Заўтрашнi дзень
Шрифт:
Кузьма Чорны
Заўтрашнi дзень
Тым летам мурашнiк перавысiў першы сук старой ялiны. Цяпер ён даходзiў да другога сука. I раптам асыпаўся, аб'ехаў, растрывожаныя мурашкi бегалi ў траве. Нехта хадзiў тут, хто не ведаў ходаў i сцежак, убiўся ў мурашнiк, набраўся голак з мурашкамi, выйшаў з узлесся ў поле i сыпаў з сябе яловымi голкамi па цалiне аж да арабiны з ададранай галiнаю. Пад арабiнай былi цэлыя камякi з мурашнiку, i вялыя з холаду мурашкi поўзалi па каструбаватай кары старой арабiны i на зямлi пад ёю. Самi яны не маглi сюды дайсцi так далёка ад лесу, у поле. Той невядомы нешта тут рабiў каля дрэва, гэта няйначай было так. Напэўна, ён i цяпер недзе тут паблiзу, ён не паспеў яшчэ далёка куды адысцiся, у мурашнiку ён нядаўна коўзаўся, сляды свежыя, i дажджы з ветрам не паспелi яшчэ ўпляскаць у зямлю пад арабiнай i на сцежцы яловых голак. I нiхто нiдзе не заўважыў, каб якi-небудзь бадзяга iшоў дзе або круцiўся полем цi лесам, шукаючы дарогi. Праўда, гэта мог быць спрактыкаваны хiтрун i прайдзiсвет, якi цiхом высачыў, што яму трэба было, i знiк сабе так, што цяпер шукай яго разам з ветрам у полi. Можа i так. Але гэта была б вялiкая ганьба таму, хто недапiльнаваў яго. I першы, каму за гэта была б, цi можа ўжо i ёсць, ганьба, гэта Коля Сушчэвiч. Ён быў цяпер вельмi ўзбуджаны i ўражаны, гэты Коля. I з дзвюх прычын. Першае - гэта тое, што сама
– Шукай бацьку. А я вярнуся.
А бачыў ён яе апошнi раз, калi на тым жа пляцы, дзе i iхнi дом быў, мацi стаяла высока, так што вiдна была адусюль з плошчы, i вочы яе не мелi спакою i шукалi ўсё навокал. Дзiцячым сваiм сэрцам ён здагадаўся, што гэта яна яго шукае ў апошнюю сваю хвiлiну. У яго, аднак жа, хапiла розуму, каб не паказацца ёй i не даць ёй новай атруты смутку бачыць яго i ведаць сваю адарванасць ад яго навек. Ён прысеў на зямлю, i сэрца яго схаладала. Ён запомнiў гэты апошнi момант: вецер трапаў распушчаныя матчыны паласы. Калi ён падняўся з зямлi i зiрнуў, усё было скончана. Мацi вiсела на тых лесках, па якiх раней фiзкультурнiкi рабiлi свае практыкаваннi. Некаторыя заўважылi: тады ж адразу, у момант вока, у Колi Сушчэвiча ўздрыганулася i пачала iснаваць над левым вокам дугаватая маршчына, i здавалася, што яна не на дзiцячым, а на старым iлбе. Так яна i асталася. Вайна цяглася, час iшоў, i маршчына не сыходзiла з iлба. Яна толькi выраўнялася i стала глыбейшая. Гэта ўжо навек. Яна надавала Колеваму твару новы, адмысловы выраз. Магло здавацца, што гэта не хлапчук-недаростак, а чалавек, што з нейкай хворасцi спынiўся на рост i старэў жывучы. Аднак жа твар яго ад часу згладжваў на сабе сляды непатрэбнай у гэтыя гады сталасцi. Маленства вымагала свайго. I ў яго душы iшло вялiкае змаганне заўчаснай сталасцi з абязвечаным маленствам. Пачало перавышаць маленства. Яно было моцнае i ў абладзе сваёй хацела мець радасцi ўсяго свету. Коля пачаў цешыцца з таго, з чаго не нацешыўся яшчэ датуль. Ён любiў вечарам сядзець на лаўцы ля спусцелага дома, у якiм пазнаў першыя ўражаннi ад жыцця. Не верылася, што ў доме нуста, i што вецер там дзьме праз выбiтыя вокны, i павукi пазапляталi павуцiннем куткi, i вераб'i гаспадараць так, як хочуць. Але можа быць, што ўвойдзе раптам туды бацька, не век жа пра яго не будзе анiякага слыху, недзе ж ён нешта робiць, недзе думае пра дом, i пра тое, што раней было, i пра яго, пра свайго Колю. Надзея, што бацька вернецца, расла i ўмацоўвалася i выратавала Колева маленства ад сталасцi. Ён жыў адзiн, начаваў дзе траплялася, еў што дзе знаходзiў, прыслухоўваўся да ўсялякiх чутак i раз пайшоў за дзесяць кiламетраў глядзець пабiтых на шашы немцаў. Баязлiва i з непераможнай цiкаўнасцю ён вызiрнуў з прыдарожнага рова i ўбачыў зграмозджаныя ў кучу разламаныя грузавiкi, i немцы, парваныя i патрушчаныя, яны ляжалi, як пачварная агiднасць, сярод зялёных зараснiкаў у зiхаценнi яснага дня. Коля Сушчэвiч, больш не хаваючыся i не крадучыся, пайшоў па шашы i праз кiламетраў дзесяць убачыў у зараснiках прыдарожнай шыпшыны чалавека ў ботах i без шапкi. Толькi гэта i заўважыў Коля. А якi гэта быў чалавек i як выглядаў - гэта пасля ўжо дайшло да Колевай свядомасцi. Адразу ж чалавек аглушыў Колю нечаканым загадам:
– Стой, хадзi сюды! Далёка iдзеш?
