Вёска
Шрифт:
Добра было пад вечар скруціць на пустым агародзе сагнуты да зямлі сланечнік, сесці пад хатаю, на сонейку, па-старэчы ні аб чым не думаць, закідваць у рот адну за адной буйныя семкі, паплёўваць шалупіннем, адломваць ад сланечніка пустыя кавалкі і цаляць імі ў нахабнага пеўня, што стаіць блізка і глядзіць пагардліва павярнуўшы бокам галаву. Можна пакласці колькі семак на гультая-сібірака, які, прыгрэўшыся, спіць побач; тады куры асцярожна склёўваюць іх з ката, а ён нават не варушыцца.
І толькі вечарамі, калі ад белага месяца, ад густа-зорнага неба спускаўся на вёску зябкі восеньскі холад, выпадала раса, якая нібы ўбірала, уцягвала ў сябе дзённы пах гарэлага; вечарамі, начамі моцна, шчымліва-радасна
Такімі вечарамі ў Антона, які выходзіў на шпацыр з канца ў канец пустой цёмнай вёскі, пачыналі мёрзнуць плечы нават пад цёплай курткай. Яму тады здавалася, што ён пастарэў. Ён успамінаў, як яшчэ школьнікамі гулялі такімі ж вось вечарамі, ціскалі дзяўчат на лаўцы, пакурвалі, кралі сланечнікі — і ўспамінаў абыякава, бы штосьці чужое, без зайздрасці, без жадання вярнуць тыя часы, неяк зноў у іх апынуцца. І толькі дзівіўся, як ім тады не было холадна?
У Пульсавай хаце яшчэ гарэла святло. Васкевіч падышоў да плоціка, угледзеўся. Фіранкі былі адкрытыя. Пульс сядзеў на ўслончыку каля грубкі, паклаўшы рукі на калені, і глядзеў перад сабою. Успомнілася, як нядаўна, п’янаваты, Пульс хваліўся яму, як сустракаў Новы год:
«Купіў бутылачку, сеў, ёпа-маць, сеў сам сабе, целявізар уключыў. Дачнікі далі каўбасы, вінегрэту далі ў баначцы... Хлеба ўкупіў... Целявізар пагляджу — раз, вып’ю румачку!»
Антон павярнуўся і пайшоў дамоў. Спаць, спаць...
І вось настаў дзень, якія не забываюцца.
Маці вырывала і складала ў кучкі буракі, Антон абразаў бацвінне і кашамі насіў іх у пограб. Было гадзіны чатыры дня. Вярнуўшыся чарговы раз з пустымі кашамі, Антон кінуў іх ля куч і пайшоў на вуліцу.
Так арыштант, які па сто разоў на дзень чуе на калідоры крокі наглядчыка і пазвоньванне ключоў, беспамылкова ўгадвае, што на гэты раз — крокі па яго, і ключы звоняць — для яго, каб адамкнуць імі праклятыя дзверы з «вочкам» і выпусціць яго на волю. Так матрос на нелюдзімым востраве, прачакаўшы год, ведае, што сёння, вось цяпер падплывае да берага жаданы карабель.
Васкевіч выйшаў на вуліцу і ўбачыў залітую сонцам Надзю-паштальёнку, якая набліжалаея да іхняй хаты. Сонца свяціла за ёю, сляпіла Васкевічу вочы, і ён, як ні прыкладаў да ілба далонь, не мог разгледзець, што ў яе ў руках. Яна параўнялася з ім і моўчкі, не вітаючыся, піхнула яму ў руку два канверты і газету-раёнку. Васкевіч прыкрыў павекі пальцамі, счакаў, пакуль вочы пасля сонца будуць бачыць нармальна, зірнуў і хуценька, крыва разадраў канверт з надрукаваным машынкаю адрасам. Выхапіў маленькі, бы тэлеграма, казённы бланк і ўпіўся ў яго вачыма. Потым глянуў услед Надзі-паштальёнцы, згорбленай, пастарэлай за гэтае лета, — глянуў, і яе чорная траурная хустка здалася яму пераможным сцягам...
Падышла маці, босая, з пустым кашом:
— Што там?
— Вось, — паказаў ёй канверт і бланк Антон і не стрымаўся, радасць перла з яго, пажартаваў: — Назначаюць паслом у Варшаву.
— А гэта напраўленне? — ані не здзівілася маці: відаць, як і для кожнай маткі яе сын быў усё ж разумнейшы, лепшы за ўсіх, і яго ў любы час маглі запатрабаваць куды хочаш і на якую хочаш пасаду.
— Ды я смяюся. З Менску, узнавілі мяне! — і Антон абняў яе.
— А калі ехаць? — зусім будзённа спытала яна. — Што ж ты возьмеш... — пачала ўжо прыкідваць, — вазьмі сала той большы кусок, яец дзесяткі два возьмеш...
