Блакит
Шрифт:
А потым была абавязковая ў такіх выпадках пачостка ў прасторным доме дырэктара саўгасу на ўскрайку гораду пасярод старога зарослага панскага парку. Міма гэтага парку мы колісь штодня езьдзілі на веласіпедах у школу і са школы. Апроч нас, гасьцей, тут прысутнічалі людзі з кіраўніцтва гораду, саўгасу, нікога з іх я ня ведаў. Стол быў па вышэйшым класе, нават бочка са сьвежым півам у пакоі пры ўваходзе, і ніхто не адмовіўся ўзяць па куфлю з духаты ў зале ГДК. А потым гаспадыня паклікала за стол, і рэй адразу ж павёў Караткевіч. Ён расказваў вясёлыя гісторыі, анекдоты, практычна ніхто ня мог і слова ўставіць, і, як сёньня сказалі б, даваў майстар-клас, як трэба піць. Прадстаўнікоў мясцовай улады, дый усіх нас ахапіў жах, калі той разбаўляў куфаль піва фужэрам гарэлкі і піў гэта чарка ў чарку з усімі. Ня памятаю, як мы выбраліся адтуль, прыпамінаю толькі, што дзякуючы намаганьням цьвярозага, як шкельца, Карпюка, і тое, што было ўжо даволі позна...
Наступны раз сустрэліся, а калі дакладней – перазнаёміліся з Уладзімірам Караткевічам больш чым праз дзесяць гадоў, калі я пераехаў у Менск. Да таго часу ў яго прайшоў той буйны шал – браў рэдка, пераважна адну-другую чарачку віна для падтрымкі кампаніі, аджартоўваючыся, што свой ліміт вычарпаў, і толькі сяды-тады з нейкай важнай нагоды ці ў кампаніі старых “разакоў” “узмахваў сярэбраным крылом”. Нас прадставіў
Потым неяк пад канец лета мы сустрэліся ў Васіля Быкава. Яны сем’ямі адпачывалі разам у Піцундзе. А па вяртаньні з нейкіх вандровак Васіль Уладзіміравіч, звычайна, зьбіраў нашу кампанію, каб расказаць, што бачыў, што чуў, як правёў час, паслухаць, што адбылося-надарылася тут у ягоную адсутнасьць. На гэты раз “справаздачу” трымалі абодва вясёлыя, у добрым гуморы вандроўнікі. Яны як ніколі добра адпачылі, былі вельмі задаволеныя, расказвалі розныя сьмешныя гісторыі, што надараліся з імі. А найперш пра свае паходы ў горныя аулы на пошукі сапраўднага самаробнага абхазскага віна, і цяжка было зразумець, асабліва ў Караткевіча, дзе тут праўда жыцьця, дзе прыпраўлены паўднёвым гумарам літаратурны вымысел. Мы за жываты браліся, яны таксама пасьмейваліся, дабаўляючы ці папраўляючы адзін аднаго, ад чаго намаляваныя сітуацыі падаваліся яшчэ больш камічнымі. Прысутнічалі тады, добра памятаю, Генадзь Бураўкін, Мікалай Матукоўскі, здаецца, ня буду сьцьвярджаць дакладна, і Ніл Гілевіч... (...)
