Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча

на главную - закладки

Жанры

Поделиться:

Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча

Шрифт:
Партрэт пісьменніка і чалавека

Перш чым пачаць непасрэднае апавяданне, я павінен зрабіць некалькі тлумачэнняў. Найперш пра назву кнігі. Сяму-таму яна можа здацца прэтэнцыёзнай і нават містычнай. Але слова "ўзнясенне" трэба трактаваць "матэрыялістычна" — як узнясенне над сваім часам, узнясенне да вяршынь айчыннай і сусветнай літаратуры. Апрача таго, тут ёсць прамая "рэмінісцэнцыя", звязаная з Караткевічам. Калі на кінастудыі "Беларусьфільм" пачалі здымаць фільм па яго сцэнарыю "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", камусьці гэта назва здалася крамольнай, і фільм выйшаў (дакладней, не выйшаў, а надоўга лёг на паліцу) як "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка". Новую назву Караткевіч успрыняў спакойна, з гумарам. Яна стала для яго нават сімвалам чагосьці асабістага. І калі ў 1980 годзе, пасля першага грознага прыступу хваробы, ён крыху акрыяў, я пажартаваў: "Ну вось, цяпер можна

будзе пісаць кнігу "Жыціе і ўваскрэсенне Уладзіміра Караткевіча", ён разрагатаўся: "Ну — давай, давай! Няхай яно спраўдзіцца!"

Наступная засцярога. Тое, што прапануецца тут чытачу, безумоўна ж, будзе вельмі суб'ектыўным. Я далёкі ад таго, каб прэтэндаваць на нейкія ісціны ў апошняй інстанцыі, бо абапіраючыся пераважна на тое, што асабіста бачыў і чуў, што было занатавана (прызнаюся ў гэтым) адразу ж, вечарам ці на наступны дзень, а то і непасрэдна ў час выступленняў Караткевіча ў самых розных аўдыторыях. Праўда, мушу пакаяцца: на пачатку нашага знаёмства, у гады шасцідзесятыя, яшчэ не ўсведамляючы ўсёй значнасці таго, што адбывалася на маіх вачах, усёй адказнасці перад гісторыяй, такія занатоўкі я рабіў рэдка і бегла. Адсюль — і значныя прагалы.

Хачу таксама падкрэсліць, што падрабязны аналіз творчасці Уладзіміра Караткевіча не ўваходзіць у мае задачы. Часткова ён зроблены ў кнізе Анатоля Вераб'я "Жывая повязь часоў", (1985), у артыкулах іншых калег. На фундаментальную ж манаграфію яшчэ зарана. Таму, гаворачы пра творчасць, буду — каб пазбегнуць пазнейшай "мадэрнізацыі" — абапірацца пераважна на тагачасныя сведчанні, у тым ліку і на ўласныя рэцэнзіі і артыкулы. Апошнія прыводзяцца тут цалкам, без купюр. Безумоўна, у іх адбілася агульная атмасфера застойных часоў, калі пра многае нельга было пісаць або даводзілася пісаць намёкамі, калі апрача рэдактара і работніка Галоўліта затоена дзейнічаў яшчэ і "ўнутраны" цэнзар, які імкнуўся не столькі нашкодзіць сабе, колькі дапамагчы самому Караткевічу — у імя выхаду яго чарговай кнігі, зрабіць яе аўтара больш "правільным", чым ён уяўляўся на самай справе. У гэтых рэцэнзіях і артыкулах сёння хацелася б нешта скараціць, нешта дадаць. Але гісторыю нельга падпраўляць. Таму няхай у гэтай кнізе тэксты іх ідуць так, як былі апублікаваны калісьці. А ўжо чытачу меркаваць, ці ёсць мне падстава саромецца тагачасных выказванняў, ці такой прычыны няма.

Уласна кажучы, з рэцэнзіі на раман "Нельга забыць" і пачалося наша асабістае знаёмства. Неяк так здарылася, што, заняты напісаннем кандыдацкай дысертацыі пра ХІХ стагоддзе, я стаў прапускаць міма ўвагі вартыя літаратурныя навінкі і не прыкмеціў першага паэтычнага зборніка Уладзіміра Караткевіча "Матчына душа" (1958). Другі ж, "Вячэрнія ветразі" (1960), прачытаў з вялікім спазненнем. А пра кнігу прозы "Блакіт і золата дня" (1961) найперш даведаўся ад супрацоўніцы Інстытута літаратуры Валянціны Ігнатаўны Гапавай. Яна была ў захапленні ад зборніка, напісала на яго ўзнёслую рэцэнзію, якая прымусіла і мяне прачытаць кнігу. Зборнік зачараваў мяне нязвычным тады абвостраным адчуваннем гісторыі нашага народа, светлым і цнатлівым успрыняццем навакольнага жыцця. І калі ў часопісе "Полымя" (1962. № 5, 6) з'явіўся раман таго ж аўтара "Нельга забыць", я ўжо без "падказкі" прачытаў яго і, захапіўшыся яго аўтарам яшчэ больш, тут жа напісаў рэцэнзію, якая была апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 17 ліпеня 1962 года пад назвай "Права мастака":

"Прызнаюся: амаль тыдзень прымушаў я сябе ўзяцца за раман Уладзіміра Караткевіча "Нельга забыць". Адштурхоўваў загаловак. Ён здаваўся банальным, выцвілым. У той жа час прываблівала прозвішча аўтара, які паспеў палюбіцца за кнігі "Блакіт і золата дня" і "Вячэрнія ветразі".

