Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
Раней падчас голаду іншым разам людзі з больш багатых мясцін прыходзілі на Беларусь за дапамогай (у нас вымачыць дажджамі жыта — уродзіцца бульба на пяску і авёс, не будзе бульбы — будуць грыбы, рыба, не будзе й таго — паляванне выручыць): сапраўднага голаду не бывала, калі не вымятала ўсяго вайна або ліхі пан ці чыноўнік, дый то заўсёды ўмелі людзі выкруціцца, прыхаваць, скамбінаваць — на гэтыя выпадкі яна і была, беларуская ашчаднасць. То вось я, прынамсі, не чуў, каб галадаючага адпусцілі з хаты з пустымі рукамі.
Часам праходзіла нейкай вёскай па пяцьдзесят на дзень і не бывала так, каб кожнаму не далі хаця вядзерца бульбы, хаця лусты
Гэта ў час бяды. Але і ў звычайныя добрыя часы ўсе, хто прыязджае да нас, адзначаюць як адну з галоўных рыс — гасціннасць, почасту досыць цяжкую для госця. "Госць у хаце — бог у хаце" — і ганьба таму дому, дзе не зробяць усяго, нават немагчымага, каб госць быў задаволены. "Белорус отличается гостеприимством, склонностью к веселию и доверчивостью, хотя её можно и не сразу снискать. Отсутствие злопамятности в белорусе резко бросается в глаза всякому, кто с ним сталкивается. Вообще он обладает кроткой натурой" [10] .
10
Россия. Полное географическое описание нашего Отечества. СПб., 1905 г., т. ІХ, стар. 156.
На гэтую "рахманасць натуры" часта разлічваў вораг нашай зямлі. Ворагі, бо іх за нашу гісторыю бывала досыць. Адзін з членаў нацысцкага ўрада так проста і пісаў, што беларусы, як народ інертны і мяккі, добры, бязвольны і рахманы, павінны быць вынішчаны або выселены раней за ўсіх і што гэта будзе досыць лёгкай акцыяй, бо на якое-небудзь больш-менш арганізаванае і зацятае супраціўленне разлічваць не даводзіцца. Тут ён трохі-трохі памыліўся, крыху недаацаніў рахманага чалавека, які за гады акупацыі забіў цэлую кучу людзей дзейных, прадпрымальных, цвёрдых, жорсткіх, валявых і здатных на ўсё, апранутых у ваенныя мундзіры, у мундзіры СС, фельджандармерыі і гэтак далей, узброеных бязмерна лепшай зброяй. Сярод гэтых "людзей, якія пройдуць паўсюль", было 47 генералаў, шмат вышэйшых чыноў адміністрацыі, нават гаўляйтар Беларусі. Я скажу аб гэтым у другім месцы, а тут дабаўлю толькі, што "інертны" і "бязвольны" мясцовы чалавек пусціў пад адхон 11 128 саставаў з надпісам "Deutsche Reichsbahn". Так што рахманасць беларуса таксама да пары да часу. Пяройдзеш мяжу — і тваім ворагам будзе страшны чалавек. Страшны асабліва тады, калі гнеў яго спакойны і разлічаны.
Што ж датычыцца такiх абставiн, калi не чапляюць кiпцем за сэрца, то тут аўтар "Расii" меў рацыю.
Галоўнае ў нашым характары — гасціннасць добрага да добрых.
Так, многiя старыя гасцiнныя звычаi пакрысе вымiраюць, гарадскi чалавек можа часам не ведаць чалавека з суседняга пад'езда, але i цяпер у нас рэдка знойдзецца хата, у якой не паставiлi б рубам апошняга рубля, калi ў доме госць. Часам гэта бывае нават смешна, i беларус кпiць са сваёй "празмернай" гасцiннасцi досыць злосна: "Госць, як нявольнiк: ляжа, хоць i ў пярыну паложаць", "Добра было ў гасцях, толькi прынукi не было" (не прымушалi настойлiва, ледзь не сiлком, пiць i есцi, а сам саромеўся), "Госць сядзе куды скажуць, хоць на покуць, а гаспадар, як скула, дзе захоча, там i сядзе", "Пры мiлым госцю i гаспадар пажывiцца", "Ноч якая месячная! Каб быў госцем, даўно б дахаты пайшоў". "Госць першы тыдзень — золата, другi — серабро, а трэцi — медзь, хоць i дадому едзь: "
Гэта, урэшце, жарты. Гасціна ёць гасціна.
Уласцiва нашым людзям знаходлiвасць, нават некаторая хiтрасць. Вось першы прыклад, якi прыйшоў мне ў галаву. Падчас паўстання 1863–1864 г.г. за невялiчкiм атрадам, коннiкаў на 40, зраненым, выматляным у баях, знемагаючым — гналася карная ўрадавая часць у 200 шабляў. Дзялiла iх гадзiна адлегласцi. Камандзiр зразумеў: не ўцячы. Будзе няроўны бой, смерць iм, а параненым — шыбенiца. I тады ён свядома скарацiў гэтую гадзiну. Спынiў атрад у лесе непадалёк ад карчмы, прывязаў коней, загадаўшы аднаму паўстанцу рабiць так, каб тыя зрэдку гiгаталi. Астатнiя пайшлi ў карчму, узялi ў карчмара ўсе вёдры "паiць коней" i пачалi цягаць ваду са студнi ў лес. За палову гадзiны перанеслi каля трохсот вёдраў i вылiлi ваду пад дрэвы. Пасля пайшлi далей. Знясiленыя паўстанцы бурчалi на свайга камандзiра, але той ведаў людзей i ведаў, што робiць…
Карная частка спынiлася каля карчмы. Афiцэр спытаў, цi не было тут "мяцежнiкаў".
