Зброя
Шрифт:
Алесь выпіў пахучую гарэлку. Яна была абрыдлівая, і, аднак, яму сапраўды палегчала. Не так назаляў галас, дый нос не так заўважаў смуроднае, аж ліпучае, туманнае паветра.
— Прыцярпеўся, — сказаў Бабкін. — Ды гэта што? Ты адсюль выберашся ды, пэўна, у лазеньку паедзеш, парай бубнаўскі смурод выганяць. А што рабіць тым, якія тут гадамі… усё жыццё… акрамя ночы?
— Быць не можа, — сказаў Алесь.
Дзікі крык аддаўся недзе, лямант, скавытанне.
— Вось, — сказаў Бабкін. — Гэты тут умудрыўся вялікае багацце, нязмерную маёмасць
— Брахня, — сказаў Макар.
— Малады ты ошшо, — павучальна сказаў Бабкін. — Гэты яшчэ мала. Ёсць такія, што за тыя ж гады кожны дзень па пяцьдзесят — шэсцьдзесят чарак п'юць. Во гэта дык майстры… Я падлічыў… Дваццаць адна тысяча дзевяцьсот чарак у год… Чатырыста трыццаць восем тысяч чарак за дваццаць год… Дзвесце дзевятнаццаць вёдраў… Пяць з паловаю саракавядзёрных бочак… А вы кажаце, брахня… Гэта, брат, сіла нязмерная… Трагладзіты. Людзі апраметнай.
Еў бліны, скручваючы іх пакуначкам і двума-трыма рухамі сківіц адпраўляючы ў рот. Скончыў з імі.
— Дык, кажаце, флейты?… А купіла хопіць?
— Колькі іх у вас? — рэзка спытаў Алесь.
— Знойдзем.
— Карты на стол… Колькі?
Бабкін глядзеў на яго ўважліва і пільна. Потым, відаць, зразумеў: гэты не прадасць.
— Дзве тысячы, — ціха і вельмі важка сказаў ён.
У Алеся пацямнела ў вачах. На хвіліну паплыў кудысьці, стаў аддаляцца і знікаць пякельны голас бубнаўскай дзіркі. Потым гукі лінулі зноў.
— Дзе тавар? — непарушна спытаў ён.
— Грошы, — сказаў Бабкін.
Чыўін штурхнуў быў Алеся ў бок, але той ведаў, што рабіць. Справа была не ў грошах, справа была ў штуцэрах, адзіных, патрэбных, як паветра, тых, за якія ён з ахвотаю, хоць сёння, заплаціў бы жыццём.
— Паўтары тысячы, — пасунуў ён да Бабкіна тры крэдытныя білеты.
— Астатнія?
— Астатнія — напалову ў банку Лемана, напалову — па чэку. Атрымаць — у канторы Вішняковых. — Алесь пісаў на лістках чэкавай кніжкі. — Ведаеш іх?
— Чаму не. Фірма вядомая, з французскага пажару сядзяць на Малой Якіманцы. Золатапрадзільні, можна сказаць, на ўсю імперыю. А яны што, ведаюць вас?
— Грошы ўнесены. А ведаць ім мяне — без патрэбы.
— Хі-ітры, — сказаў Бабкін. — Ану, дай глянуць.
— Глядзі.
— Шэсць тысяч пяцьсот? Гэта за што ж лішнія пяцьсот сорак?
— За камісію.
— А калі я гэта — у кішэнь?
— Тут адзін подпіс. А гэта абгаворана. Толькі пасля другога. А другі — калі тавар будзе агледжаны, упакаваны і адасланы на месца… Давай… Дзе?
— Ля Смаленскай заставы, — сказаў Бабкін. — Вось табе адрасок… Вось табе і словы: «Флейты прыкалолі… шпількі ў нас… за падман — шпільку ў сэрца».
— Гэта каму? — усміхнуўся Алесь.
— Ім, — сказаў Бабкін. — Гужавы абоз наймі дзе хочаш. Не мая гэта справа.
— Вып'ю, — сур'ёзна сказаў Алесь.
Ён умеў, калі трэба, не грэбаваць. Гэтая філія пекла была таксама кутком зямлі. Гэтыя цені таксама былі людзі.
А ён быў не толькі князь, але і беларускі мужык таксама, а значыць, у кожным, самым нізкім і страшным, падзенні бачыў не ганьбу, а няшчасце, і шкадаваў гэтае няшчасце, і не хацеў мыць рукі, дакрануўшыся да яго.
— Я табе яшчэ раю, — сказаў Бабкін. — Ты на Балчуг не хадзі. Гэта, брат, Замаскварэчча, а там што ні чалавек, то або Падхалюзін, або паддзячы, або прадажная лярва… Ты ідзі на Гасціны двор, ля біржы. Уначы ідзі, вось з імі.
— Бываў.
Алесь сапраўды бываў там. Калісьці яны спецыяльна рабілі гэта ўначы, для настрою. Вялізны будынак, ноч, бясконцыя аркі галерэй на ўнутраным двары. Запусценне, нямая цішыня і глухія крокі на плітах. А над калодзежам двара — месяц у хмарах. Аркі на ноч закрывалі дошкамі, а вартаўнікі спускалі сышчыкаў, але за грошы пускалі паглядзець.
— Вось туды і ідзі. Таксама пекла. Усё можна купіць. І жалеза і флейты.
— Пайду, — сказаў Алесь.
І тут Чыўін нечакана адхіснуўся. Ён сядзеў спіною да занавескі. І якраз над яго галавою, дыхаючы яму ў патыліцу, тырчала з завесы, як з хусткі, страшнае, усё ў ліловых і жоўтых разводах (ад старых і новых сінякоў), аблічча.
— Якія гэт-та флейты, — спытала морда страшнавата ялейным голасам, — хто гэта тут такі-кі музыкант? А калі — у часць?!
У яго было аблічча «аблаката ад Іверскай», што — за касушку — піша ў тракціры для кліента такое прашэнне, што яго не разумеюць ні ў судзе, ні, назаўтра, самі кліент і аблакат. Нос сізы, у жылках. Твар азызлы.
— А вось я вам дам флейты, — чалавек нібы ўпаўзаў у клятушку.
Макар быў стаў за яго спіною.
— Ці-ха, — сказаў Бабкін, — не трэба. Мы — самі… Ты што ж гэта, былы сорак пятай гільдыі* купец, а потым страка прыказная, лезеш куды не загадана?
* Купецкіх гільдый было толькі тры ў залежнасці ад велічыні капіталу і роду гандлю або прамысловасці. Памер капіталу мяняўся. Скажам, аб'яўлены капітал для першай гільдыі быў пяцьдзесят тысяч, для другой — дваццаць, для трэцяй — восем.
— Папакутаваў за праўду, — сказаў той, узняўшы руку. — То што ж вы флейты купляць будзеце, а я… кап-пейкі збіраць? Не ўжо! Як я, так і вы! Так! Вось так! Толькі так! Я вас адсюль не выпушчу. Прымушу даць адказ, якія гэта флейты… уначы, у Гасціным двары.
Тут Алесь убачыў, што спалохаўся і Бабкін. Трэба было ратаваць становішча. Вядома, можна было адгаварыцца экспедыцыяй, але ехаць туды? Нашто? І да таго ж забароненая купля ваенных стрэльбаў. Катарга для Бабкіна? Допыты і высылка для яго, Алеся. Праваленая справа жыцця. Папаліся, як кураняты.