Чтение онлайн

на главную

Жанры

Знак бяды

Быкаў Васіль

Шрифт:

6

Два немцы поркаліся сабе ля кухні, а Пятрок сеў ля акна ў хаце і з гора скруціў вялізную, з бабовы струк, цыгарку. Добра пакамечаную ў пальцах жаўтлявую нямецкую цыгарэтку ён схаваў за планку пад абразамі — скурыць калі ў іншы час. Трэба было брацца за справу — прыбіраць у хаце, выкінуць у істопку ўсё лішняе, аслабаніць ад бабскага начыння качарэжнік, а галоўнае — мыць падлогу. Ён злаваў на Сцепаніду за яе незгаворлівасць: кінула ўсё, пабегла. Чорт бы яе не ўзяў, тую карову, мусі бы, пастаяла да паўдня ў хляве. Ці тут да каровы, калі на падворак уехалі гэтыя… Аднак даў жа Бог клопату, наслаў немцаў, ці ім мала было гарадоў, мястэчак, хоць бы якіх

вёсак, дык во, дабраліся і да гэтага Богам забытага хутара.

Хваравіта кашляючы (балела з начы ў грудзях), Пятрок пазіраў у акно на тых двух, што цяпер гаспадарылі ля яго калодзежа. Адзін, здыхлаваты і белабрысы, у абвіслым на азадку камбінезоне, нешта сыпаў белае ў кацёл кухні, з якога валіла воглая пара, а прысадзісты, з рабым тварам раскладваў нейкі прыпас на вечку драўлянае скрынкі, акуратна засланай чыстай белай цыратай. «Глядзі, культурныя!» — з зайздрасцю падумаў Пятрок і гаротна ўздыхнуў: праз гэту іх культуру бярыся цяпер за вядро і анучу, расчынай гразь у хаце. Добра, што было суха і цёпла, дык ім яшчэ каб і чыста. Культурныя…

Цыгарка яго тым часам ужо расклейвалася ў пальцах, але ён не меў чым яе прыпаліць і не адважваўся падысці да немцаў, каб папрасіць агню. Ды ўсё ж прага курыць нарэшце перасіліла нерашучасць, Пятрок выйшаў з сенцаў і спыніўся за пяць крокаў ад кухні, трымаючы навідавоку незапаленую цыгарку. Ён думаў, можа, яны ўбачаць і дадуць агню, прасіць яму было ўсё ж няёмка і трошкі боязна. Але яны быццам не заўважалі — даўгалыгі ўсё боўтаў у катле кухні, якая парыла і дыміла на ўсю акругу, а каржакаваты, мусіць, ягоны памочнік, вялікім нажом крышыў на белай цыраце сала. Пятрок ціха пакашляў і ступіў яшчэ два крокі наперад.

— Гэта… Паночкі, каб прыкурыць…

Мусіць, яго зразумелі — каржакаваты, у белым, завязаным на паясніцы фартусе, павярнуў да яго шырокі, рабы, нейкі зусім не германскага выгляду твар і нешта прабурчэў, нязлосна так: «Я-я». Пятрок не зразумеў, але па тым, што немец не сказаў болей нічога, здагадаўся, што яны дазваляюць. Падышоўшы да кухні, ён кавалачкам бярозавай карыны выграб сабе на траву вугалёк з топкі. Не дужа ўдала, абпёкшы пальцы, таропка прыкурыў ад вугольчыка і адчуў, як пасля першых зацяжак ягоная самасейка перабіла на падворку ўсе іншыя, чужыя тут пахі.

— Вас, вас? — неяк жвава, мабыць, зацікаўлена, загаманіў да яго памагаты кухара і адклаў нож. Пятрок зразумеў і з гатоўнасцю выцяг капшук.

