Вока тайфуна
Шрифт:
"Чаму ж яго? Чаму менавіта яго? Чаму не кагосьці іншага, з якім яны не асуджаны быць на адным караблі?"
Ён думаў, што каб яна пакахала кагось сталага, мужнага, вопытнага, тады ўсё было б іначай. Ён не мог не думаць, што мінёр на год старэйшы за яе і гэта добра, але ён глушыў гэтую думку.
"Маладзён, шчанюк, салага зялёная. Што ў ім, халера яго забірай, можна было ўбачыць? Фарбамі мажа? Умее мянціць наконт ар-рэола вакол агнёў? Пэцкаль. Прыпёрлі б цябе, як нас у шхерах у сорак трэцім — тросся б, як сабачы хвост, бабзно!"
Ён знаходзіў для яго
"Добра, няхай я малпа на твар. Ты паводзінамі — малпа".
А ў сэрца нібы рыўкамі ўваходзіла тонкая, востая ігла.
Размыты, ці то шэры, ці то сонечны, нерэальны дагараў над морам дзень. Няпэўны, нібы зусім бясшкодны. І, адначасова, сама гэтая няпэўнасць нечым насцерагала, прымушала з трывогаю чакаць чагосьці ўстойлівага, каб ужо добра ці дрэнна, але нешта было.
Мічман меў рацыю ў сваім прадчуванні: вецер падвячоркам рэзка пасвяжэў, а пасля стаў "дужа свежым". Гэта яшчэ не быў шторм, але тое, што адбывалася вакол, было на грані яго. Хвалі кіпелі, віравалі, узблісквалі пад зусім ужо нізкім, трывожным сонцам, усплёсквалі белымі грывамі. Грабяні іхнія, па меры таго як паміралі сонечныя праменні, бы нейкім злым чарадзействам ператвараліся ў цяжкое волава і свінец. Злавесныя валы каціліся з-за далягляду і былі цёмныя і нават на выгляд цяжкія, як базальт.
…Апошні, ледзь не праз ваду ўжо, пробліск сонца быў пранізліва-трагічны і журботны.
Амаль такое ж страшнае сонца мічман бачыў год восем назад, калі ўраганны вецер кінуў іх у самае "вока тайфуна", напаўжывых, закатаваных утрапёным шаленствам стыхіі. Шмат гадзін з верхавіны ў бяздонне між тытанічных валоў. І ведаеш, што гэта вар'яцтва на многія дзесяткі міль вакол цябе, і раптам — роўнядзь вады, а вакол, па коле, бягуць шматтонныя вадзяныя волаты. І скачок у гэтую цішыню, і раптам поўная ціша, і вакол, як сцены, круцяцца непраглядныя смярчы, а над галавой, у маленькім, як пятачок, прасвеце, гнеўнае сонца. Студня, з якой ужо няма выхаду. "Вока тайфуна", сэрца яго. Быццам з дна чорнай прорвы глядзіш, быццам няма табе іншай дарогі, акрамя дарогі да неба.
Мічман здзівіўся, прыдумаўшы такія прыгожыя і хвалюючыя словы, але тут жа зразумеў. што нават калі б здолеў выказаць іх, то нікому не змог бы сказаць, і Жэні Арсенцевай таксама. Здолеў бы, як Каня, можа, усё было б іначай. І несправядлівасць гэтага зноў балюча ўдарыла яго па сэрцы.
"Вока тайфуна". Як яны вырваліся тады з яго — вядома было толькі богу, здзёртым іхнім пазногцям, пабітым на яблык целам, зламаным рэбрам дваіх матросаў і яго, згубленым шлюпкам і якару, памятым бартам карабля.
"Восем год назад, яны тады, адурэлыя і аслепленыя, напаўмёртвыя, напаўзвар'яцелыя, вырваўшыся са страшнага, як смерць, утрапення, не паверылі ласкаваму сонцу, спакою, цішыні. І ён не ведаў, што наперадзе была Жэня. І гэты дзень.
