Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
Шрифт:
А як узрадаваўся Караткевіч, калі потым, у час камандзіроўкі ў Польшчу, я знайшоў у Варшаве рукапісныя "Нататкі паўстанца 1863 года ў Магілёўскай турме". Сярод іншых прозвішчаў там упамінаўся і той жа Тамаш Грыневіч. Больш таго, прыводзіўся напісаны ім верш "Песня прыгаворанага да смерці…", дзе выказана цвёрдая ўпэўненасць у тым, што справа свабоды не загіне, "пакуль жыве славянскае племя". Дзеля вызвалення, гаворыцца ў вершы, трэба паказаць народу прыклады гераізму і самаахвярнасці. Перамога не прыйдзе сама сабой: "Полымя раптам не ўспыхвае — яно пачынаецца з іскры". А далей у запісной кніжцы ішоў верш, прысвечаны ўдаве Грыневіча, якая, падобна гераіні рамана "Нельга забыць", спазнілася на некалькі трагічных мінут з
Такім чынам, крыху нечакана для самога Караткевіча было дакументальна пацверджана тое, што дагэтуль цьмяна жыло ў сямейным паданні, што ўзнёсла было апісана ў пралогу да рамана "Нельга забыць" (паралелі паміж Тамашом Грыневічам і Усяславам Грынкевічам відочныя). Гэта дало аўтару дадатковыя аргументы супраць тых, хто бачыў у рамане адну "выдумку".
А яшчэ Уладзімір Караткевіч неяк сказаў, што ўсе з яго роду, з яго сям'і годна трымаліся ў 1937 годзе. Даносчыкаў сярод іх, на шчасце, не аказалася.
Ваенныя гады. Яны балюча ўвайшлі ў свядомасць Караткевіча. Бачачы сытую закусь, ён не раз успамінаў, як галадаў у час эвакуацыі, калі разлучыўся з бацькамі. Вайна не палохала яго: наадварот, некалькі разоў з інтэрната ўцякаў на фронт. А калі знаходзіўся ў Маскве і пачыналася бамбёжка, то не бег, разам з іншымі, у сховішча, а зганяў ката са скрыні, дзе ляжалі старыя часопісы, усядаўся на ёй і чытаў "Вокруг света" — прывязанасць да гэтага выдання засталася на ўсё жыццё.
Кіеўскі перыяд. Пра яго мне двойчы расказваў Фларыян Няўважны, вядомы польскі літаратуразнавец і перакладчык. Ён вучыўся ў Кіеўскім універсітэце разам з Караткевічам, сябраваў з ім. Некалькі разоў яны разам прыязджалі на канікулы ў Оршу.
— Мяне, наіўнага шчанюка, — згадваў Няўважны, прыехаўшы ў Мінск у 1974 годзе, — Валодзя здзіўляў тады яўным антысталінізмам. У дзень смерці Сталіна ўстроіў у інтэрнаце дэманстрацыйнае застолле. Потым, калі сталі прыпіраць да сцяны не толькі яго, але і сяброў, баронячы іх, выкручваўся: з гора… Караткевіча вельмі любіў і заўсёды бараніў акадэмік Бялецкі. Ён хацеў узяць Валодзю ў аспірантуру, нават тэму падабралі — пра паўстанне 1863 года ў славянскіх літаратурах. Але будучы "клясык" зрэзаўся на экзаменах — на пытанні пра Берыю. Праўда, выпіскі для дысертацыі працягваў рабіць. Потым яны прыдаліся для "Каласоў…".
Па словах Фларыяна Няўважнага, у Кіеўскім універсітэце Караткевіч быў душой курса, яго сумленнем. Адны яго вельмі паважалі, іншыя ненавідзелі, пабойваліся, бо маглі атрымаць здачу. Пра сілу, мужнасць і прынцыповасць Валодзі хадзілі ва універсітэце легенды (напрыклад, як уратаваў ад хуліганаў Бялецкага).
Аднак вернемся да падзей 1962 года. На жаль, мая першая рэцэнзія на раман "Нельга забыць" аказалася тады і адзінай. Ацэнкі, дадзеныя ў ёй, не знайшлі падтрымкі ў друку. А можа, нават выклікалі адваротную рэакцыю. Бо праз колькі месяцаў у газеце "Советская Белоруссия" быў надрукаваны артыкул Я. Герцовіча "Пошукі, знаходкі, страты", дзе аўтару рамана былі прад'яўлены сур'ёзныя абвінавачванні. Тагачасны "афіцыйны" крытык папракаў Караткевіча ў кніжнасці, другаснасці, у тым, што яго галоўны герой "Андрэй Грынкевіч і яго таварышы — адарваныя ад жыцця фармалісты, якіх мала цікавіць змест нашага мастацтва, яго ідэйная накіраванасць. Форма для іх ператвараецца ў самамэту і набывае "самастойнасць" і "незалежнасць" ад зместу, ад ідэйна-эстэтычных функцый". Галоўны герой рамана здаўся крытыку абмежаваным і глухім на ўсё "цецеруком"… У няўдалым выбары галоўнага героя, у няправільным паказе жыцця Літаратурнага інстытута абвінаваціў Караткевіча маскоўскі рэцэнзент В. Чалмаеў. Выказваліся таксама сумненні ў верагоднасці ўсяго таго, што адбывалася ў пралогу рамана.
