Блакит
Шрифт:
Тым ня менш ён любіў і высока ставіўся да паэтычнага таленту Аркадзя Куляшова, лічыў яго паэтам нумар адзін пасьля Купалы і Коласа ў сучаснай беларускай літаратуры. Пімен Емельянавіч, калі быў у добрым гуморы, вельмі ахвотна гаварыў пра сваё стаўленьне да творчасьці сучасных беларускіх паэтаў. Вялікім паэтам ён лічыў Аляксея Пысіна, да праўдзівай і суровай паэзіі якога ў яго былі ледзь ці не пяшчотныя, трапяткія пачуцьці. Вельмі высокую ацэнку ён даваў паэтычнаму таленту Сьцяпана Гаўрусёва, які на ягоны вялікі жаль, ня змог рэалізавацца і на палавіну, калі ня болей. Але найбольш таленавітымі, блізкімі яму па духу і творчасьці ён лічыў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна. З маладзейшых самымі персьпектыўнымі на ягоную думку былі Сяргей Законьнікаў, Уладзімір Някляеў, Ніна Мацяш, Алесь Разанаў. Я заўважыў, што Пімен Емельянавіч чамусьці ўпусьціў прозьвішча шырока вядомага літаратара, і на маё зьдзіўленьне заявіў, што гэта слабы паэт. Выдатны фалькларыст, добры перакладчык, гумарыст, вельмі паважае яго як барацьбіта за родную мову, гатовы падпісацца пад кожным ягоным словам, але як арыгінальны паэт – вельмі пасрэдны. Я запярэчыў, Пімен Емельянавіч ня стаў спрачацца, прапанаваў толькі ўважліва
Праз паўгода ці мо болей застаў Пімена Емельянавіча ў вельмі добрым настроі. Ён пахваліўся, што толькі-толькі закончыў чытаць карэктуру аб’ёмнага тому выбраных твораў, прымеркаванага да ягонага сямідзесяцігоддзя, у які ўключыў усё, што хацеў, нават аднавіў, выправіў многае з таго, што раней выразалі-калечылі, і ўпершыню абышлося без аніякай цэнзуры, быў вельмі задаволены кнігай, якая насамрэч увабрала самае-самае лепшае, напісанае ім. Усьміхнуўся гарэзьліва і сказаў пра сябе ў трэцяй асобе: дык во прачытаў і зразумеў, што Панчанка – выдатны, мо нават вялікі паэт. Во табе і мой адказ на тваё ранейшае пытаньне! Толькі ж глядзі, не ўздумай спасылацца ці цытаваць, пакуль я жывы...
Пімен Емельянавіч чамусьці заўсёды нагадваў мне майго бацьку, хоць, здавалася б, што агульнага можа быць паміж класікам літаратуры, інтэлектуалам, прызнаным маральным аўтарытэтам і простым, практычна непісьменным вясковым мужыком. А ўсё ж нешта было... У згаданым лісьце да мяне Панчанка выказаў зьдзіўленьне, як я, малады, даведаўся пра вельмі блізкія яму пачуцьці старога чалавека, дакладна перадаў ягоную псіхалогію. Я і сам ня ведаю. Пэўна, таму, і хутчэй за ўсё таму, што меў шчасьце нейкім неасэнсаваным пачуцьцём ці чуцьцём чытаць бацькавы настроі, глядзець на сьвет ягонымі вачыма. Нейкія характэрныя рысачкі ягонага характару, як, дарэчы, і матчынага, звычкі, словы, фразы, манера гаворкі, сялянская псіхалогія і філасофія – ёсьць ці не ў бальшыні герояў маіх аповесьцяў і апавяданьняў, не выключаючы, вядома, і Антося з “Выраю”, які аказаўся такім блізкім Панчанку. Мо ў тым і няма нічога дзіўнага – яны з бацькам былі равесьнікі і, пэўна, каб ім наканавана было сустрэцца ў гэтым жыцьці, яны знайшлі б пра што пагаварыць... У іх абодвух была ледзь ці не сакральная любоў да лесу, амаль аднолькава яны не ўспрымалі розных злыдняў і прыстасаванцаў, нічым ня розьнілася іхняе разуменьне дабрыні і сумленьня, усіх іншых фундаментальных прынцыпаў народнай маралі. І хай даруе мне чытач, але я палічыў сваім маральным абавязкам у канву гэтага расповеду ўключыць і гэтае невялічнае эсэ, друкаванае ў скароце ў “Звяздзе” на першую раданіцу пасьля ягонага адыходу, пра звычайнага вясковага чалавека, няўрымсьлівага працаўніка, які даў мне ўсё, што толькі мог даць, каб мне жылося на гэтым сьвеце ўтульней і па сумленьні. Магчыма некаму з чытачоў ён нагадае ўласнага бацьку, бо ўсе бацькі ў нечым вельмі і вельмі падобныя...