Тады з-за адсутнасьці па нейкай прычыне Сяргея Законьнікава ў кампаніі аказаліся толькі два заядлыя курцы – Караткевіч і я. Ён быў ужо зусім не пітак, прыгубляў толькі за кампанію чарачку з віном, я гэтаксама ніколі не вылучаўся імпэтам да чаркі, і мы даволі часта адлучаліся на балкон праз гаспадароў кабінет, дзе дымілі на сьвежым паветры. Балкон рукамі Васіля Уладзіміравіча быў абсталяваны, але без зашкленьня, атрымалася ўтульнае месьцейка з маладым дзікім вінаградам зьнізу даверху ды яшчэ нейкай расьлінай з буйнымі цёмна-чырвонымі кветкамі. Сьцены акуратненька пафарбаваныя ў прыемны сьветлы колер, ніз засланы дывановай дарожкай. Шчыльна зачынялі дзьверы, каб дым не трапляў у памяшканьне, Караткевіч па старой звычцы аддаваў перавагу папяросам, а я смактаў адну за другой цыгарэты. Завязваліся розныя гаворкі. Адна асабліва запомнілася. Узгадалі Івана Пятровіча Шамякіна, ягонае ўменьне закруціць і раскруціць сюжэт, што вельмі цаніў у ім Уладзімір Сямёнавіч. Я запярэчыў: усё роўна па майстэрству закруціць сюжэт, захапіць чытача Шамякіну далёка да Караткевіча і ўвогуле па майстэрству, а найперш культуры мовы Караткевіч куды больш маштабная велічыня. Сказаў гэта зусім не для таго, каб падпусьціць лёстачку, капнуць бальзам на душу суразмоўцы, а зусім шчыра, у чым быў абсалютна перакананы, не падазраючы, як гэта зьбянтэжыць Караткевіча. Уладзімір Сямёнавіч спалохана, ледзь ці не адчайна замахаў рукамі: ну што ты, ну што ты!.. І гэта ў яго было так шчыра і непасрэдна, што я аж зьбянтэжыўся ад нечаканкі. Відаць было, што падобныя самаацэнкі яму і насамрэч не прыходзілі ў галаву, хоць ня думаю, што сказанае мною не спадабалася яму. Але ён быў чалавек гранічна сьціплы, не разбэшчаны ўвагай і не расьпешчаны славай... Нават пасьля сьвяткаваньня свайго пяцідзесяцігоддзя ў перапоўненай зале Дома літаратара, дзе ён з толькі што ўручаным ордэнам на грудзях у ганаровым прэзідыуме побач з высокімі цэкоўскімі і ўрадавымі чынамі, мусіць, упершыню наслухаўся такіх хваласьпеваў, пасьля якіх нельга было, ну, хоць трошачкі, не паверыць у сваю геніяльнасьць і вялікасьць. А ён пачуваў сябе ніякавата, няўтульна за сталом з высокім начальствам, раз-по-раз, мнучы папяросіну, выходзіў пакурыць за кулісы. Я прыгадаў яму той вечар, і ён патлумачыў, што ставіцца да юбілейных хваласьпеваў па-філасофску, як да нечага непазьбежнага, і даволі іранічна – толькі юбіляраў і нябожчыкаў заведзена абкуродымліваць на поўнае кадзіла...
Тым ня менш, думаецца, той юбілейны вечар з масавым паломніцтвам моладзі да Караткевіча, узнагароджаньне яго ордэнам не апошняй пробы шмат каму адкрыў вочы на адметную фігуру гэтага расхрыстанага чалавека і пісьменьніка, які жыў, як хацеў, пісаў, як умеў – часьцей за ўсё пад натхненьне, на адным дыханьні, пераважна начыставую, без аніякіх правак і паправак, менш за ўсё дбаючы пра славу, узнагароды, званьні і пра тое, што яго тут абыходзяць на паваротах меней таленавітыя, але болей спрытныя калегі. Удумлівыя чытачы ведалі цану кожнаму, не давалі залежвацца кнігам Караткевіча, якія разыходзіліся па-беларуску нечуванымі тады накладамі. У адрозненне ад многіх калег ён не шукаў прызнання, ня гнаўся за славай, яна даганяла і знаходзіла яго...
