Чтение онлайн

на главную

Жанры

Вячэрнія ветразі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Лясная казка

Стажар серабрысты пажар. На дрэвах бароды імхоў. Пaра з начных імшар Пужае цыбатых ласёў. Бягуць па балоце яны. Над імі праз шэры туман Ззяе, як вока вайны, Чырвоны Альдэбаран. Слепне стомлены зрок, Сцежка спускаецца ў лог, Вожык, як шэры клубок, Скруціўся ля самых ног. – Клубочак, вядзі, вядзі. – Гаспадар, дарогі няма. Трэба на сцежках блудзіць І не зважаць на туман. Яліна над сцежкай маёй - Не яліна, а баба-яга. Сава ў глушыні лясной Прарочыць: "Куга! Куга!" – Алёначка! Ого-го! Спаткай, за руку бяры. Выведзі Яна свайго Да цёплай хаты ў бары. Хоча ён бачыць агні, Карагоды між светлых лугоў, Хоча святла, цеплыні, Хоча казання твайго. Лаўжы і карчоў крыжы. Туман, як прывід, як дым. Хтосьці па сцежцы бяжыць, Сава лунае над ім. Вочы гараць нада мной, Не сава, а дзіва-змяя. – Бацюхны! Хто гэта? Вой! – Алёначка, гэта я. – Пойдзем хутчэй. Туман. Хату яшчэ прамінеш. Як ты даведаўся, Ян, Што завуць Алёнай мяне, Што аб'ездчыку я дачка, Што жыву між гэтых палян, Што добра мне тут чакаць, Калі прыйдзе прыгожы Ян? – Любая, я ж чараўнік, Знаўца зямлі і вады. Мне і куніца, і дзік Адкрылі свае сляды. Ў дрымотнай глушы лясной Не ведаў я аднаго: Сцежкі да хаты тваёй, Сцежкі да сэрца твайго. Дай мне тваю далонь. Не трэба стаяць,
пайшлі.
Вядзі на мірны агонь У змрочных лапах ялін. 

Развiтальная песня

Ці-і-іпак, Ці-і-іпак. Сумна. Не хочацца ў шлях далёкі. Шпак на галіне бярозы высокай, Чорны шпак, Трапёткі шпак. Чысты абшар халодных нябёс, Белыя травы засумавалі, Белыя травы на сонцы адталі, Плачуць ружовымі нізкамі слёз. Ці-і-іпак, Ці-і-іпак. Шпак не трапеча, ён не ўзвіваецца, Шчасцем жыццёвым не захлынаецца, Сёння з радзімаю ён развітаецца. Сумна, Працяжна спявае шпак. Песня шпака халадком цячэ, Доўгі, празрысты свіст на світанні... Час адлятаць ад радзімы туманнай, Светлай для кожных птушыных вачэй. Ў сэрцы птушыным яна жыве З дымнаю сушняй, з садамі расянымі... Вецер над чорным, чужым акіянам Перыйкі, Перыйкі, Перыйкі рве.

