Блакит
Шрифт:
Тады ж у Паўлава, дзе прысутнічаў аддзел у поўным складзе, удавалася на дзіва лёгка саўладаць з эмоцыямі, аднак, як толькі застаўся адзін у сваім кабінеціку, не знаходзіў сабе месца, эмоцыі рваліся наверх, карцела выліць некаму ўсё, што накіпела на душы, а лепш дык даць здачы, выказаць усё, аднак нешта стрымлівала вяртацца да яго і даказваць тэт-а-тэт... Пазваніў Генадзь, па маім голасе зразумеў, што нешта здарылася, паабяцаў праз хвілінаў сорак па дарозе з работы зазірнуць да мяне ў “начлежку”. Ніколі яшчэ сыход з ЦК ня быў такім рэальным і непазьбежным. Гняло толькі адно: не пасьпеў атрымаць тут, у Менску, кватэру. І што цяпер застаецца? Нясолана хлябнуўшы, вяртацца ў Гародню ды шукаць нейкую работу. Павагаўшыся, рашыў “паспавядацца” ў АТК, які, звычайна, да позьняга вечару заседжваўся ў сябе ў кабінеце...
Аляксандр Трыфанавіч выслухаў з лёгкай хітраватай усьмешачкай, запытаў, ці не сарваўся я пры сьведках на грубасьць і лаянку? Запэўніў, што не, і ён пахваліў, супакоіў: не бяры да галавы – пакуль я тут, нічога ён табе ня зробіць... На душы адразу ж адлягло, а ён строга наказаў: трымай сябе ў руках, як бы не правакаваў Паўлаў на людзях, пры сьведках – не сарвіся, не дай яму такой радасьці, хітравата ўсьміхнуўся і параіў:
– А ты дулю ў кішэні трымай і цярпі. Альбо ўяўляй сабе, што разьбіваеш яму аб лоб сырыя яйкі – і жаўткі, бялкі расплываюцца па ягонай фізіяноміі... Паспрабуй – памагае... А бяз сьведак, калі ніхто ня чуе – сьмела пасылай к бенінай
Ня ведаю, які эфект ад дулі ў кішэні, бо не пасьпеў апрабаваць, а вось пасылаць бяз сьведак Паўлава да бенінай мамы ды ў дадатак яшчэ пакрыць смачным мацюком – насамрэч вельмі памагала... Аднойчы, калі Паўлаў пры сьведках стаў выходзіць з сябе, правакуючы мяне на скандал, нечакана ўявіў, што разьбіваю яйкі аб ягоны лоб – і ня мог стрымацца ад рогату ў самы што ні ёсьць эмацыянальна-напружаны момант, ад чаго Паўлаў аж пасінеў. Ён глядзеў з лютасьцю ў вачах, як мяне душыць сьмех, пэўна, прымаў трохі за ненармальнага, як дарэчы, і я яго, са спачуваньнем...
