1984
Шрифт:
Ўінстан заўважыў, што ў пакоі зрабілася ціха — гэтак, як заўважаеш нейкі новы гук. Яму здалося, што ўжо нейкі час Джулія маўчыць. Яна ляжала на баку, раздзетая вышэй пояса, паклаўшы шчаку на далонь, цёмная пасмачка валасоў упала ёй на вочы. Яе грудзі павольна і мерна падымаліся і апускаліся.
— Джулія.
Маўчанне.
— Джулія, ты спіш?
Маўчанне. Яна спала. Ён загарнуў кнігу, асцярожна паклаў яе на падлогу, лёг сам і накрыў сябе і Джулію коўдрай.
Ён усё яшчэ не ведаў галоўнага сакрэту. Ён разумеў як, але не разумеў чаму. І ў раздзеле І, і ў раздзеле ІІІ ён не прачытаў нічога, чаго б ён ужо не ведаў, ён проста ўпарадкаваў свае веды. Але прачытаўшы, ён яшчэ болей упэўніўся, што не быў вар'ятам. Тое, што ты ў меншасці, нават калі меншасць гэтая
10
Калі ён прачнуўся, яму здалося, што спаў ён вельмі доўга, але, зірнуўшы на старамодны гадзіннік, ён убачыў, што было яшчэ толькі дваццаць трыццаць. Ён яшчэ трошкі падрамаў, пакуль з двара не пачуўся знаёмы грудны голас:
То была безнадзейная мара, Што сплыла, як вясною вада. Ды ад позіркаў тых і ад слоў дарагіх Назаўжды ў маім сэрцы нуда.Гэтая бязглуздая песня, відаць, усё яшчэ была папулярная. Яна гучала адусюль і перажыла нават «Песню Нянавісці». Спевы абудзілі Джулію, яна з асалодай пацягнулася і ўстала з ложка.
— Я хачу есці, — сказала яна. — Давай зварым яшчэ кавы. Халера! Керагаз патух, і вада астыла, — яна падняла керагаз і патрэсла. — Газа скончылася.
— Я думаю, можна пазычыць у старога Чэрынгтана.
— Дзіўна, але мне здавалася, што ён быў поўны. Я адзенуся, — дадала яна. — Здаецца, пахаладнела.
Ўінстан таксама ўстаў і адзеўся. Нястомны голас працягваў:
Кажуць, з часам загояцца раны І не ўспомніш пра боль, пра ману. Але слёзы і смех тых далёкіх уцех Закрануць майго сэрца струну.Зашпіліўшы папругу свайго камбінезона, ён прайшоў праз пакой да акна. Сонца ўжо схавалася за дамамі і болей не асвятляла двор. Брук быў мокры, нібы яго толькі што памылі, і яму здалося, што неба таксама толькі што памылі, — такі свежы і бледны быў блакіт паміж комінамі. Жанчына нястомна хадзіла сюды-туды, займаючы рот зашчэпкамі і вызваляючы яго, спяваючы і замаўкаючы, чапляючы і чапляючы на вяроўку пялюшкі, адну за адной. Ён падумаў: ці яна зарабляе праннем на жыццё, ці проста рабыня дваццаці або трыццаці ўнукаў. Джулія падышла і стала побач. Яны стаялі разам і з нейкім захапленнем пазіралі на мажную постаць унізе. Ён глядзеў на жанчыну, што стаяла ў сваёй звычнай позе, падняўшы тоўстыя рукі да вяроўкі і выставіўшы магутны кабылін азадак, і ўпершыню яму прыйшла ў галаву думка, што яна прыгожая. Дагэтуль ён ніколі не задумваўся над тым, што цела пяцідзесяцігадовай жанчыны, распертае да пачварных памераў шматлікімі цяжарнасцямі, зацвярдзелае і агрублае, зморшчанае, як пераспелая рэпа, можа быць прыгожае. Але гэтак было, дый урэшце чаму так не магло быць? Магутнае, бясформеннае, як глыба граніту, цела, грубая чырвоная скура былі ў параўнанні з дзявочым целам, як плод шыпшыны ў параўнанні з кветкаю. Чаму ж плод мусіць цаніцца ніжэй за кветку?
— Яна прыгожая, — прашаптаў ён.
— У клубах не менш за метр, — сказала Джулія.
— У яе свая прыгажосць, — адказаў Ўінстан.