І вось — першая фраза: "Дарогу на поўнач ад горада кантралявалі інсургенты, ездзіць па ёй было небяспечна". Інсургенты? Так у Расіі звалі польскіх паўстанцаў. Значыць — доўгачаканы раман пра паўстанне 1863 года, стагоддзе якога мы будзем адзначаць праз некалькі месяцаў? Магчыма, пра Каліноўскага?

Аднак гэта раман не пра паўстанне 1863 года. Уладзімір Караткевіч не павёў чытача ў паўстанцкі лагер, не паказаў там Кастуся Каліноўскага. У рамане дзейнічае (і то "па-за сцэнай") толькі яго баявы сябар — Усяслаў Грынкевіч. З першых жа радкоў даведваемся, што ён трапіў у палон да царскіх войск і чакае пакарання смерцю на магілёўскай гаўптвахце. Аўтар засяроджвае сваю ўвагу на тых, хто знаходзіцца, так сказаць, на іншым баку барыкад. Гэта — афіцэры рускай арміі Пора-Леановіч і Юрый Гораў, якія ўзначальваюць ахову на пераправе праз Днепр. Яны вельмі розныя людзі. Жорсткі і самазадаволены цынік Пора-Леановіч прытрымліваецца правіла: "Галоўнае — стаць на той бок, які выйграе". Яму, мясцоваму ўраджэнцу, магіляўчаніну, не вельмі давярала камандаванне

арміі. І таму "ў дапамогу" Пора-Леановічу быў прысланы паранены пад Ракавам масквіч Юрый Гораў. У Гораве быццам сабраны ўсё лепшыя рысы, якія былі ўласцівы перадавым прадстаўнікам рускага дваранства. Уразлівы і ўдумлівы Гораў нечым няўлоўным нагадвае талстоўскага Андрэя Балконскага, перанесенага ў іншы час і пастаўленага ў іншыя ўмовы.

І вось наступіла навальнічная вераб'іная ноч. Разліўся Дняпро. У такую буру наўрад ці наважыцца хто пераплыць цераз рэчку. І таму, на першы погляд, здаецца, што Пора-Леановіч мае слушнасць, калі адмаўляецца пераправіць на той бераг жонку паўстанца Грынкевіча. Яна вязе загад графа Мураўёва аб замене расстрэлу пажыццёвай катаргай? Ну што ж, няхай пачакае да раніцы, ад гэтага нічога не зменіцца. Але Пора-Леановічам кіруюць далёка не гуманныя матывы. Ён ведае, што яшчэ надвячоркам памчаўся ў Магілёў (вядома, не з памілаваннем) спецыяльны кур'ер Мараўёва-вешальніка. Ён атрымаў загад затрымаць жонку Грынкевіча на такі час, каб на тым беразе паспелі скончыць з яе мужам.

Дарэмна Гораў спрабуе апеліраваць да сумлення свайго начальніка. Той застаецца няўмольным. Але Гораў не можа не дапамагчы высакароднай, базабароннай цяпер жанчыне. Гэта азначала б, што ўвесь ягоны свет, ягоныя перакананні, усё тое, аб чым гаварылі прафесары ва універсітэце, аб чым піша Тургенеў, любімы пісьменнік Надзенькі, яго Надзенькі, — усё гэта мана і міраж. І тады Гораў прымае рашэнне. Парушаючы загад Пора-Леановіча, рызыкуючы ўласным жыццём, ён перавозіць жанчыну на той бераг у чаўне-душагубцы. Але дарэмна: жонка Грынкевіча спазнілася. Спазнілася на нейкіх дзесяць мінут. Даведаўшыся аб гэтым, Юрый Гораў выразна адчаканіў свайму начальніку: "Капітан Пора-Леановіч, вы нягоднік". У выніку — дуэль. На здзіўленне самому сабе, Юрый Гораў смяртэльна параніў праціўніка, які трыма выстраламі мог з віновага туза зрабіць жалудовы.

Аб усім гэтым расказана ў пралогу рамана. Пралог завяршаецца сцэнай апошняга спаткання Юрыя Горава і апранутай у жалобу жонкі Грынкевіча. Герой зразумеў, што тая вераб'іная ноч была водападзелам яго жыцця. Пасля яе засталася туга. Туга па ўзвышаным і прыгожым, па няздзейсненых спадзяваннях. З горыччу думае ён аб нетрываласці чалавечага жыцця і чалавечага шчасця, гледзячы на зеленаваты зорны дождж Леанідаў, якія "тысячамі зялёных ніцей праляталі над зямлёю і знікалі ў цемры".

