Знак бяды
Шрифт:
Пятрок думаў, яна рванецца ці зараве, а яна неяк дужа пакорліва ўпала на падкурчаныя ногі і тыцнулася пысай у гразь. Паволі кладучыся на бок, адкінула на траву голаў, зрэнкі ў яе вялікіх вачах закаціліся ўніз, з храпы вырваўся непрацяглы ўсхрып, і яна канчаткова выцягнулася на падворку. Толькі па скуры некалькі разоў прабегла дрыжака-сутарга, і ўсё ў яе знерухомела.
У Петрака дробненька трэсліся рукі і ўсё нутро зябка дрыжэла, калі ён пайшоў з падворка, дзе фельдфебель пакрыкваў ужо на немцаў — мусіць, нешта загадваў.
9
Надзіва сабе самой Сцепаніда не дужа ўбівалася па карове — як ні шкада ёй было Бабоўку, яна адчувала, што рушылася штось непамерна большае і што вялікая небяспека набліжалася да іх ушчыльную. Заходзіла яна здаля — ад падворка, дарогі, праз малако, хату, калодзеж,
Сцепаніда сядзела ў істопцы і нават не пазірала ў акенца — яна чула ўсё, што рабілася там, на падворку. Ажыўлена гамонячы, немцы знялі ў хляве дзверы, усталявалі іх пасярод падворка і ўзяліся свежаваць там Бабоўку. Мусіць, драў шкуру ўсё той жа Карла. Чула: там сярод выкрыкаў і смеху салдатні называлася яго імя, нешта гаманіў фельдфебель, тады іншыя прыціхалі, толькі коратка гучала чыё-небудзь «яволь»; саплі ад натугі салдаты і трашчала каровіна шкура. Пятрок кудысьці сышоў, здаецца, на падворку яго не было, інакш бы яна яго ўчула ці ўчула б чый-небудзь крык на яго. І яна сядзела адна на сваім сеннічку на ўслоне ў прахладным паўзмроку істопкі, цяпер ёй не было куды ісці, не было што рабіць. У істопцы было не сцюдзёна, ціхмана, канчаўся пагодлівы восеньскі дзень, яркі сонечны лапік з акенца пасунуўся ад пашчэрбленай земляной падлогі да жорнаў і коса высвеціў там патрэсканыя закапцелыя бёрны сцяны. Гэты залацісты лапік, аднак, усё вузеў, зыходзіў на тонкі блішчасты аскялёпачак і ўрэшце прапаў зусім — сонца схавалася за высялкоўскім пагоркам. У істопцы адразу стала цямней, стуліліся ў паўзмроку вуглы, закуткі, насоўвалася ноч. Немцы ўвесь дзень пратаўкліся на хутары, на мост так і не ездзілі, мусіць, сапраўды сёння было ў іх нейкае свята ці які адпачынак. Сцепаніда чакала, калі яны ўрэшце ўгамоняцца на падворку ці хоць бы зоймуцца якім клопатам, — ёй усё ж трэба было наведацца ў застаронак, пакарміць парсючка, каб той не заскуголіў з голаду і таксама не апынуўся ў іх ненажэрнай кухні. Але яна не магла выйсці цяпер, калі яны гэтак апанавалі сядзібу і нікуды не рушылі з яе. Увесь дзень Сцепаніда чакала зручнага для сябе моманту і вось дачакалася вечара.
Яна здрыганулася ад нейкага тупога моцнага ўдару там, на падворку, затым наступнага; штось там раструшчылася, нібы сухадрэвіна, і яна, устаўшы, зірнула ў акенца. Чалавекі чатыры тупалі там ля асвежаванай, нейкай дужа невялічкай, бы цялячая, тушы Бабоўкі, і крутаплечы без мундзіра немец з закасанымі рукавамі белай сарочкі сек яе тапаром, аж падкідваліся на дзвярах каровіны ногі. Галаву яны ўжо адсеклі, і тая ляжала цяпер на стаптанай мураве ля палаткі, выставіўшы ў звечарэлае неба чорны, загнуты над лобам рог.
Сцепаніда зірнула ў акенца раз-другі, болей пазіраць не стала — яна не трывала бачыць такое. А яны там усё секлі Бабоўчыны косці, скабы, ногі, хрыбет, і кожны ўдар сякеры болем роспачы аддаваўся ў яе сэрцы.
Прыцемак блізкай ночы ўсё болей апаноўваў цеснае, застаўленае розным начыннем памяшканне істопкі. Петрака ўсё не было, і Сцепаніду пачаў агартаць неспакой. Штосьці трэба было рабіць, але што? Што яна магла ўвогуле зрабіць тут, калі не мела ніякага права,
Яна зноў зазірнула ў акенца — з Бабоўкаю там было ўсё скончана, на траве ляжалі спэцканыя крывёй дзверы, немцы стаялі і сядзелі ля кухні, дзе, мабыць, даварвалася вячэра і адкуль несла нясцерпным пахам варанага мяса. Петрака па-ранейшаму нідзе не было відаць. Яна падбегла да глухой сцяны істопкі, услухалася — не, з гарода не чутна было нічога, можа, варта было цяпер, у шэрую гадзіну, і шаснуць да застаронка. Калі яна слухала, позірк яе незнарок напаткаў блішчасты бок суляі на паліцы, і яна падумала: увечары спаляць. Мусіць жа, трэба будзе святло і забяруць газу. Каб тая не стаяла перад вачыма, Сцепаніда зняла цяжкую суляю з паліцы і засунула ў кут пад жорны, заставіла цабэркам. Пасля набрала з цабэрка ў чыгунок яшчэ пазаўчарашняй варанай бульбы, захінула яго фартухом і асцярожна прыадчыніла дзверы з істопкі.
