Знак бяды
Шрифт:
Ён чуўся яшчэ п'янаватым, думкі яго былі ўшчэнт расшкуматаныя, і ён, думаючы пра жыццё, час ад часу ціха, бязгучна лаяўся. Прападзі яно ўсё пропадам! Дзе яшчэ тыя немцы, яшчэ немаведама, дабяруцца яны да яго Яхімоўшчыны ці не, а свае вось дабраліся. І хто? Родзіч Гуж. Ад гэтага, пэўна, свінчо не схаваеш, уведае і пра свінчо, і пра кароўку, і курэй, таксама як і пра ўсё іх ранейшае жыццё пры Саветах — тут ужо не затоішся. У яго цяпер улада, захоча — павядзе ў мястэчка, у паліцыю і павесіць на першым слупе — сапраўды размова ў іх кароткая. Дык што ж застаецца: прасіць? Але такі наўрад ці злітуецца. Пятрок заўважыў сёння, як нядобры драпежны бляск блукаў у Гужовых вачах, калі ён казаў пра Сцепаніду. Задобрыць хіба драбязой — яйкамі, салам, курай, — бо большага ў яго не было, але ці драбяза яго пройме? Найлепш, канешне, яго ўпаіць, але, адчуваў Пятрок,
І тут неяк само сабою да яго прыйшло разуменне, што трэба гнаць самагон. Без самагону ў гэтым жыцці прападзеш.
Некалі, яшчэ да калгасаў, Пятрок зрабіў не дужа ўдалую спробу вырабу гэтага зелля, але тады ўсчалася вялікая строгасць з лёнам, усё, што было з валакна, паздавалі, і яшчэ было мала, прыехалі ўпаўнаважаныя з акругі, хадзілі і трэслі па дварах лахманы, раскідвалі салому ў пунях — шукалі льну-валакна. У яго ж валакна не знайшлі, але ў істопцы набрылі на самагонныя прычындалы — казан і галоўнае — ладны, з меднае трубкі змайстраваны змеявік, які і рэквізавалі. Пасля ён плаціў штраф, нацярпеўся сораму на сходах і пракляў на гады малашаноўную справу самагонаварэння. Але гэта было даўно. Мусіць, цяпер, калі ўсё ў жыцці перайначылася, перайначыліся і адносіны да самагонкі. Адчуваў, гарэлка становіцца ўстойлівай, ледзьве не адзіна рэальнай каштоўнасцю, без якой не абыдзешся. П'юшчы ці не, а трэба рабіць гарэлку.
Ён перайшоў цераз сені ў істопку, кашляючы, прысланіўся да ступы ў парозе. Як заўжды, у істопцы не выводзіўся прыцемак, поўны пастаянных і звыклых пахаў, якія так перамяшаліся між сабой, што іх ужо цяжка было адрозніць. Найбольш, аднак, патыхала старызнай, пылам, мышамі. Праз маленькае, на бервяно, акенца сюды прабівалася слабае святло хмурнага ранку, і ў ім Пятрок нетаропка агледзеў рад дашчаных засекаў пад глухой, без вокнаў, сцяной; пустыя цяпер, плеценыя з саломы, пузатыя карабы, у якія некалі ссыпалі збожжа, калі яно не мясцілася ў засеках. У куце туліліся нізкія старасвецкія жорны з тонкімі, сцёртымі ўжо камянямі, густа абсыпаныя шэрым мучным пылам. Тут пыліліся і Сцепанідзіна прасніца, калаўрот, святлеў асінавым бокам навейшы кубёлак з іржавымі абручамі, стаялі большай часткай пустыя кадкі; пры сцяне, састаўленыя парадкам, некалькі год чакалі свае справы Сцепанідзіны кросны з бёрдамі, нітамі і навоямі. На паліцы над імі цьмяна пабліскваў няроўны шэраг парожніх, запыленых бутэлек і важна мясцілася вялікая, аплеценая лазовым кошам суляя, да рыльца налітая газай. Побач ля акенца віселі пляцёнкі леташняй цыбулі, некалькі бярозавых венікаў, пучкі лекавай травы, што запасіла з лета жонка. Невялікая гэта істопка, запыленая і запавуціненая па кутках і пад столлю, была цесна забіта, застаўлена розным начыннем да самай каменкі-печкі ў зусім цёмным куце, але дзе тут валялася ягоная патрэба, Пятрок не мог згледзець. Ён абышоў істопку, зазірнуў у цёмныя яе нетры, папоркаўся пад жорнамі і ўрэшце выцягнуў адтуль стары счарнелы казан, якім ужо гадоў дзесяць не карысталіся ў гаспадарцы.