– З раёна.
– Ого! немцаў бачыў дзе?
– А нiдзе.
– А ў раёне?
– Таксама няма. Толькi палiцаi.
– Чый ты?
– Я Сушчэвiч.
– Дзе ж твой бацька?
– Я не ведаю.
– А хто ж ведае? Можа ён у армii?
– У армii.
– А можа не?
– Не.
– Дык дзе ж ён?
– Я не ведаю.
– I слыху ён не падае?
– Не падае.
– Чаго ты хiтруеш? Ты яшчэ малы на хiтрыкi! А як немцы матку павесiлi, дык ён i тады не абазваўся?
– Не абазваўся.
– Няпраўда.
– Праўда.
– Не можа быць. Твайго бацьку бачылi на тым тыднi ў Барцёўскiм лесе. Ён i нейкiя яшчэ два з iм ляжалi на траве.
Што раптам зрабiлася з Колем! Бурная радасць, вялiкая, як увесь свет, нарадзiлася ў iм, i назаўсёды пакiнула яго нэндза, якая не давала яму спакою з таго [дня], калi ён убачыў матку на шыбенiцы. Горш за пагiбель, калi жыць без надзеi! У Колi Сушчэвiча была цяпер надзея. Ён знойдзе бацьку. Бацька прыйдзе да яго. Бацька тут недзе блiзка. Коля лёг поплеч чалавека ў шыпшыннiку i астаўся з iм. Ужо i дзень пачаў хiлiцца к вечару, а Колю Сушчэвiчу не хацелася адыходзiць ад чалавека. А як жа! Яго чаканне бацькi павiнна быць важна i гэтаму невядомцу. Так ратавалася ад адзiноты Колева душа. Ценi ад дрэў пачалi рабiцца доўгiмi, як раптам чалавек прыўзняў галаву i стаў прыслухоўвацца. Ён сказаў Колю:
– Вызiрнi на дарогу i палiчы машыны, колькi iх iдзе.
– Дзве, - сказаў Коля, углядаючыся ў дарогу.
– Кладзiся хутчэй пры мне i не варушыся!
Дзве машыны з немцамi праехалi, i яшчэ яны ляжалi з гадзiну. Пачало змяркацца, i чалавек падняўся.
– Дык дзе ж ты жывеш?
– Нiдзе, - адказаў Коля.
Сэрца яго калацiлася з радасцi. Ён зачапiўся за мэту: мэта яго чаканне бацькi - i надзея, усеабдымная, нi з чым не параўнаная, абнiмала яго.