Колькі памятаю сябе, столькі ж – і бацьку. Вялікага, дужага, справядлівага. Скрып палазоў па засьнежанай лясной дарозе... Паездка ў дальнюю далеч на таямнічы базар у Скідзель па залітай веснавой паводкай грэблі – аж дых займала ад захапленьня і нейкай страхавітасьці...
Напачатку ўрыўкава-эмацыянальныя, з гадамі паўнейшыя, больш асэнсаваныя ўспаміны, малюнкі з дзяцінства, і амаль ва усіх прысутнічае бацька. Урэзалася ў памяць: калі б ні вяртаўся ён ці то з лесу, ці то з базару, ці то з млына, заўсёды прывозіў акрайчыкі найсмачнейшага зайчыкавага хлеба, і я быў абсалютна перакананы, што зай перадаў нам з сястрычкай праз бацьку свой смачнейшы за мёд заячы хлеб, які і блізка не параўняць з чалавечым.
Але з найвялікшым нецярпеньнем чакалі бацьку з млына, заўсёды стамлёнага, прапыленага мукой, адкуль ён прывозіў ня толькі зайчыкаў хлеб, мяхі з мукой, а і нячутыя казкі, страхавітыя гісторыі. Млын тады для сялянаў быў нечым сакральным, куды больш значным, чым тэхналагічны памол жыта на хлеб, пытляваньне на пірагі пшаніцы. У млыне не дазвалялі сабе лаяцца, казаць нядобрыя, брыдкія словы, прыкладвацца да чаркі. Адзіны на ўсю акругу ён тады быў у Ашурках, што ў кіламетрах дзесяці ад нашай вёскі, дзе Котра яшчэ ня надта шырокая. Сюды зьбіраліся мужыкі з блізкіх і далёкіх вёсак, хто быў незнаёмы – знаёміліся, знаёмцы сустракаліся радасна, расказвалі пра навіны, што адбыліся з часу, як ня бачыліся, а ня бачыцца маглі па тры-чатыры, а то і пад дзесяць гадоў. Часу нагаварыцца было – па тыдні і больш чакалі сваёй чаргі. Доўгія ж вечары бавілі грамадой за баяньнем-слуханьнем казак і страхавітых гісторыяў, якія здараліся альбо з самім апавядальнікам, альбо з ягонымі сваякамі ці знаёмымі, але часьцей за ўсё ад некага пачутымі. І ва ўсіх гэтых казках, гісторыях розныя вадзянікі, лесавікі, іншая нячыстая сіла заўсёды аказвалася ў дурнях. Усе мы нецярпліва чакалі вечару, калі неадкладныя хатнія справы будуць зробленыя і ўсёй сям’ёй збяромся на кухні паслухаць прывезеныя з млына казкі і гісторыі. Бацька быў неблагі апавядальнік і ўсе, нават скептычная да гэткіх гісторыяў бабуля, слухалі з затоеным дыханьнем, і часта аж сэрца замірала, аж халодныя мурашкі бегалі па сьпіне, як толькі ўяўляў сябе на месцы тых, каго чмурыла нячыстая сіла...
І яшчэ згадка з дзяцінства, якая чамусьці ўчэпіста засела ў памяці... Бацька з дзедам сьвяжуюць кабанчыка, а я ўжо ведаю, што ў парсюка ёсьць усё, як і ў чалавека. Ліпну сьляпнём, карціць зірнуць, што ж гэта за “нервы”, якія мы з сястрой псуем бабулі? І маё вялікае расчараваньне ад бацькавага тлумачэньня, што ў сьвіньні няма нерваў, нервы ёсьць толькі ў чалавека...
