Чтение онлайн

на главную

Жанры

Оруэлл Джордж

Шрифт:

У прынцыпе, прыналежнасць да гэтых трох груп не перадаецца ў спадчыну. Дзіця сябры Ўнутранай Партыі з тэарэтычнага пункту погляду не нараджаецца сябрам Унутранае Партыі. Прыём у адну або другую галіну Партыі праводзіцца праз экзамен ва ўзросце шаснаццаці гадоў. Не існуе таксама ніякай расавай дыскрымінацыі, ні істотных пераваг адной правінцыі над другой. На найвышэйшых партыйных пасадах можна сустрэць жыдоў, мурынаў, паўднёваамерыканцаў чыста індзейскае крыві, а мясцовыя кіраўнікі заўсёды выбіраюцца сярод жыхароў дадзенае тэрыторыі. Нідзе ў Акіяніі людзі не адчуваюць сябе каланіяльным насельніцтвам, кіраваным з далёкае сталіцы. У Акіяніі няма сталіцы, а яе намінальны кіраўнік — чалавек, чыё месца жыхарства нікому не вядомае. За выключэннем таго, што ангельская мова з'яўляецца галоўнай размоўнай, а навамоўе — афіцыйнай моваю Акіяніі, у краіне няма ніякае цэнтралізацыі. Яе кіраўнікі злучаны між сабою не кроўнымі сувязямі, а прыналежнасцю да агульнага вучэння. Нашае грамадства і напраўду распластавана, і вельмі строга распластавана, паводле парадку, які на першы погляд нагадвае спадчынныя лініі. Цяпер значна радзей назіраюцца пераходы з адной групы ў другую, чым у эпоху капіталізму або нават у даіндустрыяльны перыяд. Паміж дзвюма галінамі Партыі адбываецца пэўны абмен, але толькі тады, калі трэба выключыць з Унутранай Партыі слабых або абясшкодзіць занадта амбітных сябраў Знешняй Партыі, узняўшы іх угору. Пролам практычна не даюць дасягнуць узроўню, які б дазволіў ім уступіць у Партыю. Найбольш здольныя з іх, якія маглі б сфармаваць асяродкі незадавальнення,

проста высочваюцца Паліцыяй Думак і ліквідуюцца. Але гэты стан рэчаў неабавязкова мусіць быць нязменны, ён не ўяўляе сабою прынцыповага пытання. Партыя не з'яўляецца класам у старым сэнсе слова. Яна не імкнецца перадаць уладу сваім дзецям толькі таму, што гэта яе Дзеці; і калі б не існавала іншае магчымасці ўтрымліваць пры ўладзе найбольш здольных людзей, яна з лёгкасцю была б гатовая рэкрутаваць зусім новае пакаленне з шэрагаў пралетарыяту. У крытычныя часы той факт, што Партыя не з'яўляецца спадчынным саслоўем, вельмі спрыяў нейтралізаванню апазіцыі. Сацыяліст старога гарту, спрактыкаваны ў змаганні супраць «класавых прывілеяў», меркаваў, што тое, што не перадаецца ў спадчыну, не можа быць вечным. Ён не разумеў, што пераемнасць алігархіі неабавязкова павінна быць фізічнаю, ён не задумваўся над тым, што спадчынныя арыстакратыі ніколі не жылі доўга, тым часам як арганізацыі, даступныя ўсім людзям, як, прыкладам, каталіцкая царква, існавалі часам сотні і нават тысячы гадоў. Сутнасць алігархічнага панавання не ў спадкаванні ад бацькі сыну, а ў захаванні пэўнага светапогляду і пэўнага ладу жыцця, навязанага мёртвымі жывым людзям. Кіраўнічыя колы датуль застаюцца кіраўнічымі коламі, пакуль яны могуць прызначаць сабе наступнікаў. Партыі важна захаваць не сваю кроў, а самую сябе. Зусім няважна, хто трымае ўладу, істотна, каб іерархічная структура заставалася заўсёды тая самая.