На большым святле ў сенцах ён лепей агледзеў яго. Мусіць, казан быў яшчэ не благі, нідзе не паржавеў, і калі пачысціць яго ад гразі, пацерці, пашараваць пясочкам, дык і згадзіцца. Трэба яшчэ які цэбар ці кадка, але цэбар можна ўзяць новы, у якім мыюць бульбу, бульба ж памыецца і ў чыгуне.
Горш вось, што не было змеевіка.
Пятрок сеў на ўслончык ля вёдзер і, пакашліваючы, пачаў думаць, дзе ўзяць змеявік. Раней па такую патрэбу ён бы падаўся ў мястэчка да Лейбы, што рабіў у кузні: каваў панарады, падкоўваў коней, адцягваў сякеры, насякаў сярпы бабам, мог залудзіць міску і направіць сапсуты замок.
Лейба быў чалавек майстравіты, ужо ён бы Петрака выручыў. Тым болей, у іх была нават дружба. Пятрок да яго ставіўся з павагай і звяртаўся ласкава Лейбачка, а той да яго — Пятруська. Здаецца, нават яны былі аднагодкі і ведалі адзін аднаго з хлапечай пары. Здаўна ўсю кавальскую справу рабіў яму Лейба; Пятрок жа ніколі не скупіўся на плату — грашамі, яйкамі, салам, часам збожжам — усім, што па тым часе было ў гаспадарцы. Калі ж заплаціць не было чым, Лейба мог зрабіць у доўг, «напавер», пачакаць месяц, паўгода, пакуль вырасце збожжа ці прыйдзе час рэзаць авечку. І ніколі ў іх з Петраком не было ўзаемных крыўд ці непаразуменняў. Лейба напэўна змайстраваў бы яму змеявік, ды кузня яго даўно перайшла калгасу, а сам каваль з'ехаў да родзічаў у Лепель. А цяпер дык невядома, ці там хто робіць, улетку кузня стаяла
За гасцінцам у Выселках быў яшчэ адзін чалавек, Карніла, таксама рукасты на ўсякія справы мужчына, ужо ён бы нешта прыдумаў ці знайшоў у сваіх запасах… Але ў Петрака з ім даўно не было дружбы, хутчэй наадварот, яны былі амаль ворагі і не віталіся. А ўсяму віной Сцепаніда, якая дзеўкай гуляла з гэтым Карнілам, ды пабралася з Петраком, — малады, ён быў хлопец спраўны і музыка, не тое што гэты ваўкаваты Карніла. Сапраўды, той быў дужа цяжкога характару, калі ўжо каго не панаравіць, дык будзе касавурыцца да скону дзён. Яшчэ быў ён скупы і скнарны, хоць жыў заўсёды няблага, рабіў не ў калгасе, а ў пажарнай у мястэчку і меў добрыя рукі: мог роўна наслаць падлогу, звязаць аконную раму ці нават змураваць печ. Не, да Карнілы яму не сунуцца, лепш папытаць пры выпадку яшчэ ў каго-небудзь на Выселках.
