Знак бяды
Шрифт:
Ён зноў вярнуўся ў істопку, прычыніў ззаду дзверы. Цяпер ён баяўся выходзіць на падворак, каб лішне не назаляць ім, мусіць, трэба было сядзець тут, у гэтым старасвецкім сховішчы, бо дзе яшчэ было дзецца гаспадару на акупаванай сядзібе? І ён ціхенька, каб не грукнуць чым у паўзмроку, надзеў свае апоркі, тужэй захінуўся ў кажушок і стаў ля акенца. Хацелася курыць, але прыкурыць не было як, і ён цярпліва трываў, чакаючы немаведама чаго. Тым часам добра развіднела, папрачыналіся немцы, пачалі сноўдаць неапранутыя, у сподніх кашулях, блакітных і белых майках — то па патрэбе за хлеў, то курылі і па-фізкультурнаму разміналіся на падворку. Адзін у апушчаных на сцёгны помачах выцягнуў з калодзежа вядро вады, пачаў мыцца збоч ад кухні пад тынам. Там жа прыладзілі на тыне невялічкае люстэрка і галіліся нейкімі кароценькімі брытвамі.
Займаўся лагодны, зусім не па-восеньску цёплы ранак. Недзе за тонкай смугой аблокаў блукала гатовае вось-вось выглянуць сонца. Немцы зусім параспраналіся, скінулі шынялі, а то і мундзіры. Адзін з гладкай, рудой ад загару спінай доўга мыўся ля студні, стоячы толькі ў трусах ды ботах, другі паліваў яму з кацялка, і абодва, па-маладому бесклапотна рагочучы, пырскаліся вадой. Злы кухар, апрануты сёння ў кароценькую белую куртачку, і Карла шчыравалі ля кухні: Карла, прыгнуўшыся, пароў у невялічкую топку, а кухар нешта мяшаў у катле з адкінутым вечкам. Забітую ім варону двое ўжо апранутых, але без пілотак немцаў ладзілі на вышэйшы калок у паркане, неяк склалі ёй крылы, каб было, нібы ў жывой, але мёртвая галава птушкі не трымалася роўна і ўсё падала дзюбай набок. Тады адзін прынёс з машыны тонкую драціну і неяк прымацаваў там галаву, хоць усё роўна было відаць, што варона забітая. Ён толькі адышоўся, азіраючы сваю работу, як у сенцах бразнулі дзверы, Пятрок насцярожыўся, зазіраючы наўкось у акенца, — на камянях пры парозе ўжо стаяў афіцэр, таксама ў расшпіленым кіцелі, без шапкі, з ускалмачанай чорнай чупрынай. На момант афіцэр агледзеў падворак, на якім неяк адразу падабраліся, пацішэлі салдаты, і нешта сказаў таму, што стаяў ля вароны. Той адказаў, заўсміхаўшыся ўсёй сваёй маладою круглаватаю мордаю, і адышоўся ўбок.
Пятрок прыпаў шчыльней да бервяна, каб згледзець, што будзе далей, але, мусіць, і так усё было зразумела. Афіцэр ужо цэліўся з ганка ў варону, тонкі ствол яго пісталета трохі варушыўся ў бакі, пакуль ён лавіў варону на мушку, пасля знерухомеў, знянацку ляснуў кароценькі стрэл — з птушкі над тынам паляцела пер'е.
— Браво! Браво! — заляскалі ў далоні немцы, што мыліся ля калодзежа, і адзін з намыленымі шчокамі ўбаку, і яшчэ нехта, каго Пятрок не мог згледзець з акенца. Тады афіцэр прыцэліўся яшчэ, і яшчэ лопнуў стрэл, на гэты раз куляй у вароны адарвала ўсю галаву з дзюбаю. «Браво!» — сказаў нехта спазнела. Афіцэр задаволена схаваў пісталет і пайшоў да кухні, на хаду апранаючы ў рукавы кіцель. Аднекуль да яго падскочыў вёрткі фельдфебель, і яны пачалі размову, якую Пятрок ужо не мог зразумець.
Тут, стоячы ля акна, ён учуў іншае, ад чаго на момант збянтэжыўся, не ведаючы, што рабіць. Там, за сцяной істопкі, дзе быў невялічкі садок, трэслі яблыню — аж шамацела лісце і, чутна было, густа падаючы, важка грукалі аб зямлю яблыкі, мусіць, яго антонаўкі, якія ён цярпліва спяліў на зіму. Крыўда знянацку апаліла яго, і Пятрок, забыўшыся на асцярогу, памкнуў з істопкі — усё ж гэта быў непарадак — хіба так можна рабіць? Ну, адшчыкнулі б пяток ці дзесятак яблыкаў, хай бы наклалі пару гэных пілотак — нашто ж так самавольна абтрасаць усё дзерава? І гэты афіцэр, хіба ён не крыкне на іх?
Падхоплены раптоўнаю крыўдай, Пятрок выбег праз расчыненыя дзверы з сенцаў і паўз вокны каля палаткі, прысунутай да самае прызбы, шаснуў у гародчык. Канешне ж, так яно і было. Адзін немец, раскарачыўшыся ботамі ў тоўстым галлі, сядзеў на яблыні і трос сук, спелыя яблыкі з важкім лопатам сыпаліся на грады
— Усё ж нядобра так, — крыху памаўчаўшы, сказаў ён. — Я ж вашаму афіцэру пажалюся. Нядобра, паны немцы.