На жаль, сышліся блізка мы з Уладзімірам Сямёнавічам толькі ў апошнія гады, мо нават месяцы ягонага жыцьця. Са сваім падарваным здароўем ён ледзь ці ня цераз месяц трапляў у бальніцу, дзе нудзіўся, і быў вельмі рады, калі мы наведваліся да яго ў палату. Караткевічава здароўе і лячэньне трымаў пад пільным асабістым кантролем АТК. Ён распарадзіўся Караткевіча без аніякіх ганаровых званьняў і лаўрэатцкіх медалёў прыпісаць да лечкамісіі, а галоўурач ледзь ці не штодня дакладваў яму пра стан здароўя пісьменьніка. Раз-два на тыдзень сакратар па ідэалогіі ЦК бываў у хворага, дзе падоўгу вялі нетаропкія гаворкі пра жыцьцё альбо слухалі розныя вясёлыя і павучальныя гісторыі, на якія абодва былі вялікія мастакі. Выпісаўшыся з бальніцы, Уладзімір Сямёнавіч у цёплы час і добрае надвор’е любіў выходзіць у купалаўскі сквер побач з домам, сядаў на адну і тую ж лаўку непадалёк ад старога фантану, абкладваўся кнігамі, чытаў ці проста адпачываў пад прыемны пошум водных струменьчыкаў, чакаў, калі мы з Сяргеем Законьнікавым і Генадзем Бураўкіным, насьпех адабедаўшы ў цэкоўскай сталоўцы, на хвілінаў сорак, а то і на добрую гадзіну далучымся да яго разам пабавіць час. Заўсёды гэта былі вельмі цікавыя гаворкі. Часьцей за ўсё нешта займальнае расказваў Караткевіч,
Ён мог з захапленьнем бясконца расказваць пра свае часам вельмі незвычайныя сьветапоглядныя ўяўленьні, філасофскія бачаньні. Самае цікавае, што па ўспрыняцьці сьвету ён быў бліжэй да пантэізму, чым да матэрыялізму, тым больш атэізму. Па ягоным перакананьні, Бог ёсьць сама прырода, ён раствораны ў ёй, дапускаў, што жывая і нежывая прырода, нават сама Зямля надзеленыя ня толькі органамі адчуваньня, але і розумам. Сьцьвярджаў, што ўмее размаўляць з дрэвамі, падзараджацца ад іх жыцьцёвай энергіяй, вывучыў іхнюю мову, пераконваў і мяне, і ўсіх нас, што гэта зусім проста – варта толькі ў цішыні і без усялякай сьпешкі прытуліцца да дрэва сьпіною, заплюшчыць вочы і вельмі пажадаць слухаць яго. Мы часта не прымалі ўсур’ёз прыгожыя мроі і фантазіі вялікага рамантыка, а ён на поўным сур’ёзе, з найвялікшым перакананьнем адстойваў сваё бачаньне Бога і Прыроды. Уладзімір Сямёнавіч сьцьвярджаў, што ніколечкі не баіцца сьмерці, казаў, адчувае, што яна недзе зусім блізка, непадалёк, і выразна ўяўляе іхнюю сустрэчу...
А праз нейкі час у яго зьявілася ледзь ці не ідэя-фікс прайсьці ўсім нам учацьвярых, мо прыхапіўшы за кампанію яшчэ каго, на баркасе з Гомелю па Сажы, а далей уверх па Прыпяці, дзе яму хочацца разьвітацца, паказаць і перадаць нам вядомыя яму незямной прыгажосьці палескія мясьціны, чысьцюткія крынічныя рэчачкі ў гранітных ложах, з перакатамі, якія кішаць тарпедападобнымі прыгажунямі стронгамі і хапаюць нават голы кручок, няходжаныя дубровы, бары, гаі, дзе растуць вялізныя грыбы, якіх мы ніколі яшчэ ня бачылі. Падарожжа на баркасе было і насамрэч заманьлівым, але Генадзь адразу спасаваў – ён, як звычайна, на пачатку восені намерваўся лячыць ныркі ў Трускаўцы, а потым на дзён дзесяць бязвылазна засесьці на лецішчы ды адпісацца за ўвесь год. Мы ж з Сяргеем дамовіліся разам адпачыць у Юрмале і заказалі на пачатак ліпеня пуцёўкі. Ледзь ці не штодня Уладзімір Сямёнавіч настойліва адгаворваў: ды кіньце вы, хлопцы, гэтую Юрмалу, тут вы пабачыце і адпачнеце ў тысячу разоў лепей. Яно падобна было, што так, але ў нас былі ўжо на руках пуцёўкі, і ў рэшце рэшт прыйшлі да кампраміснай высновы: напачатку ўсё ж едзем у Юрмалу, але вяртаемся на дзень-два раней тэрміну і ў нас застанецца яшчэ добры тыдзень на сумеснае воднае падарожжа ў глыбіню Палесься. Я сказаў, што пазваню Аляксею Камаю, які быў першым сакратаром абкаму ў Гомелі, дамоўлюся наконт добрага плаўсродку, у іх, здаецца, меліся быстраходныя кацяркі на падводных крылах, але Уладзімір Сямёнавіч запярэчыў: ай, навошта зьвязвацца, дурыць гававу начальству, калі ў мяне ў Гомелі добры сябра, на чыім баркасе ледзь ці ня кожны год ходзім у тыя запаведныя мясьціны. На тым і дамовіліся...