— Ага, можна. Свая гэта, дамашняя, калі пан хоча…

Немец ашчадна адарваў ад яго складзенай стосікам газеткі невялікі шматок, і Пятрок адмераў яму добрую шчапоць самасейкі. Немец даволі спрактыкавана скруціў цыгарку, старанна паслюніў і прыкурыў ад свае запальнічкі — нейкай адмысловай штуковіны, з якой пстрыкала сіненькім полымем. Пятрок сачыў за ім амаль з дзіцячай цікавасцю, усё ж хацелася, каб ягоная табака спадабалася немцу. Немец грунтоўна зацягнуўся, выпусціў дым, і Пятрок падумаў: закашляе. Але не, не закашляў, толькі лыпаў светлымі пад белымі брывамі вачыма.

— Іст гут!

— Гут? — успомніў Пятрок знаёмае яшчэ з той вайны нямецкае слова і ўзрадаваўся. — Я ж кажу… Добрая, ага. Свая, так што…

— Гут, — яшчэ сказаў немец і нешта загаманіў да кухара, што арудаваў вялізным, як вясло, чарпаком у катле. Ды той раззлавана гыркнуў раз і другі, і гэты паклаў на краёчак стала цыгарку і ўзяўся за нож.

Пятрок падумаў, што, мабыць, хопіць. Усё ж абодва яны пры справе, назаляць ім нягожа, і ён задам і бокам падаўся да ганка.

Трэба было брацца за ўборку, але ён не ведаў, з чаго пачынаць. Ніколі ён не прыбіраў у хаце, заўжды гэта рабіла Сцепаніда, некалі ёй памагала Феня, у яго ж былі іншыя, чыста мужчынскія клопаты. Але во, мусіць, вайна ўраўняла,

і цяпер не абышла і яго бабская справа. Найперш, мусіць, трэба было аслабаніць падлогу, каб не замінала мыць, і ён павыцягваў у сенцы ўсе чыгуны ад печы, вілы, качаргу, памяло; адсунуў стары ўслон ад парога, дзе аказалася процьма рознага хатняга начыння: дзіравыя атопкі, пабіты вазон, вечка ад кадкі, нейкія шчэпкі, мусіць, для растопкі ў печы. Усё, што тут стаяла і ляжала доўгія гады і мела сваё пэўнае месца, не замінаючы нікому, чаму цяпер яно павінна замінаць гэтым чужынцам? Але, мусі, во замінае. Пятрок вынес у істопку і розныя транты з вешала каля печы, зняў з цвіка кажух, далікатна ўзяў у рукі скрыпку. Скрыпку выносіць у сырую істопку яму не хацелася, яе трэба было сцерагчы ад вільгаці, і цяпер, разважыўшы, Пятрок асцярожна засунуў яе за абразы. Маленькая яго скрыпачка зусім схавалася там. Хай, мо дачакаецца лепшага часу.

У хаце павальнела, зрабілася амаль пуста, і Пятрок, паўздыхаўшы, прынёс з сянец вядро з вадою, дастаў з-за печы анучу. Увесь час злуючыся на жонку, ён выліў вядро ля печы на самае затаптанае месца — хай адмакае. Вада шырока расцякалася па дошках, але спакваля збегла на ніжэйшае месца пад самы парог і сабралася ў ладную чорную лужыну. Пятрок стаяў сярод хаты. Яму трэба было ўзяць у сенцах галень, але ні разувацца, ні мачыць ногі яму не хацелася, і ён чакаў, пакуль вада куды-небудзь сыдзе.

— Божа, што гэта? Што ты нарабіў? — пачуўся з сянец Сцепанідзін голас.

— Дык падлогу ж мыць…

— Во, анучай цябе па вачах! Хто ж так мые падлогу?! Ці ты здурнеў?

Сцепаніда злосна ляскала сябе па сцёгнах — ведама, зрабіў не па яе, па-свойму, заўжды яму за гэта даставалася ад жонкі. Але, калі прыйшла, хай мые сама, ён сваё зрабіў, усё прыбраў, засталася падлога.

— А што ж ты сышла з каровай?

— Цябе не спытала…

Пакуль яны сварыліся ў хаце — трохі стрымана перад чужымі і цішэй, чым звычайна, мусіць, немцы нешта пачулі. Сцепаніда ўсё яшчэ пляскала рукамі ў сенцах, таксама не адважваючыся пераступіць парог, як ззаду за ёй з'явіўся цікаўны рабы твар, немец ухмыльнуўся, нешта нават сказаў, і яна асеклася. Але затым ён вярнуўся да кухні, а Сцепаніда кінула цераз парог анучу, якая мокра пляснулася ля Петраковых ног.