А потым аўтар пераносіць дзеянне рамана ў наш, савецкі час, расказвае пра нашчадка таго Грынкевіча, які так і не пабачыў дажджу Леанідаў, — пра студэнта, паэта і сцэнарыста Андрэя Грынкевіча. "Пачакайце, — можа сказаць тут чытач, — а я ведаю, што будзе далей: Андрэй абавязкова сустрэнецца з унучкай ці праўнучкай таго Горава і паміж імі ўзнікне каханне. Нашчадкі здзейсняць мары і спадзяванні сваіх продкаў. Так было ў "Паўночнай аповесці" Паўстоўскага, так было…" Што ж, у гэтым выпадку прадчуванні чытача спраўджваюцца. У Маскве Андрэй сапраўды пазнаёміўся з выкладчыцай гісторыі мастацтваў Ірынай Горавай і пакахаў яе тым пачуццём, якое, як кажа другі герой рамана Яніс Вайвадс, "раз у стагоддзе бывае на зямлі". І на нейкі момант у чытача паяўляецца незадавальненне. Твор здаецца зададзеным, сюжэт — запазычаным. Тут праводзіш паралелі з Тургеневым, там — з "нагнятаннем сказаў" Талстога. Літаратурныя рэмінісцэнцыі разбураюць непасрэднасць уражання.

Але адначасова ловіш сябе на думцы: вось так, відаць, гучала б беларуская проза, калі б у нас быў свой Тургенеў і Талстой. Ды і чаму мы павінны адмаўляць права мастака ісці, так сказаць, адметным шляхам: не ад жыцця да літаратуры, а ад літаратуры да жыцця? Права напаўняць старую сюжэтную схему новым жыццёвым зместам? Адштурхоўваючыся ад чужога, як робіць Караткевіч, ствараць уласнае? У сталай літаратуры павінны быць і такія творы.

Што ж новае ўносіць раман "Нельга забыць" у сучасную беларускую прозу? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ўлічыць наступную акалічнасць. У мінулым беларуская нацыя была амаль выключна "сялянскай" нацыяй, і таму беларуская літаратура ўзрастала пераважна на сялянскай тэматыцы. Асноўным героем на доўгі час стаў селянін. Адсюль ідзе і пэўная абмежаванасць, адметнасць нашай літаратуры, скажам, ад рускай ці польскай. А калі ў беларускую прозу прыйшоў рабочы ці інтэлігент, то гэта быў пераважна ўчарашні селянін або селянін па паходжанні. Коласаўскі Лабановіч ці нават героі шамякінаўскіх "Крыніц" не маглі яшчэ перастуквацца паміж сабой тактамі пятай сімфоніі Бетховена і вешаць на сценах рэпрадукцыі з карцін Паўля Клее, як гэта робіць Андрэй Грынкевіч. Іншая справа — галоўны герой рамана "Нельга забыць". Вобраз яго мы па праву можам назваць першым у беларускай літаратуры паўнакроўным вобразам патомнага інтэлігента, інтэлігента ад дзеда і прадзеда. А гэта — яшчэ адно сведчанне сталасці беларускай літаратуры.

Комментарии:
Популярные книги

Последний попаданец 8

Зубов Константин
8. Последний попаданец
Фантастика:
юмористическая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Последний попаданец 8

Купеческая дочь замуж не желает

Шах Ольга
Фантастика:
фэнтези
6.89
рейтинг книги
Купеческая дочь замуж не желает

Я – Стрела. Трилогия

Суббота Светлана
Я - Стрела
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
6.82
рейтинг книги
Я – Стрела. Трилогия

Последний Паладин

Саваровский Роман
1. Путь Паладина
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Последний Паладин

Горькие ягодки

Вайз Мариэлла
Любовные романы:
современные любовные романы
7.44
рейтинг книги
Горькие ягодки

Фиктивный брак

Завгородняя Анна Александровна
Фантастика:
фэнтези
6.71
рейтинг книги
Фиктивный брак

Отмороженный 6.0

Гарцевич Евгений Александрович
6. Отмороженный
Фантастика:
боевая фантастика
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Отмороженный 6.0

Законы Рода. Том 5

Flow Ascold
5. Граф Берестьев
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 5

Свет во мраке

Михайлов Дем Алексеевич
8. Изгой
Фантастика:
фэнтези
7.30
рейтинг книги
Свет во мраке

Кодекс Крови. Книга II

Борзых М.
2. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга II

Сын Петра. Том 1. Бесенок

Ланцов Михаил Алексеевич
1. Сын Петра
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.80
рейтинг книги
Сын Петра. Том 1. Бесенок

Довлатов. Сонный лекарь

Голд Джон
1. Не вывожу
Фантастика:
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Довлатов. Сонный лекарь

Странник

Седой Василий
4. Дворянская кровь
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Странник

Вечная Война. Книга V

Винокуров Юрий
5. Вечная Война
Фантастика:
юмористическая фантастика
космическая фантастика
7.29
рейтинг книги
Вечная Война. Книга V