Усе погляды, звычкі, густы, пачуцці і лад думак, уласцівыя нашым часам, у сапраўднасці прызначаюцца на тое, каб захаваць містычнасць Партыі і не даць зразумець сапраўдную сутнасць сучаснага грамадства. Практычнае паўстанне ці хоць бы падрыхтоўчыя захады да яго сёння немагчымыя. Пролаў няма чаго баяцца. Пакінутыя самі сабе, яны і далей будуць з пакалення ў пакаленне, са стагоддзя ў стагоддзе працаваць, працягваць род і паміраць не толькі без ніякага памкнення паўстаць, але і не маючы нават магчымасці зразумець, што свет мог бы быць інакшы, чым ён ёсць цяпер. Яны сталі б небяспечнымі толькі тады, калі б тэхнічны прагрэс запатрабаваў для іх вышэйшае адукацыі. Але як ваенная і эканамічная канкурэнцыя не маюць болей ніякага значэння, дык узровень народнае адукацыі падае. Лічыцца неістотным ведаць, аб чым масы думаюць і аб чым не думаюць. Ім можна спакойна дазволіць інтэлектуальную свабоду, бо інтэлекту ў іх няма. Але найменшае адхіленне ў поглядах сябры Партыі, нават у самым дробным пытанні, лічыцца недапушчальным.

Ад нараджэння да смерці сябра Партыі жыве пад пільным вокам Паліцыі Думак. Нават калі ён адзін, ён ніколі не можа быць пэўны, што ён сапраўды адзін. Дзе б ён ні быў, удзень ці ўначы, на працы ці на адпачынку, у ванне ці ў ложку, за ім могуць назіраць без папярэджання, так, што ён і не будзе пра гэта ведаць. Нічога з таго, што ён робіць, не можа заставацца незаўважаным. З кім ён сябруе, як бавіць час, як ставіцца да жонкі і дзяцей, які ў яго твар, калі ён адзін, што ён мармыча праз сон, нават яго характэрныя рухі — усё назіраецца з назольнай дакладнасцю. Не толькі кожная сапраўдная правіна, але любы, нават самы нязначны выбрык, любая змена звычкі, любае нервовае дзівацтва, якое можа быць сімптомам унутранае барацьбы, без ніякага сумнення заўважаюцца наглядчыкамі. У сябры Партыі няма ніякае свабоды выбару. З другога боку, ягоныя ўчынкі не рэгулююцца законамі ці нейкім ясна сфармуляваным кодэксам паводзін. У Акіяніі законаў няма. Думкі і дзеянні, якія, калі будуць заўважаныя, вядуць да непазбежнае смерці, фармальна не забароненыя, і вечныя чысткі, арышты, катаванні, зняволенні і выпарэнні прызначаюцца не ў якасці кары за нейкія сапраўды ўчыненыя злачынствы. Яны ўжываюцца, каб знішчыць людзей, якія маглі б учыніць злачынствы калі-небудзь у будучыні. Ад сябры Партыі патрабуюць не толькі правільных поглядаў, але і правільных інстынктаў. Шматлікія перакананні і погляды, што патрабуюцца ад яго, нідзе дакладна не вызначаныя і не маглі б быць дакладна вызначаныя без таго, каб не выкрыліся ўнутраныя супярэчнасці Ангсоцу. Калі сябра Партыі ад натуры добранадзейны (на навамоўі — дабрадум), ён у любых абставінах не задумваючыся вызначыць, якое меркаванне правільнае або якое пачуццё пажадана выявіць на твары. Аднак у любым выпадку праведзенае ў дзяцінстве стараннае разумовае вышкаленне, якое грунтуецца на трох паняццях, называных на навамоўі стопзлачын, чорнабел і двухдумства, уплывае на яго так, што ён не хоча і не можа разважаць глыбока аб чым там ні было б.