Чалавек дарма чакаў цэлы дзень: немцы ездзiлi толькi вялiкiм гуртам, i нiводнага цярплiвы снайпер за дзень не застрэлiў. Ён пайшоў моўчкi, i так жа моўчкi Коля пайшоў з iм. Гэта было яшчэ першымi месяцамi вайны. Ужо i другi год вайны пачаўся, i ўсё так жа надзея i спадзяванне ратавалi Колеву душу. Ён ужо многа выхадзiў мясцовасцей i прывык ужо да таго, каб бачыць часта, як канчаецца прастрэлены немец. I ўсё ж не ўнiмалася скруха ў душы: нiшто ядавiтае i самая горшая атрута з атрут не маглi б выпалiць з сэрца i памяцi таго моманту, калi вецер трапаў распушчаныя матчыны валасы. Самая малая душа можа змясцiць у сабе найвялiкшую ў свеце радасць. Ён прагнуў усё больш шчасця. Ён упiваўся радасцю кiдаць гранаты пад нямецкiя машыны; цэлiцца ж у матацыклiстаў i страляць у iх ён не мог многа: вiнтоўка была яму яшчэ зацяжкая. Ён лёгка пралазiў пад калючыя загарадзi, мог падгрэбцiся пад сцяну пунi i так улезцi ў яе або вылезцi з яе. Ён мог прыкiнуцца глухiм пастушком, галодным сiратой-жабраком, цiкаўным малым дурнем, вясёлым рагатуном, шукальнiкам усяго, што толькi льга згубiць i страцiць. Ён мог дапасцi да нямецкага штаба, да вартавога салдата на мосце, да вайсковай нямецкай стаянкi, палiчыць танкi i колькi салдат, папрасiць у немца закурыць, каб у таго не было падазронасцi. Ён мог абсачыць за суткi шырокi круг мясцовасцi, узяць на памяць кожны след на роснай траве, пераначаваць у нямецкай кватэры, вярнуцца яшчэ загадзя ў атрад i выслухаць пахвальбу i падзяку ад камандзiра. Так месяц за месяцам, усё больш i больш яго ясная надзея злiлася з плынню дзён, заўсёды занятых, поўных дзейнасцi, што стала яму ратункам. Ён жыў поўным жыццём. Маршчына над левым вокам хоць i аставалася на сваiм месцы, але ўжо так стала, што пакiнула надаваць усяму твару свой выраз. Яе забiла i перавысiла штосьцi iншае, што iшло з душы i свяцiлася на твары. I як жа гэта так прыйшлося, што ён нават i падумаць не можа, хто развярнуў мурашнiк i калупаўся нешта пад арабiнай у полi? Паняверка тачыла яго. Ён быў сам не свой. Цэлы той дзень яго не бачылi ў атрадзе. Змрокам дня ён вярнуўся i сказаў, што ўначы зноў пойдзе, бо яму здаецца, што напаў на тое, што трэба. Цераз ноч, калi сонца ўжо высока стаяла, ён вярнуўся i сказаў, што ў той трухлявай хаце, што стаiць крайняя ад ельнiку i ўжо многа часу пуставала, нехта жыве.
– Ты бачыў?
– запыталi ў яго.
– Адкуль ты ведаеш? Ты быў у гэтай хаце?
– Не быў, але нехта жыве.
– Дым з комiна iшоў? Агонь у вокнах свяцiўся? Нiчога ж гэтага не было.
– А чаму ж ручнiк там на плоце вымыты сохне?! I белы певень больш не спiць на седале перад акенцам сенечным? I чырвонаю анучкаю дзiрка ў шыбе заткнута? I лом валяецца ў брамцы? Нехта з лесу цягаў апал у хату.
– Дык высачы, хто гэта. Паглядзi, якi ён. Адкуль ён з'явiўся i чаго ён тут. А калi ён гаспадар хаты, дык дзе ён дагэтуль быў, што хата пуставала.
Так яму сказаў камандзiр, i ён гатоў быў у той жа момант кiнуцца на пошукi таго, хто так смела з'явiўся тут. Але якраз у гэты момант i з'явiлася ў яго нечаканая думка; яна кранула ўсё глыбокае i патаемнае, што жыло ў яго пачуццях i адкуль бiлася на паверхню такое вялiкае шчасце, як надзея. Раптам ён стаў думаць, што гэта можа сам бацька яго аднекуль з'явiўся i хаваецца ў гэтай пустой хаце. Хоць тут можа i недарэчы слова "хаваецца". Той невядомы не вельмi i хаваўся, калi так адразу льга было заўважыць, што ён жыве ў хаце.
Ужо сонца даўно з поўдня сышло. Да таго ж быў кастрычнiк месяц, i дзень знiкаў шпарка. Да вечара мала аставалася часу, як Коля Сушчэвiч выйшаў з лагера. Было ясна i дзьмуў вецер. Усюды было многа вады ў нiзкiх мясцiнах. Усюды было многа вузкiх дарожак з глыбокiмi каляiнамi, выезджанымi за доўгiя гады. У каляiнах стаяла вада, i трава над ёю была жаўтаватая, збляклая i мокрая. Да яе прылiпала зморшчанае лiсце. Парыў ветру рвануў з прыдарожнай дзiкай iгрушы хмару счарнелага лiсця, i яно, як снег у замець, доўга не магло асесцi на зямлю. Коля стаяў у вiхры лiсця, i ўсё яму было добра. I поле памiж двух лясоў вабiла яго ў свежы вецер, i жоўтыя колеры позняй восенi. Можна сказаць, што ў iм ужо цвёрда жыла нават не надзея, а ўпэўненасць знайсцi бацьку ў той хаце. Падыходзячы да доўгашуканай мэты, чалавек не рвецца да яе, а абдумана перажывае асалоду канца цяжкай дарогi. Такое параўнанне можа было б дарэчы пры Колевым настроi, калi ён, ужо добрым змрокам, убачыў перад сабою тую хату.
