Ад сяўбы да жніва
Шрифт:
На печы драмала Мурка.
Дзед зняў яе і выбег з хаты.
Больш выхапіць з агню не ўдалося нічога.
Пагарэльцаў паразбіралі па хатах тыя, хто ўцалеў ад пажару. Сымонавых наклікаў да сябе сваяк — амаль на другі канец вёскі.
На ягоным будынку спынілі пажар. Застаўся ў дзядзькі толькі зруб ды столь, замест страхі. Наклалі на столь саломы і пачалі так жыць — дзве сям'і ў невялічкай хаце. Цесна, душна, нядобра. Як толькі адліжыць — на саломе растае снег, па сценах цячэ, са столі капае…
Тыдняў са два пасля пажару дзед Сымон
«Няўжо гэта яна?» — падумаў дзед.
Муркі не было ад самага пажару. Так ужо і лічылі, што недзе загінула.
«Няўжо яна?..»
Дзед злез з печы, накінуў на плечы кажух, падышоў да дзвярэй. Як толькі ён адчыніў іх — Мурка шмыгнула ў хату. Убегла, мяўкнула, прылегла, перакулілася і наставіла лапы — ад радасці!..
«Знайшла!» — хацеў адразу крыкнуць дзед Сымон. Але ён раптам забыўся пра гэта, махнуў ад твару рукамі, сказаў:
— Галубка мая!.. Няма, няма нічога… Усё згарэла…
І заплакаў.
1937
СЁННЯ «ДЗЯДЫ»!
Гразь сцягнулі нарэшце першыя прымаразкі. Надвор'е сёння яснае, здаровае. Сад падасланы жоўтым лісцем. На клёне яго ўжо амаль што няма, а бяроза яшчэ ўсё калыша ад ветрыку доўгімі залацістымі косамі.
Я абкопваў яблыні, ціха мармычучы ў добрым настроі…
А потым да мяне — вядома ж, цераз плот — прыйшоў сусед. Худзенькі, абадраны Сашка, з рэдкімі, светлымі валасамі, з-за якіх яго i празвалі Лысым.
У Сашкі нямоглы бацька i тоўстая сястра, гультайка Марта. Маці памерла — як на памяць шасцігадовага хлопчыка — вельмі даўно.
Сёння Лысы таксама ў добрым настроі. Можа, таму, што ўвечары «дзяды» — поліўка з пеўнем, капуста, яечня, аладкі… Дванаццаць страў! I ўсё трэба есці — ад «кануны», накрышанай булкі ў салодкай вадзе, да густой панцаковай кашы, якая ставіцца на стол дванаццатай. Хоць лыжку адну, a вазьмі. Спрадвечны звычай памінак, «дзядоў», на ядзе ўжо толькі i трымаецца. Хіба што бабка якая ў каго i памоліцца за душачкі ўмарлыя, а так — садзяцца людзі i сапуць над місамі — за ўсё недаяданне — у дванадцаць столак!.. Ну дык як тут i Сашку не цешыцца?..
Лысы выняў з кішэні падвойную костку пеўневай нагі, адцягнуў кавалак сырамяткі, прывязанай за гузік, пакланіўся i пытаецца:
— Можа, вам што сыграць, пане Сцяпане?
— Ну, ну…
— Січас, пачакайце, настрою гармошку.
Сеўшы на камені каля плота, ён зайграў. Шморгаў, як смыкам, косткай па сырамятцы і, пераймаючы не скрыпку, a гармонік, галёкаў:
— Тува, тува, тува-ва!.. Тува, тува, тува-ва!..
Так паўтаралася бясконца. I на кожным «тува-ва» бледны твар Лысага аж крывіўся ад смакаты, як ад болю, аж вочы плюшчыліся, аж закідалася назад i весела пагойдвалася галава!..
З вуліцы, цераз брамку, прыбеглі Сыты i Худы. Адразу ж далучыліся
Я ледзь не ляжу ад рогату. Маці Худога i Сытага, Каваліха, выйшла з вёдрамі па ваду, спынілася на вуліцы, слухае i смяецца. Тоўстая Марта таксама пачула музыку, выйшла на двор.
— Пайшоў дахаты, здыхоцце ты! Я скажу нябось бацьку!
А малыя — яшчэ мацней.
Крычала, крычала Марта, ды — глядзіце! — ужо i яна рагоча. Усперлася локцямі на нізкі плот i ажно заходзіцца, ажно тоўстыя плечы ды тарбаватыя грудзі трасуцца.
— Божа мой, божачка! — кажа ледзь не праз слёзы. — I калі ў цябе будзе які-небудзь розум!..
…Ціхі, марозлівы вечар. Яшчэ зара не пагасла зусім, a зоркі ўжо відаць — адна, другая, трэцяя… «Дзяды» яшчэ не давараны — агні гараць пакуль што толькі ў вокнах кухняў.
Стаю на вуліцы, каля брамкі, маўчу. Кавалішын Толя, старэйшы брат Худога i Сытага, выйшаў трохі пазней, не заўважыў мяне i таксама стаіць — цераз вуліцу, перад сваім гародчыкам.
Ды вось направа ад мяне, каля суседавых варот, адліпла, запішчала завесамі, стукнула брамка, i на сярэдзіну вуліцы выйшаў Лысы.
Стаў i свішча, няўмела яшчэ, па-малечы.
— На, Цюлік, на! — падмацаваў ён крыкам свіст. — На, цю, на!..
— Навошта ён табе? — спытаўся Толя.
Сашка падышоў да яго i прыцішана, па-дзелавому пачаў:
— Цюлік недзе прапаў. Ты толькі не кажы нікому, Анатоль, бо Марта будзе біцца. Яна сёння два пеўні зарэзала, нашага i Якубавых. Трэба Цюліку кішкі аддаць, каб было шыта-крыта! Дзяды, панімаеш?.. На, Цюлік, на!..
Успамінаю крык i таўстаморды смех над шэрымі штакетамі:
«Божа мой, божачка!..» I сам смяюся ціха. Толькі з іншага.
1935–1937
«РАЗБУДИ МЕНЯ ЗАВТРА РАНО…»
«Мілая мама!
Учора я сніў цябе зноў. І толькі цяпер зразумеў, як шмат я вінаваты перад табою. Да ўчарашняй ночы не мог ніяк сабраць думак у адно і напісаць табе першае пісьмо з астрога. А тут вось гэты сон і памог мне.
Ішлі мы з табою, здаецца, пясчанай пустыняй. Ні капца ёй ні краю не відаць, пясок ды пясок. А сонца пячэ — страхата. Мне, маладому, і то было цяжка ісці, таму што ногі абсоўваліся ў гарачым пяску, а ты ішла побач са мной, не адстаючы, хоць і змучана цягнучы за сабой ногі ў стрэпапых валёнках, тых самых, у якіх я цябе дома накінуў. А мне, нягодніку, пат і не падумаць, што ты мне бабай магла б быць па гадах, нат і не падумаць пра твае хворыя ногі…