Пятрок накурыўся ўволю, адкашляўся — мусіць, трэба было брацца за справу. Ага, найперш пасыпаць чаго-небудзь курам, і ён, знайшоўшы на кадцы стары драўляны гарнец, зачэрпнуў ім у крайнім сусеку ячменных адходаў, вынес з сянец. Куры, мусіць, ужо цікавалі яго і, толькі ўбачылі з гарцам, стрымгалоў кінуліся з-пад плота, з гарода, ад паветкі, і ён шырока сыпануў на падворак, каб хапіла ўсім. Пакуль тыя ўвішна дзяўблі на ўтаптанай зямлі падворка, падбіралі ў мураве, ён думаў: які пакручасты лёс і што вытварае ён з чалавекам! Хіба калі гаспадар у Яхімоўшчыне карміў уранку курэй! Ці яму не было іншае, болей важнае справы па гаспадарцы? Адной скаціны тут мелі болей дзесятка галоў — конь, маладая жаробка, дзве каровы, калі яны яшчэ не цяліліся, шэсць ці восем авечак. Ну і свіней, канешне, не меней як дзве — укормны парсюк і меншы, у налецце, падсвінак. Праўда, і рук было болей. Але во сышлося на нуль, толькі і клопату што кароўка, малое свінчо ды гэтыя дзевяць курыц. Ад каня і ўсіх пра яго клопатаў некалі аслабаніў калгас, авечкі неўпрыцям вывеліся самі, ды і каму было іх даглядаць? Дзеці рана павыляталі з бацькоўскага гнязда, не вярнуць. А тут гэта вайна — яна, мусіць, даб'е ўжо канчаткова.
Усё пакашліваючы на вышмарканых камянях ля парога, Пятрок рашыў нарэшце ладзіць капец. Бульба добра ўрадзіла сёлета, на гародзе яе ўжо выкапалі і засыпалі поўную яму, але і яшчэ будзе не меней. У яму ж каторы год пад вясну находзіць вада, таму рэшту трэба закрыць у капец на пагорку ў канцы гарода — так заўсёды рабілі на хутары ва ўраджайныя на бульбу гады. Бульбачку трэба было шанаваць, тая здаўна была галоўным набыткам з поля — хлеб радзіў не заўсёды і к вясне канчаўся, а бульбачкі часцяком хапала да новай. Калі яе ў час выбраць, засцерагчы ад марозу, вады, дык хапала сабе і скаціне — бульбачка не адзін ужо год бараніла ад голаду.
5
Некалькі дзён запар восеньскае неба грувастка цяжэла ад хмар, дужа рваў вецер, заходзячы то з аднаго, то з другога боку, а пасля ўсё сціхла, уначы пацяплела, і пад ранак пасыпаўся дождж. Прачнуўшыся на світанні, Сцепаніда пачула яго шапаткую гаману за сцяной і падумала, што сёння, мусіць, прыйдзецца пачакаць з каровай. Пятрок яшчэ ляжаў у куце на ложку і нават не кашляў, спаў, мусіць, а яна ўстала з палка, выйшла ў сенцы. Ля ганка, чуваць было, трохі цурчала са страхі, а пад дзіркай у сенцах ужо расплывалася на зямлі цёмная лужына. Каторы ўжо раз Сцепаніда раззлавана памянула свайго нядбайнага мужа і пасунула цабэрак пад тое месца ў страсе, дзе мерна капала ў дол. Прывыкшы рана ўставаць, Сцепаніда зразумела, што сну ўжо не будзе, тым болей што за дзяружкай ужо заварушыўся-закашляў Пятрок, шукаў свой капшук — дня ён не мог пачаць без закуркі. Санліва папазяхаўшы, Сцепаніда ўзяла з-пад акна кляновую, купленую вясной даёнку і пайшла ў хлеў да каровы.
Тым часам амаль развіднела. Дождж густавата сеяўся з нізкага туманнага неба, але быў па-восеньску драбнаваты, без ветру і яшчэ не нарабіў гразі на падворку. Толькі ля варот хлява ў нізкім месцы блішчэла гнойная лужына.
На ліпе пачала драць горла варона, — каб хоць не на якую бяду, устрывожана падумала Сцепаніда. Варона прылятала на ліпу ўжо чацвёрты ці пяты ранак — уссеўшыся на верхавіне і звесіўшы на падворак тоўстую чорную дзюбу, прарэзліва каркала, нібы кагось клікала з лесу. Разы два Сцепаніда кідала ў яе палкай з дрывотні, але варона сядзела і не палохалася. Накрычаўшыся, яна сціхала сама, не доўга яшчэ сядзела моўчкі, а дасля цяжка саскоквала з сука і, часта махаючы крыллем, ляцела цераз хлеў у гай. Ззаду на ліпе ціха гайдалася патрывожаная ёю галіна з некалькімі зрудзелымі лісткамі.