Балада пра галубiныя пер'i

На ўскраіне ціхай дзяўчынка жыла, І было ёй шаснаццаць год. Як заўсёды, тачылася з вішняў смала, Як заўжды, палымнеў усход. І ў дзяўчыны хлопец харошы быў. Стаяла вясна на двары. Над каханымі лёталі галубы І скінулі два пяры. І хлопец дзяўчыне аддаў адно, І яго абняла яна, І вечар быў, і спусцілася ноч, А ўранцы прыйшла вайна. Бомба разбіла іх цёплы дом. Абое на фронт пайшлі. Хлопцы танкі сустрэлі ружэйным агнём І забітымі ў полі ляглі. Смерць у ясных вачах закруціла свет, Прабіла кішэнь свінцом, Прабіла шэры пацёрты білет І перыйка з шызым пушком. Засталася дзяўчатам кроў на бінтах, Разбіты бомбай шпіталь, Сцяжок у руках, сняжок на вачах, Па забітых дарэмны жаль. І дзяўчыну таксама не мінуў свінец. Гарэлі пясок і трава. Над грудзьмі белай зоркай застаўся рубец, Дзе асколак пацалаваў. Жорсткі вецер вайны падхапіў пяро І панёс над абшарам снягоў: Пэўна, недзе ў капцёрцы, змываючы кроў, Пусцілі на вецер яго. Разам з перыйкам гэтым, што без надзей Ляцела ў бясконцы шлях, - Як бязважкі пух, існаванні людзей Круціліся ў дымных смярчах... На месцы акопаў сталі сады, На месцы магіл - рунь, Але разам з пяром адляцелі кудысь Каханне і светлая юнь. Засталіся фарбы фрэсак старых, Храмы над люстрай вод, І жанчына кнігі пісала пра іх, Каб любіў іх родны народ. І аднойчы ў руінах стаялі яны Разам з сябрам майскай парой, І да іхніх ног з высокай сцяны Галубінае ўпала пяро. Пад мядовым ветрам звінела трава, І жанчына ў дзіўнай журбе Зразумела, што простае: "Гэта вам" Азначае: "Памру за цябе. Асушу пацалункамі вочы твае, Дзіўнай песняй людзей здзіўлю..." . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Малады, ён паходзіў на друга яе, Што без помніка лёг у зямлю. Глянула ў вочы яго, і ёй Патрызніўся рык гармат. І той, хто забраны навекі вайной, Ніколі не прыйдзе назад. "Маладосць твая чыстая, як сляза, Гарачэй, чым раны ў баю. Любы мой, ну чым мне табе адказаць На пяшчотную сілу тваю, На настойлівасць мяккую сціплых рук, Што туманіць мне галаву?.. Сціснуць перыйка ў пальцах, пазбыцца мук Або ўпусціць на траву? Мне цяжка кінуць жорсткі адказ. Забіць - і пакутваць пасля, Я хачу апошні, апошні раз Адчуць, як квітнее зямля. І балюча жыццё тваё завязаць, Бо між намі годы і кроў. Што сказаць табе? Што сказаць? Што сказаць?" . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Рука трымае пяро. 

"За старым, закінутым млынам..."

За старым, закінутым млынам, Дзе зарослы заліў ракі, Скачуць жоравы на лугавіне - Танканогія шляхцюкі. У цыбатых усё ў парадку: Ежа ёсць, прайшлі халады, Ім асіна пляскае ў ладкі На касе ля балотнай вады. Толькі я перапоўнены сумам. Зросся я з гэтай весняй зямлёй Не птушыным сэрцам бяздумным, А трывожнай людской душой. Мне лягчэй бы стала, напэўна, Каб забыла мінулае ты, Каб страла мая ўпала гнеўная І ўваткнулася перад царэўнай У гарлачыка ліст залаты. Ты прыходзь, далёкая, любая, Ты развей усмешкай тугу. Пакладзі мне далонь на губы. Не магу без цябе. Не магу.

"Месяц заснуў на комiне хаты..."

Месяц заснуў на коміне хаты, Кінуў адбіткі на люстра вады. Дрэвы густыя ў бліскучых латах, Як вартавыя, вартуюць сады. Ў цьмянае поле гляджу з-пад далоні, Полымя бухае, нібы ў трубу. Коні начлегу, ружовыя коні Месяца іскры з травою скубуць. Добра усім. А мая беласнежка Полем не пройдзе каля лазняка, Не прабяжыць гэтай цёплаю сцежкай, Бульбіну не пакачае ў руках. Позіркам ясным мяне не адорыць, Поруч з агнём не ляжа ў мурог І не папросіць, каб сеў я поруч І ад бяды невядомай бярог. І не прыкрыюць вачэй яе сонных Цёплыя пальцы маёй рукі... Вельмі далёкія перагоны. Вельмі марудныя цягнікі. 

"Пералескi. Бярозы вiсяць над старыцамi..."

Пералескі. Бярозы вісяць над старыцамі. Над ярамі, над парнай ракою імгла. Чырвань вечара на самотных званіцах, На каменнях бялеючых мякка лягла. Спачывае зямля пад гусцеючым ценем, Мірна нюхае горкі пах травяны, Як аратай, што звесіў рукі з каленяў І бяздумна сядзіць ў канцы баразны. 