Мяркуецца, што сябра партыі не можа мець ніякіх прыватных пачуццяў і што яго энтузіязм ніколі не згасае. Ён павінен жыць у няспынным шале нянавісці да знешніх ворагаў і ўнутраных здраднікаў, захапляцца перамогамі, пакорліва схіляцца перад сілаю і мудрасцю Партыі. Пачуццё незадаволенасці, што ўзнікае ад убогага, абмежаванага жыцця, свядома накіроўваецца вонкі і рассейваецца з дапамогаю мерапрыемстваў накшталт Двуххвілінкі Нянавісці. Думкі, якія маглі б прывесці да сфармавання скептычных або бунтаўнічых поглядаў, забіваюцца загадзя шляхам унутранае дысцыпліны, прышчэпленай з малых гадоў. Першая, найпрасцейшая ступень дысцыпліны, якой можна навучыць нават малых дзяцей, завецца на навамоўі стопзлачын. Стопзлачын — гэта здольнасць рэзка, нібы інстынктыўна, спыніцца на парозе небяспечнае думкі. Ён уключае ў сябе ўменне не адчуваць аналогій, не заўважаць лагічных памылак, не разумець нават найпрасцейшых аргументаў, калі яны пярэчаць Ангсоцу. Сюды ўваходзіць таксама здольнасць адчуваць нуду або агіду да любога ладу мыслення, які можа звесці на аблудны кірунак. Карацей кажучы, стопзлачын азначае ахоўную дурасць. Але адной дурасці мала. Наадварот, добранадзейнасць, у пэўным сэнсе, патрабуе ад усіх гэткага ж поўнага кантролю над сваімі думкамі, як у акрабата над целам. Акіянійскае грамадства трымаецца ўрэшце на веры, што Вялікі Брат усемагутны, а Партыя — бясхібная. Але з той прычыны, што ў сапраўднасці Вялікі Брат не ўсемагутны, а Партыя не бясхібная, існуе неабходнасць настойлівай, штохвіліннай гнуткасці ў падаванні фактаў. Ключавым паняццем тут з'яўляецца чорнабел. Гэтае слова, як і шмат іншых навамоўных слоў, мае два ўзаемна супярэчныя значэнні. Ужытае ў дачыненні да ворага, яно азначае звычку бессаромна сцвярджаць насуперак відавочным фактам, што чорнае — гэта белае. Ужытае ў дачыненні да сябры Партыі, яно азначае сумленную гатовасць назваць чорнае белым, калі гэтага запатрабуе партыйная дысцыпліна. Але яно азначае таксама здольнасць верыць, што чорнае — гэта белае, і нават ведаць, што чорнае — гэта белае, і забыцца, што некалі было інакш. Гэта патрабуе няспыннага зменьвання мінуўшчыны, магчымага дзякуючы сістэме мыслення, якая ахапляе ўсе іншыя і называецца ў навамоўі двухдумствам.

Зменьванне мінуўшчыны неабходнае з дзвюх прычын, адна з якіх з'яўляецца другараднаю і, так бы мовіць, прэвентыўнаю. Гэтая прычына палягае ў тым, что сябра Партыі, гэтак жа, як і пралетарый, церпіць цяперашнія жыццёвыя ўмовы часткова таму, што яму няма з чым іх параўнаць. Ён мусіць быць адрэзаны ад мінуўшчыны гэтак жа, як ён адрэзаны ад замежных краін, бо неабходна, каб ён верыў, што жыве лепш, чым яго продкі, і каб ён думаў, што сярэдні ўзровень матэрыяльных дабротаў няспынна павышаецца. Аднак значна важнейшаю прычынай для зменьвання мінуўшчыны ёсць неабходнасць забяспечыць бясхібнасць Партыі. Усе прамовы, лічбы, справаздачы мусяць прыводзіцца ў адпаведнасць з надзённымі партыйнымі патрабаваннямі не толькі на тое, каб давесці дакладнасць усіх прадказанняў Партыі ва ўсіх выпадках. Справа ў тым, што Партыя не можа дапусціць змены ў дактрыне або ў палітычнай лініі. Перамяніць сваё рашэнне ці нават сваю палітыку значыла б прызнацца ў сваёй слабасці. Калі, напрыклад, Эўразія ці Ўсходазія (няважна, каторая з іх) на сённяшні дзень з'яўляецца ворагам, трэба, каб гэтая краіна была ворагам і ва ўсе ранейшыя часы, і калі факты сведчаць пра іншае, дык гэтыя факты трэба падправіць. Такім чынам, гісторыя няспынна перапісваецца. Гэтае штодзённае фальшаванне мінуўшчыны, выконванае Міністэрствам Праўды, гэтак жа неабходнае для моцы рэжыму, як і рэпрэсіўна-шпіёнская дзейнасць Міністэрства Любові.

