Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
Шрифт:
Князь Алесь Загорскі выбіраецца адным з кіраўнікой будучага паўстання ў Беларусі далёка невыпадкова. Гэта — адзін з прадстаўнікоў той "масы дваранства", звязанай з польскім вызваленчым рухам, пра якую У. І. Ленін пісаў, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя яна з'яўлялася рэвалюцыйнай. Алесь выйшаў якраз з той мясцовай шляхты, беларускай або апалячанай, якая была незадаволена і сабой, і ўмовамі жыцця ў "турме народаў". Гэтая шляхта разумела ўсю бязглуздасць прыгонніцтва і, наперакор афіцыйным уладам, дабівалася вызвалення сялян. Прыгадаем, з якой палымянасцю выступаюць у пэўны час за адмену прыгонніцтва прадстаўнікі ўсіх трох пакаленняў Загорскіх — стары Вежа, пан Юры і Алесь. Не чакаючы царскага маніфеста, Алесь самастойна вызваляе сваіх сялян на выгадных для іх умовах. І мы ведаем гэтаму гістарычныя паралелі: у першай палавіне XIX стагоддзя адпускалі сялян на волю ў многіх беларускіх маёнтках — напрыклад, Храптовічы ў Шчорсах, Манюшкі ў Смілавічах.
Аўтар досыць пераканаўча паказвае, што ў тагачасным грамадстве і, у прыватнасці, у "шляхецкім стане" не было і не магло быць адзінства. Загорскім, Раткевічам у рамане супрацьпастаўлены Кроер, які самавольна парушае звычаёвае права і павялічвае прыгон, супрацьпастаўлены графы Хаданскія, якія здзекуюцца з сялян. І прорва, якая аддзяляе Загорскіх і Раткевічаў ад Кроераў і Хаданскіх, бесперапынна пашыраецца: першыя, пераадольваючы свае каставыя забабоны, перамагаючы ў сабе, як гэта робіць Алесь, "панскі дух", усё больш набліжаюцца да народа, да яго патрэб, другія ж распраўляюцца з кожным праяўленнем свабодалюбства пры дапамозе штыкоў.
Алесь Загорскі належыць да той мясцовай шляхты, якая ў сярэдзіне мінулага стагоддзя пачынала ўсведамляць сваю сапраўдную нацыянальную прыналежнасць. У дзяцінстве ён выхоўваўся, у адпаведнасці са старадаўнім прыдняпроўскім звычаем, у сялянскай сям'і Кагутоў, там навучыўся "мужыцкай" гаворцы, а потым, вярнуўшыся ў палац, пасля спрэчак са старым Вежай, сустрэч з Кастусём Каліноўскім усвядоміў, што гэтая говарка з'яўляецца мовай цэлага народа, у якога нават ёсць імя — Белая Русь. З таго часу Алесь становіцца свядомым змагаром за сваю Бацькаўшчыну, абарона якой была ў свой час абаронай дэмакратыі, усяго прагрэсіўнага. Ён пачынае даследаваць мінулае свайго народа, яго мову, пісаць на ёй вершы. Адначасова ў хаце Кагутоў, у часе дзядзькавання, Загорскі вучыўся разумець народнае жыццё, глядзець на свет вачыма сялян. Усё гэта ўплывала на фарміраванне рэвалюцыйнай свядомасці ў Алеся, які ў канцы першай кнігі горда заяўляе: "Я мужык. Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне вярнула да народа. Да гнанага, да аббрэханага кожным сабакам. І я цяпер з ім, што б ні здарылася".