"Цягнiкi заспявалi, заплакалi..."

Цягнікі заспявалі, заплакалі, Дым змяшалі з парай лагчын, Па мастах над вадою адтакалі, Іскры кінулі ў зорную сінь. Дні нядаўнія, ясныя, любыя, Гарадоў старажытных спакой, Кураслеп на лугах Багалюбава, Белы храм над Нерлю-ракой. Ці здалося мне, ці прыснілася, Што ў вясеннія гэтыя дні На вачах тваіх, шэрых, мілых, Больш было да мяне цеплыні. Адшумела дзікімі злакамі, Абляцела пялёсткамі "сна", Адцвіла бярвянымі макамі На паўночных лугах вясна. Дзе ты зараз, добрая, цёплая, Як прамень святла на траве? ...Над духмянымі ў полі каноплямі Цень ад хмары самотнай плыве. Ледзь паспеўшы сустрэцца і зведацца, Лапай вочы прыкрыўшы ў журбе, Пад алмазнай Вялікай Мядзведзіцай Спіць туга мая па табе.

Засуш

Пілавінне цягаў на гару, каб не мерзнуць зімою. Слова мерзнуць прыдумаў, здаецца мне, нейкі вар'ят. Трыццаць градусаў спёкі. Пад сіняй шкляною смугою Задыхаецца ў сонцы бляшанымі лісцямі сад. Сорак дзён абыходзяць дажджы паплавы і палеткі, Сорак дзён, не змаўкаючы, ворат ля студні рыпіць, Травы пудрацца пылам, і нікнуць бязвольныя кветкі, Лісце дзюбу раскрыла, як галка, жадаючы піць. Выльеш цэбар вады уначы пад каравую грушу - З прагным шоргатам п'е, знемагаючы ў смазе, зямля. Толькі жоўты баркун, улюбёнец спякоты і сушы, Сотняй дзід залатых пагражае маўклівым палям. Я паіў свой гарод, я паіў свае кветкі і дрэвы, Але як напаіць мне мільярды аўсоў і пшаніц, Што дрыжаць перад вокам чырвоным калматага гневу І аб літасці просяць, галовы схіляючы ніц? І заходзіцца сэрца сялянскім разважлівым жалем. Шкода рарастваў гэтых, што глебу прабілі для мук, Шкода баб, што вясною на печцы халоднай стагналі Ад нясцерпнага болю у трэшчынах высахлых рук. І балбоча стары, што жыве па суседстве са мною, Як калісьці малебны служылі, ішлі на мяжу, А вачам уяўляецца жыта сухою сцяною, І адчай у вачах, і надрыўныя крыкі: "Дажджу!!!" І дзядоўнік на рызе папоўскай, ніжэй паясніцы... Каб вы здохлі, старыя гады і старыя часы! Пуста ў небе, дзяды, і дарэмна ішлі вы маліцца, Каб вярнулася вільгаць у ломкія каласы. Што рабіць, калі зроблена ўсё, што
ў руках чалавечых,
А на нівы дагэтуль ад хмары не падае цень, І нясе толькі пару з ракі надыходзячы вецер, І лягчэйшым надыдзе у рукі людзей працадзень.
Я іду на раку пасля працы упартай, стараннай. Эскаватар, капаўшы канаву, замоўкнуў без сіл. Паміж пальцамі ног б'е дзесятак маленькіх фантанаў. Б'е і зноў асядае гарачы і мякенькі пыл. Нават камні з ракі павысоўвалі чорныя спіны І стаяць у тузе, бы няшчасных кароў чарада. І на іхніх баках, як на скуры гарачай дэльфіна, Высыхае ў імгненне ад ног маіх мокрых вада. Я плыву праз Дняпро, і слабенькая сіняя слаўка Нада мною пілікае, яўна зайздросцячы мне, І выходжу на