Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
Паланэйка даўно схавалася, а двое рыцараў пачыналі ўсведамляць, што з-за свайго зухаватага бязглуздага подзьвігу патрапілі, як прусак у саладуху. Вырвіч дужа спадзяваўся, што зараз прыдуць афіцэры, адукаваныя людзі, з’явіцца капітан, разгоніць матрасню… Падумаеш, птах! Але калі капітан з’явіўся, становішча палепшала не нашмат. Пан з пагрознымі чорнымі вусамі патлумачыў скрозь зубы, што адзінае, чым ён можа ўратаваць жыцці сваім пасажырам — гэта пасадзіць іх пад ахову ў спецыяльны турэмны адсек у труме. Таму што падчас першага ж шторму — а яны будуць непазбежна ў такую пару — забойцаў альбатроса хутчэй за ўсё альбо зусім выпадкова змые
Пранціш і пан Гервасій сядзелі ў цёмным і вузкім, як кішэня, катуху, дзе страшэнна смярдзела прагорклым тлушчам, і не маглі асэнсаваць такі выспятак Фартуны. Святло працэджвалася толькі скрозь закратаванае вакенца ў дзвярах, ад ліхтара, каля якога сядзела варта.
— Праўда, што баба на моры — да згубы, — тужліва прагаварыў пан Гервасій. — У Ангельшчыну плылі — бунт на караблі ўсчаўся з-за яе, доктара змусілі малітвы чытаць хвалям. Назад плывем — зноў з-за яе ў карцэр патрапілі, ды яшчэ і ўтопяць нас, не дай Бог. Трэба была нам тая птушка, як свінні завушніцы. От вясёлая мне жонка дастанецца! Буду з ёй часцей на паляванне едзіць. Дзічыну пастраляе да стомы — глядзіш, муж і ацалее да раніцы.
— Вашамосць жаніх фіктыўны, не забывайце, — скрозь зубы прагаварыў Пранціш. — І хоць багацейшы за мяне, аднак у вачах Багінскіх такі самы бядняк. А сардэчную схільнасць панна Паланэя дакладна дарыла не вам.
— Ці не вам, вашамосць? — пагрозна прамовіў пан Гервасій. — Такі смаркач, як васпан, не можа разлічваць нават насоўку панны падбіраць з падлогі.
— Гэта я смаркач? Я амаль доктар і нашчадак Палямона! А вашамосць — дзікун і болбадзень бясклёпачны! — каб не цёмна было, дык Пранціш ад гневу ўсё роўна нічога не забачыў бы.
— Вашамосць абражае шляхціца Агалінскага?
Месца для добрай бойкі было малавата, але затое праціўнік не мог схавацца. Змалацілі паны адзін аднаго з насалодай: пан Гервасій здаровы, як лось, затое Пранціш шустры, як яшчарка.
Раскаціліся ўбакі, толькі як ушчэнт замарыліся.
Задавальненне паўтарылася яшчэ тройчы.
А потым неяк нецікава стала біцца. Бо мінаў дзень за днём, а нічога не мянялася. У спецыяльнае акенца вязням падавалі ваду, хлеб, сланіну, нават панскія сыр і віно. Але ключ у замку не паварочваўся. Пранціш чакаў штохвілі, што вось дзверы адчыняцца, і пакажацца мілы тварык Паланэйкі — не пакіне ж яна тут сваіх кавалераў, што трапілі ў бяду, абы пакрасавацца перад дамай. Ну а Лёднік дык абавязкова з’явіцца — бо нават у сутарэннях Тамашоўскіх свайго вучня знайшоў. Прыйдзе, абавязкова прыйдзе — усіх ворагаў абяззброіць, зачаруе, пераканае, птушку альбатроса вылекуе… Адчытае дурных маладзёнаў, і жыццё пойдзе далей, у прыгодах і надзеях.
Але карабель гайдала ўсё мацней, сыр і віно з рацыёну вязняў зніклі, і не прыходзіў ніхто, нягледзячы на крыкі і патрабаванні зняволеных.