Зменлівасць мінуўшчыны — асноўны прынцып Ангсоцу. Мінулыя падзеі, як лічыцца, не існуюць аб'ектыўна, а захоўваюцца толькі ў пісьмовых дакументах і ў чалавечай памяці. Мінуўшчына выглядае так, як падаюць яе дакументы і ўспаміны. Калі ж Партыя поўнасцю кантралюе ўсе дакументы, а таксама думкі сваіх сябраў, дык з гэтага вынікае, што мінуўшчына выглядае так, як хоча Партыя. З гэтага таксама вынікае, што хоць мінуўшчына і зменлівая, яна ніколі не была змененая ў нейкім канкрэтным выпадку. Бо калі яна пераствораная ў форме, патрабаванай у дадзены момант, дык гэтая новая версія і ёсць мінуўшчына, і ніякае іншае мінуўшчыны няма і не магло быць. Гэта застаецца слушным нават тады, калі, як гэта часта здараецца, тую самую падзею неабходна змяніць да непазнавальнасці некалькі разоў на працягу аднаго года. Ва ўсе часы Партыя валодае абсалютнаю ісцінай, а абсалютнае, зразумела, ніколі не можа быць інакшае, чым цяпер. Мы яшчэ ўбачым, што кантроль над мінуўшчынай залежыць перш за ўсё ад працы над памяццю. Пераканацца, што ўсе пісьмовыя запісы адпавядаюць палітычным устаноўкам бягучага моманту, зусім няцяжка, гэта чыста механічны акт. Але неабходна таксама памятаць, што мінулыя падзеі адбываліся менавіта так, як сцвярджаецца цяпер. Калі ж пры гэтым даводзіцца падпраўляць сваю памяць або фальшаваць пісьмовыя запісы, дык неабходна адразу ж пра гэта забыцца, як толькі справа зроблена. Гэтаму можна навучыцца, як і кожнаму іншаму разумоваму прыёму. І гэтаму навучаецца большасць сябраў Партыі, усе, каго можна лічыць разумным і добранадзейным. На старамоўі гэта звалася зусім шчыра: «Кантроль рэчаіснасці».

На навамоўі гэта завецца двухдумства, хоць паняцце двухдумства значна шырэйшае.

Двухдумства азначае здольнасць трымаць у свядомасці два супярэчныя меркаванні адначасова і пагаджацца з абодвума. Партыйны інтэлектуал ведае, у якім кірунку трэба трансфармаваць сваю памяць; такім чынам, ён ведае, што маніпулюе рэчаіснасцю; але, ужываючы двухдумства, ён пераконвае сябе, што рэчаіснасць застаецца непарушаная. Гэты працэс мусіць быць свядомы, бо інакш ён не будзе выкананы з дастатковай дакладнасцю, але ён мусіць быць таксама і несвядомы, бо інакш ён выклікае пачуццё несапраўднасці, а значыць, і віны. Двухдумства спачывае ў самім сэрцы Ангсоцу, бо асноўны метад Партыі палягае ў тым, каб свядома чыніць махлярства, захоўваючы пры гэтым цвёрдасць намераў, заснаваных на поўнай шчырасці. Наўмысна казаць хлусню, шчыра верачы ў яе, забыцца на факты, што сталіся неадпаведнымі бягучаму моманту, а калі зноў будзе неабходна, вярнуць іх з забыцця якраз настолькі, наколькі трэба, адмаўляць існаванне аб'ектыўнае рэчаіснасці, але ўвесь час лічыцца з гэтай адмоўленай рэчаіснасцю — усё гэта абсалютна неабходна. Нават ужываючы слова «двухдумства», трэба праявіць двухдумства, бо той, хто ўжывае гэтае слова, разумее, што тым самым фальшуе рэчаіснасць, і каб сцерці са свядомасці гэтае разуменне, неабходны новы акт двухдумства — і так да бясконцасці, прычым мана заўсёды будзе на адзін крок апераджаць праўду. Партыя здолела — і, як усе мы ведаем, яшчэ тысячы гадоў будзе здольная — спыняць хаду гісторыі.