бераг, апрануты ў алыя плаўкі І ў бліскучую скуру на бронзавай мокрай спіне. Бераг стромавысокі. Унізе рыбак, як мурашка, І альшэўнік, што ледзьве дзярэцца на страшны адхон, А вокол разнатраўе рамонак, дзятліны і звяшкі, А над гэтым - спякота, і коршак трапёткі, і сон. Што рабіць мне з палямі, што цягнуць калючыя рукі У адзіным імкненні дасхочу напіцца і жыць? Што рабіць з маім сэрцам, што плача спагадай і мукай, У якім, як на полі, чырвоная засуш стаіць? Успамін. Успамін. Дні пяшчотнай вясны ўспамінаю, На бязмежных лугах кураслепаў халодны пажар, Жыватворнае мяккае сонца раскошнага мая, І дажджы залатыя, што шчодра бруіліся з хмар На зямлю тваю чыстую, на зямлю залатую, На паляны лясныя, на іх небагаты убор, На забытыя белыя храмы,  што восем стагоддзяў сумуюць У лугах залацістых і ў лесе над плёсам азёр. Вочы, вочы каханыя, шэрыя, мяккія зоры, Вы маглі пагражаць, вы смяяцца і лашчыць маглі. Памятаеш, стаялі ўдваіх мы на белых узнесеных хорах Самай лепшай царквы, што самотна стаіць на Нерлі. Б'е святло невядома адкуль на халодныя сцены, На ільвоў, што таемна да нас прамаўляюць у сне, Быццам тысячы тысяч забытых людскіх пакаленняў Ўсе жылі для таго, каб цябе нарадзіць і мяне. А ў адверстыя дзверы ляпечуць лугі пад вятрыскам, І няма ім канца, і на іх зелянеюць дубы, І ля рук маіх цвёрдых так блізка, так блізка, так блізка Легкакрылыя бровы і вочы, якіх не забыць. Што рабіць, калі сэрца дурное цябе ўспамінае І ляціць да цябе праз ляснога пажарышча дым? Я ж не ведаю нават, кахаеш або не кахаеш, Помніш часам мяне ці адразу забыла зусім. Але жыць не магу без цябе, як засмяглыя травы, Па якіх сухавеі начамі і днямі ідуць, Як палі без дажджу, як карэнні без злівы ласкавай, Як нябёсы без яснай вясёлкі, што цягне ваду. І трывогай бязмежнаю поўняцца сэрца і грудзі. Я зрываю рамонак, што вырас з ускраю раллі, І гадаю з трывогаю: будзе кахаць ці не будзе? Прыйдзе дождж ці не прыйдзе на сэрца і ў нашы палі? Будзе! Будзе! Грудзям не стае на хвіліну паветра. І, узняўшы павекі ў абшары, што вочы сляпяць, Адчуваю ўсім целам парыў нечаканага ветру, Заўважаю, што ў далях трывожныя хмары кіпяць. Б'е далёкі пярун, бы ў клубах наплываючых, чорных. З гарлавою пяшчотай бурчыць добразычлівы звер. Хутка, хутка па лісцях заскачуць халодныя зоры. Не праходзь стараною. Я веру! Я веру цяпер! О каханая, ты, што вясеннія дорыш світанні, Ты - пачатак жыцця, што ніколі не будзе канцом, Не забі мяне градам, дай вільгаць, жыццё і каханне, Дай мне славіць цябе пад сярэбраным цёплым дажджом. Дай сустрэць цябе ротам раскрытым, грудзьмі і рукамі, Дай мне вечнае шчасце: над вымытай злівай травой Зліцца ў крыку любові з пакутнымі тымі палямі, Што чакаюць цябе, што загінуць без ласкі тваёй. 