А праз колькі дзён адбыліся падзеі, якія на нейкі час усталявалі між намі амаль што поўнае паразуменьне. Стала вядома, што тэлерадыёкамітэт сабраўся наведаць Пётр Міронавіч Машэраў. Па ўсіх канонах у ягонай сьвіце належала быць і загадчыку сектару як непасрэднаму куратару, аднак Паўлаў заявіў, што мне там рабіць няма чаго, паколькі Машэраў запрасіў ехаць разам яго, Паўлава. І цяпер шкадую, што не ўдалося пабачыць на свае вочы, паслухаць на свае вушы, хоць ужо вечарам мне ўсё падрабязна расказаў Генадзь. Але ня буду пераказваць з ягоных словаў, спадзяюся, ён сам напіша, каб прасьвятліць праблему, вакол якой наплецена нямала кашоў, а менавіта – стаўленьне Машэрава да беларускай мовы, якой ён, як вядома, не карыстаўся ні ў побыце, ні ў публічнай дзейнасьці. Прыгадаю толькі пра незвычайныя падзеі, якія сталі адбывацца адразу ж пасьля ягонага наведаньня тэлерадыёкамітэту. Не памятаю, дзе быў Кузьмін – у ад’езьдзе ці ў адпачынку, бо назаўтра ж нараду з удзелам прадстаўнікоў аддзелаў навукі і навучальных установаў, культуры, прарэктара БДУ і вядучых выкладчыкаў факультэту журналістыкі на чале з легендарным дэканам Рыгорам Васільевічам Булацкім сабраў ня ён, а Паўлаў. Калі ён абвясьціў парадак дня – абмеркаваньне і выпрацоўка мераў і захадаў па павышэньні прэстыжнасьці беларускай мовы, у многіх, у тым ліку зьбянтэжанага Булацкага, аж сківіцы адвісьлі. І не таму, што праблема не актуальная, а ня верылася вушам, было неспасьцігальна, што ёю займаецца Паўлаў. Той коратка праінфармаваў аб сустрэчах Машэрава ў Дзяржтэлерадыё і адразу ж у сваёй наступальна-катэгарычнай манеры атакаваў факультэт журналістыкі: маўляў, Пётр Міронавіч страшэнна зьдзіўлены і абураны, што выпускнікі факультэту не валодаюць беларускай мовай, ня могуць у кадры нават пытаньня задаць субяседніку так, як той размаўляе. Ён “чысьціў”, не ашчаджаючы самалюбства айца рэспубліканскай журналістыкі Булацкага і ягоных калегаў за непрафесіяналізм саміх і насаджэньне непрафесіяналізму ў беларускамоўных выданьнях. “Для каго мы рыхтуем кадры?! – грозна наступаў Паўлаў. – Для Тамбова, Пензы ці для сваёй рэспублікі?” Усё гэта з ягоных вуснаў падавалася нейкім сюррэалізмам. А для мяне, хто ўжо меў інфармацыю аб сустрэчах Машэрава, дык самым дзіўным і неверагодным было: а Паўлаў ніводным знакам не выдае, што гаворыць з чужога голасу, наступіўшы на горла ўласнай песьні. Але што б там ні было, а цешыла, уздымала, што нарада рэальная і праводзіць яе Паўлаў са згоды і па даручэньні самога Машэрава. З захапленьнем думаў: ну й мудзёр жа Пётр Міронавіч! Змусіць апантанага антыбеларуса напорыстага, як бульдозер, Паўлава, ягонымі рукамі рабіць беларускую справу!.. Гэта мог толькі Машэраў, майстар вышэйшага палітычнага пілатажу...
Выгаварыўшыся, Паўлаў прапанаваў прысутным выказацца па сутнасьці, унесьці канкрэтныя прапановы. Мяне прыемна зьдзівіла, што не знайшлося ніводнага сумнеўнага голасу наконт надзённасьці і актуальнасьці ўзьнятай праблемы – пагаджаліся, што яна ня толькі сасьпела, але і перасьпела. Узбуджаныя нязвыкласьцю, неардынарнасьцю тэмы абмеркаваньня выказвалі надзвычай цікавыя, часам вельмі сьмелыя, радыкальныя прапановы і меркаваньні. Паўлаў даручыў мне і Міколу Жылінскаму акуратна браць іх на аловак, паколькі менавіта нам давядзецца рыхтаваць чарнавы варыянт мерапрыемстваў ЦК па гэтай набалелай праблеме.
