Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
Шрифт:
У Вільнюсе мы найперш пайшлі да Генадзя Кісялёва, які жыў тады з маці ў старым, ледзь не рэнесансным дворыку па вуліцы Гедрыса. Амаль насупраць было кафэ "Бочу", якое Валодзя тут жа зарыфмаваў:
Па дарозе ў "Бочу" Нікуды не збочу.А чуць далей — Дамініканскія муры, дзе Каліноўскі сядзеў у вязніцы, і Святаянскія муры, дзе яго арыштавалі.
Аднапакаёвая кватэра Кісялёвых, вялікая, але цемнаватая і халаднаватая, таксама нагадвала не то турэмную камеру, не то манастырскую келлю. Казалі, што раней тут жыла самая вучоная віленская манашка, а ўсе сцены пакоя былі
Назаўтра Кісялёў і яго сябар, гісторык Бікуліч, павялі нас у Святаянскія муры шукаць той дом і тыя сходы, на якіх здраджаны Кастусь Каліноўскі спакойна сустрэў са свечкаю ў руцэ царскіх жандараў, кажучы ім, што ён Вітажэнец. Апісанні сучаснікаў доўга не сходзіліся з рэальнасцю, бо прайшоў не адзін капітальны рамонт. Але нарэшце ў "дворыку Міцкевіча" канчаткова і цвёрда ўстанавілі: гэта было тут, у двухпавярховым флігелі справа. Усцешаны Караткевіч прапанаваў усім пайсці ў "Дайнаву", вялікі і мадэрновы рэстаран, упрыгожаны паганскімі ідаламі, пляцёнкай і свяцільнікамі-"павукамі". Валодзя жартам прасіў абмяняць яму ну хоць куточак з "Дайнавы" на які літоўскі па назве горад — Ашмяны ці Ліду.
Яшчэ праз дзень мы пайшлі ў Карцінную галерэю, якая знаходзілася ў кафедральным саборы на плошчы Гедымінаса, каб знайсці яе вартаўніка, колішняга рэдактара віленскіх беларускіх выданняў Янку Шутовіча. Але ў адміністрацыі сказалі, што ён прыходзіць дзяжурыць толькі на ноч, і мы рашылі, карыстаючыся выпадкам, паглядзець экспазіцыю. Валодзя доўга стаяў ля партрэта Уладзіслава Сыракомлі, усё вызначаючы, якія ж у яго вочы.
— Мусіць, колеру табакі, — зрабіў заключэнне.
Асабліва Караткевічу спадабаліся падзямелле, дзе пахаваны польскія каралі і вялікія літоўскія князі, багата аздобленая капліца з металічнай труной святога Казіміра, звезеныя з прыдарожжаў драўляныя скульптуры-"смуткялісы" і часовая выстаўка, прысвечаная гадавіне вызваленчага паўстання 1863 — 1864 гадоў. Экспанаваныя там творы прываблівалі смеласцю, наватарствам пошукаў у нацыянальным рэчышчы.
— Не дай бог, каб гэта пабачыў Мікіта Сяргеевіч, — уздыхнуў Валодзя. — Разнёс бы ўшчэнт — як аднаўленне Тракайскага замка…
Шукаючы Шутовіча, мы зайшлі да яго на кватэру па вуліцы Антакальнё, дзе нас сустрэла яго жонка, літоўская паэтэса і перакладчыца Она Міцюце (яна дзесяць год чакала з турмы рэпрэсіраванага мужа, хоць ёй і прапаноўвалі адмовіцца ад яго). Гаспадара дома не аказалася — паехаў на нейкі засценак. Але затое гаспадыня расказала нам многа цікавага — пра сумесныя даваенныя беларуска-літоўскія вечары, пра свае пераклады вершаў Максіма Танка.
— Пад уплывам Янкі я і сама спрабавала пісаць па-беларуску, — прызналася Она Міцюце. — У акадэмічнай бібліятэцы вы можаце знайсці маю рукапісную п'еску "Чароўная скрыначка", прызначаную для беларускага школьнага тэатра.
У тым жа двухпавярховым доме, што і Шутовіч, жыў таленавіты беларускі мастак Пятро Сергіевіч. Мы не прамінулі аказіі зайсці да яго ў майстэрню. Дзядзька Пятро, як яго называў Караткевіч, аказаўся нездаровы, але, даведаўшыся, што прыйшлі госці з Мінска, хутка падняўся, выйшаў у прадпакой, сардэчна павітаўся і павёў далей. У майстэрні якраз вісела ў рабоце карціна пра Паўлюка Багрыма. Юны паэт стаяў перад высокім начальствам са сшыткам у руках, а на ўсё са страхам пазіралі маці і сястра. У вачах, усёй постаці галоўнага героя былі выклік, дзёрзкасць.