Восем… Тады гэты мандаліннік на ягоную, Дубаўца, пагібель толькі рос недзе. Хадзіў у нейкі там шосты клас. Вучыў у геаграфіях пра тайфуны і ані д'бла не ведаў аб тым, што тады адны толькі рыбалоўныя японскія судны гінулі дзесяткамі, што ў Брыстольскім заліве тайфун, як цацкі, перакуліў нашы сейнеры і ўратаваўся толькі адзін чалавек… Дый яна пра ўсё гэта ведала не лепей за яго.
Тое, што зараз, гэта не тайфун, але на душы горш чым, бадай, падчас тайфуна. Змыла б тады за борт — і ўся табе ютрань. І добра было б. Так і пражыў бы, не ведаючы ўсяго гэтага".
…Хмары ўжо заснавалі ўсё неба і цяжарам сваім як быццам прыціскалі караблі да вады. А вада імчала, уздымалася, абурвалася на іх, гарматна біла ў барты, кідала, раўлівымі плынямі імчала па палубах, абкатвала мосцік, з размазху біла людзей, спрабавала цяжка і ўладна цягнуць іх з сабой, не давала выбіраць апошнія тралы.
Палуба хілілася, нібы хацела дапамагчы вадзе, скінуць ёй людзей проста ў рэдкія белыя зубы.
— Працаўнікі мора, — бурчаў мічман. — Якога яшчэ… Пакутнікі мора, вось гэта будзе вярней.
Старлей Сцівен, трымаючыся за тралбалку сінімі лапішчамі (ён не прызнаваў пальчатак) і ненатуральна шырока расставіўшы ногі, чарціў і чарціў і вецер, і мора, і выбарку трала, і тых, хто выбіраў:
— Што вы чартаўню нейкую робіце. Антонаў, чорт, не бачыш, змывае!!!
Хвалі, перакачваючыся цераз борт, сапраўды змывалі незамацаваныя дэталі, буйкі, канцы.
— Гады! Падлюгі! — грымеў Сцівен. — Засмецілі з гэтай ус… вайной мора, а ты тут ары. Дав-вай, хлопчыкі! Давай наваліся.
Ніхто не звяртаў увагі на чартыханні старлея. Гэта быў неабходны акампанемент да работы, і большасць здзівілася б, каб ён раптам спыніўся.
"Брыда тое, што я падумаў у тое імгненне", — сам сабе сказаў Дубавец.
Ён бачыў, як Каня (цёмная сасулька чуба падала з-пад мокрай шапкі на яго барвяны ад напругі лоб), увесь заглыбіўшыся ў тое, што рабіў, адным ударам кувалды выбіваў кліны разакоў так, што яны ляцелі на шкафут. Бездапаможна павіснуўшы на тралчастцы ("карова на плоце" — дасціпнічаў Сцівен), разак, перавярнуўшыся, сасклізваў па ёй. Яго хапалі рукі другога мінёра і кідалі са звонам у скрынку. За разакамі, здзёртыя на хаду, ляцелі буйкі. І ўсё гэта было як жудасная, адчайдушна-вясёлая, да надрыву пякельна цяжкая пад гэтымі валамі гульня. Слізгаючы па палубе, учапіўшыся ў вялікія буі і ланцугі, матросы цягнулі іх ад кармы, як чарада мурашак.
— Сідарэнка, ты што гэта мору кланяешся?!
— Гэта ён думае, што на катку.
— Куды цягнеш? У ёлупа й вочы не туды глядзяць.
— Сука ты, а не матрос.
— Моркву носам не капай, хлопцы!
Раздзёртыя ветрам галасы, потныя і мокрыя твары, надрыўны, гудлівы, як ліра, спеў лябёдкі, гмахі свінцова-цяжкай вады, ляск ланцугоў, што выцягвалі з клюза.
І мора нічога не магло зрабіць з імі.
Каня наводмаш біў кувадлай, крычаў нешта, выскаляючыся.
"Зубы прадае, — думаў Дубавец. — Цацкі яму. Не трэба, вядома, каб нешта з ім здарылася. Але хай бы ён пры ёй рэкнуў або зрабіў нешта такое, каб на дзверы паказала, каб ужо аніяк не выправіць".