— Яна вырашыла ад нас пазбавіцца, — аднойчы сказаў пан Агалінскі — гаварыў ён цяпер, трохі прышэптваючы, бо пасля сустрэчы з кулаком Вырвіча адзін зуб у пана хістаўся. І Пранцішу не спадабалася, як ён гэта сказаў. Вельмі сур’ёзна, спакойна, без сумневу. Як бы паведамляў, што выпаў снег, ці што сёння пятніца… — Паклапацілася, каб доктар нічога пра нас не ведаў. Яму зараз кепска, ляжыць, ром смокча… А панна да яго, відаць, яшчэ і ходзіць, байкі расказвае. Прыбрала
— Бутрыма ніхто да рук не прыбярэ! Гэта проста немагчыма, вашамосць! — рэзка адказаў Пранціш, а сэрца сціснула ад трывогі. Нешта і праўда доктар доўга не з’яўляецца… Ці не ўтварыла з ім што падступная паненка?
А потым нечакана карабель перастала гайдаць. Чуліся галасы, нешта стукала, грукала… А потым дзверы нарэшце адчыніліся. Капітан змрочна паведаміў вязням:
— Можаце павіншаваць сябе, панове. Вы даплылі да слаўнага горада Гданьску жывымі. Хоць альбатрос, вамі падстрэлены, здох, і той-сёй з каманды дужа хацеў адправіць вас за ім у птушыны рай. Пастаўце па пудовай свечцы святому Хрыстафору. За нязручнасці выбачайце — самі вінаватыя. Тое, што мне ўвесь час трэба было адрываць ад працы па два надзейныя матросы, каб вас ахоўвалі, таксама мог бы паставіць у рахунак. Але Бог з вамі, стралкі хрэнавы. Усё, шчаслівай дарогі дадому.
Пранцысь і пан Гервасій, жмурачы адвыклыя ад яркага святла вочы, выпаўзлі на палубу. Апошнія бочкі і цюкі згружаліся на сушу, апошнія матросы пакідалі «Залаты альбатрос» у прадчуванні сустрэч з роднымі і дарагімі, альбо хаця б з партовымі самадайкамі і куфлямі піва, лёгкі сняжок святочна прыкрашаў чарапічныя дахі, брук і каменныя скульптуры…
А каюты былі пустыя. І Лёднікава, і Паланэйкі. Мяшок з рэштай цэхінаў ад Пандоры быў на месцы. Але, як можна было прадбачыць, знікла і скрынка з люстэркамі, і зялёны сшытак, і крышталёвы чэрап — усё, што дасталося з хованкі доктара Дзі.
— От гадаўка! — неяк здзіўлена-захоплена прагаварыў пан Гервасій.
Вырвіч выбег з каюты і схапіў першага з каманды, што патрапіўся, за грудкі:
— Дзе доктар Баўтрамей Лёднік? Высокі такі, чарнявы? Дзе панна?
Худы смуглявы матрос спадылба зіркнуў на пасажыра.
— З’ехалі. Абодва. Селі ў карэту з гербамі, і…
— Даўно?
— Ды з гадзіну таму.
Пранціш схапіўся за русявыя валасы, гатовы іх выдраць з гора. Гэта немагчыма! Лёднік не мог так учыніць! Што з ім зрабіла гэтая кірпаносая вядзьмарка? Атруціла? Не, нават п’яны і хворы, доктар не мог не распазнаць атруты. Аглушыла? Звязала?
— Гэй, а ты бачыў, як доктар з карабля сыходзіць? — гукнуў у спіну матросу, які ўжо закінуў за плячо валізу, з якой тырчэў тонкі рулон ангельскага паркалю ў сінія кветачкі, падарунак для той, што дачакалася свайго любага. Марак незадаволена азірнуўся:
— А што тут бачыць? Ну, сыйшоў пан у капелюху, пры дарагой шаблі, дапамог паненцы ў карэту сесці. Злы, праўда, быў, як біскуп пад канец посту. Не хацеў бы з такім у цёмным завулку сустрэцца.
І пайшоў, пагойдваючыся, як бы карабель усё яшчэ змагаўся са штормам.
— Бутрым сапраўды любіць сваю жонку так моцна, як я думаю? — задумліва прамовіў пан Гервасій.
— Разумею, куды хіліць вашамосць! — знервавана прамовіў Пранціш. — Калі Багінская паабяцала Бутрыму, што павязе яго забіраць Саламею, паехаў на любых умовах. Слухай, яны яшчэ не так далёка! Паланэя прагаварылася, што Саламея ў Гутаўскім кляштары бернардзінак…
— Дагонім! — закрычаў пан Гервасій і ірвануў з карабля, як руды пацук з падпаленай адрыны. Пранціш ледзь паспеў падхапіць мяшок з цэхінамі.