Знак бяды
Шрифт:
Яна ўжо мінала апошнія хаты Выселак, ужо відаць стаў сіратліва апусцелы Ладзіміраў падворак з расчыненымі насцеж веснічкамі, як недзе за Ганчарыкавай хатай, здалося, да неба ўзвіўся вар'яцкі жаночы крык. Яна аж скаланулася ад гэтага крыку і спынілася пасярод вуліцы. Якраз у той момант з-за рога хаты выбегла расхрыстаная Ўльяна, Васілёва маці, яна здзічэла крычала адно толькі: «Людцы! Людцы!» — і роспачна біла кулакамі ў свае пляскатыя грудзі. Убачыўшы Сцепаніду, кінулася да яе, усё лямантуючы і крычучы нешта, чаго Сцепаніда зразумець не магла, хоць і ведала пэўна, што сталася нешта страшнае. Праз плач і лямант Ульяна паказвала на хату, у голыя вокны з тоўста намёрзлым лёдам на шыбах. Пра нешта здагадаўшыся, Сцепаніда подбегам кінулася туды і ўжо на падворку пачула гэткі ж жудасны крык з хаты —
Затое яна згледзела іншае і на момант аслупянела на сярэдзіне падлогі, працятая жахам.
Ля акна за канцом пустога стала аблёгся грудзьмі на сталешніцу Вася Ганчарык — як быў у сваёй чырвонаармейскай форме: шынялі, рамянях, толькі без шлема. Светлавалосая галава яго ўткнулася лбом у стол, рука выпрасталася наўкось па стале, звесіўшы на ўслон разнятыя пальцы. У затхлым паветры хаціны яшчэ чуваць быў трывожны пах стрэлу.
У куце ля печы немым крыкам заходзіўся малы Янка.
17
І вось гэтаю ноччу звёўся нешматлікі гаротны род высялкоўскіх Ганчарыкаў.
Невялічкае, танклявае цела падлетка ў загорнутай на грудзях кашульцы ляжала пад тынам ля лаўкі. Пятрок быў ашаломлены гэтым забойствам і не мог даўмецца, як яно здарылася — як той нямко апынуўся тут уначы? Што яму было тут патрэбна? Пятрок быў так уражаны і напалоханы за ноч, што нібыта страціў мову і нават перастаў бедаваць — яго апанаваў жах. Зрэшты, як і Сцепаніду таксама, якая ў маўклівым здранцвенні сядзела на сваім тапчане і не паварушылася нават.
Немцы даўно ўгаманіліся і, мусіць, спалі ў сваёй палатцы, не спаў толькі іх вартавы, які то стаяў пад страхой ля прыступкаў, то памалу тупаў сюды-туды па падворку. Калі трохі зашарэлася святло ў акенцы, як заўжды, бразнуў посуд ля кухні — то браўся за сваю справу Карла. Пятрок адзначыў пры сабе гэтыя гукі і схамянуўся з паўсоннага забыцця — трэба было рыхтавацца да новай бяды і новых турбот, бо што ж яшчэ мог прынесці з сабою новы дзень? Але толькі ён апусціў ногі з дзежак, шукаючы імі скарэлыя свае апоркі, як учуў далёкі перарывіста-траскотны гук ад гасцінца — так некалі траскаталі матацыклы, якія, аднак, даўно там не ездзілі. «Значыць, ужо мост гатовы, калі па гасцінцы гойсаюць матацыклы, — паныла падумаў Пятрок, — мусіць, так». Густы трэскат тым часам глух, але затым рабіўся гучнейшы, і вось матацыкл завуркатаў зусім блізка, пасля яшчэ бліжэй (мабыць, ужо ўязджаў на падворак) і раптам сціх. Пачулася нейкая нядоўгая гамана з Карлам, пасля з вартавым ля ганка. Пятрок, зацяўшы дыханне, слухаў. Матацыкла тут раней не было відаць, мабыць, гэты прыехаў аднекуль здалёку, з нейкім, відаць, загадам, — можа, што зменіцца на сядзібе? І праўда, падобна было на тое, што прыехаў пасыльны: найперш пачуўся ціхенькі далікатны стук у дзверы, дзе спаў афіцэр, спакваля дзверы, чуваць было, адчыніліся і зачыніліся зноў, ціхай размовы адтуль у істопцы амаль не было чуваць. Затое, калі адтуль хтосьці выйшаў, вартавы на падворку раўнуў нейкую каманду, і ля палаткі адразу ўсчаўся вэрхал — затупалі, загаманілі, забегалі па падворку. Але, здаецца, без трывогі ці спалоху — проста паднімаліся па нейкай патрэбе, можа, раней часу, ці што.
Пятрок прыліп да акенца — дужа цікава было ўведаць, што там яшчэ адбываецца. Сцепаніда ж, з выгляду абыякавая да ўсяго, сядзела на сеннічку, падпёршы плячмі бёрны сцяны. Вочы яе былі прыплюшчаны, але па тым, як яна час ад часу расплюшчвала іх, Пятрок здагадваўся, што яна не спала — як і ён, яна пільна ўслухоўвалася ў тое, што рабілася на падворку.
На гэты раз толькі два ці тры немцы таропка памыліся з кацялкоў ля калодзежа, іншыя выходзілі з палаткі ўжо ў шынялях і нават з вінтоўкамі ў руках, некаторыя з ранцамі, сумкамі і нетаропка, бы чакаючы чаго, спыняліся на падворку, гаманілі і закурвалі. Падобна было, што ні на работу, ні снедаць яны не збіраліся, і гэта навяло Петрака на думку, ад якой ён ажно скалануўся ў радасці.
— Баба, а баба, чуеш? Яны ж выязджаюць!
