Чтение онлайн

на главную

Жанры

Знак бяды

Быкаў Васіль

Шрифт:

Яны абышлі істопку, мінулі дрывотню са старой сукаватай калодай, пералезлі цераз жэрдку ў гародчык. Тут за падвялым дзядоўнікам і зараснікамі крапівы пад нізка навіслай страхой істопкі мясцілася несамавітая будка-бакоўка. Здаўна яна пуставала без жаднай патрэбы, і ў яе сцягвалі рознае гаспадарчае ламачча, выкінуць якое было шкада, а ў хаце яно замінала. Сюды рэдка калі заглядвалі, хіба па яйкі — пры дзвярах у саломе часам несліся куры, і цяпер тут ляжалі два жоўтыя нясвежыя поклады.

— Во, калі яго сюды? — казала Сцепаніда, шырэй расчыняючы нізкія дзверцы. — Ён жа ціхі, можа, не знойдуць.

Знойдуць ці не — хто ведае, але Пятрок за доўгае жыццё разам прывык слухаць жонку,

яна была не самая дурная баба, а галоўнае, заўсёды ведала, чаго хацела. І хоць клопат пра тое свінчо цяпер быў не самы найбольшы ў Петрака, ён рупна ўзяўся ладзіць таму новы схоў. Найперш павыцягваў з бакоўкі цесна набітае туды ламачча: нейкія палкі, скарэлае ад мешанкі, абгрызенае свіннямі карыта, паламанае кола і даўнюю, можа, дзедаўскую яшчэ, саху з ушчэнт паржавелымі лемяхамі. Папоркаўшыся паўгадзіны, скрынкай і палкамі неяк адгарадзіў невялічкі закутак, прынёс з пунькі саломы, не раўняючы яе, каб не дужа было відаць, напіхаў у адгародку. Сцепаніда тым часам ціхенька вывела з хляўка ладнага іх парсючка, пачэсваючы яго за вушамі.

— Дзюдзя, дзюдзя, во сюды… Цяпер сюды. Во добра, дзюдзя…

«Як малога», — падумаў Пятрок, прапускаючы ў дзверцы парсючка, які, ціха парохкваючы, старанна абнюхаў парожак, салому і паслухмяна ўладкаваўся ў сваім катушку, канешне, і не падазраючы пра небяспеку, якая над ім навісла. Сапраўды, гэта было рахманае свінчо, вельмі не хацелася б страціць такога. «Можа, яшчэ як і ацалее, калі будзе мець свой хоць невялікі свінячы розум», — падумаў Пятрок.

— Ну во! — спаканней сказала Сцепаніда. — Усё ж не навідавоку. Няхай ляжыць.

Яны выйшлі на падворак, дзе з трывожным чаканнем у сумных вачах стаяла Бабоўка і ля яе ног хадзілі дзве рабыя курыцы.

— А як жа курэй? — сказаў Пятрок.

Курэй таксама трэба было кудысьці прыбраць далей з воч, але дзе схаваеш дурную курыцу? Ціха яна не ўмее, а знёсшы яечка — радасна закудахча і тым загубіць сябе. Але што куры, куды болей шкада кароўку, як бы на яе першую не абрынулася бяда з-за моста.

— Можа, у Бяростаўку адвесці? Да Манькі. Усё ж там далей ад мястэчка, — няпэўна прапанаваў Пятрок. Але Сцепаніда адразу ж не пагадзілася:

— Ну не. Бабоўку я на чужыя рукі не аддам.

— А як жа тады?

— У Баранні Лог. На вяроўку ці спутаць. Хай ходзіць.

— А ноччу?

— А ноччу, можа, не будуць. Яны ж удзень болей.

Слабая гэта была надзея на ноч, але інакш, відаць, не зрабіць, і Пятрок пакорліва змоўчаў.