Той рыжанькі, зусім яшчэ хлопчык з выгляду, выпрастаўся, неяк зладзеявата зыркнуў на яго і, хіхікнуўшы, замахнуўся надкушаным яблыкам. Пятрок ледзьве паспеў адхінуцца, і яблык, ударыўшыся ззаду аб сцяну, адскочыў у крапіву.
— Зладзюгі вы! — сказаў Пятрок амаль у адчаі. — Ну, пачакайце!..
Ён павярнуўся з рашучасцю паскардзіцца афіцэру, але ў той час ля хляўка ляснулі запар два стрэлы, і са здзічэлым кудахтаннем кінуліся цераз плот куры. Пятрок, згубіўшы ў баразне апорак, застыргікаў да хляўка па гэты бок істопкі. Стрэл ударыў яшчэ адзін раз, і цыбаты немец з дрывотні, спрытна пераскочыўшы цераз плот, з растапыранымі рукамі кінуўся ў быльнёг. Ззаду ля старой калоды стаяў з рэвальверам у руцэ фельдфебель, ён ажывела гергетаў нешта, звяртаючыся да двух ці трох немцаў, і тыя скалілі белыя зубы — смяяліся. Далей, назіраючы за ўсім, пахаджваў афіцэр у незашпіленым ад ранку мундзіры, з-пад якога паказвалася на дзязе скураная кабура.
Ураз страціўшы нядаўнюю рашучасць, Пятрок спыніўся — каму было скардзіцца? Тое, што рабілі салдаты, відаць, не было чымсь недазволеным, іх камадзіры, мусіць, былі такія ж. Мусіць, усё тое было ў іх заведзена, як у заваёўнікаў. Цыбаты тым часам пералазіў ужо цераз плот, у высока ўзнятай руцэ трымаючы за складзеныя лапкі курыцу, якая яшчэ роспачна біла ў паветры крыллем. Фельдфебель з рэвальверам у руках азіраўся па баках, мусіць, шукаў дзе яшчэ курэй. Але тыя пазашываліся са страху хто куды, ніводнай не было відаць на падворку. Пятрок памалу шкандыбаў на дрывотню, адчуваючы поўнае сваё бяссілле і нават не ведаючы, куды падацца цяпер, каб не быць у іх на вачах. Аднак ён ужо трапіў на вочы, фельдфебель апусціў рэвальвер, і ягоны пыхлівы твар ураз страціў вясёлае паляўнічае ажыўленне.
— Ком!
Ну канешне, зараз ён пачне чапляцца, можа, паб'е ці нават застрэліць яго — хіба ім доўга. Пятрок як быў, з адной босай нагой, сашкандыбаў з дрывотні і стаў на сушэйшым.
— Млеко! Варум нікс млеко?
Фельдфебель чакаў адказу, з ім побач стаялі яшчэ два немцы, сюды ж усё ў незашпіленым кіцелі з мноствам гузікаў на грудзях кіраваў афіцэр.
— Дык карова пасецца, — проста сказаў Пятрок, трохі дзівячыся гэтаму наіўнаму пытанню.
— Ком карова! Бістро! Ты поняль? — прагергетаў фельдфебель, і Пятрок падумаў: аднак жа далося ім тое малако. Ці ў іх няма чаго іншага жэрці, што яны так прычапіліся да малака?
— Ком карова! Нах хаўз карова! Поняль?
— Паняў, — паныла сказаў Пятрок і павярнуўся назад да дрывотні. Трэба было ісці шукаць у парасніках Сцепаніду з Бабоўкай.
Тыя, у садку, ужо ўзлезлі на другую яблыню, з кіславатымі невялічкімі яблыкамі, якімі было густа абсыпана сучча, і латашылі іх там у кішэні і пілоткі. Двое іншых выглядвалі штосьці ў доле, сноўдалі на градах, топчучы не выбраныя яшчэ буракі і цыбулю. Цяпер Пятрок нічога не сказаў ім — хай хапаюць, хоць падавяцца. Ён знайшоў у баразне свой апорак і пайшоў разораю да раўка. Было пэўна ўжо, што ўся гародніна, садавіна ды і ўся гаспадарка пойдзе на скрут і бурэнне, цяпер не ўберажэш нічога. Пашэнціла б уберагчы галаву.
Знарок ён ішоў нетаропка, думаў і слухаў, ці не грукне яшчэ стрэл на сядзібе, мусіць жа, адной курыцы ім будзе мала. І сапраўды, толькі ён дайшоў да беражка рова, як ззаду бахнула тры разы запар, Пятрок азірнуўся — не, адсюль не відно было, мусіць, стралялі па той бок сядзібы ці на падворку. Хай бы яны перастраляліся там самі, меней было б на свеце. Але, мабыць, сваіх не застрэляць, а курачак ці застанецца хоць на развод. «І глядзі, во так і не збіраюцца на працу, ладзіць той мост, — ці ў іх выхадны сёння, ці якое нямецкае свята?» — думаў Пятрок. Так хацелася яму сысці і не вяртацца на гэты хутар, тым болей што разгулялася добрае надвор'е, у небе праяснілася, стала прыграваць невысокае сонца, ветрык зайшоў з паўдня і зранку быў цёплы і ласкавы. Такое выдараецца не часта ўвосень. Можа, то зачыналася бабіна лета з яго спазнелай, скупой, але такой жаданаю радасцю ў прыродзе. Каб не гэтыя злыдні.