Усе былыя алігархіі страцілі ўладу або праз тое, што яны закасцянелі, або праз тое, што змякчэлі і адрузлі. Яны або сталіся напышлівымі і фанабэрнымі, няздольнымі прыстасавацца да зменлівых абставін, і былі зрынутыя; або, стаўшы ліберальнымі і баязлівымі, саступалі там, дзе мусілі ўжыць сілу, і таксама былі зрынутыя. Гэта значыць яны загінулі або праз свядомасць, або праз несвядомасць. Дасягненнем Партыі было тое, што яна выпрацавала сістэму думак, у якой абедзве ўмовы могуць існаваць адначасова. І толькі на гэтай інтэлектуальнай падставе панаванне Партыі магло ўсталявацца навечна. Той, хто пануе і хоча працягнуць сваё панаванне, мусіць умець дэфармаваць пачуццё рэчаіснасці. Бо сакрэт панавання палягае ў тым, каб спалучаць веру ў сваю бясхібнасць з уменнем вучыцца на сваіх памылках.

Наўрад ці трэба казаць, што найбольш спрактыкаваныя ў двухдумстве тыя, хто вынайшаў двухдумства і ведае, што гэта — шырокая сістэма разумовага махлярства. У нашым грамадстве тыя, хто найлепш ведае, што адбываецца навокал, якраз найменш за ўсіх здольныя ўспрымаць свет, якім ён ёсць. Увогуле: чым болей разумення, тым болей аблуды, чым чалавек больш інтэлігентны, тым менш у яго здаровага розуму. Яскравы прыклад гэтаму — факт, што ваенная істэрыя павышаецца разам з падняццем угору па сацыяльнай лесвіцы. Найбольш набліжаецца да разумнага ўспрымання вайны жыхарства спрэчных тэрыторый. Для гэтых людзей вайна — гэта проста бясконцае бедства, што пракочваецца па іх зямлі, як прыліў і адліў. Які з бакоў перамагае — ім абсалютна ўсё адно. Яны ведаюць, што змена ўладара значыць толькі, што яны будуць рабіць тую самую працу, што і раней, на новых гаспадароў, якія будуць ставіцца да іх гэтаксама, як і старыя. Трошкі меней заняволеныя рабочыя, якіх мы называем «проламі», усведамляюць сутнасць вайны толькі часткова. Калі неабходна, у іх можна распаліць шал страху і нянавісці, але калі іх не чапаць, яны могуць надоўга забыцца, што ідзе вайна. Сапраўдны ж ваенны запал можна сустрэць у шэрагах Партыі, і асабліва Ўнутранай Партыі. Найбольш непахісна ў заваёву свету вераць тыя, хто ведае, што гэта немагчыма. Гэтае адмысловае злучэнне процілегласцяў — ведаў з невуцтвам, цынізму з фанатызмам — адна з галоўных характэрных рысаў акіянійскага грамадства. Афіцыйная ідэалогія перапоўнена супярэчнасцямі, хоць у гэтым няма ніякае практычнае патрэбы. Так, Партыя адкідае і зневажае ўсе тыя прынцыпы, на якіх першапачаткова грунтаваўся сацыялістычны рух, сцвярджаючы, што робіць гэта ў імя сацыялізму. Яна заклікае да нечуванай у былыя стагоддзі пагарды да рабочага класа, а тым часам апранае сваіх сябраў ва ўніформу, што калісьці насілі рабочыя, і якраз таму выбраную. Яна сістэматычна разбурае сямейныя сувязі, але называе свайго лідэра імем, якое непасрэдна звязана з пачуццём сяменнае лучнасці. Нават назвы чатырох Міністэрстваў, якія намі кіруюць, выдаюць бессаромнае і адкрытае перакручванне фактаў. Міністэрства Міру займаецца вайною, Міністэрства Праўды — хлуснёй, Міністэрства Любові — катаваннямі, а Міністэрства Дастатку морыць людзей голадам. Супярэчнасці гэтыя невыпадковыя, яны выкліканы не звычайнай крывадушнасцю — гэта свядомае ўжыванне двухдумства. Бо толькі прымірыўшы супярэчнасці, можна захаваць уладу навечна. Ніяк іначай стары лад гісторыі не можа быць разбіты. Калі неабходна пазбегнуць роўнасці ўсіх людзей — калі Вышэйшыя, як мы іх назвалі, збіраюцца захаваць свае пазіцыі навечна, — дык тады пераважным ладам мыслення мусіць стацца кантраляванае вар'яцтва.