— Якраз такім я ўяўляў яго, калі пісаў свайго "Паўлюка Багрыма", — пахваліў карціну Караткевіч.
Потым Сергіевіч паказаў нам увесь свой запаснік. А таксама дзівосныя карціны Язэпа
— Глядзі ты, прадбачыў! — адрэагаваў Валодзя, думаючы пра нешта сваё.
Ну і вядома ж, мы многа сядзелі ў гістарычным архіве на Добрай Радзе. Кісялёў прыносіў Караткевічу, здаецца, нават без належнага афармлення, дакументы пра паўстанне 1863 года, Кастуся Каліноўскага. Валодзю было цікава ўсё: і папера, і подпісы, і паўстанцкія пячаткі. Здавалася, што ён бачыць тых, хто іх ставіў, і нават размаўляе з імі, варушачы засмяглымі ад курэння губамі.
У тую паездку Караткевіч здзівіў мяне сваёй здольнасцю быць натуральным, цікавым і не паўтарацца ў самых разных кампаніях — пісьменнікаў, вучоных, з абслугай у гасцініцах і прадаўшчыцамі ў кніжных магазінах (куплены аднатомнік японца Руноске Акутагава на нейкі час стаў яго настольнай кнігай). Мы хадзілі па старых вулках, узбіраліся на вежу Гедымінаса. Доўга стаялі каля Вострай брамы, Святадухаўскай царквы, у Базыльянскіх мурах ("во дзе была талеранцыя: зусім побач мірна сужылі каталіцкая, праваслаўная і уніяцкая святыні"). Зайшлі "пад галю" — на калгасны рынак, які, мабыць, памятаў Багушэвіча, каб купіць там кветак і ўскласці іх на пліту, устаноўленую на месцы пакарання смерцю Каліноўскага (каля касцёла святога Якуба на Лукішках). Нанеслі колькі візітаў маім сваякам (цётка Жукоўская цярпліва вучыла нас, як з мёду, спірту і спецый варыць стары беларуска-літоўскі крупнік). Хадзілі ў кіно на фільмы "з дрыжыкамі".
Наша прабыванне закончылася даволі камічна. Грошы неяк нечакана зніклі, а пазычаць не дазваляў гонар. І тады праз Мацявічуса Караткевіч дамовіўся, што нам дадуць мінут дваццаць у літаратурным тэлечасопісе. Ледзь не на апошні рубель паабедалі. Валодзя апрануў свой эфектны, блакітны з белым, світэр. Галантна цалаваў ручкі рэжысёркам і дыктарцы. Узнёсла гаварыў, як шукаў у Вільнюсе сляды Каліноўскага. Я ж расказваў пра дружбу нашых літаратур… Вярнуліся мы ў былыя людскія па вуліцы Рашытою, папілі чаю і ўлягліся спаць з ціхай надзеяй, што нашы фінансавыя справы заўтра палепшацца.
— Званіць у бухгалтэрыю будзеш ты, хоць паздароўкаешся па-літоўску.
Але "лабас рытас" нас не ўратавала. На маё пытанне, ці нельга было б атрымаць ганарар за ўчарашняе тэлевыступленне, у трубцы пачулася:
— А вы — савецкія грамадзяне?
— Безумоўна! — узрадаваўся я.
— Тады атрымаеце пераводы ў канцы месяца ва ўстаноўленым парадку. Адразу мы плацім толькі замежным грамадзянам…
Давялося паступіцца сваім гонарам і звярнуцца за субсідыяй да сваякоў.
У наступны свой прыезд у Вільнюс, у канцы лютага і пачатку сакавіка 1966 года, мы былі больш абачлівымі: загадзя дагаварыліся пра пакой у больш дэмакратычнай гасцініцы "Гінтарас", а потым перабраліся на кватэру да майго школьнага сябра Часлава Мекіна на вуліцы Дзуку ("у краіне Дзукіі", "у дзукаў", як паўтараў Валодзя).
У Літоўскім драмтэатры якраз паставілі гістарычную драму Вінцаса Крэве "Скіргайла". Яна выклікала вострыя спрэчкі: аўтар памёр у эміграцыі, доўгі час быў ледзь не пад забаронай, ды і на гістарычную праблематыку тады накладваласа табу… Таму Мацкявічусы рашылі звадзіць нас на гэтую пастаноўку. Білеты ім удалося здабыць з цяжкасцю, бо ўсе былі раскуплены загадзя. Аднак для "беларускага Сянкевіча і яго сяброў" усё ж знайшлася бронь. Караткевіч быў у захапленні ад маналогаў Скіргайлы пра тое, якім багам яму пакланяцца, ад "несіметрычнасці" драмы: крыжак аказваецца героем, а літовец — здраднікам. Разам з усімі Валодзя доўга апладзіраваў стоячы, а потым, у гардэробе, узрушана сказаў: