Знак бяды
Шрифт:
Але як толькі камісія выйшла з халоднай, няпаленай хаты на двор, Патапка Каландзёнак, які заўжды круціўся каля начальства, падышоў да старшага ўпаўнаважанага, маладога мужчыны ў чорным бобрыкавым паліто, і шапнуў, што ў пустым хляве ў бабкі схаваны лён. Спярша яму не паверылі, зазірнулі ў пусты, з расчыненымі дзвярыма хлеў, і Патапка, узлезшы на бэльку, выцягнуў з-пад страхі тры куксы выдатнага гладкага кужалю. Гэта быў сабатаж, і хоць Прахорыха апраўдвалася, што ўшчэнт абнасілася, што тое ёй для сподняга на смерць, склалі пратакол і хацелі судзіць. Але неяк абышлося з судом, мусіць, усё ж пашкадавалі бабулю, а пра класавую пільнасць
Яны падышлі да скасабочанай, пад трухляваю страхой хаты, Карніла пакратаў зачыненыя знутры веснічкі. Тут жыў Багацька Барыс, мнагадзетны бядняк, які, аднак, ці не апошні на сходзе запісаўся ў калгас і адразу знік з вёскі. Казалі, некуды з'ехаў. Веснічкі ніяк не адчыняліся, тады Карніла так трасянуў іх, што тыя ледзь не паваліліся разам са слупкамі і расчыніліся. Яны абое зайшлі на засмечаны саломай і трухой, зруднелы ад памыяў падворак, праз халодныя сені ўвайшлі ў хату.
— Дзень добры. Ці ёсць тут хто? — падаў голас Карніла.
Не адразу з запечча выткнулася Лізавета, Барысава жонка, з паспешна захінутым нейкаю радзюжкай малым на руках, які туліўся мурзатым тварыкам да пустой Лізавецінай сіські. Счырванелымі, мабыць, ад плачу вачмі Лізавета ўставілася ў захожых.
— Лізаветка, мы апісаць, што ў калгас абабшчаствляць падлягае, — стараючыся як мага ласкавей, сказала Сцепаніда. Лізавецін твар ад тых слоў пыхнуў знянацкім гневам.
— Апісваць? Апісвайце! Во іх апісвайце! Маня, Тэкля, Гануля — усе сюды! Во іх бярыце, карміце ў сваёй камуне.
З запечча да маці кінуліся дзве басаногія малыя ў заношаных каптаніках, ухапіліся за брудную спадніцу. Саромеючыся, выйшла старэйшая Гануля і таксама, пазіраючы спадыбла, стала за маці. У падпеччы, чуваць было, спуджана кудахталі куры, смярдзела чымсь непрыемным, і было дужа няўтульна ў запушчанай хаце.
— Ладна, — сказаў Карніла. — Ты тут нам шпіктакль не строй. Дзе Барыс?
— А я знаю, дзе той Барыс? Мне не сказаў. Калі ў калхоз запісаўся, дык яго і апісвайце. А я не пайду і каровы не дам. Карова мая, у пасаг бацька выдзеліў. Не маеце права адбіраць.
— Ды сціхні ты, Лізавета! — зазлавала і Сцепаніда. — Карову мы пісаць не будзем. Запішам толькі каня. Ну і вупраж. Семяны тожа.
— А няма сямян. І каня тожа няма.
— Як гэта няма? — настырчыўся Карніла. — Быў жа конь, вараны.
— Быў, ды няма. Сплыў. Во як!
— Сплавілі? Прадалі?
— Хоць бы і прадалі, — выцерла слёзы Лізавета. — А што ж, дарма ў камуну аддаваць? Ці нам яго хто дарма даў? Грошы плацілі.
— Дурная ты, як стаптаны бот! — памаўчаўшы, зазлаваў Карніла. — Во і пастрой з такімі калхоз! Перш табе б розуму набрацца! Культуры якой навучыцца! Во ў хаце не прыбрана, дзеці замурзаныя. Гультайка ты, а маладая яшчэ! Толькі малых раджаць, болей анічога не варта!
— Якая ёсціка!
— Ідзі паказвай, што дзе. Каб мы не тыцкаліся, як зладзеі.
— А не буду нічога паказваць. Самі глядзіце.
Яна пачала хутаць у радзюжку малога, зусім безуважная
— Ну глядзі, апішам. Тады не наракай.