Ён стаяў, абдымаючы Джулію за яе гнуткую талію, і адчуваў яе нагу ад клуба да калена. З іх целаў ніколі не народзіцца дзіця. Гэта было адзінае, чаго яны ніколі не змаглі б зрабіць. Толькі праз словы з аднаго розуму ў другі маглі яны перадаць свой сакрэт. У жанчыны з двара не было розуму, у яе былі толькі дужыя рукі, цёплае сэрца і плоднае ўлонне. Ён падумаў, колькі ж дзяцей яна магла нарадзіць за сваё жыццё. Магчыма, пятнаццаць. Некалі яна перажыла кароткую пару цвіцення, мо які год красавала, як шыпшына, а пасля раптоўна разбухла, як угноены плод, счырванела, агрубла, і пасля пачалося бясконцае мыццё, прасаванне, прыборка, шыццё, гатаванне, падмятанне, выціранне, цыраванне, мыццё, прасаванне, спачатку на дзяцей, пасля на ўнукаў — і гэтак трыццаць гадоў без прыстанку. І пасля ўсяго гэтага яна яшчэ і спявала. Таемная павага, якую ён адчуваў да яе, нейкім чынам мяшалася з выглядам бледнага бясхмарнага неба, што неабсяжна распасціралася за комінамі бліжніх дамоў. Было дзіўна ўявіць сабе, што неба было аднолькавае для ўсіх — і тут, і ў Эўразіі, і ва Ўсходазіі. І людзі пад гэтым небам былі таксама вельмі падобныя — паўсюль, ва ўсім свеце, сотні тысяч мільёнаў людзей былі зусім такія самыя, яны не ведалі нічога адны пра адных, падзеленыя мурамі нянавісці і хлусні, і ўсё ж зусім такія самыя — людзі, якія ніколі не вучыліся думаць, якія назапашвалі ў сэрцах, жыватах і мышцах сілу, якая аднойчы пераверне свет. Калі і ёсць надзея, дык сярод пролаў! Не дачытаўшы да канца кнігу, ён ужо ведаў, што гэткае будзе апошняе слова Гольдштэйна. Будучыня належала пролам. Але ці мог ён быць пэўны, што, калі надыдзе іх час, свет, што яны пабудуюць, не будзе яму, Ўінстану Сміту, гэткі ж чужы, як і свет Партыі? Мог, бо гэта быў бы, прынамсі, свет здаровага розуму. Раней ці пазней гэта мусіць адбыцца, сіла саступіць месца свядомасці. Пролы бессмяротныя, у гэтым можна было не сумнявацца, пабачыўшы гэтую самавітую постаць у двары. Урэшце яны абудзяцца. А пакуль гэтак станецца, хоць, можа, давялося б чакаць тысячу гадоў, яны будуць жыць насуперак усім нягодам, як птушкі, перадаючы ад цела да цела сваю жывучасць, якой не стае Партыі і якую Партыя не можа знішчыць.
— Памятаеш, — сказаў ён, — як дрозд спяваў нам у той першы дзень, на ўзлеску?
— Ён спяваў не нам, — адказала Джулія. — Ён спяваў сабе на ўцеху. Ды нават не. Ён проста спяваў.
Птушкі спявалі, пролы спявалі, толькі Партыя не спявала. Ва ўсім свеце, у Лондане і Ню-Ёрку, у Афрыцы і Бразіліі, і ў таямнічых забароненых краях за мяжою, на вуліцах Парыжа і Берліна, у вёсках бясконцых раўнін Расеі, на базарах Кітая і Японіі — паўсюль стаяла тая самая магутная непераможная постаць, знявечаная працай і нараджэннем дзяцей, прыгнечаная горам ад народзінаў да смерці, і спявала. З гэтага волатавага ўлоння аднойчы выйдзе род свядомых стварэнняў. Вы — мёртвыя, і будучыня належыць ім. Але вы маглі мець сваю долю ў той будучыні, калі б захавалі розум, як яны захавалі цела, і перадалі б нашчадкам сакрэтнае вучэнне аб тым, што двойчы два — чатыры.
— Мы мёртвыя, — сказаў ён.
— Мы мёртвыя, — пакорліва згадзілася Джулія.
— Вы мёртвыя, — прамовіў сталёвы голас.
Яны адскочылі ў бакі. У Ўінстана пахаладзела ў жываце. Ён бачыў бель вачэй Джуліі вакол зрэнак. Твар у яе зрабіўся белы, як малако. Плямкі румяны ўсё яшчэ рэзка выдзяляліся на шчоках, нібы адстаўшы ад скуры.
— Вы мёртвыя, — паўтарыў сталёвы голас.
— Ён быў за карцінай, — прашаптала Джулія.
— Ён быў за карцінай, — сказаў голас. — Заставайцеся на сваіх месцах. Ніводнага руху без загаду.
Пачалося, нарэшце пачалося! Яны не маглі зрабіць нічога і толькі стаялі і ўзіраліся адно аднаму ў вочы. Уцячы, выбрацца з дому, пакуль не позна, — такая ідэя нават не прыйшла ім у галаву. Нельга было і падумаць пра тое, каб не паслухацца сталёвага голасу са сцяны. Штосьці пстрыкнула, нібы адсунулася засаўка, пачуўся звон бітага шкла. Карціна ўпала, адкрыўшы схаваны за ёй тэлегляд.
— Цяпер яны могуць нас бачыць, — сказала Джулія.
— Цяпер мы можам вас бачыць, — сказаў голас. — Выйдзіце на сярэдзіну пакоя. Станьце спінай адно да аднаго. Рукі за галаву. Не дакранайцеся адно да аднаго.
Яны не дакраналіся, але яму здавалася, што ён адчуваў, як дрыжыць цела Джуліі. А можа, дрыжала ягонае цела. Ён яшчэ мог сціснуць зубы, каб яны не ляскалі, але каленямі ён валодаць ужо не мог. Пачуўся тупат ботаў знізу, знутры і звонку дома. Здавалася, што ў двары поўна людзей. Нешта цяжкае валаклі па бруку. Жанчына раптоўна абарвала сваю песню. Тады пачуўся доўгі гулкі грукат, быццам балею кінулі праз увесь двор, а пасля гамана незадаволеных галасоў, якая скончылася крыкам ад болю.
— Дом абкружаны, — сказаў Ўінстан.
— Дом абкружаны, — сказаў голас.
Ён пачуў, як Джулія з ляскатам сціснула зубы.
— Думаю, мы ўсё ж можам развітацца, — сказала яна.
— Вы можаце развітацца, — сказаў голас.
А за ім другі голас, зусім іншы, тонкі, культурны, які Ўінстан ужо недзе чуў, уставіў:
— Дарэчы, пакуль мы не адышлі ад тэмы.
Нешта гупнула на ложак за спінай у Ўінстана. Канец лесвіцы ўткнуўся ў акно і выбіў яго разам з рамай. Нехта залазіў праз акно. Са сходаў пачуўся грукат ботаў. Пакой напоўніўся дужымі людзьмі ў чорнай уніформе, у падбітых жалезам ботах і з кіямі ў руках.