Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:

— Для нас тут не было загадкі. Агонь — сімвал нашага радавога герба. Жалеза — прысутнічае ў гербе нашых палітычных праціўнікаў у выглядзе мяча. Перамога агню над жалезам — гэта пацверджанне нашай каралеўскай крыві!

— Чакайце, — вылез Пранціш, — але вогненны меч існаваў! Разрэзаныя латы!

— А пра гэта давайце доктара спытаем…

Лёднік змрочна пакланіўся слухачам і загаварыў павучальна, як на лекцыі.

— Мяркуючы па тым, што мне ўдалося зараз прачытаць у сшытку доктара Дзі, тут прысутнічаюць ажно два вогненныя мячы. Альбо прылады, якія пераламляюць і ўзмацняюць светлавы промень. Канструкцыя, якая так спадабалася пану

Агалінскаму — макет прыбора, у якім сонечны промень праходзіць праз сістэму люстэрак і можа падпаліць, ну, скажам, ветразь карабля. У добрае сонечнае надвор’е. Архімед у свой час такое ладзіў. Праўда, рабіць гэтую прыладу трэба футаў сем вышынёй, але жалеза рэзаць усё адно не зможа. Затое ў сшытку намаляваная схема, як, выкарыстоўваючы люстраныя шчыты і скрытыя камеры, падмяняць у гэтым прыборы на вачах уражанай публікі цэлыя прадметы загадзя рассечанымі. Псіхалагічнае ўздзеянне можа быць вялікім.

— А чэрап? — ускрыкнула расчараваная панна Багінская.

— А чэрап, вашамосць, правобраз гэтай машыны. Думаю, доктору Дзі прывезлі яго з Амерыкі, — пан Гервасій адразу кінуў на чэрап зацікаўлены позірк. — Доктар Дзі вывучыў яго ўласцівасці і захацеў скарыстаць прынцып. Пакладзіце яго на роўную паверхню…

Паланэйка паставіла ўпадабаны рарытэт на скрынку для фокусаў. Лёднік зазірнуў у сшытак, зверыўся з намаляванай там схемай і акуратна паднёс запалены ліхтар да крышталёвага «твару»: зараз жа вочы чэрапа зырка запалалі адлюстраваным агнём, як бы з іх вырваліся два промні. Гэта было так страшна, што Паланэйка войкнула, і нават лэдзі Кларэнс уздрыгнула, а тады ляніва папляскала ў ладкі.

— Брава, прафесар, доктар Дзі мае вартага спадчынніка. Можаце забіраць усе гэтыя рэчы. Вы ж купілі іх разам з домам, — пасміхнулася. — Мне, дарэчы, вельмі цікава было назіраць, як вы здабываеце грошы. Гэта ваш, доктар, сябар з каралеўскага навуковага таварыства, да якога мае людзі наведаліся пасля вашага візіту, распавёў пра шарлатана і блюзнера прафесара Лёдніка вельмі шмат цікавага. А назаўтра я сама паназірала за вашым выступленнем у маім улюбёным байцоўскім клубе. Мне паведамілі, што вы паслалі заяўку на ўдзел. Я была ў ложы, у белым капелюшы, пад маскай. Я атрымала задавальненне, — лэдзі Кавендзіш прылашчыла сабачку, якога ёй зноў паднеслі па ейным знаку, і агледзела Лёдніка неяк вельмі нядобра, ацэньваюча, як быццам збіралася набываць новы прадмет мэблі і прыкідвае, у які пакой яго лепей паставіць. — Дарэчы, я папрасіла свайго сябра, лорда Кавендзіша, праводзіць вас дамоў. Іначай, баюся, мы б сёння не размаўлялі.

Паланэйка ветліва пакланілася.

— Дзякуем, вашамосць. Але ягоная мосць лорд Кавендзіш неяк дзіўна сябе паводзіў: як толькі я спыталася пра вашую персону, высадзіў нас з карэты.

Пандора адкінула галаву і засмяялася, як з гары едучы.

— О, а я думаю, чаму ён сёння не адказаў на цыдулку! — няўважна скінула з калень сабачку, які пакрыўджана віскнуў. — Лорд мілы, але трохі надакучлівы. Чамусьці прыдумаў сабе, што ён у мяне закаханы. Мой муж з-за гэтага над ім увесь час жартуе. Мне давялося запэўніць сэра Джона Кавендзіша, што я з чатырма чужаземцамі асабіста не знаёмая… Што справа чыста палітычная… А тут высвятляецца, што вы мною цікавіцеся. Што ж, давядзецца пакараць ягоную светласць за такую смешную рэўнасць.

Пранціш глядзеў, як варушацца дасканала акрэсленыя вусны Пандоры, як яна манерна расцягвае словы, і яму здавалася, што гэта гаворыць аўтамат. Цяпер была бачна падобнасць — не знешняя, а ўнутраная — лэдзі Кларэнс і лорда Кавендзіша. Гэткая абыякавасць да жыцця і смерці — і чужых, і ўласных, упэўненасць, што кожны капрыз павінен задавальняцца… Жорсткасць дзіцяці, якое надзімае праз саломінку жабу і абрывае крылцы мухам, і проста не ў змозе асэнсаваць чужы боль.

— Ну, час ісці. Ах, гэтая палітычная барацьба аднімае так шмат сілаў! — лэдзі з дапамогай прыслугі ўстала, зноў паправіла капялюш. — Я хачу прыдумаць асаблівы гальштук для вігаў. Элегантны і трошкі з выклікам.