Ён, здаецца, ніколі і не адлупцаваў мяне, калі не лічыць, “пачастунку” папружкай за дурны рогат на школьнай жалобнай лінейцы па Сталіну. Не пакараў нават, калі дзеля забавы шпурнуў камень у акенца на франтоне Сымонавай хаты. Нават застаўшы з цыгаркай. Мо таму, што сам смаліў бязбожна, і ў яго, як і ў дзеда, бабулі, было правіла не патрабаваць ні ад каго, нават ад дзяцей
У шасьцідзясятыя гады бацька ці не гадоў пяць быў брыгадзірам, і ад світанку да позняга вечара аддаваўся рабоце без астатачы, не даючы спакою ні сабе, ні начальству, ні людзям. І хоць ягоная брыгада давала фору ўсім астатнім, неўзабаве яго вызвалілі – мо і насамрэч з-за нізкай адукацыі, а мо за лішнюю зацятасьць і нязгаворлівасьць – хто ж гэта цярпець будзе брыгадзіра, які пад пагрозай паведаміць у рэдакцыю не дае заатэхніку, нават старшыні калгаса выбракоўваць самых лепшых кабанчыкаў, парасятак і сьпісваць на падзёж. Ледзь ці не да самых апошніх дзён сваіх ён балюча перажываў, хваляваўся, нерваваўся за непарадкі, безгаспарчасьць, нялюдскае стаўленьне да зямлі, якое бачыў у калгасе. І гэтая неспакойная сялянская няўрымслівасьць, вечнае хваляваньне за зямлю і што робіцца на ёй, падточвала ягонае хворае сэрца, якое проста ня ўмела ўгаманіцца, ня браць усё блізка да сябе...
Ён мог пахваліцца зяцем, нявесткамі, але пра нас нават пад добрай чаркай не любіў усчынаць пахвальбу, маючы перакананьне, што пра ягоных дзяцей павінны гаварыць чужыя людзі. Не было сакрэтам, што ягоную, як і матчыну, душу вельмі ўсьцешвалі людскія думкі пра старэйшага, які ўзьляцеў высока, як ніхто ў акрузе, пра добрую і клапатлівую дачку Ніну, пра майстара на ўсе рукі, гаспадарлівага малодшага Віктара. Яму ганарова было, калі са мной і без мяне не міналі хату мае шчучынскія калегі і сябры. Асабліва вясёлы і ласкавы Валодзя Місяк, які стаўшы другім сакратаром райкаму партыі, ніколі не прамінаў заехаць, каб пацікавіцца, ці ёсьць сена на карову, ці патрэбна якая помач, ці не крыўдзіць мясцовае начальства, а іншы раз і ківаў пальцам старшыні калгасу. Бацька адразу ж здружыўся з Генадзем Бураўкіным і любіў прыгадваць, як незвычайна пазнаёміліся: адлучыліся некуды з маці, вяртаюцца – у двары машына і я з нейкім мужчынам выбіраем бульбу ў развораных баразёнках за плотам. Ах, божачкі, што ж гэта вы надумалі, ды кідайце!.. Бацька паціху пытаецца: а хто гэта? І пачуўшы, што міністр, не паверыў, думаў мае звычайныя жартачкі, але калі і Генадзь пацьвердзіў, што насамрэч ягоная пасада міністэрская, ня ведаў, што гаварыць, як сябе паводзіць. Як і маці. Для іх у галаву не ўкладвалася: каб міністр ды капаў на іхнім гародзе бульбу!!! Аднак неўзабаве, пераканаўшыся, што міністр мовіць ня толькі для іх па-нашаму, разгаварыліся, быццам здаўна зналіся. Едучы знячэўку, мы ў Гродне прыхапілі каўбасы і яшчэ сёе-тое на закусь і на ўсялякі выпадак пару пляшак, хоць ведаў – у бацькі для нечаканкі амаль заўсёды прыхавана пляшка-другая самаробнай. А зараз сядаючы за стол, прыкінуў: то не для міністра і выставіў некалі пакінутую мной пляшку каньяку і прывезеную “белую”. Але калі міністр рашуча адсунуў каньяк і “белую”, аддаўшы перавагу ягонаму першаку, запаважаў Генадзя яшчэ больш...