Надвор’е ў Прыбалтыцы ў той год было цёплае, нават гарачае, ласкавае мора, і мы выдатна адпачылі. На два дні раней заканчэньня тэрміну загадзя купілі білеты на вячэрні цягнік, каб праз дзень накіравацца з Караткевічам ў тыднёвае падарожжа па Прыпяці. За два дні да ад’езду ледзьве вярнуліся з Сяргеем з пляжу, як у вестыбюлі дзяжурная паведаміла: званілі з Менскуа, прасілі перадаць, што памёр нейкі пісьменьнік.
– А хто? Прозьвішча не называлі?
– Называць то называлі, але не запомніла. Пачынаецца на “К”...
Грэшнай справай падумалі, што стары Крапіва, пра Караткевіча ж і ў галаву не магло прыйсьці. Разьмянялі ў дзяжурнай папяровыя рублі на капейкі і кінуліся да міжгародняга тэлефону-аўтамату, які ўмеў бесцырымонна глытаць дваццацікапеечныя манеты, ня надта дбаючы з першага ці другога разу злучаць з абанентам ў Менску. На дзіва ўдалося дазваніцца адразу... Калі сказаць, што гэта было нешта накшталт грому сярод яснага дня ці ўдару абухам па галаве – гэта і блізка нельга параўнаць з тым шокам, які здарыўся з намі ад паведамленьня пра сьмерць Караткевіча. Ачомаўшыся, сталі сьпешна зьбірацца, а найперш вырашаць пытанне з білетамі на Менск. Ні на сёньняшні вячэрні, ні на заўтрашнія цягнікі ніводнага месца не было, і нічога не заставалася, як на шэсьць раніцы выклікаць таксі і ехаць у аэрапорт, спадзеючыся ўбіцца на які-небудзь рэйс калі не да Менску, то хоць да Вільні, адкуль дабрацца прасьцей. Ні на Менск, ні на Вільню білетаў не было, адна маленькая надзея, што нехта адмовіцца ад палёту... І тут пацьвердзілася старая ісьціна пра цесны сьвет – у залу зайшоў у суправаджэньні генерала і двух палкоўнікаў мой даўні добры знаёмы па Жалудку брат Валодзі Фядотава Міхаіл, зараз генерал, кіраўнік транспартнай міліцыі Беларусі, з якім мы даўным-даўно ня бачыліся. Абняліся і я сказаў пра свае праблемы з білетамі, і яны тут жа, амаль імгненна былі вырашаныя – ляцім да Менску разам з ім напаўпасажырскім, напаўгрузавым сьпецрэйсам. Ягоныя латышкія калегі-праважатыя павялі ўсіх нас ў нейкі пакойчык з сервіраваным пад фуршэт сталом, узялі па пару чарак за знаёмства і на разьвітанне, і праз якіх паўгадзіны АН-24 падняў нас разам з Міхаілам у паветра, узяў курс на Менск...