Блакит
Шрифт:
Пасьля Сьлюнькова везьці з Масквы новага гаспадара рэспублікі ня сталі – ці то прыдатнай кандыдатуры пад рукой не аказалася, ці то кадрамі стаў манапольна распараджацца энергічны вялікі цьвярозьнік Ягор Лігачоў, які вельмі ўпадабаў адводзіць душу на ўлоньні прыроды ў Белавежскай пушчы, дзе сьведкамі маглі быць толькі зубры і маўклівая, бы рыбы, вышкаленая нешматлікая прыслуга ўрадавай рэзідэнцыі. Ну, і вядома гаспадар пушчы – першы сакратар Брэсцкага абкаму Яфрэм Сакалоў. Яго і прыгледзеў Лігачоў замест Сьлюнькова. Нават сам Сьлюнькоў, добра ведаючы дыяпазон і магчымасьці Сакалова, ня мог пераканаць Лігачова: ня тая кандыдатура, хадзіў да Гарбачова, але і Генсек аказаўся бясьсільны перад напорам вялікага цьвярозьніка.
Нечаканы ўзьлёт Сакалова на самую вяршыню рэспубліканскага алімпу быў яшчэ больш незразумелым, чым ранейшае ўзыходжаньне сюды Сьлюнькова. Яфрэма Яўсеевіча добра ведалі па ягонай ранейшай пасадзе загадчыка сельгасаддзелу ЦК, з якой на вялікае зьдзіўленьне многіх сігануў аж на галоўнае крэсла ў Брэсцкім абкаме. Расказвалі, было так: падрыхтаваны Сакаловым даклад на пленум ЦК паклалі на стол Машэраву. Той пачытаў і зрабіў заключэньне, што ў абшырным кандуіце няма ніводнага адказу на пастаўленыя жыцьцём праблемы ў аграрным сектары, ніводнай сьвежай думкі, ніводнага сьвежага падыходу. І тады тэрмінова мабілізуецца так званы мазгавы цэнтр, на паўтара тыдні закідваецца ў Белавежскую пушчу, адкуль яна прывозіць наноў напісаны даклад, з якім павінен
Сам па сабе Сакалоў быў чалавек неблагі, з яго, пэўна, мог атрымацца ніштосабе міністр сельскай гаспадаркі, мо нават намесьнік Старшыні Саўміну, які вядзе аграрны, лясны, прыродаахоўчы сектар эканомікі, альбо сакратар ЦК па сельскай гаспадарцы. Яго з нечае лёгкай рукі адразу ж празвалі старшынём ЦК – быў дырэктар, а цяпер во і старшыня... Пра ягоныя лідэрскія ці нейкія іншыя інтэлектуальныя якасьці, таленты і гаварыць не даводзіцца. Паспрабаваў прадэманстраваць сваю рашучасьць і цьвёрдую руку, загадаўшы разагнаць дубінкамі і газамі народ ля Маскоўскіх могілак, які на Дзяды ішоў памянуць сваіх родных і слынных людзей Беларусі, што пахаваны тут, у тым ліку Машэрава, Кісялёва, Прытыцкага, Казлова, іншых былых кіраўнікоў рэспублікі. Атрымаўся ўсяленскі скандал і канфуз, усе, здаецца, і сам Сакалоў прызналі, што каб і хацеў, нічога дурнейшага, больш бязглуздага нельга было і прыдумаць. Што ён умеў рабіць больш-менш дасканала, то гэта адсочваць і нейтралізаваць, аддаляючы як мага далей ад дзяржаўнага руля людзей разумных, а, значыць, небясьпечных, магчымых канкурэнтаў і супернікаў. Кляцкова адправілі на заслужаны