Чтение онлайн

на главную

Жанры

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:

Доктар уляцеў у нумар, як чорны віхор, студыёзус ледзь паспеў за ім. Пан Агалінскі ажно перастаў пазяхаць.

— Клічце панну Багінскую! Тэрмінова з’язджаем!

— А што такое, доктар? — заспана пацікавіўся Амерыканец, кратаючы спелы «ліхтар» пад вокам, які застаўся на памяць ад лорда Кавендзіша. Лёднік правёў рукой па твары.

— Лёдзі Кларэнс забілі. Гаспадар папярэдзіў, нас шукаюць. Галоўным чынам, вядома, мяне.

Бяда за бядою ходзіць з калядою. Пранціш агаломшана спрабаваў зразумець, ці не жартуе настаўнік. А той нервова кідаў рэчы ў дарожны куфар, а потым — вось нечакана — асцярожна ўзяў у рукі турэцкую шаблю, падарунак Пандоры, да якой дагэтуль так і не дакрануўся, дастаў з похваў,

тужліва паглядзеў, схаваў у похвы — і рашуча пачапіў да пояса.

Вось тут Пранціш і паверыў, што лэдзі Кларэнс сапраўды няма!

— Магу паспрачацца на свой улюбёны парыжскі раброн са срэбнай парчы, што і запаветныя кляйноды з палаца лэдзі Кларэнс зніклі! — лена працягнула панна Багінская, якая перадаверыла пакаваць свой багаж гатэльнай прыслузе. — Яе мосць лэдзі занадта легкадумна ставілася да палітычных інтрыгаў. Калі ўвязваешся ў барацьбу за трон — трэба, каб ад кожнага кубка тры разы перад табой слугі адпівалі, — павучальна гаварыла панна. — Тыя, хто хацеў лэдзі вывесці з гульні, усё зрабілі мудра. Кляйноды акрым яе ніхто не чытаў, яны зніклі, уладальніца памерла, а замест таго, каб адразу распачаць інтрыгу, прабавілася ў кампаніі аднаго чужаземнага доктара, на якога вельмі зручна павесіць забойства. — Багінская гарэзна паглядзела на знерваванага Лёдніка, які ссыпаў бутэлечкі з лекамі ў валізку. — Ну, прынамсі, спадзяюся, што лэдзі перад смерцю правяла час з насалодай. Так ці не, пан Лёднік? Вам жа лепей ведаць!

Нават Пранцішу зрабілася прыкра ад такога цынізму. Доктар раздражнёна выпрастаўся і працяў паглядам нахабную паненку:

— Я не абмяркоўваю ні сваё, ні чужое прыватнае жыццё. І вам не раю.

— Ды ці не закахаўся вашамосць у тую халодную, як кавалак лёду, і пачуццёвую не больш за палена англічанку? — Паланэйка перабольшана наіўна ўзмахнула вейкамі. Доктар звузіў вочы.

— Баюся, што я, просты мяшчук па паходжанні, не магу дапяць да вашага разумення слова «кахаю». Неяк яно ў вашых магнацкіх мосцяў дзіўна трактуецца. Але запэўніваю вашу мосць, што ў мяне няма аніякіх падстаў для параўнання яе мосці лэдзі Кларэнс з лёдам і паленам.

Багінская трохі пачырванела і шматзначна паківала галавой, а пан Агалінскі дадаў сваёй атруты, злосна кінуўшы:

— Нешта ўсе твае каханкі, доктар, нядоўга жывуць.

Лёднік прамаўчаў, сцяўшы зубы, толькі так шпурнуў астатнюю шкляніцу ў валізу, што тая разбілася, і пакой запоўніў рэзкі пах балота.

Бывай, Вавілондан, ці давядзецца калі яшчэ сустрэцца…

Яны гналі коней скрозь халодны вецер і смугу, скрозь стому і расчараванне, і Вырвічу здавалася, што ад таго часу, калі ў кабінет прафесара Віленскай акадэміі пана Лёдніка ўваліліся п’яныя шляхцюкі з запаветам вялікага гетмана, прайшлі не месяцы, а гады… Як быццам яны здабывалі Святы Грааль у зачараванай краіне феі Марганы.