Гэта была мясцовасць глухая i зацiшная. За дзесяць кiламетраў праходзiў вялiкi шлях, на якiм мала калi зацiхаў рух машын i людзей. Конныя абозы i калоны грузавiкоў тут праходзiлi часта, нават i ў гэты час, калi даўно ўжо тут не было нямецкiх салдат i толькi палiцаi трымалi сяк-так нямецкую ўладу. У гэтым жа кутку, памiж двух вялiкiх хвойных лясоў, здавалася, нiколi не знiкала i не знiкне спрадвечная цiшыня. Уяўлялася, што самы густы i напорны вецер не заб'е тут паху грыбоў i лясной трухлiны. Там, за дзесяць кiламетраў адсюль, быў да вайны раённы цэнтр, а цяпер нямецкая воласць i каменданцкае кiраўнiцтва. Тут, здавалася, усё жыло толькi зменай дзён i начэй. У дажджысты восенны дзень адзiнокi жоўты лiсток цалюткi дзень трапятаўся пад ветрам на звiслай галiне, i здавалася, што тут толькi таго i руху, што гэты лiсток, i што гэта будзе i заўтра, i далей. Узбунтаваная адчаем душа тут магла ўцiхамiрыць сваё ўтрапенне, i вечнасць тут жыла ў першародным сваiм аблiччы. Дзе-небудзь пад лясным сухастоем чарвiвее грыб, i нiхто не патрывожыць яго павольнага знiкнення са свету, пакуль ён не размыецца дажджамi. Жолуд падае з дуба, правальваецца да самай зямлi праз гнiлы пласт лiсцвянага насцiлу, ляжыць восень i зiму, прарастае, узыходзiць i расце, на доўгi век паднiмаецца маладое дрэва. Дубы стаяць, як каменныя горы. Магутная сiла i найтанчэйшае хараство злiлiся тут у непадзельнае i вялiкае, як свет, адзiнства. Ранiцай гэты куток агалашаецца самавiтым гудком з якога-небудзь блiзкага завода. А пасля на ўвесь дзень трава пачынае спяваць сваю цiхую песню пад роўным ветрам.
У гэтым кутку, дзе хадзiў цяпер Коля Сушчэвiч, была ўжо зусiм глухата. Самае люднае месца, блiжэйшае адсюль, гэта i быў той раённы пункт, за дзесяць кiламетраў, на шляху. Вiтая дарога, як размiнуцца двум з калясьмi, iшла скрозь полем, пасля бралася паўз лес, i там над ёю навiсалi, кiламетраў на два, бярозы i роўна ўзнiмаўся граб. З другой стараны iшла шырокая града хваёвага лесу, i ясным адвячоркам цiхае сонца доўга ляжала на старых хвоях. Цiхае хараство знiкала доўга i незаўважана, i здавалася, што i ўночы штосьцi ад яго асталося на дрэвах. Я памятаю, як у гады першай маладосцi мне заўсёды хацелася на ўсю ноч аставацца пад тымi хвоямi. Скрозь паўз лес дарога даходзiла да акружанага з трох бакоў лесам поля. Гэта было падобна да шырокай паляны. Шэсць хат стаяла там маляўнiчым непарадкам, не ў вулiцу, а абы-як. Адна хата стаяла задам у вокны другой, другая бокам да глухой сцяны першай, i ўсе далёка адна ад адной. Будавалiся тут, не ашчаджаючы месца. Хаты былi няроўныя, былi вялiкiя, з кветнiкамi перад вокнамi i з маляванымi вокнамi i дзвярыма. Былi новыя, яшчэ з жоўтым колерам свежага дрэва i з нявыветранай свежай смалой на хваёвым бярвеннi. Былi i малыя хаты. Цесныя i старыя. Гэтыя даўно аселi i цяпер трухлелi сярод сваiх прыбудовак i дрэў. Дарога праходзiла памiж iмi i iшла праз лес. Толькi з аднаго боку гэты дробны пасёлак не быў адгароджан ад шырокага свету лесам. Там было поле, крыху ўзгорыстае, высокае, са старой прысадзiстай арабiнай, у якой была ададрана разам з паласой кары да самай зямлi тоўстая галiна. Цi то гэта маланкай у навальнiцу, цi чыёй злой рукой. Арабiна стаяла на ўзвышшы, i ад яе да хаты полем вiлася сцяжынка.