За час работы ў абкаме, ЦК мне даводзілася прыдумваць, складаць, клеіць, кляпаць сотні, мо тысячы і важных, малаважных, проста для праформы, адводу вачэй начальства рознага кшталту казённых папераў, але яшчэ ніколі і ніводнай не аддаваўся з такім імпэтам і самааддачай, як гэтым разам. Нельга было паддавацца эйфарыі, упадаць у ілюзіі, адрывацца ад рэаліяў, належала гранічна цьвяроза ўзважваць, ацэньваць рэальную магчымасьць ажыцьцявіць у тых умовах максімальна карысную для нацыянальнай справы работу, ня выклікаўшы падазрэньняў Масквы і гвалту-ляманту мясцовых вялікароскіх шавіністаў. Крок за крокам трэба было рухацца па лязу брытвы, узброіўшыся канкрэтнымі цытатамі і спасылкамі на класікаў марксізму-ленінізму, дакументамі зьездаў, пленумаў КПСС. Работа была зробленая ў максімальна кароткія тэрміны і з трэцяга ці чацьвёртага заходу абкарнаны план мерапрыемстваў быў падпісаны Паўлавым і ўхвалены наверсе. Нягледзячы на абмежаванасьць і палавінчатасьць, гэта быў мо першы прарыў: афіцыйна легалізавалася беларусізацыя факультэту журналістыкі, ухвалялася пашырэньне тэле і радыёвяшчаньня на нацыянальнай мове, намячалася падрыхтоўка і пераход на беларускую мову многіх перыядычных выданьняў, у тым ліку “Сельской газеты”, дубляваньне выпускаў гарадзенскай і брэсцкай абласных газетаў на дзьвюх мовах, перавод асобых раёнак ў заходніх абласьцях на нацыянальную мову, пашырэньне яе ў візуальнай прапагандзе і нагляднай агітацыі, павышэньне ўдзельнай вагі мастацкай і грамадска-палітычнай літаратуры на нацыянальнай мове і г.д.
На нейкі час у нас з Паўлавым зноў усталяваліся нармальныя, часам нават даверчыя статункі. Апроч службовых, мы часта вялі гаворку пра творчыя справы, Саюз пісьменьнікаў, куды зьбіраліся паступаць. Ён настойліва рэкамендаваў мне напісаць аповесьць, цэнтральным персанажам якой быў бы наш брат-журналіст з усімі слабінкамі характару прадстаўніка другой старажытнай прафесіі. Я не прыдаў ягонаму пажаданьню сур’ёзнай увагі, але ідэя, мусіць, засела ў падсьвядомасьці, пачынала жыць, абрастаць канкрэтнымі абрысамі. Неяк гартаў на прадмет зьнішчэньня свае паперы і наткнуўся на пачатую яшчэ ў маладосьці сатырычную аповесьць, закончыць якую не хапіла духу. Задумка была такая: нейкі напаўнедалэнга, напаўавантурыст, гнаны няўдачамі, патрапляе ў камічныя сітуацыі, сутыкаецца з рэчаіснасьцю, дастойнай выкрыцьця сатырычнымі сродкамі. Потым цюкнула: ды падобны сюжэт выкарыстаў яшчэ Гогаль у “Мёртвых душах”, і прапала жаданьне працягваць. А тут прагледзеў два колісь напісаныя разьдзельчыкі і падумаў: а чаму б не скарыстаць няблага зроблены камічны эпізод затрыманьня авантурнага героя-недалэнгі ў незнаёмым горадку, ягонага вымушанага начлегу ў камеры папярэдняга зьняволеньня з забулдыгамі-карцёжнікамі, зрабіўшы яго сваім новым антыгероем, журналістам-няўдачнікам, характар якога ў агульных рысах ужо склаўся ў галаве! Работа захапіла, і не прайшло і году, як “Усмешка Фартуны” была напісаная і як заўсёды, аддаў яе ў “Маладосць”. Перад тым хацеў паказаць яе Паўлаву, але не паказаў – пасьля сьмерці Машэрава нашыя стасункі