Восеньскі дзень блізіўся неўпрыкмет да свайго скону, патроху змяркалася, але яшчэ было відно. Устрывожаная Сцепаніда ўсё не спяшалася даіць Бабоўку, якая пастаяла, уздыхнула і, не дачакаўшыся гаспадыні, пачала паскубваць пад плотам — даядаць не даедзенае ў полі. Пятрок раз за разам засцярожліва пазіраў на дарожку за варотамі і на гасцінец, думаў: ці не пакажуцца немцы? І ўсё слухаў, стараючыся ў вечаровай цішы злавіць чужы падазроны гук, каб учуць небяспеку. Але, як і заўжды, на дарожцы і на гасцінцы было зусім пуста, вакол у пахмурнай восеньскай прасторы запаноўвала вечаровая ціш. Толькі вецер нястомна церабіў парудзелую лістоту ліп, церушыў ёю на дол, у гарод за парканам, усыпаў дарожку, траву-мураву на падворку. Пятрок выцяг вядзерца вады з калодзежа і паставіў перад Бабоўкай. Але тая памакнула пысу і не піла, нешта ўсё пазірала цераз плот у поле — нібы чакала чагосьці. Трэба было заганяць яе ў хлеў, ды ў хаце бавілася Сцепаніда, і Пятрок пагукаў яе:

— Чуеш? Даіць трэба.

Нешта разам перайначвалася ў Яхімоўшчыне, дзе яшчэ не было выпадку, каб гаспадыня спазнілася падаіць карову. Але цяпер перайначвалася ў цэлым свеце, што было дзівіцца, калі і на іхнім хутары нешта стане не так, па-філасофску

заспакоіў сябе Пятрок. Не дачакаўшыся жончынага голасу, ён ступіў на пляскаты, стаптаны камень каля парога і зазірнуў у сенцы. Сцепаніда стаяла, нагнуўшыся над сінім куфрам, нешта поркалася там, кінула на хлебную дзяжу нейкія транты, сваю чорную святочную хустку з чырвонымі кветкамі. Пятрок падзівіўся:

— Шукаеш чаго?

— А тут гэта… Феньчына было, каб прыхаваць куды далей.

— Што Феньчына? Сукенкі? Не выдумляй ты! Каму яны трэба?

— Каму? Немцам, — агрызнулася жонка, усё поркаючыся ў куфры. — А гэта во? Глядзі. Што рабіць з ёй?

Яна раскруціла перад ім папяровую трубачку, зірнуўшы ў якую, ён адразу пазнаў колішні Сцепанідзін гонар — грамату за поспехі ў апрацоўцы лёну. Уверсе там быў намалёваны прыгожы герб Беларусі, а ўнізе значыўся размашысты подпіс старшыні ЦВК Чарвякова. Грамата некалі вісела ў прасценку між вокнаў, пасля яе знялі, хацелі спаліць, ды Сцепаніда не дала — прыбрала ў куфар.

— Ты гэта — у печ! — устрывожыўся Пятрок. — Гэта не забаўка.

— А, хай ляжыць. Не за крадзенае ж.

Сцепаніда зноў скруціла грамату ў трубачку і захутала ў нейкую адзежыну. З іншага адабрала ў куфры што лепшае, найбольш Феньчына, і завязала вялікім клумкам у хустку.

— Трэба схаваць дзе. Можа, у капец да бульбы?

— Ну што ты! Пагніе. Ды і лішне гэта. Немцы, яны болей да ежы ласыя. Да трантаў не. Я знаю.

— Многа ты знаеш! — усумнілася Сцепаніда. — Каб з тваім знаннем голымі не застацца.

— Нічога, як-небудзь, — сказаў Пятрок. — Мы перад імі невінаватыя. А калі з імі па-добраму, дык, можа, і яны… Не з'ядуць, можа…

