Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Раздзел першы
Сям'я Рабінзона. — Уцёкі з бацькоўскага дому
З самага ранняга дзяцінства я
Маім бацькам гэта вельмі не падабалася. Бацька, стары хворы чалавек, хацеў, каб я быў важным чыноўнікам, служыў у каралеўскім судзе і атрымліваў вялікія грошы. А я марыў пра марскія падарожжы. Мне здавалася найвялікшым шчасцем вандраваць па морах і акіянах.
Бацька здагадваўся, што ў мяне ў галаве. Аднойчы ён паклікаў мяне да сябе і злосна сказаў:
— Я ведаю: ты хочаш уцячы з роднага дому. Гэта вар'яцтва. Ты павінен застацца. Калі ты застанешся, я заўсёды буду добрым бацькам, але не чакай дабра, калі ты ўсё-такі надумаешся ўцячы! — Голас у бацькі задрыжаў, і ён ціха дадаў: — Падумай пра сваю хворую маці… Яна не вытрымае разлукі з табою.
У вачах у яго заблішчалі слёзы. Ён любіў мяне і хацеў мне дабра.
Мне зрабілася шкада старога, і я цвёрда вырашыў застацца ў бацькавым доме і больш нават не думаць пра марскія падарожжы. Але — дарэмна! — мінула некалькі дзён, і ад маіх намераў нічога не засталося. Мяне зноў пацягнула да марскіх берагоў. Мне зноў пачалі сніцца мачты, хвалі, ветразі, чайкі, невядомыя краіны, агні маякоў.
Праз два-тры тыдні пасля гаворкі з бацькам я ўсё ж вырашыў уцячы. Улучыўшы момант, калі маці была вясёлая і спакойная, я падышоў да яе і пачціва сказаў:
— Мне ўжо васемнаццаць гадоў, і ў гэтым узросце позна ўжо вучыцца судовай справе. І калі б я нават і паступіў куды-небудзь на службу, праз некалькі дзён я ўсё роўна збег бы ў далёкія краіны. Мне так хочацца пабачыць чужыя краі, пабыць і ў Афрыцы і ў Азіі! А калі я нават і вазьмуся за якую-небудзь справу, у мяне ўсё роўна не хопіць цярпення давесці яе да ладу. Прашу вас, угаварыце бацьку пусціць мяне ў мора, няхай сабе ненадоўга — толькі для спробы; калі жыццё марака будзе не да спадобы мне, я вярнуся дадому і больш нікуды не паеду. Няхай бацька пусціць мяне па добрай волі, таму што інакш я вымушаны буду пакінуць родны дом без дазволу.
Маці вельмі ўзлавалася на мяне і сказала:
— Я дзіўлюся, што ты не выкінуў гэтага з галавы пасля гаворкі з бацькам! Бацька ж патрабаваў ад цябе, каб ты раз і назаўсёды забыў пра чужыя краіны. А ён лепш за цябе разумее, якой справай табе займацца. Вядома, калі ты хочаш згубіць сябе, едзь хоць зараз, толькі ведай, што мы з бацькам ніколі не дамо згоды на твае падарожжы. І дарэмна ты спадзяваўся на маю помач. Не, я ні словам не абзавуся бацьку пра твае бязглуздыя выдумкі. Я не хачу, каб потым, калі мора давядзе цябе да жабрацтва і пакут, ты мог папракнуць сваю маці за тое, што яна давала табе патачку.
Потым, праз многа гадоў, я даведаўся, што маці ўсё ж перадала бацьку нашу гаворку — ад слова да слова. Бацька быў засмучаны і адказаў ёй, цяжка ўздыхнуўшы:
— Не разумею, чаго яму не хапае? На радзіме ён здолеў бы без цяжкасцей дабіцца поспеху ў
І ўсё роўна праз некалькі месяцаў я збег з роднага дому. Адбылося гэта так. Аднойчы я паехаў на некалькі дзён у горад Гуль. Там я сустрэў аднаго прыяцеля, які збіраўся плыць у Лондан на караблі свайго бацькі. Ён пачаў мяне ўгаворваць ехаць разам з ім, спакушаючы тым, што праезд на караблі нічога мне не будзе каштаваць.
І вось, не спытаўшыся ні ў бацькі, ні ў маці, — у нядобрую часіну! — 1 верасня 1651 года я на дзевятнаццатым годзе жыцця сеў на карабель, які плыў у Лондан.
Гэта быў дрэнны ўчынак: я пакідаў старых бацькоў, нават не падумаўшы над іх парадамі і забыўшы пра абавязак сына. І мне вельмі хутка давялося каяцца ў тым, што я нарабіў.
Раздзел другі
Першыя прыгоды на моры
Не паспеў наш карабель выйсці з вусця Хамбера, як з поўначы падзьмуў халодны вецер. Неба пакрылася хмарамі. Пачалася страшэнная гайданка.
Я дагэтуль ніколі яшчэ не быў у моры, і мне зрабілася кепска. У мяне закружылася галава, задрыжалі ногі, мяне пачало ванітаваць, і я ледзь не ўпаў. Кожны раз, як толькі на карабель навальвалася велізарная хваля, мне здавалася, што мы зараз жа апынімся на дне. Кожны раз, калі карабель валіўся з высачэзнай грывы, я ўпэўнены быў: яму ўжо ніколі не падняцца над хвалямі.
Тысячу разоў я прысягаў, што, калі застануся жывы, калі толькі яшчэ нага мая ступіць на цвёрдую зямлю, я зараз жа вярнуся дадому да бацькі і ніколі ўжо за ўсё жыццё не падымуся больш на палубу карабля.
Аднак гэтых разважлівых думак хапіла ў мяне толькі на той час, пакуль бушавала бура.
І вось вецер суняўся, хвалі знемаглі, і мне зрабілася куды лягчэй. Паступова я пачаў прывыкаць да мора. Праўда, я яшчэ не зусім пазбавіўся марской хваробы, але к канцу дня праяснела, вецер зусім сцішыўся, надышоў цудоўны вечар.
Усю ноч я праспаў як забіты. Назаўтра неба было такое ж яснае. Сцішанае мора, над якім не было нават слабога ветрыку, ззяла на сонцы ў такой дзівоснай красе, якой я яшчэ зроду не бачыў. Ад мае марской хваробы не засталося і знаку. Я адразу супакоіўся, і мне зрабілася весела. Са здзіўленнем углядаўся я ў мора, якое яшчэ ўчора здавалася такім жорсткім і пагрозлівым, а сёння было ласкавае і сцішанае.
Тут, як знарок, падыходзіць да мяне мой прыяцель, што спакусіў мяне ехаць разам з ім, ляпае па плечуку і кажа:
— Ну, як ты сябе адчуваеш, Боб? Я гатовы паспрачацца, што ўчора ты добра напалохаўся. Прызнавайся: ты ж напалохаўся ўчора, як падзьмуў вятрыска?
— Вятрыска? Добры вятрыска! Гэта ж быў шалёны шквал. Я нават уявіць сабе не мог такой жахлівай буры!
— Буры? Ах ты дзівак! Па-твойму, гэта бура? Ну, ды ты ж яшчэ новенькі на моры: не дзіўна, што напалохаўся… Аднак хадзем лепей ды загадаем падаць нам пуншу, вып'ем па шклянцы і забудзем пра буру. Зірні, які ясны дзень! Цудоўнае надвор'е, ці не так?