— Збірай ваду! Усю да кроплі збірай!

Трэба было слухацца, і Пятрок, крэкчучы ад натугі, мусіў нагнуцца да лужыны. Ён зграбаў анучай гразкую чорную ваду і выкручваў анучу ў закапцелы стары чыгун. Але вады было процьма, дзіва, колькі набралася з аднаго толькі вядра. Сцепаніда тым часам зноў знікла кудысьці, і ён, каб хутчэй скончыць гэту дакучную работу, пачаў разганяць ваду па падлозе — у куткі, пад печ — абы не было лужыны. Гэта яму ўдалося лепш, чымсі збіраць яе анучай, Пятрок ужо набліжаўся да стаптанага ўчарнелага парога, як у дзвярах зноў вырас цень — на парог ступіў адной нагой немец у грубым падкаваным боце з вядром у руцэ, над якім лёгенька дымілася пара. Пятрок усё зразумеў і з прастадушнай удзячнасцю зірнуў у праставаты твар, які цяпер стрымана свяціўся дабрынёй.

— Дзякуй, паночку. Во, дзякуй вам…

Немец паставіў за парог вядро і выпрастаўся.

— Біттэ, біттэ.

— Во дзякуй! — сказаў Пятрок амаль расчулены і раптам падумаў, што трэба чымсьці аддзячыць. На ласку трэба адказваць ласкай, ці ж ён не разумее. — Хвіліначку, пане, — сказаў ён і паўз немца шмыгануў у істопку — недзе там яшчэ заставалася трохі яек. Ён толькі не ведаў дзе, і пакуль зазіраў у кашы і дзежкі, з падворка данёсся нецярплівы капрызлівы покліч: «Карл, Карл, ком!», і Пятрок зразумеў, што, мабыць, не ўправіцца: Сцепаніда хаваць умела. Немец пабег да кухні, а Пятрок расчаравана выйшаў у сенцы і сутыкнуўся з жонкай.

Поделиться:
Популярные книги

Безумный Макс. Поручик Империи

Ланцов Михаил Алексеевич
1. Безумный Макс
Фантастика:
героическая фантастика
альтернативная история
7.64
рейтинг книги
Безумный Макс. Поручик Империи

Я же бать, или Как найти мать

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
6.44
рейтинг книги
Я же бать, или Как найти мать

Семья

Опсокополос Алексис
10. Отверженный
Фантастика:
городское фэнтези
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Семья

(Бес) Предел

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
6.75
рейтинг книги
(Бес) Предел

Приручитель женщин-монстров. Том 3

Дорничев Дмитрий
3. Покемоны? Какие покемоны?
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Приручитель женщин-монстров. Том 3

Вечный. Книга IV

Рокотов Алексей
4. Вечный
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Вечный. Книга IV

Приручитель женщин-монстров. Том 11

Дорничев Дмитрий
11. Покемоны? Какие покемоны?
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Приручитель женщин-монстров. Том 11

Сделай это со мной снова

Рам Янка
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Сделай это со мной снова

Прометей: каменный век II

Рави Ивар
2. Прометей
Фантастика:
альтернативная история
7.40
рейтинг книги
Прометей: каменный век II

Бандит 2

Щепетнов Евгений Владимирович
2. Петр Синельников
Фантастика:
боевая фантастика
5.73
рейтинг книги
Бандит 2

Целитель

Первухин Андрей Евгеньевич
1. Целитель
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Целитель

Мимик нового Мира 14

Северный Лис
13. Мимик!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 14

Ты не мой Boy 2

Рам Янка
6. Самбисты
Любовные романы:
современные любовные романы
короткие любовные романы
5.00
рейтинг книги
Ты не мой Boy 2

Третье правило дворянина

Герда Александр
3. Истинный дворянин
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Третье правило дворянина