У сенцах не было нікога, на камянях прыступкаў таксама, яна нячутна пераступіла парог і па-над сцяной істопкі матлянулася да дрывотні. Яна не пазірала на немцаў, чакаючы і баючыся іх вокрыку, але, занятыя гаманой ля кухні, тыя, мусіць, не вельмі ўзіраліся ў яе. За рогам дрывотні яна ўздыхнула, пералезла цераз жэрдку ў гарод. Курыны хляўчук быў насцеж расчынены, падпорка валялася ў доле, курэй там не было ніводнай — ці не ўсіх ужо перастралялі гэтыя сабакі, падумала яна. А можа, пахаваліся? Ці паўцякалі? Яшчэ ўслухаўшыся ў дружны салдацкі рогат, які выбухнуў за хатай, яна ціхенька, каб чым не стукнуць, адцягнула ад дзвярэй застаронка саху, і да яе ног з такім імпэтам выкаціўся яе парсючок, што яна аж спалохалася: што з ім рабіць? Ціха рохкаючы, той радасна тыцкаў у яе ногі кароткім сваім лычком, нібы патрабуючы штось, і тады яна падалася назад праз дзядоўнік да сцежкі-разоры цераз гарод да рова. Парсючок надзіва рахмана, нібы сабака, заспяшаўся следам — подбегам з невялікімі прыпынкамі, і яна аж сцялася ўся: хоць бы не выйшаў хто з-за хаты, не ўбачыў іх тут.
Але сталася так шчасліва — з падворка не выйшаў ніхто, яна правяла парсючка здратаваным, з растаптанымі градамі гародам да плота, пералезла цераз жэрдку: парсючок з ціхім сапам прашчаміўся нізам, і тут ужо яго затулілі быльнёг, кусты ажавіння ля сцежкі. Побач быў роў, а на ўзроўку крыху воддаль адсюль варухнулася знаёмая постаць пастушка Янкі. «Уцякай ты адсюль! Уцякай!» — замахала яна рукой. Не хапала яшчэ трапіць на вочы немцам з тым яго статкам, пастраляюць кароў — ім хіба шкада? Але Янкавага статка паблізу не было відаць, мабыць, ён ужо загнаў яго ў Выселкі, а сам, насуперак яе жаданню, чамусьці бег ёй насустрач. На самым узроўку яны сустрэліся, трохі захінуўшыся ад сядзібы крайнім кустоўем алешніку. Янка, як заўжды, нешта пакутна-гугнява паспрабаваў сказаць, ды яна не зразумела нічога.
— Во парсюк! Каб схаваць дзе?
Надзіва, ён зразумеў. На момант у яго пільных вачах пыхнула ўвішным пытаннем, а затым ён ужо замахаў рукамі, паказваючы ў завалочаную вечаровым прыцемкам глыбіню рова, куды праз хмызняк бегла крывулястая сцежка. Сцепаніда не зразумела, і ён ухапіў яе за рукаў ватоўкі, пацягнуў. Перш чым яна наважылася ісці, парсюк ужо рушыў за ім, нецярпліва торкаючы лычком у босыя Янкавы ногі.
Яны не хутка, аднак, спускаліся крутаватай, месцамі нават абрывістай сцежкай. Парсюк боязна зарохкаў перад абрывам, не цямячы, як з яго злезці, Янка тады прыступіў на калена і знізу пераняў яго, але парсючок трапянуўся, завішчэў, і Янка змушаны быў пусціць яго на свае ногі. Не збочваючы нікуды са сцежкі, парсючок увішна і борздзенька ішоў за Янкам.
Урэшце яны апынуліся ля ручая ў сыраватым, зарослым крапівой і бадыллём прыцемку, Янка некуды ўсё імкнуў над ручаём, вабячы парсючка і Сцепаніду ў сцішэла-вечаровыя нетры ляснога рова. І, надзіва, парсючок слухаўся яго лепш, чым калі б яго вяла Сцепаніда: можа, адчуваў што ці быў згаладнелы і меў спадзёўку на ежу. Калі неўзабаве, хапаючыся за голле ляшчынніку, Янка збочыў са сцежкі і палез угору, Сцепаніда здагадалася, куды гэта ён. Ведала: тут недзе пад выварацінай-елкай на схіле рова была барсукова нара. Барсука даўно ўпалявалі з сабакам браты Біклагі з мястэчка, нара пуставала гады мо чатыры, хлапчукі, забаўляючыся, раскапалі яе ўваход, але да канца не дакапаліся — такая яна была доўгая.