Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:
Ды ад разварушанага вулею нельга адмахацца галінкай. Вырвіч шкадаваў, што недастаткова дасведчаны, каб далучыцца да спрэчкі — за два гады зусім адарваўся ад навукі. Урэшце гармідар спыніў рэктар. З ягонай прамовы вынікала, што, нягледзячы на павагу да навуковых дасягненняў прафесара Баўтрамея Лёдніка, асновы акадэмічнай-схаластычнай навукі ў Акадэміі ламаць не стануць, стварэння анатамічнага тэатру, гэтак жа, як медычнага факультэту, у планах кіраўніцтва пакуль не маецца, дый увогуле наконт працы самой кафедры практычных навук, якую ўзначальвае дакладчык, ёсць пытанні.
Лёднік прабіўся праз натоўп з такім фанабэрыстым ды злосным выглядам, што да яго баяліся чапляцца
— З’еду ў Вену! — скрозь зубы заявіў жонцы. — Там не трэба хавацца ў сутарэнні, каб нармальна вывучаць анатомію! Невукі!
— Супакойся, Варфаламей, — прамовіў граф Разанцаў, які ішоў услед за сябрам. — Сам жа казаў — новае заўсёды сустракаюць падазрона. Успомні, у Лейпцыгу аднаго нашага прафесара ўвогуле ў турму пасадзілі пасля падобнага ж дакладу. Як казаў Сенека, aequo animo audienda sunt imperitorium convincia [4] .
4
Належыць абыякава выслухоўваць папрокі невукаў (лац).
Ага, скеміў Пранціш, значыць — яшчэ адзін Лёднікаў аднакурснік, скароны ягоным геніем. Відаць, Лёднік быў такім яркім персанажам ва ўніверсітэце, што яго ведалі ўсе. Міхайла Разанцаў паклаў руку на плячо доктара.
— Колькі разоў гаварыў, Варфаламей — ты павінен ехаць у Санкт-Пецярбург! Цябе прымуць у Расійскую акадэмію, я табе забяспечу практыку ў палацах — магчыма, і да самой царыцы дойдзем. Яе імператарская вялікасць мае вялікую схільнасць да навукі… Часопісы выпісвае з Еўропы… Што ты забыўся ў езуітаў? Прыдзе час, павер, ён не за гарамі — усё тут пераменіцца, і ў краіне, і ў адукацыі, акадэмія зробіцца цалкам свецкай, будзе і медычны факультэт… А можа, і асобны медычны ўніверсітэт. Тады і вернешся, калі захочаш.
— Пакуль магчыма нешта рабіць на радзіме, буду рабіць, — прабурчэў Лёднік. — Дарэчы, прывітанне пану Вырвічу…
Доктар, успомніўшы пра свецкія манеры, прадставіў Пранціша і графа адно аднаму, узяў сына за руку, усміхнуўся знерваванай жонцы і рушыў з аўдыторыі, выпрастаны, як аршын глынуў.
— Езуіты збіраюцца Бутрымаву кафедру прыкрыць, — дарогай цішком тлумачыла Пранцішу засмучоная Саламея, пакуль Лёднік і граф Разанцаў перагаворваліся, ідучы паперадзе. — Пакінуць яго загадваць аптэкай, каб надалей лекі рыхтаваў, напэўна, і лекцыі чытаць дазволяць па хіміі ці што там палічаць найменш шкодным. Не прападзем, вядома — лекарская практыка нікуды не падзенецца. Але Бутрым так марыў пра беларускую медычную школу, кшталту венскай ці лейдэнскай. А цяпер…
Ведаючы былога алхіміка, можна было прадказаць, што ён так проста не здасца і невядома што ўтворыць на сваю мудрую галаву.
Пранціш прыслухаўся: Разанцаў усё ўгаворваў свайго Варфаламея ехаць у Расею.
— Паслухай, зараз не тыя часы, калі ўрача Антона Нямчына на кавалачкі разадралі на Маскве-рацэ, а Лявону Жыдовіну, які лячыў сына Івана Трэцяга ад камчука, галаву адсеклі… Іншаземных дактароў у нас шануюць! Тым болей — ты адзінаверац.
Лёднік неахвотна адбіваўся:
— Нярускіх дактароў у вас не любяць па-ранейшаму, думаеш, не ведаю, што па Аптэкарскім дэпартаменце быў загад, каб рускія вучні елі і жылі асобна ад іншаземнага настаўніка, «дабы не оскверниться». Дый увогуле лекар сёння — фігура несамавітая.
