Чтение онлайн

на главную

Жанры

Шрифт:

– Вы ведалі, што пасада начальніка ўпраўленьня занятая?

– Ведаў.

– Чаму ж згадзіліся на жывое месца?

– А гэта ўжо не сур’ёзна, Леанід Герасімавіч. Я не прасіўся на гэтую пасаду, ня я рабіў заяўку...

Кляцкоў падумаў і даволі холадна сказаў:

– Ладна, у вас наперадзе яшчэ водпуск, адпачывайце. А да верасьня што-небудзь прыдумаем...

Сьмех і грэх: самі нахамуталі з заяўкай, а прэтэнзіі прад’яўляюць... На душы застаўся непрыемны, прыкры сьлед, адчуваньне: ды нікому тут ты не патрэбны, і нават міжволі прамільгвала шкадаваньне, што адмовіўся ад маскоўскай прапановы, дый увогуле, што ў свой час пагадзіўся заставацца на агульным, а не настаяў, каб залічылі на журналісцкі паток... Гняла няпэўнасьць, прыкрасьць, расчараваньне. Паварыўшыся ў наменклатурна-кар’ерным катле, ужо ня мог ня быць вольным ад чынавенскай псіхалогіі, абыякавым, не пачуваць сябе прыніжаным, абражаным. Каб як-кольвек прыглушыць гнятлівы настрой, пачаў апантана пісаць гумарэску за гумарэскай, апавяданьне за апавяданьнем, задаволены, што іх ахвотна, без усялякіх правак з ходу друкуюць “Вожык”, “ЛІМ”, “Звязда”. Асабліва быў удзячны галоўнаму рэдактару “Вожыка” Аляксандру Раманаву, які яшчэ да паездкі на вучобу падштурхнуў, падахвоціў вярнуцца да сатырычна-гумарыстычных жанраў. У Маскве таксама зрэдку пісаў для “Вожыка”. І была бязьмежнай радасьць, калі цяпер, у цяжкую хвіліну роспачы, Аляксандр Данілавіч прапанаваў выдаць ў “Бібліятэчцы “Вожыка” кніжку апавяданьняў і гумарэсак. Гэта было ня толькі вялізнай маральнай падтрымкай і стымулам для творчасьці, але па вялікім рахунку – прадвызначыла мой далейшы жыцьцёвы выбар...

Два дні без пярэдыху перадрукоўваў

на машынцы лепшыя апавяданьні, гумарэскі і накіраваў рукапіс Раманаву разам з аператыўна зробленым Міколамі Каралёвым і Жылінскім традыцыйным для вожыкаўскай серыі кароценькім уступным артыкулам. Не прайшло і месяца, як пазваніў Аляксандр Данілавіч і ўзрадаваў: тэрмінова прыязджай паглядзець афармленьне і пачытаць карэктуру...

