Чтение онлайн

на главную

Жанры

Знак бяды

Быкаў Васіль

Шрифт:

— І яшчэ во што! Тут, мабыць, заходзяць розныя?.. З лесу каторыя. Бандзіты! — зноў уставіўся ён на Петрыка, якому стала не па сабе ад гэтага яго позірку. — Не было такога? Ладна, паверу. Але помні: калі хто — адразу ў паліцыю. У мястэчка ці ў Выселкі. Але каб зараз жа. Паняў? А то за ўкрывацельства, знаеш? У мястэчку быў?

— Быў, ну.

— Чытаў прыказ? Расстрэл і канфіскацыя імушчаства. Немцы, яны не чыкаюцца. Паняў?

Пятрок паныла ўздыхнуў — што ж зробіш? Кругом нявыкрутка. Кругом кара, расстрэл, канфіскацыя. Як тут жыць будзеш?

Гуж, не спяшаючыся, вылез з-за стала і, сытна ікаючы, нацягнуў на плечы рудую скуранку.

— Яешня адмяняецца! — з нечаканай добрасцю аб'явіў ён Петраку. — Другім разам. Можа, калі на днях. Так што рыхтуйся!

4

Пятрок

сядзеў на ўслоне, паныла падпёршы галаву рукамі, і невідушча глядзеў на стол, дзе тоўстыя восеньскія мухі поўзалі па тлустай ад сала сталешні. Ён не прыбіраў посуд, не дакранаўся ні да агуркоў, ні да сала, Сцепаніда таксама не падыходзіла сюды — яна сварылася ад парога.

— Устроіў частаванне! Сала, гуркі! І яшчэ разяўляецца: яешню ім! Сам яек ім нанясеш? Ты хоць раз курэй пакарміў? Каб не я, што б ты зрабіў з гаспадаркаю? Нават каня не вярнуў, калі ўсе павярталі.

Конь, канешне, быў іхнім агульным болем, Пятрок перажываў не меней за жонку, але дзе ён мог яго ўзяць? Ці ён мала нахадзіўся ў Выселкі, напрасіўся ў дзеравенскіх, ды хто ўступіць? Кожнаму на гаспадарцы найперш трэба конь. Затое ў мястэчку яму пашэнціла болей, і ён успомніў пра сваю галоўную па гэтым часе заслугу.

— А газы хто расстараўся? Не я хіба?

— Ах, газы! Смех адзін — газы! Вунь людзі мяшкамі соль нацягалі. Запалкамі запасліся. Цукрам нават. А то суляю газы прынёс — смех адзін…

— А што? Газа ўзімку — знаеш! Мала ў каго, а ў нас ёсць.

— Маўчы ты! Газы… І гэта, знайшоў сваяка! Сабутэльніка! Каб ён мой быў сваяк, я б яго памялом з дому. Прадажнік! А ён гарэлку з ім распівае, частуе яго. Вунь немцы прыйдуць, тады іх пачастуеш.

Дзверы ў сенцы былі расчынены, Сцепаніда сноўдала то да печы, то ў сенцы, у істопку, бразгала конаўкаю ў вядры, разводзіла пойла. Цяпер, калі яны засталіся адны, яна не стрымлівалася, выгаварвала ўсё, што намуляла за гэтыя тыдні і на яго, і на вайну, і на жыццё таксама. Пятрок болей маўчаў — што ён мог сказаць ёй, чым запярэчыць? Ён адчуваў яе праўду, але ж не хацеў паступацца і сваёй, слабаватай, але таксама блізкаю яму праўдай, якая крыўдліва варушылася ў душы, не жадаючы каму-небудзь паддацца.

— Прыйдуць — пачастуеш. Куды дзенешся? — ціха зазначыў ён, думаючы, што жонка, можа, не ўчуе. Але яна ўчула, і гэта яе абурыла канчаткова.

— Ну гэта ты частуй! Я не буду. Я сыду з каровай у лес. Каб мае вочы не бачылі.

— Гэткай бяды! — сказаў ён, таксама ўжо злуючыся. — Ідзі! Абыдуся!

— Ага, абыдзешся! Думаеш, ты пап'еш тут? Падліжашся да іх? Ды яны тваё вып'юць і цябе ж мардаваць пачнуць.

