Адна гадзiна (на белорусском языке)
Шрифт:
Дэшыэл Хэмет
АДНА ГАДЗIНА
– Пазнаёмцеся, гэта - мiстэр Кроствэйт, - сказаў Вэнс Рычманд.
Кроствэйт, якi сядзеў, зацiснуты ў адно з шырокiх крэслаў, што стаялi ў кабiнеце адваката, буркнуў нешта ў сувязi з адбыўшайся прэзентацыяй.
Гэты Кроствэйт быў чалавек-пухiр велiзарных памераў, запхнуты ў зялёны клятчасты гарнiтур, што анiяк не памяншаў яго габарытаў. Гальштук быў увасабленнем безгустоўнасцi, пераважна жоўтых адценняў, з дыяментавай зашчэпкай у цэнтры. Камянi былi начэплены i на пухлыя пальцы. Ад друзлага тлушчу рысы твару расплылiся, у вынiку яго круглы чырвоны твар быў здатны толькi на
– Мiстэр Кроствэйт з'яўляецца прадстаўнiком кампанii па вытворчасцi вогнетушыцеляў на цiхаакiянскiм узбярэжжы, - пачаў расказваць Вэнс Рычманд, пасля таго як я ўсеўся ў крэсле.
– Яго кантора - на Кернi-стрыт, непадалёк ад Калiфорнiя-стрыт. Учора ў 14.45 ён пайшоў у сваю кантору. Аўтамабiль маркi "Гудзон" пакiнуў перад уваходам у будынак, не заглушыўшы рухавiка. Праз дзесяць хвiлiн ён вярнуўся. Машыны на месцы не было.
Я зiрнуў на Кроствэйта. Той сядзеў, утаропiўшыся ў свае тлустыя каленi i не выказваючы анiякай цiкавасцi да слоў адваката. Я адразу ж перавёў позiрк на Вэнса Рычманда; той, з чыста паголеным шэрым тварам i хударлявай фiгурай, выглядаў куды якiм прыгажуном побач са сваiм пухлявым клiентам.
– Праз пяць хвiлiн пасля таго, як мiстэр Кроствэйт вылез з машыны i пайшоў у кантору, - працягваў адвакат, - на рагу Клэй i Кернi-стрыт загiнуў пад коламi аўтамабiля чалавек па прозвiшчы Ньюхаўс, уладальнiк друкарнi, той што на Калiфорнiя-стрыт. Хутка пасля здарэння палiцыя адшукала аўтамабiль, усяго за квартал ад месца здарэння, на Мантгомеры-стрыт каля Клэй-стрыт.
Здарэнне даволi зразумелае. Нехта адразу ж пасля таго, як мiстэр Кроствэйт увайшоў у кантору, украў машыну i, пагнаўшы яе на поўнай хуткасцi, наехаў на Ньюхаўса, потым, напалоханы тым, што здарылася, кiнуў аўтамабiль i знiк. А цяпер уявiце становiшча, у якiм апынуўся мiстэр Кроствэйт: тры днi таму, едучы за рулём, вiдаць, крыху неасцярожна...
– П'яны, - сказаў без усялякiх эмоцый Кроствэйт, не падымаючы вачэй ад абцягнутых клятчастай тканiнай каленяў, хрыпла-сiплаватым голасам, якi бывае ў людзей з добра прапiтай глоткай.
– Едучы за рулём, вiдаць, крыху неасцярожна па Ван-Нес-авеню, - працягваў Вэнс Рычманд, не звяртаючы ўвагi на рэмарку клiента, - мiстэр Кроствэйт збiў мiнака. Той чалавек не надта пацярпеў i атрымае вельмi шчодрую кампенсацыю за нанесеную шкоду. Але мы павiнны з'явiцца ў суд у наступны панядзелак па абвiнавачваннi ў неасцярожным кiраваннi аўтамабiлем, i баюся, што ўчарашняе здарэнне, у час якога быў забiты той самы друкар, можа нарабiць нам шкоды.
Нiхто не лiчыць, што Кроствэйт быў у машыне, калi тая наехала на друкара, - у нас ёсць шмат доказаў, што яго там не было. Але баюся, як бы гэта здарэнне не павярнулi супраць нас, калi будуць разглядаць выпадак на Ван-Нес-авеню. Як адвакат я ведаю, колькi ачкоў можа набраць, калi захоча, абвiнаваўца на тым нязначным факце, што адна i тая ж машына наехала на чалавека на Ван-Нес-авеню, а ўчора збiла яшчэ аднаго чалавека.
Зразумела, самае горшае, што можа здарыцца, дык гэта тое, што замест звычайнага штрафу мiстэра Кроствэйта могуць пасадзiць у гарадскую турму на трыццаць або шэсцьдзесят дзён. Варыянт даволi непрыемны, i менавiта яго мы хацелi б...