Менавіта нарадалюбства зблізіла Загорскага з Кастусём Каліноўскім, прывяло ў нелегальную пецярбургскую арганізацыю "Агул", якая рыхтавала паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі, была цесна звязана з рускімі рэвалюцыйнымі дэмакратамі. Той Алесь Загорскі, які паўстае перад чытачом у канцы першай кнігі рамана, — гэта свядомы барацьбіт супраць прыгонніцтва і рускага самаўладства. Аднак ён ніколі не атаясамліваў, як некаторыя яго сучаснікі, рускае самаўладства з рускім народам. Знаёмства з рускай класічнай літаратурай, з "Современником" і "Колоколом", з пецярбургскай і маскоўскай грамадскасцю прывяло яго да вываду, што ёсць Расія тых, каго вешаюць, і Расія тых, хто вешае. Расія сваяка дзекабрыста Ісленьева і Расія жандарскага паручніка Мусатава. Рускія, кажа Алесь у палеміцы з польскім шавіністам Ямантам, "гэта адны з самых добрых людзей на свеце. Урад толькі ў іх дрэнны, вось што. Зменім — усё будзе хораша".
Вобраз Алеся Загорскага, вачыма якога ўспрымаецца большасць падзей у рамане, з'яўляецца творчай удачай аўтара. Гэта — надзвычай цэльная і бескампрамісная натура, здольная на гераізм і самаахвяраванне ў імя агульнай справы. Сімпатыі Алеся заўсёды на баку абяздоленых. Прыгадаем хаця б, як ён, уступаючыся за скатаванага Корчака, уляпіў дзяржалам Кроеру ў "перакошаны твар". Прыгадаем, з якой высакароднасцю ён паводзіць сябе, ратуючы Чорнага Войну або старога Раўбіча, абараняючы ад Мусатава гарыпяціцкіх сялян. Гэтая высакароднасць праяўляецца і ў яго адносінах да жанчын. Пачуцці Алеся да Майкі Раўбіч, да былой прыгоннай актрысы Гелены вызначаюцца незвычайнай цнатлівасцю, душэўнай шчодрасцю і пяшчотнасцю. І ўсё ж, гаворачы аб тым, як у рамане паказана інтымнае жыццё героя, нельга не папракнуць аўтара за некаторыя мастацкія хібы. У Алесева каханне да Гелены чытач верыць, бо яна — рэальная, зямная істота, акрэсленая індывідуальнасць. На жаль, гэтага нельга сказаць пра Майку Раўбіч. Яна хутчэй прывід, увасабленне жаночага ідэала ўвогуле, яе адметнасць, "другасць" у параўнанні з Геленай толькі дэкларуюцца (магчыма, у гэтым вінаваты зробленыя рэдакцыяй часопіса скарачэнні).
Алесь Загорскі — гэта дзіця свайго часу, свайго веку. Ён адначасова строгі рэаліст і ўзнёслы рамантык. Ён становіцца вучоным-энцыклапедыстам і
Побач з Алесам Загорскім, які народжаны творчай фантазіяй аўтара (мы не ведаем, меў Алесь свайго прататыпа ці не, ды гэта не так і важна; важна, што час якраз нараджаў такіх, як ён), побач са старым вальнадумцам Вежай, Раўбічамі, Клейнай, Хаданскімі, Кагутамі, Корчакам у рамане дзейнічаюць і гістарычна рэальныя асобы — Тарас Шаўчэнка і Зыгмунт Серакоўскі, Адам Кіркор і Станіслаў Манюшка, Дунін-Марцінкевіч і Сыракомля. З дакументальнай дакладнасцю (можа, нават празмернай) апісаў аўтар літаратурны вечар пісьменнікаў, якія групаваліся вакол "Кур'ера Віленьскага", і нелегальныя сходкі рэвалюцыянераў у Пецярбургу. Як правіла, мастацкая характарыстыка рэальных асоб адпавядае той, якую дала ім гісторыя. А часам аўтар уступае і ў палеміку з гісторыкамі. Так у творчых абліччах Баршчэўскага і Дуніна-Марцінкевіча падкрэсліваюцца народныя, дэмакратычныя элементы, на якіх раней не акцэнтавалася ўвага. Мастацкая інтуіцыя падказала аўтару, што не мог Кіркор, як гэта сцвярджаюць гісторыкі, папракаць Дуніна-Марцінкевіча ў насаджэнні правінцыялізмаў — у рамане гэтыя словы ўкладзены ў вусны Ходзькі. І гэта слушна: Кіркор, які зрабіў столькі карыснага для беларускай літаратуры, не мог выступаць супраць аднаго з яе пачынальнікаў.
