Выбраныя творы
Шрифт:
Мама расказвала і пра яго «распусту».
У наваколлі нашым былі тады маёнткі ды маёнтачкі. У адным з большых, што называўся Ўцехай, у пана Анцуты быў аканомам беларус Дзядзюшка. Ездзіў на пары, у брычцы, і для вёскі быў панам. І вось аднойчы з чародкі малых, калі гэты пан ехаў ступою, наш Сусанін гукнуў на яго: «Дзядзюшка-пярдзюшка!..» А сам наўцёкі. Пан аканом не паленаваўся спыніцца, спытаўся ў дзяцей, чый гэта хлопец, зайшоў у наш двор, балазе недалёка, і паскардзіўся гаспадыні, нават і пакрычаў. Маці знайшла распусніка і, хоць пан ужо і пайшоў, дала дурноце махроў. Яна не толькі
Яшчэ пра сябе, гледзячы на другіх.
Думаю вось, якія ў нашага бацькі былі пачуцці да Валодзі, першага сына, і якія да мяне, апошняга? Пасля дзвюх дачок, калі адной было пяць, а другой тры, — нарэшце першы сын!.. А я нарадзіўся, калі яму было сорак сем. Пра гады, якія мне вельмі мала помняцца, пазней, калі ўжо бацькі даўно не было, мама неяк успамінала: «З каленяў не спускаў, па галоўцы ўсё гладзіў». І першы здымак такі, трошкі на трэцім годзе — на бацькавых каленях.
У «Птушках і гнёздах» раздзел «Падарожжа ў найлепшае» і тая асаблівая сцэна ў ім, дзе смяротна хворы бацька, калі мы былі адны ў хаце, прасіў мяне маліцца за яго, бо «молитва ребенка услышится», напісана з памяці, без выдумкі.
Я не мудрую з кампазіцыяй і тут — гэта проста частка ўспамінаў з тых леташніх сакавіцка-красавіцкіх дзён, калі — ад званка да наведання Быкаўні, да спаткання з Валодзевай справай — нямала думалася пра адно. І запісы рабіліся.
Я, вядома, хацеў ехаць у Кіеў адразу, аднак абодва карэспандэнты «Литературной газеты», якія былі мне там неабходныя для пачатку, службова выязджалі на даўжэйшы час. Пасля надарылася зручная прычына пабываць і ў Адэсе, і ў Кіеве, а можа, думалася, і ў Белай Царкве, — мяне запрасілі на Шаўчэнкаўскае святочнае падарожжа ў палавіне мая па Дняпры, ад самага Чорнага мора.
Мая Адэса
Трэба вярнуцца ў жнівень сорак дзевятага. Тады мне было трыццаць два, жонцы дваццаць восем, а нашай Галі, старэйшай, няпоўныя чатыры. Да гэтага часу малая паспела шмат адпакутаваць. Блізу год ляжала ў пасцелі, ад каленяў да грудзей закаваная ў гіпсавую шкарлупу, поўзала ў ёй, як чарапаха, па падлозе, да болю жаласліва прасілася «на ручкі», а потым, вызваленая з гіпсу, зноў пачала вучыцца хадзіць. Пажылы, культурна дасціпны прафесар, які і наша дзіця выратаваў ад калецтва, павіншаваў мяне з перамогай і загадаў:
— У Крым, таварыш дарагі, у Крым!..
Жнівень, амаль да канца праведзены намі ў краі шчодрага сонца і цёплай вады, якая дзень-ноч набягала то меншымі, то большымі хвалямі на чысценькі мяккі пясок, прайшоў надзвычай хутка. Ды ўсё ж дзяўчынка наша паспела добра загарэць, пасмялець у хадзе і «аддаць рыбкам» ледзь не ўвесь запас сваіх трусікаў, якія ласкавае мора ахвотна брала з яе вясёлых рук.
І вось мы вяртаемся. Ужо не едзем у вагоне, як сюды, а плывём. На палубе цеплахода — маленькая малпа Яшка, якою ўвесь дзень заняты многія пасажыры, асабліва такія, як наша. Яна — пад пільным, шчаслівым наглядам мамы. А мне прыемна стаяць бліжэй да самага носа нашага судна, паміж спакойным морам і ясным небам Поўдня…
Цеплаход ідзе з Феадосіі ў Адэсу, у мой сямейна легендарны горад. Мы начавалі ў ялцінскім порце, потым на рэйдзе перад Еўпаторыяй, і вось набліжаемся да канца цудоўнага марскога падарожжа, першага ў маім жыцці.