Буслы вучаць дзяцей

Буслы вучаць дзяцей. Цішыня над ракою. На абрывах у прысмерку дрэмле падбел. За ракой у густым лугавым спакоі Пастуховай пугі ляскае стрэл. Буслы вучаць дзяцей. Над стромай страшэннай Шапку з чорнага голля надзела сасна. А пад імі прасёлачак пахне сенам. А пад імі - Дняпро і лугоў жаўцізна. Скора вечар. Хваля пясок цалуе, Ціха цені ў прыдонных лозах пляце. Дзядзька спіць у чаўне. Я нячутна вяслую Паўз жанчын, што купаюць на плёсе дзяцей, Колькі іх. Напэўна, цэлы дзесятак, Смех на беразе. Мяккае рэха ў лазе: "Хтось ляжыць у чаўне... Паглядзіце, дзяўчаты. Бач, тужлівы які... Тапельца вязе". І адна з кабет, зубастая, смелая, Пэўна, маці дзяўчатак, крычыць у спіну: "Вось каб раптам устаў бы гэты тапелац І ўхапіў сабе... ну хоць бы адну". Я махаю рукой і торкаю ў човен, Каб прыгожая самая села ў карме. О, якія ляцяць наўздагон мне словы, О, які там віск, і кпіны, і смех! А "тапелец" раптам, задзёршы ногі, Паімкнуўся ўстаць без падпоры рукой... Сонца, сонца вячэрняе. Пырскі. Рогат... А буслы вяслуюць над ціхай ракой. Добра жыць на сасне над шэрымі хатамі, Дзе запаляцца скора ў вокнах агні На абрывах высокіх пад ціхімі шатамі Ў вёсцы з назваю звонкаю Кісцяні. Бусляняты нагамі над хвоямі месяць, Іх вячэрні палёт хавае імгла. На вялізным, на нізкім аранжавым месяцы Цень вялізны белага з чорным крыла. У паветры звонкім старыя лунаюць. Бездакорна старых пераймае дзятва... Крыллем лопаюць, на верхавіны сядаюць, І паветра са свістам б'ецца мне ў твар. Буслы вучаць дзяцей. Ім трэба спяшацца. З кожным днём сінява гусцее ў вадзе. Першы жоўты ліст на галінах акацыі Папярэджвае ліпень, што восень ідзе. І стагі за ракою сумуюць па хатах, Па адрынах, дзе плача смалою сцяна. Нават вечарам лётаюць бусляняты І мяне запрашаюць высока лунаць: "Мы лунаем, а ты паўзеш, як мурашка. Ў захапленні ўзлятаем, а ты стаіш. Бачыш, мы навучыліся. Гэта няцяжка. Ты такі вялікі. Ты лепш паляціш. Паляцім мы з табою пад неба зорнае, Адаб'ёмся ў базальтавай хмурай вадзе, Паляцім мы ў Афрыку, ў Афрыку чорную, Ў лес трапічны, дзе мнгва раздзірае людзей. Мнгва - вялізная кошка, магутная, смелая, Больш ільва, са шкураю шэрай, як дым. Мнгву ніколі ў жыцці не бачылі белыя, А пабачыўшы... не расказалі другім. Там, у Афрыцы чорнай, пад небам сінім, Над прытокам Конга ў густых сітнягах, Правадыр негрыцянскі кажа дзяўчыне З чорнай скурай бліскучай на цвёрдых грудзях: "Чуеш, бой барабанаў спужаў антылопу. З паляўнічай сцежкі паўзе змяя. Калі мнгва мяне ў нетрах дагоніць і схопіць, - Палявання героем загіну я. Калі ж схопіць чужынец мяне і замучыць, - Я памру не героем - рабом памру. Чараду забяруць з крааляў калючых, І цябе з сабою яны забяруць. Я прайду праз лясы, дрыгву і завалы, Я забуду твой цёплы смяшлівы рот, Я на мнгве паспрабую дзіды трываласць: Ці праб'е яна ворагу прагны жывот". Буслы, буслы, ляціце дарогай прамою На зарослыя пальмамі берагі, Раскажыце, што над вялікай ракою Ёсць народ, што ніколі не крыўдзіў другіх, Што бязмерным гонарам я ганаруся, І мацнее штодзённа мая любоў, Бо скупая зямля маёй Беларусі Не раджала рабоў і не мела рабоў. Буслы вучаць дзяцей. У лясным ветрабоі, Ў цёмных пушчах буслам зайздросцяць звяры... Крылы моцныя гучна вяслуюць над хвоямі, Хвост пушысты, як веерам, ногі накрыў. І адклаўшы вясло, я слухаю сказы, І па плыні спакойнай, па глыбіні Адплываю кудысьці з захадам разам, І згасаю на сумным тваім агні. Ціхі гоман радзімы з абрываў чую, Ціхі голас каханай, як песня, цячэ... Ну куды, куды ад цябе палячу я, Ад пяшчоты, ад шэрых глыбокіх вачэй? Буслы, буслы. Зіма вас зробіць ізгоямі. Не лікуйце, што прыйдзе гэта пара. О дурненькія дзеці, з якою тугою Вы прыпомніце захад і плёсы Дняпра! Бузіну і яблынь цяжарных падпоры, І стакроткі ў мокрай цяністай траве. Не ад стомы буслы гінуць над морам: Настальгія ім сэрца няшчаснае рве. О, туга па радзіме. Хутчэе. Хутчэе. Сэрца поўніць узлёт нечуваных мар. Гэта ты, маё шчасце, за морам сінееш? Сэрца! Шчасце! Любоў мая!.. Цемра... Удар... Перамогшы ў палёце прастор акіяна, Паміраюць яны ў абдымках вод, Як памёр Рафаэль у абдымках каханай, Што кахаў безнадзейна дванаццаць год. Я прыкметы твае павек не забуду: Душагубка, што грэе на сонцы бакі. Дзед сівенькі ў лазе, трапёткія вуды І барвянец імклівы на плыні ракі. Буслы, буслы, бярыце яе з сабою. Усё запомніце: шоргат рачной асакі, Сон пяску пад пяшчотай рачнога прыбою, Соль ліловую сохнучай рыбнай лускі. Часта радуеш сэрца ты, часта ты мучыш, Я павек не забуду твае палі. І каб стала ты полымем буйнаравучым, Я саломаю стаў бы. Вазьмі. Спалі. 