Ён казаў так, падбадзёрваючы сябе і супакойваючы жонку, хоць сам не менш за яе сумняваўся: а ці так гэта? Ведаў і адчуваў толькі тое, што трэба неяк пераседзець ліхую часіну, а там, можа, што зменіцца. Не век жа быць гэтай вайне. Каб засцерагчыся ад бяды, трэба паводзіць сябе як мага абачлівей і цішэй. Гэта як з куслівым сабакам: барані Божа яго зачапіць, трэба прайсці міма, быццам яго і не бачыш, але і не паказаць страху — рабіць выгляд, што ён цябе не датычыць. Так і з фашыстамі. Няўжо, калі ён іх не зачэпіць, яны без жаднай прычыны будуць да яго прыдзірацца? Што ён, нейкі начальнік ці парцейны, ці хоць бы жыд з мястэчка? Слава Богу, тутэйшы, беларус і хрышчоны ў хрысціянскую веру, селянін, калгаснік — такі самы, як і ўсе навакол. А што сын у Чырвонай Арміі, ды ці ж гэта па сваёй ахвоце? То ж служба. Так было пры цары, а можа, і раней. Служылі многія з вёскі, праўда, яму не прыйшлося — падвяло здароўе. Усё ягонае жыццё прамінула тут, на вачах у людзей.

3

Як-колечы ўладкаваўшы скаціну, яны пасёрбалі ўпрыцемку астылага зранку крупніку і паклаліся спаць, ён — за посцілкай на ложку, а яна — на палку ў запечку. Пакуль скрозь было глуха і ціха, і гэтая ціша разам са звычайнасцю вечаровага клопату трохі суняла трывогу, змякчыла яе ў душах. Пятрок ціхенька прабубніў «отчанаш», чаго ён даўно ўжо не рабіў у гэту восень, з уздыхам перахрысціўся і пачаў ужо думаць, што, можа, як і абыдзецца. Прыехалі і паедуць, што ім тут доўга рабіць, на гэтым гасцінцы? Можа, яны на тое і ладзяць мост, каб кудысьці праехаць — навошта ім нейкі хутар наводдалек ад дарогі? Фронт адкаціўся чорт ведае куды, хадзілі чуткі, немцы ўзялі Маскву, але не падобна было, каб на тым вайна скончылася — вайна недзе доўжыцца, страшная гэта вайна. Можа, у Сібіры ўжо? А можа, брахня гэта ўсё пра Маскву — можа. Маскву ім не ўзяць. Мала што зайшлі далёка, але ж і Напалеон далёка зайшоў, ды падавіўся. Не так проста праглынуць гэты кусманец нават і з такой зяпай, як у гэтага Гітлера. Нябось таксама падавіцца.

Поделиться:
Популярные книги

Сирота

Ланцов Михаил Алексеевич
1. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
5.71
рейтинг книги
Сирота

Стеллар. Трибут

Прокофьев Роман Юрьевич
2. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
8.75
рейтинг книги
Стеллар. Трибут

Смерть может танцевать 4

Вальтер Макс
4. Безликий
Фантастика:
боевая фантастика
5.85
рейтинг книги
Смерть может танцевать 4

Вечный. Книга IV

Рокотов Алексей
4. Вечный
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Вечный. Книга IV

СД. Том 17

Клеванский Кирилл Сергеевич
17. Сердце дракона
Фантастика:
боевая фантастика
6.70
рейтинг книги
СД. Том 17

Система Возвышения. Второй Том. Часть 1

Раздоров Николай
2. Система Возвышения
Фантастика:
фэнтези
7.92
рейтинг книги
Система Возвышения. Второй Том. Часть 1

Кодекс Охотника. Книга XV

Винокуров Юрий
15. Кодекс Охотника
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XV

Релокант. Вестник

Ascold Flow
2. Релокант в другой мир
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Релокант. Вестник

Горькие ягодки

Вайз Мариэлла
Любовные романы:
современные любовные романы
7.44
рейтинг книги
Горькие ягодки

Проданная Истинная. Месть по-драконьи

Белова Екатерина
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Проданная Истинная. Месть по-драконьи

АН (цикл 11 книг)

Тарс Элиан
Аномальный наследник
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
АН (цикл 11 книг)

Весь цикл «Десантник на престоле». Шесть книг

Ланцов Михаил Алексеевич
Десантник на престоле
Фантастика:
альтернативная история
8.38
рейтинг книги
Весь цикл «Десантник на престоле». Шесть книг

Рядовой. Назад в СССР. Книга 1

Гаусс Максим
1. Второй шанс
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Рядовой. Назад в СССР. Книга 1

Сколько стоит любовь

Завгородняя Анна Александровна
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.22
рейтинг книги
Сколько стоит любовь