А неўзабаве з найвялікшым душэўным хваляваньнем і радасьцю трымаў у руках адзін з 26-тысячаў асобнікаў сваёй першай кніжачкі “Вынаходнік”. Чутка пра выхад кніжкі разьнеслася хутка, і ўсе знаёмыя хацелі мець яе з аўтографам. Для таго пайшоў па гарадзенскіх кіёсках “Саюздруку”, скупляючы ўсе да аднаго асобнікі, што выклікала недаўменныя позіркі кіяскёрак, і толькі пераканаўшыся, што мне хопіць, стаў пакідаць па адной-дзьве кніжачкі, каб і некаму дасталося. Выхад кніжкі ўзьняў мяне ў вачах калег-абкамаўцаў – у тыя часы творчыя людзі яшчэ карысталіся вялікай павагай. Але найважнейшым быў добры водгук пра яе Васіля Быкава, і асабліва ягоная парада ўзяцца за буйнейшую рэч, аповесьць. Задума напісаць нешта, высьвеціць, выкрыць трывожную, небясьпечную зьяву, якой не даецца належнай ацэнкі, нават існая назва сарамліва замоўчваецца, высьпявала даўно, але хадзіў вакол, як кот ля гарачага, ня ведаючы, як, якім чынам, з якога боку да яе падступіцца. Намерваўся ўзьняць балючую і няпростую тэму праз вострую навукова-папулярную публіцыстыку, але адразу ж узьнікала сумненьне, што зной­дзецца выданьне, якое рызыкне друкаваць падкоп пад адзін з краевугольных тэарэтычных пастулатаў сучаснай прапаганды: усё шкоднае, кепскае ў нашым жыцьці – перажыткі, радзімыя плямы праклятага капіталістычнага мінулага, толькі сацыяліс­тычны лад здольны генераваць перадавое, станоўчае, прагрэсіўнае... Задуму лепш за ўсё можна рэалізаваць у мастацкім творы, праз новых герояў-змагароў, якія амаль асязальна адчуваў павінны вось-вось зьявіцца ў жыцьці, каб разварушыць ціхае застаялае балота, дзе ўжо завяліся, плодзяцца, жыруюць нашы сацыялістычныя чарцюкі, і чамусьці перакананы быў, што гэтыя сьмелыя і самаадданыя змагары зьявяцца найперш у тэлежурналістыцы і праваахоўчых органах. Але, апроч кароткіх гумарыстычных апавяданьняў, не было ніякага вопыту, нават страшна было брацца. Пасьля падахвочвальнай парады Быкава неяк адразу ўзьнік амаль гатовы сюжэт, нават адпаведная задуме сімвалічная назва будучай аповесьці – “Час прылёту журавоў”, і з найвялікшым імпэтам і натхненьнем засеў за работу. Героі, канешне ж, мусяць быць маладыя – тэлежурналістка і міліцыянер, Васіль і Надзея, а прозьвішчы тут жа знайшоў, узяўшы ў рукі сьвежы нумар абласной газеты. Аповесьць была задуманая як “сур’ёзная” проза, і адразу ж сутыкнуўся з цяжкасьцямі – дагэтуль пісаў толькі сатыру і гумар, жанр вымушаў своеасаблівай стылістыкі і лексікі. Было, праўда, паэтычнае бачаньне, лірычнае ўспрыняцьце – нездарма ж напісалася і на­друкавалася столькі вершаваных практыкаваньняў. І яшчэ быў вопыт публіцыстыкі, навуковага аналізу. І ўся гэтая шматстылёвасьць альбо неяк сінтэзавалася, альбо самастойна вытыркалася ў аповесьці, у залежнасьці ад сітуацыяў, у якія патраплялі героі. Потым адны лічылі гэта істотным недахопам твору, іншыя наадварот: у жыцьці, як і ў агародзе – усяго патроху...