Гэтаксама ж адразу ж, як толькі зайшлі ў хату, бацька ўпадабаў, прыняў за свайго і Сяргея Законьнікава. Генадзь і Сяргей заўсёды перадавалі яму прывітаньні і ён з радасьцю прымаў іх, перадаваў ім свае, запрашаў прыехаць на грыбы ці проста так, а ў апошнія гады кожны раз недаўменна пытаўся: чаму іх стала не відно, як раней, па тэлевізары, не чутно па радыё, нават калі песьні іхнія пяюць, чамусьці не называюць, як іншых?..
З бацькам дружылі і да апошняга дня дапамагалі, скрашвалі ягонае жыцьцё мае школьныя таварышы Толік Бадак і Коля Ключнік, якія часта давалі яму тое, што мусілі даваць мы з братам...
Яны з маці ведалі: для мяне і сястры няма вяртаньня ў родную хату, а ехаць у горад, калі занядужаюць, ні за якія грошы не зьбіраліся, дый не было патрэбы. Дажываць свой век зьбіраліся з малодшым Віктарам і ягонай жонкай Валяй, добрай, увішнай кабетай родам з Берагоўцаў з-пад Нёмана. Яны жылі ў Шчучыне, працавалі на заводзе, аднак кожныя выхадныя і водпускі бывалі тут, ня толькі памагалі па гаспадарцы, але і мелі свае соткі, свой гарод, свае пчолы. Зьбіраліся, як толькі выйдуць на пенсію, назусім пераехаць сюды. Ды на вялікі жаль і смутак абое сталі браць лішнюю чарку, абсаромлівацца самім і абсаромліваць, больш таго – крыўдзіць старых... Што толькі ні рабілі мы з сястрой – не памагала. А потым ці то па п’яні застудзіў лёгкія, ці то далі знаць чарнобыльскія кюры, якіх наглытаўся вышэй завязкі, возячы будматэрыялы для саркафагу, а мо тое і другое, але яшчэ ў зусім маладыя леты практычна нічога ня мог рабіць, задыхаючыся. Гэта была найвялікшая бацькава бяда, трагедыя, яна, безумоўна, паскорыла ягоны адыход. Ужо зусім нямоглы ён з ранку да вечара аходваўся па гаспадарцы – рэзаў на сячкарні сечку, карміў, даіў карову, варыў корм сьвіням, летам дабаўляючы накошанай і прапушчанай праз сячкарню травы, даглядаў пчол. Сагнутая ў крук маці была яму слабым памочнікам – толькі наглытаўшыся абязбольвальных лекаў яна сяк-так “выязджала” на кіёчку ў двор пакарміць курэй, сабаку ці прыгледзяць пчолы, гукнуць бацьку, калі яны ўздумаюць раіцца. Наколькі гэта магчыма, мы стараліся аблегчыць іхнюю працу: Віктар прыладзіў электраматор да сячкарні, дровы пілавалі бензапілой, асабліва выгоду займелі, калі я прывёз і прыладзіў у студні электрапомпачку, якой можна было падаваць ваду хоць у хату. Бацька, як і маці, і не задумваўся, навошта яму гэтак ўлягаць з апошніх сілаў. Для яго ніколі нават не ўзьнікала такога пытаньня. Штодзённыя спрадвечныя сялянскія клопаты былі для яго абсалютна натуральным спосабам існаваньня, іншага яны з маці сабе і не ўяўлялі. І нават не крыўда, а вялікае неразуменьне аглытвала іхнія душы, калі Віктар з жонкай, перабраўшыся, каб прадоўжыць іхнюю сялянскую справу, як толькі атрымаюць пенсію альбо плату за прададзенае калгасу малако ці сабраныя для нарыхтоўшчыкаў грыбы, губляюць галовы, забываюць на ўсё, на тыдзень-два ўпадаючы ў запой ці ў Шчучыне, ці з панаехалымі ў вёску дый сваёй гадоўлі алкашамі...