Пятрок памкнуўся быў нешта сказаць, але толькі махнуў рукой: Сцепаніду не перапыніш. Хіба што ўцямяшыш бабе насуперак яе волі? Тое, што для цябе ясны дзень, ёй здаецца цёмнаю ноччу. Паспрабуй дакажы, што сёння ёй няблага пашэнціла, што Гуж адмякчэў пасля выпіўкі і не стаў дужа да іх прыдзірацца, што ён, можа, сапраўды пакрывае яе перад немцамі. Сам жа сказаў: радня. Таму не лішне з ім ладзіць, неяк паддобрыцца, можа, завесці дружбу. Канешне, ён п'яніца, нягоднік, нямецкі халуй, але ж ён — улада. Быццам яму, Петраку, вялікая радасць піць з ім гарэлку, прыслужваць ды яшчэ слухаць яго знявагі? Але, калі хочаш жыць, мусіш трываць не такое. З ваўкамі жыць — па-ваўчынаму і выць.

Праўда, тое разумнае меркаванне толькі блытана мроілася ў яго захмялелай галаве, услых жа ён стрымана, ціха агрызаўся на Сцепанідзіны наскокі, ведаў: пры злосці ёй лепш не пярэчыць, ягонага верху ўсё роўна не будзе.

Сцепаніда ж тым часам, здаецца, усё выгаварыла і неяк ураз пацішэла. Спярша яна аж спалохалася, як убачыла ў хаце чужых, але затым пакрысе асмялела, асабліва калі раззлавалася. А раззлавалася яна болей на Петрака за яго нахабны наскок на яе з крыкам, камандаю ды яшчэ перад гэтымі злыднямі. Хай бы крычаў-загадваў, калі яны засталіся ў хаце ўдваіх, дык цяпер ён маўчыць ці адно буркае штось для свайго апраўдання. А тады ў яго лаянцы яна ўчула паганы намер вылузнуцца перад гэтым Гужом, дагадзіць яму тым, што зняважыць яе. Але зняважыць сябе яна не дазваляла нікому, заўжды магла пастаяць за сябе. Высялкоўцы і дагэтуль памятаюць, як калісь на калгасным сходзе яна збэсціла перад прадстаўніком з раёна іхняга кладаўшчыка — злодзея і п'яніцу Салаўя, як таго пасля знялі з кладаўшчыка

і нават хацелі судзіць. А калі яна была звеннявой па льну і Кандыбішын зяць даказаў, быццам яе бабы крадуць ноччу лён, яна дамаглася праверкі, нават вобыску ва ўсіх; колькі разоў іх перапынялі на сцежцы, правяралі ў баб за пазухамі, пад спадніцамі, але марна, і гэты паклёп з іх знялі.

Яна размашыста секла сечкай траву ў карытцы. У расчыненых дзвярах пры парозе было светлавата, сечка кідала ахрап'ем на ўтаптаны земляны дол, яе парэпаныя босыя ногі, і яна горка думала, што з Петраком у такі кляты час прападзеш напэўна. Галоўнае — у яго няма жаднай цвёрдасці, мужчынскай самавітасці, з кожным ён гатоў пагадзіцца, падтакнуць, хоць той брэша, не баючыся Бога. Быццам людская пакорнасць робіць іх дабрэйшымі. Хутчэй наадварот. Не дасі адразу адпор — неўзабаве ўзаб'юцца на карак і будуць ехаць, колькі каму захочацца. Яна змалку ведала гэтага высялкоўскага Гужа, які ў калектывізацыю некуды ўцёк ад раскулачвання, а цяпер во зноў паявіўся з вінтоўкаю ў руках, каб помсціць людзям за мінулае ды піць гарэлку. Але яна не забылася на сваю апошнюю з ім сустрэчу ў трыццатым годзе і век не даруе яе яму. Хай сабе ён і з вінтоўкай. Таксама як і таму Каландзёнку, якога гадамі ненавідзела вёска аж да самай вайны, калі ён пайшоў па першай мабілізацыі ў войска, ды во праз месяц вярнуўся, людзі казалі: немцы адпусцілі з лагера. І ён прыбрыў у мястэчка, схуднелы, у вайсковых трантах, з вошамі за каршэнню. Дык во цяпер ад'ядаецца на паліцэйскіх харчах.

Яны абодва з вінтоўкамі, улада іх над людзьмі вялікая, яны ўсё могуць. Але яна іх не баялася, бо не паважала іх. Болей таго — яна іх ненавідзела. Зрэшты, ёй не было да іх справы, у тым жыцці, якое абрынулася на свет, яна адчувала перавагу сваёй спрадвеку ўстаноўленай праўды і, пакуль у яе было тое адчуванне, магла смела глядзець кожнаму ў вочы.