Але застаецца адно пытанне, якое мы дагэтуль амаль не закраналі: чаму неабходна пазбегнуць роўнасці ўсіх людзей? Дапусцім, што сам механізм дзеяння грамадства быў дакладна апісаны. Дык чым жа выклікана гэтая гіганцкая, дасканала спланаваная спроба спыніць плынь гісторыі ў пэўны момант?

Тут мы падыходзім да цэнтральнага сакрэту. Як мы ўжо бачылі, таемнасць Партыі, і перадусім Унутранай Партыі, грунтуецца на двухдумстве. Але яшчэ глыбей ляжыць першапачатковая прычына, ніколі не стаўлены пад сумненне інстынкт, які прывёў спачатку да захопу ўлады, а пасля спарадзіў двухдумства, Паліцыю Думак, перманентную вайну і ўсе іншыя неабходныя прыналежнасці. На самай справе прычына гэтая палягае ў…

Поделиться:
Популярные книги

Утопающий во лжи 4

Жуковский Лев
4. Утопающий во лжи
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Утопающий во лжи 4

Пожиратель душ. Том 1, Том 2

Дорничев Дмитрий
1. Демон
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
альтернативная история
5.90
рейтинг книги
Пожиратель душ. Том 1, Том 2

Релокант. По следам Ушедшего

Ascold Flow
3. Релокант в другой мир
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Релокант. По следам Ушедшего

Любовь Носорога

Зайцева Мария
Любовные романы:
современные любовные романы
9.11
рейтинг книги
Любовь Носорога

Измена. Верни мне мою жизнь

Томченко Анна
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Верни мне мою жизнь

Изгой. Пенталогия

Михайлов Дем Алексеевич
Изгой
Фантастика:
фэнтези
9.01
рейтинг книги
Изгой. Пенталогия

Осознание. Пятый пояс

Игнатов Михаил Павлович
14. Путь
Фантастика:
героическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Осознание. Пятый пояс

Темный Патриарх Светлого Рода 4

Лисицин Евгений
4. Темный Патриарх Светлого Рода
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Патриарх Светлого Рода 4

Лорд Системы 12

Токсик Саша
12. Лорд Системы
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Лорд Системы 12

Генерал Империи

Ланцов Михаил Алексеевич
4. Безумный Макс
Фантастика:
альтернативная история
5.62
рейтинг книги
Генерал Империи

Пятничная я. Умереть, чтобы жить

Это Хорошо
Фантастика:
детективная фантастика
6.25
рейтинг книги
Пятничная я. Умереть, чтобы жить

Кодекс Охотника. Книга XVII

Винокуров Юрий
17. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XVII

Физрук 2: назад в СССР

Гуров Валерий Александрович
2. Физрук
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Физрук 2: назад в СССР

Провинциал. Книга 3

Лопарев Игорь Викторович
3. Провинциал
Фантастика:
космическая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Провинциал. Книга 3