— Жджы,
— Яй-богу, выязджаюць. Глядзі, майно з палаткі выносяць. Вунь да машыны…
То была праўда, яны вывалаквалі нейкія скрынкі, клумкі з палаткі і кідалі іх цераз задні борт у машыну. Яшчэ праз хвіліну два салдаты вырвалі некалькі калкоў з зямлі, і тугі горб палаткі абвяў, зморшчыўся і апаў долу.
— Ага — вымятаюцца-такі! Ай, дзякаваць Богу! — апанавала нечаканая радасць Петрака, і Сцепаніда, прыўстаўшы, зірнула ў акенца. Але, мусіць, найперш згледзела яна не тое, што ўзрадавала Петрака.
— Ляжыць… Хоць бы прыкрылі чым. Як скаціну якую. Звяры!
Ведама, гэта яна пра Янку. Але Пятрок нават баяўся пазіраць туды, пад паркан, дзе бялеўся апалы жывот падлетка, да якога цяпер, здаецца, ні ў каго з іх не было ніякае справы. Забілі і кінулі. Але за што? Вядома, нямко, няцяжка забіць: глухі, вокрыку вартавога не чуе, сам сказаць нічога не можа. Але за што забіваць? Што ён зрабіў ім благога?
Ён думаў, што немцы забяруць хлопца з сабой — калі ж забілі, дык, мусіць, мелі ў тым нейкую мэту, не дзеля гульні ж тое. Аднак немцы ладкавалі сваё варахоб'е, да забітага ніхто з іх і не падыходзіў нават. Адзін толькі пажылы таўставаты немец у шынялі, з ранцам за плячыма і вінтоўкай на рамяні адышоўся крыху ад кухні і здалёку так угледзеўся — сумна ўгледзеўся — і, здалося Петраку, уздыхнуўшы, пайшоў да машыны пад ліпы. Карла, не зважаючы на зборы, рабіў сваю паўсядзённую справу: шураваў у топцы, падкладваў туды дровы, у катле нешта закіпала, і сырая пара густа шыбавала адтуль цераз тын па ветры. За гэтай парай Пятрок не адразу згледзеў фурманку, якая ціха неяк пад'ехала да варотцаў і стала ля машыны. З фурманкі саскочыла знаёмая даўгалыгая постаць Гужа ў рудой скуранцы, з караткаватаю вінтоўкай у руках.
Якраз у той час з сенцаў выйшаў афіцэр у сваім чорным цыратавым плашчы, спыніўся каля прыступкаў, азіраючы падворак, і Гуж умомант падляцеў да яго, няўклюдна выцягнуўся, як па камандзе «смірна». «От зараз дасць!» — зласліва падумаў Пятрок, успомніўшы яго ўчарашнюю сутычку з фельдфебелем, але, падобна было, сёння штосьці змянілася ў іх узаемаадносінах. Афіцэр круціў сюды-туды галавой, з акенца Петраку не было відаць ягоных вачэй, заслоненых шырокім казырком-капытам, але выраз ягонага твару, здаецца, быў дабрадушна-спакойны. Гуж нешта тлумачыў, а той, скупа якаючы, слухаў, а пасля падышоў бліжэй і падняў руку. Пятрок зноў адчуў кароценькую радасць: «Урэжа!» Ды не, не ўрэзаў — некалькі разоў з добрасцю паляпаў па плячы паліцая — гут, гут! Акурат як і ўчора яго за дбайна абсталяваны афіцэрскі клазет, які, відаць па ўсім, болей ім не спатрэбіцца. «Значыцца, чымсь дагадзіў паліцай, чымсь выслужыўся», — падумаў Пятрок, і ягоны ўзнёслы настрой пачаў хутка змрачнець — прыезд Гужа не абяцаў дабра. Асабліва яшчэ калі яго пахваліў афіцэр. Чакай цяпер новага ліха!
Немцы тым часам рухава выбіраліся, ужо ўсё пагрузілі ў машыну, павыносілі з хаты белыя складныя ложкі і пачалі чапляць за крук машыны грувасткую Карлаву кухню на гумовых колах. Чалавек пяць іх, тужачыся, кацілі яе да варотцаў, разварочвалі, а з топкі сыпаўся жар, і скрозь патыхала дымам, вецер круціў на падворку космы стылае пары. Гуж памагаў там, а Пятрок стаяў ля акна і думаў: «Ірві кішкі, каці, а я не пайду, і не выйду, калі не выганяць, вочы б мае не бачылі вас, злыдняў. Пастралялі курэй, забілі карову, застрэлілі хлопчыка — за што? Хіба гэта па-людску? Калі не людзей, дык пабаяліся б Бога, Бог жа ўсё бачыць. Мусіць, ён ім яшчэ спомніць іхнія зладзействы на чужой зямлі».
Урэшце ўсё было скончана, усе там пазалазілі пад брызент на машыну, фельдфебель трушком апошні раз абабег падворак і таксама палез у кабіну. Пра гаспадароў, дзякаваць Богу, яны не ўспомнілі, не развіталіся, значыць, не мелі патрэбы. Гаспадары тым болей. Цяжка валюхаючы па калдобінах, вялізная машына, з кухняй, пасунулася да гасцінца. Пятрок ужо хацеў быў перахрысціцца з палёгкай, як у той час у варотцы з-пад ліпы з гарода, нязручна выварочваючы перадок, увапхнуўся рыжы конік з фурманкай, у якой тузаў лейцамі паліцай Каландзёнак. Гуж, адразу набыўшы звераватую рашучасць у рухах, ужо па-гаспадарску паказваў, куды трэба заехаць і дзе стаць на падворку. Пятрок ад прыкрасці злосна харкнуў у кут.