Панна Багінская адвесіла развітальны паклон з некаторай няёмкасцю — каб была ў сукенцы, прысела б у рэверансе. Пан Гервасій таксама пачуваўся пакрыўджаным, бо лэдзі таксама вызначыла кожнаму сваё месца. На гэты раз княжна Багінская — дзесьці блізка па статусе, пан Агалінскі — ніжэй на прыступку, і размоў не варты, Пранціш Вырвіш — яшчэ ніжэй… Паж, які трымае шлейф. А Лёднік — так, блазан, забаўка.

А з забаўкамі можна не цырымоніцца. Лэдзі наставіла на прафесара палец, абцягнуты танюткай скурай пальчаткі.

— Паедзеце са мной.

Прафесар нават разгубіўся ад нечаканасці.

— Навошта, вашамосць?

— Лячыць мяне будзеце, — лэдзі насмешна глядзела на доктара, і было ў яе паглядзе штось драпежнае. — Як вы фехтуеце, я бачыла. Цяпер пакажаце свой медыцынскі талент.

Лёднік ледзь стрымліваў злосць.

— Я не ўзяў інструментаў і лекаў.

— У маім палацы знойдуцца, — здавалася, Пандора падцягвае да сябе на павадку няшчаснага шчанючка, які ўпіраецца ўсімі чатырма лапамі, вішчыць, але ўсё роўна апынецца ў дасяжнасці гаспадарскага бізуна. — Нічога кепскага з вамі не здарыцца.

— У такім разе, ваша светласць, я вазьму з сабой асістэнта, — Лёднік паказаў на Пранціша, але лэдзі холадна сказала:

— Не. Вы справіцеся адзін. Спадзяюся.

У апошнім слове прагучэла пагроза. Вусны Лёдніка падціснуліся, вочы загарэліся, ён гатовы быў узарвацца, але Паланэйка кальнула яго сваім кінжальчыкам у бок і, прыўзняўшыся на дыбачкі, прашаптала на вуха, захоўваючы мілы выраз тварыку.

— Калі вы, доктар, зараз працягнеце ламацца, як дзяўчынка-цнатліўка, далібог, сама вас зарэжу, не чакаючы, пакуль слугі лэдзі гэта зробяць. Ну, усміхайцеся і наперад!

У вачах Пандоры, якая пачынала ўсведамляць нечуванае — непакорства яе волі, з’явілася нешта такое… «Заб’юць усіх», — мільганула ў галаве Пранціша.

Прафесар усміхацца і не падумаў, ад гневу ён змог толькі павярнуць галаву ў бок Багінскай і прашыпець лаянку на лаціне, наконт «чым вышэй, тым разбэшчаней», але за лэдзі сышоў.

— С-сука… — толькі і сказаў пан Агалінскі, калі яны засталіся адны ў пустым, як сумленне прафесійнага злодзея, доме. — Садрала з нас тысячу фунтаў для смеху! Адчынілі для яе скарбніцу, знайшлі клейноды, якія два стагоддзі сям’я шукала… А яна пасмяялася ды яшчэ і доктара звезла!

Вырвіч не знаходзіў месца ад трывогі. Мела рацыю пані Саламея. Лялька сапраўды нядобрая і небяспечная! Варта было ёй ажыць — і яна схапіла таго, хто насмеліўся яе ажывіць. Проста страшная казка!

— Можа, прабрацца за ім у палац? Што гэтая шалёная з Бутрымам вытварыць?

Пан Гервасій здзекліва зарагатаў, а панна Багінская фыркнула над наіўнасцю студыёзуса:

— Думаю, твой былы слуга атрымае цікавую кампенсацыю за тысячу фунтаў. Лэдзі ж сказала, што збіраецца адпомсціць лорду Кавендзішу за дарэмную рэўнасць.

Поделиться:
Популярные книги

Не грози Дубровскому! Том VII

Панарин Антон
7. РОС: Не грози Дубровскому!
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Не грози Дубровскому! Том VII

Дайте поспать! Том II

Матисов Павел
2. Вечный Сон
Фантастика:
фэнтези
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Дайте поспать! Том II

Адмирал южных морей

Каменистый Артем
4. Девятый
Фантастика:
фэнтези
8.96
рейтинг книги
Адмирал южных морей

Проклятый Лекарь. Род II

Скабер Артемий
2. Каратель
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Проклятый Лекарь. Род II

В теле пацана

Павлов Игорь Васильевич
1. Великое плато Вита
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
В теле пацана

Сумеречный Стрелок 3

Карелин Сергей Витальевич
3. Сумеречный стрелок
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный Стрелок 3

Лорд Системы 3

Токсик Саша
3. Лорд Системы
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Лорд Системы 3

Совок 11

Агарев Вадим
11. Совок
Фантастика:
попаданцы
7.50
рейтинг книги
Совок 11

Аномалия

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Аномалия

На границе империй. Том 7. Часть 2

INDIGO
8. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
6.13
рейтинг книги
На границе империй. Том 7. Часть 2

Попаданка в Измену или замуж за дракона

Жарова Анита
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.25
рейтинг книги
Попаданка в Измену или замуж за дракона

Кодекс Охотника. Книга IX

Винокуров Юрий
9. Кодекс Охотника
Фантастика:
боевая фантастика
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга IX

Толян и его команда

Иванов Дмитрий
6. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
7.17
рейтинг книги
Толян и его команда

Неудержимый. Книга XIX

Боярский Андрей
19. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга XIX