Агонь у каміне Дуўрскага гатэлю будаваў і зараз жа абрушваў гатычныя храмы, за вокнамі свістаў вецер, у кубках астываў грог, які не паленавалася ўласнаручна прыгатаваць адна высакародная княжна, і здавалася, што акрамя гэтага паўцёмнага ўтульнага пакою, дзе чацвёра маўчалі, кахаючы, ненавідзячы і церпячы адно аднаго, няма нічога.

Панна Паланэя ўвесь час няўзнак распраўляла карункі на сваёй сукенцы — нібыта хацела ўпэўніцца, што нарэшце прыняла звыклае аблічча дамы. У яе парыку луналі блакітныя птушачкі. Пранцысь не зводзіў вачэй — панна трошкі схуднела за час іх вандроўкі, але носік прыўздымаўся ўсё гэтак жа задзірыста, ніжняя губка міла выдавалася наперад. Палову жыцця аддаў бы за тое, каб пацалаваць гэтыя вусны — без пагрозы, што цябе пырнуць кінжальчыкам, напояць атрутным віном альбо насмяюцца над даверлівым студыёзусам. Вось пан Гервасій Агалінскі, «жаніх» самазваны, не пераймаецца — падкручвае вусы ды напявае сабе пад нос пра звялую руту і разбітае сэрца рыцара… Лёднік маўчыць, уткнуўшыся ў нейкую дужа рэдкую і адметна нудную кнігу, набытую у Лондане, але часам забывае перагортваць старонкі — глядзіць адсутным позіркам, думае нешта сваё, тужлівае… Нічога, вось-вось прыйдзе з Гданьску карабель, там доктару з ягонай марской хваробай будзе не да філасофскіх разважанняў.

Каб толькі бура сунялася…

— Што вы будзеце рабіць па вяртанні, пан Вырвіч? — лена папыталася Паланэйка, любуючыся адшліфаванымі пазногцікамі. — Можа, на вайсковую службу пойдзеце?

— Найперш атрымаю дыплом доктара вольных навук, — упарта адказаў Пранціш. — А там будзе відаць.

— Што ж, у майго будучага мужа, князя Паца, знойдзецца месца для яшчэ аднаго паэты, — невыносна фанабэрыстым тонам прамовіла панна Багінская. — А калі вы пойдзеце далей па медычнай частцы, магу выправіць вам і месца нашага прыдворнага лекара.

Вырвіч адчуў, што кроў прыліла да твару…

— Не думаю, што пайду на службу да вашага мужа.

Пан Агалінскі спыніў напяваць і ашчэрыўся, вычуўшы пачатак сваркі.

— А я б да вас, пан Вырвіч, лячыцца не пайшоў. Доктар павінен быць, вунь як гэты ваш былы слуга, сур’ёзны, змрочны, страшны. Добрыя лекі — горкія і агідныя на смак.

Панна Багінская манерна зарагатала.

— Так, пан Пранціш занадта куртуазны для навукі.

— А вы ўпэўнены, найяснейшая панна, што ягоная мосць князь Пац з вамі ажэніцца? — холадна спытаў Вырвіч, у якога ад гневу аж увушшу закладала. — Асабліва пасля вашай авантурнай вандроўкі. З якой вы прывезяцё замест цуда-зброі крышталёвы чэрап. І будуць паны магнаты адно ў аднаго пускаць сонечныя зайчыкі…

Паланея злосна прыкусіла губу.

— У майго пана брата і звычайнай зброі хопіць, каб заторкнуць раты нахабам!

Пранціш не збіраўся адступацца — аднекуль узялася смеласць выгаварыць усё, што згорклым асадкам ляжала на дне душы:

— Зняволілі, вашамосць, падступна пані Саламею Лёднік, і думаеце, вам усё даруецца нават на тым свеце? Вы, панна, вельмі нагадваеце мне яшчэ адну чароўную панну — Ядвігу Струтынскую.