Спраўджвалася жыцьцёвая мудрасьць: што ні робіцца – робіцца да лепшага. Да позьняй ночы пісаў, крэсьліў, перапісваў старонкі, радуючыся кожнай удала знойдзенай фразе, выразу, дакладнаму слоўцу, і больш важнага нічога не існавала на сьвеце. Тым часам пасьля заканчэньня адпачынку справа з вызваленьнем месца ў аблвыканкаме зацягвалася і мяне, каб меў зарплату, прызначылі інструктарам у родны аддзел без замацаваньня нейкіх канкрэтных абавязкаў, нават без неабходнасьці хадзіць на работу. Апошняе было ўжо занадта, яно сыходзіла ад дабрыні Еўдакіі Яфімаўны Емяльянавай, якая адразу ж паставілася да мяне з павагай і сімпатыяй. Я прыходзіў на работу, заходзіў да Саўчыка, Філіпчыка ці да Емяльянавай, напрошваўся на самыя складаныя і адказныя справы, выконваў іх належным чынам, і скончылася тым, што неяк паклікала Емяльянава і запыталася: ці ня вельмі пакрыўдзіла б мяне, каб прапанавалі вярнуцца на старое месца, а Саўчыка з ягонай педагагічнай адукацыяй і схільнасьцю да гаспадарчай дзейнасьці вылучыць на абласное ўпраўленьне па прафтэхадукацыі? Пытаньне было пастаўлена даволі хітра – і адмовіцца нельга, ня выклікаўшы западозраньня ў кар’ерызме ці жаданьні ціхай перадпенсійнай завадзі. Канешне ж, спакойнае месца начальніка ўпраўленьня палі­графіі і выдавецтваў, калі ўсур’ёз узнамерыўся заняцца літаратурай, было больш прыдатным, але... Пасьля раптоўнай сьмерці старшыні аблвыканкаму Фамічова ягоны кабінет заняў Кабяк, і трапляць пад ягоную штодзённую апеку было б неразважліва і неабачліва... Словам, мая партыйная кар’ера вярнулася на кругі свая. Неўзабаве, пабачыўшы мяне ў практычных справах, Кляцкоў рэзка памяняў сваё стаўленьне, і я стаў пачуваць сябе ня менш упэўнена, самастойна і куды больш незалежна, чым колісь. Таму спрыяла атрыманая ў ВПШ тэарэтычная і палітычная дасьведчанасьць, якую вельмі цаніла мая начальніца Емяльянава. Але галоўнае – для сябе я ўжо прадвызначыў шлях у літаратуру, таму мог дазволіць сабе дзейнічаць па перакананьні, уласным бачаньні, без аглядкі і боязі сказаць ня тое, зрабіць ня так, некаму не дагадзіць, каб не нашкодзіць сваім кар’ерным памкненьням. Мяне гэта ўжо ня дужа хвалявала. Асабліва, калі напісаную аповесьць прачытаў і ўхваліў Васіль Быкаў, параіў і надалей распрацоўваць, зрабіць сваёй практычна яшчэ не асвоеную нашай беларускай літаратурай тэму ўлады. Васіль Уладзіміравіч зрабіў заўвагі ў асноўным па мове, стылі, псіхалагічнай абгрунтаванасьці асобных учынкаў герояў, сёе-тое паправіў, відавочную непатрэбшчыну выкрасьліў сваёй рукой, сказаў паслаць аповесьць у “Маладосьць”, дзе ён друкаваў практычна ўсе свае творы. Ня ведаю, ці гаварыў ён з кім, але неўзабаве я атрымаў напісаны ад рукі прыгожым разборлівым почыркам вельмі цёплы ліст ад Уладзіміра Дамашэвіча, у якім ён гэтаксама ўхваліў аповесьць, разам з тым даваў вельмі слушныя парады па ўдасканаленьні дынамічнасьці твору, для чаго раіў скампанаваць напісанае па разьдзелах, каб было то пра аднаго, то пра другога героя, то хай іхнія лініі перасякаюцца. Па нявопытнасьці я не заўважаў гэтага. Давялося добра пасядзець, нешта перастаўляючы, нешта перапісваючы наноў, нешта дапісваючы, нешта выкідаючы, нешта злучваючы “мосьцікамі”, і сам пераконваўся: стала лепш. Перадрукаваў і зноў накіраваў у рэдакцыю. Неўзабаве пазваніў галоўны рэдактар Генадзь Бураўкін, сказаў, што аповесьць яму спадабалася, будуць друкаваць, прасіў пры магчымасьці прыехаць узгадніць зробленыя ім пераважна стылёвыя і моўныя папраўкі і аб часе прыезду абавязкова папярэдне пазваніць, каб не разыйсьціся.

Работа ў рэдакцыі пачыналася а дванаццатай гадзіне, а гарадзенскі цягнік прыбываў раненька, і Генадзь прыйшоў раней, каб ніхто не замінаў пагаварыць. Мы неяк адразу сышліся, знайшлося сто тэмаў для зацікаўленай гамонкі. Неўзабаве яму пазванілі і запрасілі на нейкую тэрміновую нараду. Генадзь прабачыўся і па­прасіў дачакацца яго, а зробленыя алоўкам ягоныя праўкі і заўвагі зьняць разам з Алесем Масарэнкам, які стаў працаваць у “Маладосьці” замест Дамашэвіча. Алесь узяў справу ў свае рукі, з імпэтам пачаў правіць ня толькі мой тэкст, але і рэдактаравы папраўкі, сьціраючы іх гумкай. Я з жахам назіраў, што ад напісанага мною амаль нічога не застаецца, спрабаваў нясьмела пярэчыць, пратэставаць, але Алесь быў няўмольны. Нарэшце, зьявіўся Бураўкін, глянуў, усё зразумеў, забраў рукапіс і мы пайшлі да яго ў кабінет, дзе ён аддаў рукапіс мне: паглядзі ўважліва ў спакойнай абстаноўцы дома, з чым пагодзішся – папраў, з чым не – вытры гумкай, калі ня згодзен з праўкамі Масарэнкі – аднаві, перадрукуй “брудныя” старонкі, дзе больш за тры папраўкі ад рукі (тэхнічныя нарматывы выдавецтва) і гатовы чысты рукапіс дашлі мне асабіста...