Сярод гістарычных асоб рамана на першы план вылучаецца фігура Кастуся Каліноўскага. Праўда, у першай кнізе ён яшчэ эпізадычны персанаж. Чытач знаёміцца з Каліноўскім пераважна па пісьмах, якія той адрасуе Загорскаму, пісьмах усхваляваных і шчырых, хаця часам і празмерна пафасных — наўрад ці выказваў бы Каліноўскі, умелы і асцярожны канспіратар, так адкрыта сваю варожасць да царызму ў пісьмах, якія маглі б трапіць у рукі пабочных асоб. І ўсё ж з асобных рысаў перад чытычом прадстае прывабны воблік прафесіянальнага рэвалюцыянера, патрыёта і грамадзяніна, валявога і адначасова чулага чалавека, які дзеліцца апошнім з галодным дзіцём. Каліноўскі разумее, што вайна — зло, што смерць — гэта страшна. І тым не менш ён без ваганняў заклікае пачаць паўстанне: "Я прапаную: народы вызваляць і сялянам даваць зямлю. Я прапаную: паноў, якія рабавалі, высяляць з краіны, пазбаўляючы майна, а цмокаў — расстрэльваць рукамі працоўных людзей". Пісьмы і прамовы Каліноўскага аказалі велізарны ўплыў на погляды і перакананні маладога Загорскага. З першай сустрэчы, з той бяскрыўднай бойкі на свіслацкім кірмашы яны сталі сябрамі на ўсё жыццё.
Раман "Каласы пад сярпом тваім", адзін з нямногіх у нас гістарычных раманаў, сведчыць аб творчай сталасці яго аўтара. Можна было б пісаць і аб уменні пісьменніка будаваць сюжэт, і аб вобразнасці і свежасці мовы рамана, крыху архаізаванай (прыгадаем хаця б гэта: "І яшчэ Аза мела ласку прывесці шчанюкоў") і адначасова вельмі сучаснай. У кожным дыялогу, у кожным параўнанні ("Сумная і пяшчотная, халодная і жывая, як падснежнік"; "Чорныя, з цяжкім, як галаўны боль, адценнем") адчуваецца свой пісьменніцкі почырк, свой індывідуальны стыль, свая інтанацыя, якую не зблытаеш з іншай. Часам гэтая вартасць, праўда, абарочваецца процілеглым бокам, і героі Караткевіча (Марка, Павал) пачынаюць гаварыць так, як гаварыў бы сам аўтар.
Паколькі гаворка ўжо зайшла пра недахопы рамана, хочацца папракнуць аўтара і ў тым, што часам ён выдае жаданае за сапраўднае. Я маю на ўвазе пашырэнне беларускай мовы сярод буйной шляхты ў сярэдзіне ХІХ ст. Вядома, нават магнаты добра ведалі "мужыцкую" гаворку — не па-французску ж яны звярталіся да сялян. Як бачна з мемуарных і архіўных крыніц, беларуская мова была пашырана сярод шляхты куды больш, чым прынята ў нас цяпер сцвярджаць. З'яўляліся і адзіночкі накшталт Загорскага, якія прынцыпова пачалі гаварыць па-беларуску. І ўсё ж, калі аўтар піша, што ў прыгонным тэатры старога Вежы ставілася беларуская вершаваная драма "Гарыслава і Людамір" і цытуюцца радкі з гэтай драмы, якія гучаць як сучасны верш, — я ў гэта не веру. Гісторыя не ведае беларускіх п'ес (прытым п'ес дасканалых!), якія ставіліся б прыгоннымі тэатрамі ў ХІХ ст.