— Гэта не тую, з-за якой на браслаўскім сойміку парэзаліся-пабіліся? — зацікавіўся Амекрыканец. Пранціш крыва пасміхнуўся.

— Яе… Стараста Опсаўскі Ян Цеханавецкі дамогся рукі чароўнай панны Ядвігі, а ейны бацька не даў за ёй абяцаных ста тысячаў залатых. Пан Цеханавецкі запатрабаваў разводу з-за непрыстойных паводзін жонкі. А як падчас сойміку ішоў па плошчы з братам, цесць яго ўбачыў, загадаў страляць праз вокны… Пана Цеханавецкага паранілі, а брата ягонага дык і зусім забілі. І разаніна якая ўсчалася! Дом Струтынскага ўзялі прыступам. Жывых ды мёртвых згрузілі на вазы ды ў Вільню павезлі… Мёртвых — прад’яўляць, жывых — судзіць. Але за Струтынскага былі Чартарыйскія, таму Цеханавецкія справу прайгралі. А ў той разаніне майго адзінага родзіча, дзядзьку, забілі, які грошы на маё навучанне даваў, ды пасля дэкляраваў памагчы. І якая, скажыце, розніца, быў ён на баку Цеханавецкіх альбо Струтынскіх? А пані і цяпер на балях красуецца…

Пранціш адсёрбнуў вохкага напою і паставіў кубак з сіняга шкла на стол з ножкамі ў выглядзе грыфонаў. Галава прыемна круцілася.

— Загінуць у бойцы за свайго сюзерэна — гэта доўг шляхціца! — павучальна сказаў пан Агалінскі.—І няма чаго дакараць прыўкрасных дам за тое, што яны карыстаюцца, чым Гасподзь надзяліў іх на нашую радасць і пагібель. Піў і буду піць з туфліка прыўкрасных дам, нашых галантных забойцаў! Вось аднойчы ў Нясвіжы на Масленіцу мы выпілі з бота пана Караля за ягоную фартуну — і няхай ягоная мосць пан Караль усю скуру з мяне заслужана злупіць за непавагу, але з туфліка… з маленечкага, расшытага золатам туфліка піць нашмат прыемней!

Поделиться:
Популярные книги

Не грози Дубровскому! Том VII

Панарин Антон
7. РОС: Не грози Дубровскому!
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Не грози Дубровскому! Том VII

Дайте поспать! Том II

Матисов Павел
2. Вечный Сон
Фантастика:
фэнтези
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Дайте поспать! Том II

Адмирал южных морей

Каменистый Артем
4. Девятый
Фантастика:
фэнтези
8.96
рейтинг книги
Адмирал южных морей

Проклятый Лекарь. Род II

Скабер Артемий
2. Каратель
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Проклятый Лекарь. Род II

В теле пацана

Павлов Игорь Васильевич
1. Великое плато Вита
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
В теле пацана

Сумеречный Стрелок 3

Карелин Сергей Витальевич
3. Сумеречный стрелок
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный Стрелок 3

Лорд Системы 3

Токсик Саша
3. Лорд Системы
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Лорд Системы 3

Совок 11

Агарев Вадим
11. Совок
Фантастика:
попаданцы
7.50
рейтинг книги
Совок 11

Аномалия

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Аномалия

На границе империй. Том 7. Часть 2

INDIGO
8. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
6.13
рейтинг книги
На границе империй. Том 7. Часть 2

Попаданка в Измену или замуж за дракона

Жарова Анита
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.25
рейтинг книги
Попаданка в Измену или замуж за дракона

Кодекс Охотника. Книга IX

Винокуров Юрий
9. Кодекс Охотника
Фантастика:
боевая фантастика
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга IX

Толян и его команда

Иванов Дмитрий
6. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
7.17
рейтинг книги
Толян и его команда

Неудержимый. Книга XIX

Боярский Андрей
19. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга XIX