Не, так было нецікава. Антон забраў у яе кош, забег на двор, потым убачыў, што нават не глянуў, што за другое пісьмо. Зайшоў за хату, дзе любіў грэцца на сонцы і кідаць у пеўня кавалкамі сланечніка, прысеў. Кот і цяпер ляжаў тут. Перш чым чытаць другое пісьмо, Васкевіч агледзеўся. За поплавам, недалёка, жаўцеў
Другое пісьмо было ад Рамановіча. Сябар пісаў, што ў інстытуце, як і паўсюль у Мінску, пасля жніўня ўсё кіпіць і бурліць, выказваў надзею, што «цябе, магчыма, вось-вось павінны вярнуць у інстытут, і не думай, што я да гэтага не прыклаў рукі. Экзамены здасі экстэрнам, бо, у прынцыпе, прапушчана ўсяго дзве сесіі, але лепш было б, каб ты астаўся яшчэ на год на другім курсе, бо свае людзі цяпер больш чым калі патрэбны на ўсіх курсах і патоках...» «У інстытуце цяпер безуладдзе, — паведамляў Алесь, — старога рэктара турнулі, а новага яшчэ няма. Наш «блюститель нравственности», добрай памяці камуніст-інтэрнацыяналіст рэктар, як аказалася, разам са сваім братцам, саўмінаўскім чыноўнікам, займаліся спекуляцыяй машынамі-іншамаркамі, і цяпер нібыта абодвума займаецца пракуратура. Калі гэтая гадзіна і пазбегне турмы з канфіскацыяй (вядома, пазбегне, адкупіцца), дык за адно тое, што яго ногі не будуць больш шаркаць па інстытуцкім паркеце, трэба выгравіраваць на залатой таблічцы — «21 жніўня 1991года» — і прымацаваць яе над дзвярыма яго былога кабінета, кабінета — зборні стукачоў і пляткарак, кабінета — штаба, дзе распрацоўваліся планы ўдушэння ўсяго жывога, сапраўднага, беларускага, дзе на сталах, як карты баявых дзеянняў, раскладаліся папкі з нашымі біяграфіямі!..
Жартую, вядома, — таблічка залатая, адразу сапруць».
«...Кланяйся сваёй маці, я ўспамінаю яе, і твой аповед пра ўюноў».
ХХVІІ
Яшчэ з раніцы пачалі з маткаю пакаваць сумку, спрачаліся, сварыліся, маці бегла то ў камору і выносіла яшчэ адзін кус сала, то кідалася на агарод, у пограб, і несла качан капусты, пук морквы, закручвала ў газету і піхала ў сумку. Васкевіч моўчкі, але ўпарта выцягваў усё назад. І так, ад аднога адзення сумку так расперла, што не закрывалася.
Пад вечар прыйшоў Пульс, прыкаціў у руках веласіпед. Далі яму паесці, налілі чарку. Антон сядзеў побач і не еў і не піў ні грама. Маці пераапраналася ў большай хаце. Пульс выпіў, Васкевіч наліў яму яшчэ. Выйшла маці, у сіняй ваўнянай кофтачцы, падвязаная новай пуховай хусткаю, у сваіх старэнькіх, але «чыстых» сандалях.
Пульс без тостаў піць не мог:
— Хай у вас, цётка, каб картоплі што б добрэ раслі!..
— Хай каб што б Антон добрэ заехаў, я кажу!..
— Пі ты хутчэй, ды ну цябе ў баню, — сказала маці, увесь час зіркаючы на будзільнік на падаконніку. — Яйцо вунь яшчэ выпі. Кура тая твая нясецца?
— Не нясецца, ёпа-маць, я кажу! Зарэзаць трэба.
— Будзем ісці назад, дык напомні, дам які з дзесятак яец. Хоць яечні паспытаеш. Ты ж мне неяк каліну даваў?
— Добрэ, атлічно, харашо, напомню!
Прыселі перад дарожкай. Выйшлі на двор, маці прымкнула хату, Пульс паклаў на багажнік упоперак шырокую дошку, спрытна ўладкаваў, увязаў сумку і, буркаючы, быццам вёў у руках заведзены матацыкл, пакаціў веласіпёд на вуліцу.
Вёска патанала ў раннім восеньскім прыцемку, але яшчэ жыла. Цётка Маня, пачакаўшы каля калодзежа, знарок перайшла ім дарогу з поўным вядром. Сям-там у дварах корпаліся людзі; пабачыўшы працэсію, голасна жадалі Антону добрай дарогі і глядзелі ўслед. Так мінулі вёску і ўвайшлі ў зусім ужо цёмны лес. Маці ўключыла ліхтарык, з якім хадзіла гэтай жа дарогаю на працу.