«Дэльфіны любяць музыку». Пра гэта і чыталася, і чулася. А тады, у сорак дзевятым, іх было вельмі многа.
Пазней я бываў на Чорным моры або каля яго даволі часта, і з захаду і з усходу, перасёк з поўдня на поўнач, і ніколі не бачыў столькі дэльфінаў за адзін раз. На шляху Стамбул — Адэса мы двойчы спыняліся на ноч, у Варне і ў Канстанцы, — з асцярожнасці, бо і тады яшчэ, увосень пяцьдзесят шостага, лепш было пабаяцца не дазвання вылаўленых мін. Не памятаю, ці падумаў я тады, як думаецца цяпер, калі пішу гэта: як жа іх абыходзілі разумныя, гуллівыя прыгажуны яшчэ на сем гадоў бліжэй да другой сусветнай?
Святочна помніцца мне той першы падыход да адэскага порта. Уваход у пачатак жыцця, у першую, гарадскую палавіну маленства. На раскошна пагодлівым захадзе сонца, пад прывольна-пяшчотную мелодыю і словы новай тады песні «В тумане скрылась милая Одесса» дэльфіны суправаджалі наш разрумянены сонечным развітаннем цеплаход нібы ганаровы эскорт. Вынырвалі, ныралі, зноў вынырвалі, як вывінчваліся з чысценькага прадоння ў высока іскрыстых усплёсках, і толькі што не перагукваліся радасна з усіх бакоў, паміж сабой і з людзьмі, што ўсе былі на палубах, што ўсе заслуханыя ў музыку, як і яны…
Сустрэчы, а лепш сказаць — знаёмствы з роднымі мы, позна ўладкаваўшыся ў гасцініцы, пачалі назаўтра зранку. І з самага галоўнага — з дзядзькі Паўла.
У нашага бацькі родных братоў не было, у дзядзькі таксама, і яны, дваюрадныя, дружылі лепш за іншых родных. Дома мы дзядзьку не засталі. Людзі, што жылі пры ім, у другім пакойчыку двухпакаёвай кватэры, на здзіўленне нам сказалі, што ён — семдзесят восем гадоў! — на рабоце… То за ручку з Галяй, то на руках з нашай курортніцай мы падаліся на вакзал, балазе туды з Вазнясенскага завулка, з маленства памятнага па назве, недалёка.
Шматпакутны ён быў чалавек, дзядзька Павел. Старэйшага сына, у грамадзянскую чырвонаармейца, белыя захапілі ў палон і замучылі. Таксама з маленства памятаю тое жахлівае, што чуў — пра пяцікутныя зоркі, павыразаныя на жывым чалавеку. Адзіная дачка памерла ад сухотаў, пакінуўшы бацькам малога сына. Ён памёр, калі ўжо нас у Адэсе не было, на тое самае, што і маці. Цётка Марта памерла ў акупацыю. Малодшы сын, ніколі мною не бачаны траюрадны брат, інжынер «по мукомольному делу», жыў далёка, у Данбасе. Забраў быў бацьку, калі той зусім састарэў, але ён там не прыжыўся: «Разведзены жаніўся з разведзенай, з дзецьмі ад першага мужа, — ну што яны мне за родзічы?..» Так ён пісаў у Загора Віліце.
Мы знайшлі яго на пероне. Сівы дзядок у форменнай шапцы і тужурцы, — не ў такім, праўда, шыку, як на даўнейшых здымках з нашым бацькам, — сядзеў на табурэтцы каля брамкі, правяраючы перонныя білеты. Калі мы ўтраіх спыніліся каля яго, адбыўся такі дыялог:
— Добрый день! Вы Павел Осипович Брыль?
— Да, я. А вы кто будете?
— Узнавайте.
Ён паглядзеў на мяне больш уважліва і абыякава крутнуў галавой:
— Не знаю вас.
— Я — Ваня, сын Антона Даниловича.