— Былі, паночку, коней паілі.
Ужо гэта было нязвыкла: паіць коней, калі табе наступаюць на пяткі. Значыць не баяцца.
— Доўга паілі?
— Доўга. Трысты вёдраў аднеслі ў лес.
Арыфметыка была простая. Вядро на каня, бо рабілася усё ж наспех. Значыць, трыста шабляў, стрэльбаў або нават і проста кос. Афіцэр адмовіўся ад пагоні.
Іх аддзяляла тады ад паўстанцаў дзве вярсты, бо коні тых тады ледзь ішлі… Атрад уліўся ў большы і доўга яшчэ мужна ваяваў.
Або яшчэ. Падчас Айчыннай вайны ў некаторых нашых акупіраваных месцах асірацелыя дзеці арганізоўвалі нешта накшталт арцеляў па нападу. Звалі іх "вераб'і". Чалавек пяцьдзесят дзяцей наляталі на нямецкую машыну, што стаяла недзе ля казармы ці штаба (мелі ўжо вопыт, ведалі, у якой ежа, цыгарэты або абмундзіраванне), хапалі груз і разбягаліся. Ёсць у вартавых крыху сумлення — стрэляць у паветра. Няма — нехта застанецца на зямлі, затое астатнія тыдзень-другі, мяняючы, будуць мець хлеб. "Вераб'ёў" разбіралі па хатах, бралі ў атрады, але іх было дужа многа. І, акрамя таго, у іх быў свой "прафесіянальны" гонар: не браць у сваіх, якія таксама галадалі. І вось адзін мой знаемы з Рагачова, даўно ўжо дарослы чалавек, расказаў мне, як ён, дзейнічаючы ў той дзень як "вольны паляўнічы-адзіночка" прыгледзеўся да нямецкага шпіталя. Рагачоў не меў буйных прадпрыемстваў, яго не бамбілі, і таму немцы размясцілі ў ім шпіталь для сваіў "асаў". Хлопчык заўважыў, што як толькі настае гадзіна абеду, то ўсе санітары, сёстры, дактары ідуць у сталоўку. Пунктуальнасць нарадзілася раней за немца. І вось падлетак падчас абеду проста ўзяў ды спакойна зайшоў у шпіталь. Адчыніў дзверы — палата на аднаго. Ляжыць "распяты", падвешаны на вяроўках з грузамі, афіцэр (пазней выявілася, што гэта быў палкоўнік, адзін з лепшых асаў імперыі). Пэўна, косткі пераламаў, упаўшы з самалётам, знайшоўся ас і на яго. "Ага, значыць, не пагоніцца". А на стале перад ім — багацце. Тады "верабей" узяў і склаў у запазуху і ў кошычак, у якім, відаць, палкоўніку гэта і прынеслі, шэсць каробак шакаладу, некалькі бутэлек каньяку, лікёру і віна, дваццаць пачак цыгарэт. Забяспечыў, словам, сабе хлеб на месяц-другі (бо карміў яшчэ й цалкам бездапаможнага дзеда). Немец спачатку глядзеў на гэта з поўным непаразуменнем, а пасля нешта абурана загергетаў. Тады хлопчык высалапіў язык, закруціў вачыма, як паміраючая каза, і адказаў:
— Бэ-бэ-бэ-бэ.
І выйшаў. Трывога паднялася праз палову гадзіны, калі скончыўся абед. Як бачыце, гумар не пакідае беларуса нават у самых страшных абставінах. І правільна. Іначай жа — бывалі часы — хоць вешайся ад такога жыцця.
Беларус — вялікі аматар пажартаваць над суседам, але яшчэ больш над самім сабой. Ён назіральны і таму падмячае тыповыя рысы характару людзей. Гэта ў беларускім асяроддзі (сведчанне этнографа Красава) нарадзіўся славуты анекдот пра размову трох украінцаў. Адзін расказваў пра гарадскі мост, зроблены "без ідного цв'яшка". Другі страшэнна здзіўляўся. "Без iдного?", "Без iдного", "І воли iздять?", "І воли", "І машини?", "І машини", "І начальство дозволяе?" "І начальство". Трэці, які маўчаў, паківаў галавою і сказаў задуменна: "Отак і людина, живе-живе, тай вмре".
Напрыклад, iшоў селянiн лесам i ўбачыў, што маланкi нешта б'юць з неба толькi ў адзiн корч. Падышоў, прыгледзеўся, аж гэта бог ваюе з чортам i нiчога яму не можа зрабiць. Пальне, а той высунецца, i ў неба — дулю. Мужык вырашыў памагчы. Зарадзiў стрэльбу срэбнай, на нячысцiка, куляй i забiў чорта на месцы. Тут з неба голас: "Бэндзеш свенты". Бедалага аж за галаву схапiўся: "Бож-жа ж мой, i там палякi!"
…Гэтая рыса здавалася б маласімпатычнай, каб не тое, што над сваімі недахопамі, увогуле над сабой, беларус жартуе куды больш з'едліва і злосна.
Вось начальнiк скручвае свякроўцы, што прыйшла скардзiцца на нявестку, з адаго кулака аж дзве хвiгi: "Няхай пасмее па маiх хвiгах ударыць. Але помнi сабе, што калi па гэтых хвiгах ударыць, то падавай у суд, а як раскруцiш пальцы ды сама зложыш, то няхай сабе iзноў таўчэ табе пальцы, — я баранiць не буду". I вось баба гэтымi "важнымi хвiгамi" тэрарызуе хату i вёску.
Вось чалавек прыйшоў у Вільню, ідзе па мосце і бачыць, што два падлеткі дзеляць на ім чубы.
— Што вам за ліха? Чаго вам не хапае?