адпачынак, Лявонава сплавілі ў Германію, Таразевіча – у Маскву, а яршыстага і аўтарытэтнага ў наменклатурнай эліты Бураўкіна, якога яна працягвала прочыць у галоўныя ідэолагі замест відавочна слабога Пячэньнікава, ажно ў Амерыку. Нягледзячы, што Пячэньнікаў аскандаліўся сакрушальным паражэньнем на выбарах у Вярхоўны Савет, і нават не ў гарадской, а ў кансерватыўнай сельскай акрузе з выкарыстаньнем усяго адміністратыўнага рэсурсу ды яшчэ ад фактычна свайго падначаленага – радавога супрацоўніка “Советской Белоруссии” Івана Герасюка. Разумныя, дзелавыя, са сьмелым сучасным мысьленьнем паўсюдна адціраліся ў цень, рэй павялі шэранькія бездары і ўгоднікі. Пры Сакалове працягваў прагрэсіраваць, але ўжо нечуванымі тэмпамі, параліч эканомікі з татальным дэфіцытам, масавымі пратэстамі, а разам і параліч улады – аўтарытэт ЦК, партыйных камітэтаў усіх узроўняў, партыі ўвогуле падаў з катастрафічнай быстрынёй, апускаўся, як потым скажа класік, ніжэй калена. Нарэшце, ці то спрацаваў інстынкт самазахаваньня, ці то ў Крамлі ня стала ўсясільнага Лігачова, але наменклатура схамянулася і на чарговым зьезьдзе адправіла збрыднелага ўсім Сакалова на пенсію. Не магу ўстрымацца, каб не працытаваць вытрымку з яшчэ адной таленавітай ананімнай паэмы, што хадзіла ў рукапісах, патрапіла ў “Вожык” і я даў ёй ход у друк. З маналога Пячэньнікава пра Сакалова:
Калі рэзаць праўду-матку,
Дык скажу табе адно:
Ты пячонку да астатку
Пераеў усім даўно.
Адышоў ад апарата.
Палахліва ўцёк ад мас.
За цябе ніякавата
Нават мне было ня раз,
Як стаяў тупою ступай
Перад злоснымі людзьмі,
А народ крычаў і тупаў:
“Шапку, ёлупень, здымі!”
Затыкалі вушы ватай,
Як ты глупства гарадзіў –
“Прагрэсіўны кансерватар”,
Непісьменны брыгадзір.
Замест яго ў лідэры вылучылі кіраўніка сталічнага абкаму партыі Анатоля Малафеева.
Нават на выдратаваным, спустошаным Сьлюньковым і Сакаловым рэспубліканскім кіруючым алімпе Малафееў быў даволі невыразнай і малапрыкметнай фігурай. І ў першым, і ў другім эшалонах усё яшчэ заставаліся куды больш вартыя прэтэндэнты, ня кажучы пра ссыльных Аксёнава, Таразевіча, Барташэвіча, Лявонава. Але Малафееву пратэжаваў у Крамлі Сьлюнькоў, які ў свой час намерваўся зрабіць яго сваім пераемнікам ды дарогу перайшоў Лігачоў з кандыдатурай Сакалова. Зараз, калі Лігачова папрасілі з Крамля, вылучэньне Малафеева засталося справай тэхнікі. Рэспубліканская наменклатурная эліта недалюблівала, мо нават ненавідзела Сьлюнькова, але і аслухацца Палітбюро яшчэ не асмельвалася, супакоіла сябе: усё роўна гэтае ні рыба, ні мяса будзе, як і той Сакалоў, фігурай часовай, кампраміснай, пераходнай, а там відно будзе...