Удваіх са Сцепанідай яны зноў выйшлі на забруджаны ўшчэнт падворак, Карніла агледзеўся.
— Дзе тут у іх што? Там варыўня, здаецца?
Але не паспеў ён павярнуць да старой, з выкрышанымі вугламі будыніны, як з вуліцы пачуўся задыханы дзіцячы голас:
— Дзядзька Карніла, татка сказаў, каб вы ў сельсавет ішлі.
Абвязаная пад пахі хусткай, па той бок веснічак стаяла меншая Лявонава дачушка Волечка. Зірнуўшы на яе счырванелы ад бегу твар, Сцепаніда зразумела: штось сталася.
— Чаго яму там закарцела? — насцярожыўся Карніла.
— Ай, там прыехаў… Ну, з мястэчка дзядзька такі з чорным каўняром.
— Касмачоў?
— Ну. І яшчэ другі з ім. Дык татка сказаў…
Карніла адразу пазмрачнеў з твару, нешта трохі падумаў і з роспаччу вылаяўся:
— Ядры яе маць! Так я і ведаў!..
Болей ён не казаў нічога — валюхаста прыпусціў па наледзянелай вуліцы, і Сцепаніда ледзьве паспявала за ім. Воддаль бегла задыханая Волечка.
Ля сельсавета быццам бы ўсё было па-ранейшаму, коней не было відаць: можа, стаялі ў двары? Напусціўшы ў хату сцюжы, яны разам сунуліся ў дзверы, якія Сцепаніда не дужа ўпраўна зачыніла ззаду — і паглядзела за стол. Там ужо сядзелі двое: Касмачоў — у канцы ля акна і наўзбоч ад яго пры сцяне — незнаёмы плячысты мужчына з цвёрдым паголеным тварам, у бліскучай скуранцы, наўкось ад пляча перацятай рамянём — ад нагана, ці што? Мужчына глядзеў перад сабой на сашчэпленыя на сталешніцы рукі, вялікімі пальцамі якіх ён неяк спрытна круціў адзін каля аднаго. Касмачоў у паддзёўцы з чорным каўняром заклапочана пазіраў у парог; у прасценку на лаве, угнуўшы галаву і абапёршыся локцямі аб калені, нервова дыміў самасейкай Лявон. Побач з ім сядзеў Вася Ганчарык. Усе зацята маўчалі, мабыць, нешта прыгнечана перажываючы, і гэтая іх прыгнечанасць адразу перадалася двум захожым, якія, ціха павітаўшыся, селі на лаву ў парозе.
— Сход, ці што, будзе? — ціха запытаў Карніла, болей каб парушыць няёмкую ціш хаты.
— Раскулачванне! — нядобра буркнуў Лявон.
— Як? Ужо ж раскулачылі?!
— Раскулачылі, ды не ўсіх! — сарваным голасам знервавана выпаліў Лявон, устаў і адвярнуўся да акна. — Казаў жа, адным не абыдзецца.
Касмачоў за сталом павярнуўся бокам, пасля зноў абапёрся локцем аб стол, відаць было, ён таксама стрымліваў хваляванне, хоць знешне стараўся выдаць сябе спакойным, як заўжды, памяркоўным. Але гэта яму давалася кепска. У той жа час Лявон без дай прычыны злосна-пагана вылаяўся і ляпнуў недакуркам аб дол. Мужчына, не паднімаючы галаву ад стала, спадылба ўставіў у яго пільны цяжкаваты позірк, паглядзеў трохі, перавёў позірк на Касмачова. Той тады павярнуў галаву да Лявона і, пазіраючы ў падлогу, сказаў з дакорам:
— У класавай барацьбе галоўнае — падняцца над асабістым.
Зноў стала ніякавата і дужа ціха, здавалася, ніхто не дыхае нават. Сцепаніда заскарузлымі пальцамі ціхенька церабіла рубчык на пале кажушка і адчувала сябе так, што хоць праваліся з той лавы.
— Дык каго ж раскулачваць? — унутрана напяўшыся, запытаўся ў гэтай цішы Карніла. Лявон са здзічэлым спрытам адскочыў ад акна.
— А тых, што наёмны труд мелі! Што ў газеце працягнуты! Уразумеў?! — крыкнуў ён, і было незразумела, чаго ён так вызверыўся — ад злосці або ад спачування.