Дзiва на Нерлi

Н. М. Молевай

Белая песня ў лугах залацістых, Кліч адзвінеўшых стагоддзяў зямлі, Кволая-кволая, чыстая-чыстая, Быццам дзяўчына, царква на Нерлі1. Кроў і забойствы ў агні і дыме, Подласць і жорсткасць у лютым баю, - Нават яны праходзілі міма, Пашкадаваўшы нявіннасць тваю. Ўсім, хто навек адыходзіў к ценям, Снілася ты на райскіх лугах З яснай журбою па убіенным, З ценем усмешкі ў мокрых вачах. Любы твой брат загінуў на ловах. Вочы твае для нас збераглі Літасць, і слёзы, і цёплыя словы, Што не заб'еш на грэшнай зямлі. З дальніх стагоддзяў праз цёплыя губы Чую прызыўны твой галасок: "Братка мой мілы, братка мой любы, Выйдзь да мяне на круты беражок". 
Поделиться:
Популярные книги

Вечный. Книга V

Рокотов Алексей
5. Вечный
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Вечный. Книга V

Чехов. Книга 3

Гоблин (MeXXanik)
3. Адвокат Чехов
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Чехов. Книга 3

Последний попаданец 9

Зубов Константин
9. Последний попаданец
Фантастика:
юмористическая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Последний попаданец 9

Серые сутки

Сай Ярослав
4. Медорфенов
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Серые сутки

Ты нас предал

Безрукова Елена
1. Измены. Кантемировы
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Ты нас предал

Кодекс Охотника. Книга XXIII

Винокуров Юрий
23. Кодекс Охотника
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XXIII

На границе империй. Том 7. Часть 4

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 7. Часть 4

Нефилим

Демиров Леонид
4. Мания крафта
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
рпг
7.64
рейтинг книги
Нефилим

Провинциал. Книга 1

Лопарев Игорь Викторович
1. Провинциал
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Провинциал. Книга 1

Восход. Солнцев. Книга IV

Скабер Артемий
4. Голос Бога
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Восход. Солнцев. Книга IV

Солдат Империи

Земляной Андрей Борисович
1. Страж
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.67
рейтинг книги
Солдат Империи

Дурашка в столичной академии

Свободина Виктория
Фантастика:
фэнтези
7.80
рейтинг книги
Дурашка в столичной академии

Сиротка

Первухин Андрей Евгеньевич
1. Сиротка
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Сиротка

Сумеречный стрелок 7

Карелин Сергей Витальевич
7. Сумеречный стрелок
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный стрелок 7