Злыя языкі адразу ж празвалі Малафеева па імені футбольнага цёзкі трэнерам ЦК, ягонае нядоўгае кіраваньне, як і ён сам, было безініцыятыўным, бляклым, малапрадуктыўным і нейкім сонным. Па-праўдзе кажучы, наўрад ці ён і мог што зрабіць, калі ўсё вакол рушылася, абвальвалася. Пры ім бюро ЦК быццам бы падтрымала і адначасова быццам бы не падтрымала ГКЧП, якое абвясьціла сябе ўладай у Маскве. А потым заставалася ў нейкай прастрацыі, летаргічным сьне, глухім і нямым, не заўважаючы, што робіцца наўкол, стварала ўражаньне поўнай разгубленасьці і дэмаралізацыі. Памятаю, ягонае апошняе, можна сказаць гістарычнае пясяджэньне бюро ЦК, на якое быў запрошаны разам з іншымі рэдактарамі партыйных выданьняў. Праходзіла яно праз колькі дзён пасьля падзеньня ГКЧП, здаецца, за тры дні да забароны партыі. Уся краіна бурліла, як патрывожаны вулей, партыйныя камітэты і пярвічкі чакалі ад свайго рэспубліканскага штабу канкрэтных палітычных ацэнак, рэкамендацый і дзеяньняў. У парадак жа дня было пастаўлена ўсяго толькі... абмеркаваньне жыллёвага кодэксу. Сабраліся выпрацаваць заўвагі і папраўкі, каб праз партгрупу правесьці іх у Вярхоўным Савеце. Сьмех і грэх: ужо дом гарыць, палітычнае ж кіраўніцтва кінулася не тушыць, ратаваць, а дзяліць у ім кватэры. Ня вытрымаў і гучна сказаў гэта з месца. Аднак ніхто не зрэагаваў, нібыта не пачулі ці палічылі нейкім несур’ёзным блюзьнерствам. Затым усё ж нехта заклапочана прапанаваў тэрмінова склікаць пленум, параіцца і вызначыцца ў складанай і няпростай сітуацыі. Аднак Малафееў не падтрымаў: маўляў, пленум мы заўсёды сабраць пасьпеем. Спачатку самім трэба вызначыцца, сур’ёзна падрыхтавацца... Нядаўна ўведзены ў склад бюро Іван Пятровіч Шамякін прапанаваў прыняць зварот да камуністаў, спрабаваў нават зачытаць нешта напісанае ад рукі, але ніяк ня мог ўправіцца са сваім почыркам. Ягоную прапанову прынялі без
Затое ён змог праявіцца трохі пазьней, стаўшы адным з нямногіх прыкметных кіраўнікоў былога вышэйшага эшалону, хто натхнёна і самааддана кінуўся служыць і прыслугоўваць новай уладзе. Яго зрабілі дэпутатам, даверылі пасаду сьпікера, даручыўшы прыручаць так званую палатку, трымаць пад строгім і няўсыпным кантролем, каб барані Бог раптам не праявіліся ў ёй бунтарскія гены Вярхоўнага Савету 12 і 13-га скліканьняў. Малафееў добрасумненна выканаў так і хочацца сказаць адказнае заданьне партыі і ўрада. Але, мусіць, заўсёды: маўр зрабіў сваю справу – маўр павінен адыйсьці. Яму пашчасьціла: у адрозьненьне ад іншых ягоныя паслугі ацанілі належным чынам, не пакрыўдзілі, ня выкінулі, як адпрацаваную і непатрэбную рэч. Знайшлі іншую, ціхую і спакойную сінекуру...
А ўвогуле, падобна на нейкую боскую кару, нейкае насланьнё, што ў самы адказны лёсавызначальны для Беларусі момант і час ля яе дзяржаўнага стырна аказаліся людзі кшталту Сьлюнькова, Сакалова, Малафеева, па сваім інтэлекце, маштабу мысьлення, поўнай адсутнасьці нацыянальнай самасьвядомасьці, няздольныя ўзьняцца на ўзровень нацыянальных лідэраў, як гэта сталася ледзь ці не ва ўсіх саюзных рэспубліках. Канечне ж, гісторыя ня мае ўмоўнага ладу. Можна толькі строіць здагадкі і меркаваньні, што магло б быць, куды павярнуцца, каб на той момант ля дзяржаўнага руля аказаўся Аксёнаў ці Таразевіч, Барташэвіч ці Лявонаў. А мо Аляксей Камай? У кіруючы сінкліт ён патрапіў дзякуючы сваім дзелавым якасьцям, інтэлекту, простай чалавечай абаяльнасьці, аднак быў тут... ну, трохі залішне прыстойны, сумленны, дысцыплінаваны, і мусіць, праз гэта яму, на жаль, не хапіла рашучасьці адмежавацца ад маскоўскіх і менскіх мастадонтаў, існую цану якім ён добра ведаў, пераступіць мяжу карпаратыўнай падпарадкаванасьці і салідарнасьці, каб пачаць самастойную гульню. Хоць яны і напрамую, і ўскосна як маглі падмачвалі яму рэпутацыю ня столькі за ягоныя, колькі за чужыя, а найперш за свае грахі, асабліва напачатку чарнобыльскай бяды. І сёньня не магу зразумець, чаму ён маўчаў, чаму ня грукнуў кулаком, калі ў яго кідалі і па сёньняшні дзень шпурляюць каменьні хоць бы за тое, што вывеў людзей на першамайскую дэманстрацыю. А чыя ініцыятыва, чый загад быў выводзіць, каб ня сеяць панікі? Дзе ў рэшце рэшт быў першы сакратар абкаму: разам з людзьмі на плошчы ці хаваўся ў бомбасховішчы? Калі сітуацыя на ЧАЭС дайшла да крытычнай рысы, чакаўся ядзерны ўзрыў, які мог сьцерці з твару зямлі Гомель, яму, першаму сакратару Гомельскага абкаму, пазваніў з Масквы Лігачоў і строга папярэдзіў, каб прынялі ўсе меры для захаваньня і выратаваньня партыйных дакументаў. Ратаваць не людзей, нават не партыйныя кадры, а ў першую чаргу нікчэмныя паперкі было найпершым клопатам фактычна другой асобы ў дзяржаве... Пра гэты верх цынізму з прыкрасьцю і горыччу ў голасе пад вялікім сакрэтам расказаў мне Камай, калі пасьля дзесяцідзённага знаходжаньня ў Хойніках зайшоў да яго ў абкам партыі падзяліцца ўражаньнямі. Думаю, сёньня з таго ўжо няма ніякага сакрэту, і Аляксей Сьцяпанавіч даруе мне. Потым ён запрасіў мяне дадому ў звычайную гарадскую кватэру. Зайшлі, а гаспадыня перабірае грыбы... Зараз ужо каторы год Надзея Іосіфаўна адчайна змагаецца за жыцьцё, згасае на Аляксеевых руках. Я не зьбіраюся ва ўсім бараніць і апраўдваць Камая – хапала і ў яго грахоў, але не магу ня выказаць абурэньня, што кідалі і працягваюць кідаць у яго каменьні найперш тыя, хто сам і носу не паказваў у чарнобыльскую зону альбо быў наездам, налётам, у лепшым выпадку з начлегам у Гомелі. Камай з паплечнікамі з ранку да ночы калясілі, глытаючы радыяцыю, па пыльных дарогах бяды, ратуючы людзей... Адны з іх, як другі сакратар абкаму Віктар Санчукоўскі, згарэў ад радыяцыі імгненна ў яшчэ зусім маладая гады, іншыя пазьней, дый Аляксей са сваім колісь магутным здароўем ходзіць з ужыўленым стымулятарам сэрца, жменямі глытае лекі...
І яшчэ іншы раз думаю: а як бы разьвіваліся тады падзеі, каб мог яшчэ быць жывы Машэраў? (...) Адно несумненна: падзеі разьвіваліся б інакш, без гэтакіх палітычных катаклізмаў, гэтакіх упушчаных магчымасьцяў, марна патрачаных фізічных і духоўных сілаў народу, бяздарна растранжыранага часу. Як несумненна, што з гэтакім памяркоўным і працавітым народам, гэтакім інтэлектуальным і духоўным патэнцыялам, гэткім на той час узроўнем індустрыі і сельскай гаспадаркі, гэтакім геаграфічным становішчам у цэнтры кантыненту, гэтакімі разьвітымі транспартнымі камунікацыямі і транзітнымі шляхамі Беларусь была б сёньня не сусьветным ізгоем, а адной з найбольш эканамічна разьвітых, цывілізаваных і аўтарытэтных дзяржаваў у еўрапейскай сям’і народаў...
Н-е-е, гэта насамрэч нейкая боская кара... Прыгадваю... Ужо апошняму дурню ясна, што сітуацыя памянялася. Вярхоўным Саветам скасаваны сёмы пункт Канстытуцыі аб кіруючай і накіроўваючай ролі партыі, а значыць цэнтр улады ў поўнай адпаведнасьці з тою ж Савецкай канстытуцыяй хочаш-ня-хочаш, а перамесьціцца ў наноў абраны ў цэлым на дэмакратычнай, альтэрнатыўнай аснове лігітымны Вярхоўны Савет. Але ў Канстытуцыі яшчэ заставалася палажэньне аб партгрупе, а значыць, у ЦК застаецца права правесьці сваю кандыдатуру на надзвычай важную пасаду Старшыні Вярхоўнага Савету – ужо не намінальную, а фактычную вышэйшую службовую асобу, галаву рэспублікі. Канечне ж, Сакалоў і бюро не маглі не пакарыстацца гэтым правам, і... вылучылі сакратара ЦК па сельскай гаспадарцы Дземянцея. Чалавека сімпатычнага, ў нечым па-сялянскаму мудрага, мо і прыдатнага для канцылярскай работы і афіцыйных прыёмаў, але ніякага аратара і палітыка, да ўсяго – страшэнна коснаязыкага. Яго цяжка, амаль немагчыма было ўявіць у ролі вядучага бурнай, часта нярвовай, з каласальным выкідам эмоцыяў сесіі, ды яшчэ ў прамым тэле і радыёэфіры. Партыйныя і савецкія кадры вышэйшых эшалонаў улады, якія па загадзе ЦК пагалоўна кінуліся змагацца за дэпутацкія мандаты, пацярпелі адчувальнае паражэньне, панесьлі непапраўныя страты, але ж не настолькі, каб не знайсьці больш прыдатную для гэтай пасады кандыдатуру, хоць бы ў сэнсе лепш падвязанага языка, уменьня больш-менш граматна выказваць свае думкі, упраўляцца з вялікай аўдыторыяй. У склад дэпутацкага корпусу на альтэрнатыўнай аснове, з некалькімі і ня надта, і вельмі сур’ёзнымі супернікамі прайшлі, напрыклад, аўтарытэтныя ў рэспубліцы першыя сакратары абкамаў Шабашоў, Лявонаў, Камай, некаторыя старшыні аблвыканкамаў і іншыя, хто мог з куды большым посьпехам выконваць абавязкі сьпікера. Тым ня менш... Было сорамна і брыдка, адначасова да болю шкада падстаўленага дабрэйшага Мікалая Іванавіча, калі з ягонай коснаязыкай рыторыкі, няўменьня абыходзіцца ні з беларускай, ні з рускай мовамі рагатала-пацяшалася ўся рэспубліка. І сёньня не магу зразумець: ці то хітраваты па-свойму Сакалоў надумаў яхідна прадэманстраваць, што ёсьць на высокай дзяржаўнай пасадзе куды коснаязычнейшы грамацей, чым ён? Ці то, як і многія тады, не даваў веры ў рэальнасьць пераходу ўлады ад ЦК да Вярхоўнага Савету, спадзяваўся: во толькі пагоняць Гарбачова – і ўсё ўвойдзе ў сваё звыклае рэчышча? Ці то зьмікіціў, што слабы коснаязыкі Дземянцей ня здольны на самастойную гульню, будзе спраўна выконваць указаньні ЦК, а значыць, ягоную, Сакалова, волю, служыць простай марыянеткай? Але хутчэй за ўсё пад рукой у яго не было больш надзейнага чалавека...