– Чорт яго вазьмi, - зноў загаварыў Кроствэйт, па-ранейшаму не адводзячы вачэй ад каленяў.
–
– Мы гатовы заплацiць суровы штраф, якога i трэба чакаць, бо здарэнне на Ван-Нес-авеню адбылося па вiне мiстэра Кроствэйта. Але мы...
– П'яны ў дошку, - буркнуў Кроствэйт.
– Але нам не хацелася б, каб другое здарэнне, да якога мы не маем нiякага дачынення, кiнула неапраўданы цень на менш сур'ёзную справу. У сувязi з гэтым мы хацелi б знайсцi асобу альбо асоб, што ўкралi машыну i збiлi Джона Ньюхаўса. Калi iх знайсцi да нашага паяўлення ў судзе, нам не будзе пагражаць магчымасць стаць ахвярамi iх злачынства. Як вы лiчыце - iх можна знайсцi да панядзелка?
– Паспрабую, - паабяцаў я, - хоць гэта не...
Чалавек-пухiр перабiў мяне, вылез з крэсла i адшукаў тоўстымi пальцамi ў камянях гадзiннiк.
– Тры гадзiны, - сказаў ён.
– У мяне прызначана гульня ў гольф на палову чацвёртай.
– Кроствэйт узяў са стала капялюш i пальчаткi.
– Дык знайдзiце iх. Страшэнна непрыемна апынуцца ў турме.
I пайшоў, перавальваючыся, да дзвярэй.
З канторы адваката я накiраваўся да будынка суда, дзе, паблукаўшы некалькi хвiлiн па калiдорах, нарэшце знайшоў палiцэйскага, таго самага, якi з'явiўся на рагу Клэй i Кернi-стрыт праз некалькi секунд пасля таго, як аўтамабiль наехаў на Ньюхаўса.
– Я якраз выходзiў з суда - i тут бачу, як за рог на Клэй-стрыт iмчыць машына, - пачаў расказваць патрульны - мажны бландзiн па прозвiшчы Кофi. Потым бачу - там збiраюцца людзi, ну, я пайшоў туды i ўбачыў на зямлi гэтага Джона Ньюхаўса. Ён быў ужо мёртвы. З паўдзесятка чалавек бачылi, як яго збiла машына, а адзiн нават запомнiў яе нумар. Машыну знайшлi кiнутай адразу ж за рагом, на Мантгомеры-стрыт. Было вiдаць, што яна рухалася ў паўночным кiрунку. У той час, калi аўтамабiль наехаў на Ньюхаўса, у iм былi два мужчыны, але нiхто не паспеў заўважыць, як яны выглядалi. Калi знайшлi машыну, у ёй ужо нiкога не было.
– У якiм кiрунку iшоў Ньюхаўс?
– У паўночным, па Кернi-стрыт, i ўжо на тры чвэрцi перайшоў Клэй-стрыт, як на яго наехала машына. Аўтамабiль таксама рухаўся ў паўночным кiрунку па Кернi-стрыт i на Клэй-стрыт павярнуў на ўсход. Вiдаць, вiнаватыя ў тым, што здарылася, не толькi тыя, хто ехаў у машыне - так мне сказалi сведкi. Ньюхаўс iшоў па вулiцы, утаропiўшыся ў нейкую паперку, што трымаў у руцэ. Я знайшоў у руцэ нябожчыка папяровыя грошы - замежную банкноту - i, мяркую, што менавiта яе ён i разглядаў у той момант. Лейтэнант лiчыць, што гэта галандскiя грошы сто флорынаў - так ён сказаў.
– Даведалiся што-небудзь пра тых двух, што былi ў машыне?
– Не, нiчога! Мы апыталi ўсiх, каго маглi знайсцi ў раёне Калiфорнiя i Кернi-стрыт - там, дзе ўкралi машыну, а таксама паблiзу Клэй i Мантгомеры-стрыт - дзе яе кiнулi. Але нiхто не мог узгадаць, каб хто-небудзь садзiўся ў машыну або вылазiў з яе. Уладальнiка машыны на той момант у ёй не было, так што, на маю думку, яе проста ўкралi. Спачатку я думаў, што справа крыху цёмная. У Джона Ньюхаўса за два цi тры днi да здарэння з'явiўся сiняк пад вокам. Мы праверылi гэты факт i даведалiся, што ў яго некалькi дзён таму быў сардэчны прыступ - i, падаючы на падлогу, ён напароўся тварам на крэсла. Тры днi ён хварэў - i ўпершыню выйшаў з дому толькi за паўгадзiны да здарэння.