— Успомніў Аптэкарскі дэпартамент стогадовай даўніны! Гэта калі аптэкара Брэмбарга выгналі з Масквы за тое, што выставіў у вітрыне шкілет? Цяпер у нас Кунсткамера, у якой заспіртаваныя эмбрыёны, прэпараваныя дзіцячыя трупы з рознымі паталогіямі і нават скульптуры з костак, і кожны, хто лічыць сябе адукаваным, павінен туды схадзіць. А наконт самавітасці — ты хочаш, каб усе цябе баяліся, Варфаламей? Кінь! Не бачу нічога дрэннага ў тым, што народ смяецца, і над дактарамі, і над палітыкамі, — весела гаварыў Разанцаў. — Смех — адзнака здароўя. Бачыў я адзін спектакль, дзе да ложка хворага на іпахондрыю паклікалі кансіліум. Рускі доктар прапанаваў хворага напаіць, хаця б і сілком. Француз — пазнаёміць з дзеўкай. Немец — замкнуць і не карміць, спакушаючы з-за дзвярэй ежай, ангелец — уручыць пацыенту пісталет і даць магчымасць застрэліцца.
Лёднік мімаволі засмяяўся, Пранціш таксама ледзь стрымаў смех.
— Ну і які рэцэпт выкарысталі?
Разанцаў махнуў рукой.
— Сын хворага ўсіх нашых калегаў паганым венікам пагнаў. Пры гэтым ангелец на развітанне пабіў немца, немец пагразіўся разбіць у манаграфіі навуковы досвед ангельца, француз пайшоў, напяваючы, а рускі — галавой ківаючы.
Тут ужо зарагатала ўся кампанія. Каля ратушы, якая пасля пажару так і стаяла абгарэлым слупом, граф Разанцаў развітаўся з Лёднікам, у яго былі справы ў магістраце. І сямейства доктара адправілася далей, туды, дзе высіліся дзве камяніцы па мянушцы Рай і Пекла. Гарадскі гадзіннік адбіў тры папалудні, на ягоным масянжовым пляскатым твары па звычаі меўся надпіс «Vulnerant omnes, ultima necat» — «Усе гадзіны раняць, апошняя забівае». Ля ганебнага слупа на пляцы тоўпіўся люд паспаліты, ахвочы да чужой пакуты. Лёднік скасавурыўся ў той бок.
— З маім шчасцем і я там калі-небудзь магу натоўп вакол сябе сабраць, больш, чым з кафедры.
— Не гарадзі лухты, Бутрым! Не спакушай Бога! — гнеўна сказала Саламея. — Мала табе ў жыцці прысаку ў поліўцы перапала?
— Я абараню цябе, тата! — важна прамовіў малодшы Лёднік, у ягоных цёмных вачанятах хавалася трывога.
— Вось, дзіця напалохаў… — з дакорам прагаварыла пані Саламея. Лёднік падхапіў сына на рукі, пацалаваў, худы змрочны твар доктара прасвятлеў, памякчэў — што ж, за права называць гэтага хлопчыка сынам прафесар заплаціў вельмі дорага.
— Пусці, я ўжо вялікі! Я шляхціц!
Хлопец выкруціўся з рук бацькі, саскочыў на зямлю і прыняў гордую паставу. Пранціш схаваў усмешку — характар у Аляксандра Баўтрамеева Лёдніка быў відавочна таткаў.
— Ой я, малада, дзе розум падзела? За жаўнера, за зладзея сама захацела,— завёў побач песеньку лірнік, і ягоны паплечнік, замурзаны хлапчыска ў аблезлай камізэльцы з футра ўжо невызначальна якой жывёлы, ускінутай паўзверх падранай кашулі, зашнырыў з шапкай ля мінакоў.
— Ой, пайду я ў поле: жыта палавее. Добра мая галованька, што не акалее, —жаласна выводзіў надтрэснуты голас. Пранціш кінуў у падсунутую шапку грош і сярдзіта папрасіў больш баявітых песень. Няма чаго жаўнераў ганьбіць.
Услед зараз жа панеслася «баявітае», на заказ:
— Збройныя дзеі пяю, ваяводаў, Літоўскага Марса. Караляў збройных пяю: іх харугвы варожыя разам Бачылі землі Барэя і месца паўночнае — Рыга, З імем адным — ды з адрозным і лёсам, і сілай ад Бога…