон з раніцы хадзіў на балота памагаць дэядзьку Міколу-лесніку касіць, і цяпер, у абед, ледзь прыцягнуў дамоў ногі.
— Еж, сынок, — зноў ласкава, як і нядаўна, калі паведамляла пра Валераву смерць, казала маці, ставячы перад Антонам міску шчаўлёвага баршчу. — Еж, пакуль гарачы... Бо таго Пеці, з якім ты вучыўся колісь, які ў вармію пайшоў, той гомельскі дзядзька памер... Сёння, кажуць, хаваць будуць.
Антон накінуўся на духмяны боршч, не даючы гэтым словам асаблівай увагі. І
— Ага, ага, — чытала яго думкі маці. — Той чарнявенькай, Ірыны, бацька.
— Ірэны, а не Ірыны, — рассеяна паправіў Антон.
— Шлунак быў бальной, — маці са смакам вымаўляла гэтае рускае «бальной». — А лячылі ад печані! Высах, кажуць, у цёску [9] за два месяцы.
9
Цёска — трэска.
На гэты раз Васкевічу захацелася пабыць на могілках, і ён акурат падгадаў, — ідучы ў бібліятэку, з дарогі ўбачыў каля могілкавых варот бартавую машыну, з якой яшчэ толькі здымалі труну. Антон пакіраваў туды.
Народу было даволі многа, папрыходзілі двароўскія і сасноўскія, хоць быў самы разгар летняга дня. Каля выкапанай непадалёк ад варот свежай ямы стаялі, апіраючыся на рыдлёўкі, прымак Рускі, дзядзька Юлен, яшчэ два незнаёмыя мужчыны, курылі. Васкевіч прайшоў углыб могілак, спыніўся перад бацькавай магілкай, пакалупаў патрэсканую фарбу на агароджы. Раптам да яго данеслася ціхае галашэнне. Ён асцярожна, адхінаючы рукамі маладую акацыю, падраўся ў той бок і ўбачыў: Надзя-паштальёнка ўкленчыла, абняла рукамі новенькі крыж і білася ў ціхім плачы на магіле сына... Антон вярнуўся да варот, змяшаўся з людзьмі.
— Думалі, печань, і лячылі, падлы, ад печані, — казаў нехта. — А тады глянулі — э-э! у яго ж шлунак бальной! Два літры гною выкачалі.
Да труны падвялі заплаканую ўдаву, якая раптам пачала прасіць праз слёзы мужа-нябожчыка, працягваючы да яго рукі:
— Витёк, встань, встань же, прошу тебя, умоляю! Ну, встань же скорее, хорошенький мой!.. Встань, посмотри на дочь твою!..
— Не ўмее галасіць, — прашамкала нейкая бабулька ззаду за Васкевічам.
Васкевічу самаму няёмка стала ад удовіных просьбаў, нешта фальшывае, што ніяк не магло стасавацца са смерцю блізкага чалавека, было ў іх. Маці расказвала, гэтага чалавека выпісалі з бальніцы, калі зразумелі, што не вылечаць, і ён больш за два месяцы ляжаў дома, ведаючы, што вось-вось сканае. Васкевічу раптам жыва, ярка ўбачылася: ён, чалавек гэты, стогне, плача, просіцца, капрызнічае, будзіць усіх начамі, жонка вымушана ад яго не адыходзіць, пераапранаць, перасцілаць, выносіць за ім; увесь час з парэзанага, скрамсанага скальпелямі жывата па трубцы ў слоік сочыцца гной, а пахі... Васкевічу ўспомнілася нядаўна прачытаная аповесць «Смерць Івана Ілыча», дзе жонка проста ўзненавідзела мужа за яго хваробу і толькі чакала, каб ён хутчэй памёр.
Васкевічу здавалася, што і гэтая ўдава павінна радавацца цяпер смерці мужа. І яму — ды, відаць, не аднаму яму — чуліся ў гэтым дзіўным галашэнні ноткі радасці, палёгкі, што вось, нарэшце, усё скончылася. Сорамна і цяжка ад гэтага плачу рабілася на душы.
Але вось ён убачыў Ірэну, прыгожую, стройную, рослую, у чорнай празрыстай хустцы, і яму здалося, што і дзяўчына яго ўбачыла, нават кіўнула ледзь заўважна. Ірэна схілілася над бацькам, прысела, — і Васкевічу стук.нула кроў у галаву, усё разам згадалася: ногі яе, цела, пах самагонкі, крэслы ў бібліятэцы... Ён глядзеў і бачыў, што нават цяпер, ля бацькавай труны, яна знарок прысядае сексуальна, як рэкламная дзеўка; на ёй была кароткая сукенка, і калі Ірэна прысядала, адкрыліся да самага канца чорныя калготкі на моцных, чуць разведзеных у бакі нагах... Антон апусціў вочы.