Аднак ніхто афіцыйна не адмяняў прынятыя пры Машэраве мерапрыемствы, не абвяшчаў іх памылковымі. Таму я меў поўнае права выступаць на калегіях Дзяржтэлерадыё, цэнтральных і рэгіянальных нарадах тэлерадыёжурналістаў ад імя ЦК з жорсткай крытыкай у тым ліку па дамоўленасьці з Генадзем персанальна яго за марудны і непасьлядоўны перавод вяшчаньня на мову карэннага насельніцтва. Дружнымі намаганьнямі, не выключаючы і такіх хітрыкаў, настойліва і няўхільна працягвалі рабіць сваю справу. Ня ўсё ішло проста і гладка, даводзілася набірацца цярпеньня, пераадольваць непаразуменьне, зацятае супраціўленьне спрэс зрусіфікаваных творчых і тэхнічных работнікаў, рэжысуры і г.д., асабліва на тэлебачаньні, і рознага кшталту вялікаросскіх шавіністаў і ў калектыве, і па-за калектывам, надзвычай нахрапістых, агрэсіўных, якія пачувалі сябе тут поўнымі гаспадарамі. Наўрад ці ўдалося б вытрымаць іхні шалёны націск, нечага дамагчыся, каб Генадзь ня меў розуму, таленту, чалавечага абаяньня наладжваць добрыя, даверчыя стасункі з кіраўнікамі рэспублікі. Яго любіў, паважаў, з ім лічыўся Машэраў, у яго адразу ж склаліся стасункі з Кісялёвым. Паўлаў ня мог ня бачыць і не лічыцца з гэтым, як і ня ведаць праз сваіх сексотаў пра мае публічныя выступленьні, аднак нічога сур’ёзнага прадпрыняць ня мог, апроч злосьці ды розных дробных прыдзірак...
А тым часам трэба было ажыцьцявіць яшчэ адну насамрэч грандыёзную задуму – стварыць незалежную ад ЦТ самастойную беларускую праграму і выдаваць яе на тэрыторыі рэспублікі замест другой маскоўскай, дзе пераважна трансьляваліся ў паўторы перадачы першай ды толькі зрэдку арыгінальныя, па нейкіх прычынах забракаваныя на асноўным канале. Усе саюзныя рэспублікі хто раней, хто пазьней сфармавалі свае тэлепраграмы, адна нашая ўзорна-інтэрнацыянальная беднай сіроткай тулялася са сваімі тэлеперадачамі па праграмах Цэнтральнага тэлебачаньня (вядома ж, толькі на сваёй тэрыторыі) па больш-менш, але часьцей за ўсё па зусім непрыдатных адрэзках часу, калі тэлевізар глядзяць хіба што піянеры ды пенсіянеры. Нашая дырэкцыя праграмаў толькі тым і займалася, што ўзгадняла, выпрошвала час у Масквы, паколькі ня мела права без санкцыі ЦТ закрыць ніводнай іхняй перадачы як па першай, так і па другой праграмах. Нашых запалоханых, зацюканых прававерных інтарнацыяналістаў панічна, як чорт ладану, палохалі самі тэрміны “незалежная”, “самастойная” ды яшчэ ў спалучэньні з “беларуская”, а замахвацца на адну з праграмаў ЦТ падавалася нечуваным сьвятатацтвам. Паўлаў з парогу адрынуў прапановы Бураўкіна, угледзеўшы ў іх незамаскіраваную ідэалагічную дыверсію нацыяналістычнага кшталту. АТК паставіўся даволі асьцярожна, без асаблівага імпэту, хоць і ведаў станоўчае стаўленьне да самастойнай рэспубліканскай праграмы кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё СССР, пазіцыю ЦК КПСС. Машэраў рашуча падтрымаў і даў сваю прынцыповую згоду пачынаць падрыхтоўчыя работы, каб да Новага году, напярэдадні чарговага зьезду Кампартыі Беларусі самастойная рэспубліканская