Па двары, пад плотам і па бурачніку ў гародзе непрыкаяна дыбалі яе цыбатыя маладыя курачкі, нешта дзяўблі там. Несліся пакуль што тры старыя курыцы, якіх пільнавалася Сцепаніда, — здаўна ад яек быў увесь яе грашовы набытак, якая капейчына, заўжды патрэбная ў гаспадарцы. Сабраўшы са тры дзесяткі, яна несла яйкі ў мястэчка, мяняла на што патрэбнае ці прадавала местачкоўцам за грошы. Без курэй было неяк. Трэба б сыпануць ім якога зерня, падумала Сцепаніда, але яна спяшалася ў поле, і на курэй у яе ўжо не хапала часу. Таропка вынесла паўвядра мешанкі парсючку, расчыніла нізкія дзверцы застаронка, і той, пачуўшы гаспадыню, жвава заварушыўся ў саломе. Яна апусціла мешанку ў куток, пастаяла хвіліну, з любасцю пазіраючы, як парсючок заўзята зацмокаў у вядзерцы — аж затрэсліся вушы. Неўзабаве ён ужо ўлез туды пярэднімі нагамі і абярнуў яго, Сцепаніда ж папраўляць вядзерца не стала — ведала: і так выесць усё дачыста.

Але трэба было бегчы ў поле — у Бараннім Лозе, прывязаная да алешыны, пасвілася Бабоўка, нягожа было надоўга пакідаць яе без нагляду. Перш чым пабегчы з дому, яна ўскочыла ў хату ўхапіць якую скарынку — пажаваць сабе ды і пачаставаць кароўку. Пятрок, унурыўшыся, па-ранейшаму прыгнечана сядзеў за сталом і не азірнуўся на жонку.

— Пакармі курэй! — спакайней сказала яна. Як заўжды, выгаварыўшы ўсе крыўды, яна паспакайнела, і цяпер ёй стала нават шкада гэтага недалэгу Петрака, які злаваў яе, часам смяшыў, рэдка чым радаваў. Увогуле ён быў неблагі, нязлы чалавек, толькі дужа няспрытны і мала ўдачлівы ў жыцці.

Яшчэ ён быў на дзесяць гадоў старэй за яе і не дужа здаровы. Але ягоная хвароба ішла ад залішняга курэння, яна гэта ведала і цвярдзіла яму пра тое ледзьве не кожнага дня. Ды марна.

Сцежкаю цераз гарод Сцепаніда пабегла па ўзроўку ў Баранні Лог, а Пятрок пасядзеў яшчэ, трудна ўздыхнуў і ўстаў з-за стала. Зранку перапала выпіць гарэлкі, але не давялося яшчэ закурыць, і цяпер, застаўшыся адзін у хаце, ён нетаропка скруціў ладную, з палец, цыгарку. Каб прыкурыць, старанна перагарнуў учарашняе вуголле ў печы, пакуль знайшоў вугалёк з іскрынкай, раздзьмуў яго і ўрэшце з доўгачаканай асалодай зацягнуўся дымам. Толькі і было тае радасці, што закурыць, іншага задавальнення ў жыцці, мусіць, не засталося. Добра, што вясной насеяў у гародзе табакі, мультанаўкі, не паспадзяваўся на куплёную, — дзе цяпер возьмеш яе? Табака ж была хоць, можа, і горшая, чым махорка, але і не благая. Пятрок прывык да яе — лепшай яму і не хацелася.

Поделиться:
Популярные книги

Измена. Право на сына

Арская Арина
4. Измены
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Право на сына

Возвышение Меркурия. Книга 7

Кронос Александр
7. Меркурий
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 7

Тринадцатый

NikL
1. Видящий смерть
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
6.80
рейтинг книги
Тринадцатый

Идеальный мир для Социопата 12

Сапфир Олег
12. Социопат
Фантастика:
фэнтези
постапокалипсис
рпг
7.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Социопата 12

Неудержимый. Книга XIII

Боярский Андрей
13. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга XIII

АН (цикл 11 книг)

Тарс Элиан
Аномальный наследник
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
АН (цикл 11 книг)

Береги честь смолоду

Вяч Павел
1. Порог Хирург
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Береги честь смолоду

Сын Петра. Том 1. Бесенок

Ланцов Михаил Алексеевич
1. Сын Петра
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.80
рейтинг книги
Сын Петра. Том 1. Бесенок

Измена. Наследник для дракона

Солт Елена
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Наследник для дракона

Воин

Бубела Олег Николаевич
2. Совсем не герой
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
9.25
рейтинг книги
Воин

Сонный лекарь 7

Голд Джон
7. Сонный лекарь
Фантастика:
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Сонный лекарь 7

Измена. Жизнь заново

Верди Алиса
1. Измены
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Жизнь заново

Мастер 2

Чащин Валерий
2. Мастер
Фантастика:
фэнтези
городское фэнтези
попаданцы
технофэнтези
4.50
рейтинг книги
Мастер 2

Темный Лекарь

Токсик Саша
1. Темный Лекарь
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь