Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
Сяджу ў квартале трохсотгадовых грабаў. Калоны ствалоў — пад неба. На некаторых дрэўныя "губы" [8] ў метр радыусам. Няма ў беларускiх лясоў аднатоннай суровасцi паўночнага бору цi тайгi.
Дзікаватасць — ёсць. Змрочнасць — ёсць. Але і разнастайнасць ёсць. Куды ні кінеш позірк — перад табою зусім іншы пейзаж, які кожны раз выклікае захапленне.
Упаў першы жоўты лісток: папярэдзіў, што няхай зараз сярэдзіна лета, але бывае ж і восень, калі пушча будзе палаць рыжым, чыровным, пурпурным, залатым агнём, калі ліпкія ягады амёлы стануць падобныя
8
Драўнінныя грыбы.
Падымаю вочы. Алень. Усё ж я яго падсцярог. Наваліўся грудзьмі на ствол тонкага і высокага дрэва. Ідзе і гне яго, прапускаючы між нагамі. Дабраўся да лістоты і закусвае, водзіць цёплымі мяккімі губамі. Даеў, выпусціў дрэва і пайшоў прагалінай, нібы паплыў у паветры. Сотні год парахавыя маланкі прыпынялі ў зеніце яго апошні скачок… Але вышэйшай мужнасцю жывога ён упарта цягнуў праз вякі сваё жыццё і сваю прыгажосць. І толькі гэтай прыгажосцю і гэтай ласкавай упартасцю ўратаваў ён на зямлі свой рахманы, свой трывалы, свой вечны народ. Будзем спадзявацца, што, калі мы будзем сапраўднымі людзьмі, ён, з нашай дапамогаю, уратуе яго на векі вякоў.
Ён ідзе да мяне і да друга, як сцішаны вецер, галаву падстаўляе, спадзяецца, што сэрца кране: "Вы мяне не зачэпіце? Вы мяне зберажэце? Пашкадуйце мяне! Калі ласка… Пашкадуйце мяне…"Даруй мне, алень, і вы, мае чытачы і сябры, за аўтацытату. Мы ўсё ж пастараемся зберагчы цябе. Мы зберажом. І зубраў, і чалавечнасць, і старыя вежы, і ўсплескі бабра, і дзіва сонечных палян, і вуркатанне дзікага голуба, і святую гучную цішыню Пушчы.
Тады будзе мір усім. Усяму жывому. Не будзе каменя ў запазусе і прыхаваных стрэльбаў. Настане такі час. І вось тады ўся зямля, паўсюль, дзе ёсць нечапаныя стэпы, горы, першабытныя лясы, уся зямля стане падобная да цябе, Пушча, бо паўсюль будуць берагчы зямлю, як берагуць яе зараз тут. І прырода адплоціць дабром: неўміручымі дубамі, стронгавымі рэкамі, якія так ласкава мыюць пыльныя ногі, сонцам і крыштальным небам, якое не захмарваюць дым і пыл.
І не будуць хавацца ад чалавека бабер і алень.
А пакуль я рад, што на хвіліну завёў вас у Пушчу, у гэтыя сонечныя нетры, у гэты самы лепшы куток старажытнай нашай краіны. Каб вы хаця б на хвіліну засталіся там сам-насам з аленямі і зубрамі, з аксамітнымі грабамі і вузлаватымі дубамі, з сумленнем, з чалавечнасцю, з усёй гэтай добрай і адвечнай беларускай зямлёй.
Людзi зямлi беларускай
Ці думалі вы самі пра беларусаў не як пра сваіх бацькоў, братоў і сёстраў, сяброў або аднавяскоўцаў, а як увогуле пра людзей з асобным характарам, як пра народ з аднолькавай мовай, мінулым, сучасным і будучым?
Ці задумваліся, які ён, беларус? Ну, па-першае, жывуць у Беларусі рускія (іх найбольш у гарадах), літоўцы (іхнія вёскі ёсць у Астравецкім і Радунскім раёнах), яўрэі, латышы (сям-там на паўночным захадзе Віцебшчыны), украінцы (у некаторых вёсках на поўдзень ад Гомеля і невялікімі гнёздамі на Піншчыне і Століншчыне). Акрамя таго, добра ведаючы побыт, дыялектныя асаблівасці мовы, песню Палесся, я, асабіста, выдзеліў бы палешукоў у асобную этнічную групу. Занадта асобны, непадобны іхні фальклор, побыт, нават склад розуму. Ну, ладна, гэта справа вучоных, а не наша.
Ёсць на Беларусі татары. З тых, што калісьці ўзялі ў палон пры Батыі і пасля падчас набегаў пры Вітаўце і пасялілі асобнымі пасяленнямі на тэрыторыі краіны. Да нядаўняга часу яны адрозніваліся толькі рэлігіяй (цяпер гэтага няма) ды часам імёнамі і прозвішчамі, у якіх, бывала, толькі з цяжкасцю можна было ўлавіць намёк на іхняе паходжанне. Скажам, Ян Мустафавіч Марушкевіч або Іван Багданавіч Асановіч (ад імя "Асан", "Гасан"). Нават іхні этнічны тып стаў падобны на беларускі. Нават свяшчэнныя іхнія кнігі "Аль-Кітабы" гучаць на старой беларускай мове, хаця і запісаны арабскімі літарамі.
Склад насельніцтва нашай рэспублікі досыць аднастайны. Беларусаў тут 81 працэнт. Ды, акрамя таго, у апошні перапіс беларускую мову назвалі ў якасці роднай 328 тыс. чалавек іншых нацыянальнасцей, а 606 тыс. чалавек назвалі беларускую мову ў якасці другой мовы, якой вольна валодаюць.
…Што гэта за чалавек беларус? Што гэта за народ? Уласна кажучы, адказаць на гэта пытанне дужа цяжка. Гэта задача амаль невырашальная. Як і паўсюль, ёсць сярод беларусаў мяшчане і падзвіжнікі, лайдакі і працаўнікі, "малюскі" і героі (нават у штодзённым змаганні за новае, за лепшае, за вынашаныя ідэі, што, уласна кажучы, і называецца жыццём), дурні і мудрацы. І кожны паступае адпаведна свайму характару, і мудрыя разважаюць мудра і па-свайму, а дурні — як паўсюль.
Так што не трэба абагульненняў.
Аднак, многа паездзіўшы па рэспубліцы, перазнаёміўшыся з тысячамі людзей, я насмелюся назваць некаторыя досыць тыповыя рысы, уласцівыя народнаму беларускаму характару. Гэта пераважна мой погляд (могуць быць і іншыя), хаця многія і многія людзі, і не толькі з беларусаў, падзяляюць яго.
Тыповага беларуса я досыць лёгка адрозню сярод іншых, хаця б ён яшчэ не сказаў ніводнага слова (калі скажа, тады ўжо, нават калі ён гаворыць на іншай мове і без акцэнта, яго лёгка пазнаць па асаблівай будове сказа, па тым, што, колькі паветра набрана ў лёгкія, столькі і аддадзена, шчодра, да апошняга, нават з лішнімі словамі, каб мелодыя сказа была завершана. Ён не скажа: "Чым гэта скончыцца?", а скажа: "Дык чым, мо ўжо вы мне скажаце, скончыцца гэта — а, мо скажаце вы?").
Гэта тое, што ў абліччы, амаль няўлоўнае. Пераказаць яго цяжка. Яно ў форме носа, вушэй, у вачніцах і разрэзе саміх вачэй, у манеры рухацца, жэстыкуляваць, гаварыць, дый ці мала яшчэ ў чым. Паўночны беларус ростам пераважна высокі (не рэдкасць бамбізы па два метра ростам). На поўдні часцей трапляюцца людзі сярэдняга росту, больш прыземістыя (паўтараю яшчэ раз, што гэта не агульны закон, а толькі найбольш распаўсюджаныя рысы), затое больш каржакаватыя. У апошні час назіраецца тэндэнцыя да павышэння сярэдняга росту, як і паўсюль.