праграма выйшла ў эфір, абяцаў сваё спрыяньне ва ўсім. Да вызначанага тэрміну заставалася трохі больш за паўгоду. Патрэбны былі каласальныя высілкі як творчага, так і тэхнічнага плану. Мабыць, найперш творчага, каб распрацаваць канцэпцыю і запусціць у вытворчасьць, адпрацоўваючы свой стыль, сваю адметнасьць, уласныя цыклавыя перадачы і каб па якасьці яны не саступалі маскоўскім, складалі ім рэальную канкурэнцыю, без чаго рэспубліканская праграма пацерпіць поўнае фіяска. Менавіта на гэта была скіравана ўся творчая дзейнасьць галоўных рэдакцыяў, вакол гэтай задачы вяліся творчыя пошукі, рыхтавалася матэрыяльна-тэхнічная база. Па лініі Мінсувязі ўводзіліся ў эксплуатацыю новыя перадатчыкі, рэлейныя лініі, і ўжо да канца году была рэальная магчымасьць забясьпечыць упэўнены прыём адной тэлепраграмы на 93, двух – на 86 і трох – амаль на 25 адсотках тэрыторыі рэспублікі. Падрыхтоўчыя работы ішлі поўным ходам, і ўжо, здавалася, нішто ня зможа затармазіць, тым больш спыніць іх. Але восеньню трагічна загінуў Машэраў, а новы Першы ўнікаў у справы, прападаў у паездках то ў Маскве, то па абласьцях і раёнах. Тэрмінова трэба было прымаць падрыхтаваную больш чым месяц назад пастанову бюро, юрыдычна ўзаконіць самастойную рэспубліканскую тэлепраграму і тэрмін яе ўвядзеньня. АТК колькі раз соваўся з гэтым да Кісялёва, але той не даваў гаварыць: трэба разабрацца, зараз мне не да гэтага... Паўлаў ведаў гэта, ажыў духам, рашуча стаў на сваю ранейшую пазіцыю, спадзяваўся, мусіць, узяць рэванш, а найперш прадэманстраваць новаму начальству сваю існую інтэрнацыяналісцкую сутнасьць. АТК трымаўся асьцярожна і нейтральна. Над будучай тэлепраграмай павіс вялікі пытальнік. Генадзь рынуўся да вельмі занятага Кісялёва, і тут жа без усялякіх праблемаў атрымаў аўдыенцыю, у час якой былі зьнятыя ўсе пытаньні, дасягнутае поўнае ўзаемапаразуменьне, пастанова аб рэспубліканскай праграме была аднагалосна прынятая на чарговым пасяджэньні бюро.
Людзям ня надта падабаецца, калі ў іх адбіраюць нешта знаёмае, звыклае, нават калі ўзамен даюць больш дасканалае, лепшае. Таму прадбачылі, што гэтакая кардынальная ломка тэлеэфіру выкліча неадназначную рэакцыю. Канечне, больш за ўсё хвалявала, трывожыла непазьбежная пратэстная рэакцыя тэлегледачоў. Каб згладзіць, самартызаваць, зрабіць яе мінімальнай, важней за ўсё было заявіць пра сябе адразу, застведчыць свой твар з першых жа выпускаў. Таму праграму на першы тыдзень фармавалі асабліва ўважліва і патрабавальна. Разам з Генадзем, ягоным намесьнікам па тэлебачаньні Віталем Дзьмітравічам Чаніным, дырэктарам праграмаў Пятром Савельевічам Каваленкам, галоўным рэжысёрам і мастаком да позьняй ночы праглядалі, адбіралі ўсё лепшае, арыгінальнае, што падрыхтавалі галоўныя рэдакцыі, абноўленае мастацкае і музычнае афармленьне, застаўкі. Пайшоў насустрач і кінапракат, прадаставіўшы ня толькі лепшыя старыя, але новыя кінафільмы, якія яшчэ не былі ў тэлеэфіры. А ў Маскве выпрасілі копію папулярнага шматсерыйніка “Сямнаццаць імгненьняў вясны”, які ўжо даўненька не зьяўляўся ў тэлеэфіры.