Артыкулы Я. Герцовіча і В. Чалмаева былі ўспрыняты
— Цкаванне абстракцыяністаў пачалося па ініцыятыве Герасімава, — Валодзя дужа нерваваўся, прыкурваў адну "беламорыну" ад другой. — У выяўленчым жа мастацтве няма ў нас такой моцнай і талковай асобы, як Шастаковіч у музыцы… На іхняй выстаўцы Мікіта Сяргеевіч вельмі злаваў і нават крычаў. Аднаму з фармалістаў — ды якія яны ўсе фармалісты, глядзеў іх выстаўку ў Літаратурным інстытуце… Дык вось, аднаму з фармалістаў ён сказаў: "Руку дай! О, моцная рука! Такой — лапату або сякеру трымаць, а не мазню разводзіць! У Брацк, у Сібір! Вон з Масквы!" Тут у гаворку ўмяшаўся Неізвесны, пачаў бараніць сяброў. "Вы — іншая справа, — нейтралізаваў яго Хрушчоў. — Вы талент. Дарэчы, дзе вы берыцё бронзу для скульптур?" "Крадзем. У металаломшчыкаў часам, на заводзе. Дарэмна вы, Мікіта Сяргеевіч, паўсталі супраць бронзавых помнікаў". "Магчыма…" Ну і гэтак далей… — абарваў расказ Караткевіч, пабачыўшы, што зайшоў нехта непажаданы.
Размова пераключылася на беларускі тэатр. Караткевіч пахваліўся, што яму прапанавалі напісаць п'есу для купалаўцаў. Янка Брыль стаў яго пераконваць, што гэта вельмі важна. Бо хутка, "калі ўсе майстры пойдуць на пенсію", не будзе чаго ставіць. Затым, па просьбе Караткевіча, Брыль расказаў пра сваю нядаўнюю паездку ў Польшчу, дзе ён быў разам з С. Кірсанавым. Савецкіх гасцей прымаў Уладзіслаў Бранеўскі. Стомлены "траскучай" паэзіяй, ён папрасіў кагосьці з блізкіх прынесці яго кнігу і прачытаў з яе ўсяго адно чатырохрадкоўе — пра тое, як чалавек едзе цягніком і бачыць за акном верасы…
— Так і ў жывапісе, — вярнуўся да праціўнікаў маскоўскіх "фармалістаў" Караткевіч. — Трашчаць, пафаснічаюць, фатаграфуюць… І Рэпін, і Ярашэнка — не фатаграфія. І Матэйка з яго "Грунвальдам" таксама… А гэтыя…
— Што ты, Валодзя, сёння нейкі змрочны, — стараўся разрадзіць атмасферу Брыль. — Махні рукой на ўсіх і пішы свае раманы. Пра Багушэвіча хаця б. Пра яго акружэнне.
— Баюся, стары, што гэта пачатак канца. Знак, што мы зноў вяртаемся да ранейшага. Таго самага… А пра Багушэвіча я падумаю… Дайце перш з Каліноўскім разабрацца!
Караткевіч тады нібы ў ваду глядзеў. Сапраўды, у наступным, 1963 годзе "адліга", што пачалася з сярэдзіны пяцідзесятых, імкліва стала змяняцца новымі "замаразкамі". У наступ пайшлі кансерватыўныя сілы, якім па нутру былі сталінскія парадкі. Як праявы фармалізму ці абстракцыянізму сталі асуджацца творчыя пошукі ў змесце і форме, усё наватарскае і неардынарнае. У беларускай літаратуры адной з першых ахвяр "пахаладання" стаў Уладзімір Караткевіч. Крытычныя выказванні Я. Герцовіча і В. Чалмаева рашуча паўплывалі на далейшы лёс яго рамана "Нельга забыць". Яго кніжны варыянт, набраны да друку, у нейкай там інстанцыі (аўтару не казалі, у якой) "не быў рэкамендаваны" да друку. Караткевіч адчайна ўхапіў у выдавецтве карэктурны адбітак і прыхаваў яго да "лепшых часоў".