Да таго, як пазнаёміцца, Генадзь, канешне, ведаў пра маё існаваньне, а я яго – дык, бадай, з першых публікацыяў у рэспубліканскім друку, з ягонай першай паэтычнай кніжачкі “Майская просінь”. У Бураўкіна вельмі пазнавальная зьнешнасьць, і аднойчы ледзь ці ня нос у нос мы выпадкова сутыкнуліся ў Маскве, а падысьці, загаварыць у мяне не хапіла духу. Потым колькі разоў таксама выпадкова бачыў у Гародні, калі ён прыязджаў па справах “Правды”. Я ня ведаў, што яны ў добрай дружбе з Быкавым, і неяк не надарылася, каб Васіль Уладзіміравіч пазнаёміў нас. І вось, нарэшце, мы пазналіся. І не адзін з нас тады і не здагадваўся, што гэтаму па-сутнасьці дзелавому знаёмству наканавана стаць пачаткам нашага доўгага паралельнага службовага курсу, перарасьці з цягам часу ў шчырую мужчынскую дружбу і сяброўства на многія дзесяцігоддзі...

Тым часам я заняў свой былы маленькі кабінецік намесьніка загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі, з раніцы да вечару займаўся службовымі справамі, а потым да дзьвюх-трох гадзінаў ночы сядзеў за пачатай новай аповесьцю “Адчай” альбо па просьбе Аляксандра Раманава похапкам пісаў нешта для “Вожыка”, каб не перапыняць з часопісам добрыя творчыя стасункі. Калі не было імпэту пісаць – браўся чытаць што-небудзь з класікі ці нешта новае з літаратурна-мастацкай перыёдыкі, і ня проста чытаць, а ўчытвацца, як кажуць, спрабаваць на зуб ледзь ці ня кожную фразу, прыглядвацца, як вопытныя аўтары абыходзяцца з сюжэтам, якімі мастацкімі сродкамі дамагаюцца выразнасьці, зьнешняй і псіхалагічнай дакладнасьці характару і ўчынкаў сваіх персанажаў. Толькі зараз у поўнай меры стаў разумець сэнс рэкамендацыяў літкансультантаў вучыцца ў класікаў, вучыцца на лепшых узорах сучаснай літаратуры. І я пісаў і вучыўся, вучыўся і пісаў...

Маёй работай, здаецца, былі задаволеныя ўсе ў абкаме. Аднак ужо ведаў, што партыйная кар’ера – гэта не маё, і калі галоўны рэдактар “Вожыка” Аляксандр Раманаў прапанаваў пайсьці да яго намесьнікам, згадзіўся, не задумваючыся. Было толькі адно пытаньне: персьпектыва атрымаць кватэру? Выдавецтва ЦК, у чыю структуру ўваходзіў “Вожык”, будавала жыльлё для сваіх работнікаў, частка якога прыпадала і журналістам, сёе-тое мелі і ад кіраўніцтва справамі ЦК. Аляксандр Данілавіч заверыў, што на працягу году-двух пытаньне будзе вырашанае, і гэта мяне задавальняла. Неўзабаве на нейкім семінары ў Маскве, куды паехаў замест загадчыка аддзелу, да мяне стаў надта ж уважліва прыглядвацца, аж ніякавата рабілася, загадчык аддзелу прапаганды нашага ЦК Савелій Паўлаў, потым падышоў і запытаў:

– Гэта праўда, што вы згадзіліся пайсьці намесьнікам да Раманава?

Я пацьвердзіў, што, адчувалася, яго дужа зьдзівіла, аднак ён не сказаў нічога, перавёў гаворку на нешта іншае.

А праз нейкі час пазваніў вельмі засмучаны Раманаў: ягоную прапанову зарубілі ў ЦК, нібыта для мяне рыхтуюць нейкую іншую пасаду, і менавіта ў Менску. “Я зрабіў усё, – сказаў Аляксандр Данілавіч. – А цяпер, калі не перадумаў, дзейні­чай сам – пагавары з Паўлавым, дайдзі да Кузьміна...” Навіна, што мяне тармазнулі ў “Вожык” засмуціла, але ехаць альбо званіць Паўлаву ці Кузьміну і выпрошваць пасаду ў Менску для мяне было непрыймальным – хай будзе што будзе... Дый у Гародні мне някепска, мо нават вельмі і вельмі добра – уладзілася з работай, пачуваю сябе абсалютна ўпэўнена, а галоўнае – добра і плённа пішацца вечарамі ў спакойным і ўтульным хатнім кабінеце, які займеў, перасяліўшыся ў новую шыкоўную чатырохпакаёўку. Тут, як суседзі, яшчэ больш здружыліся, зблізіліся з Быкавым, ад каго ў любы момант можна мець добрую параду і падтрымку. Чаго яшчэ трэба! Ад дабра дабра не шукаюць...

Пасьля публікацыі ў “Маладосці” аповесьці з фотакарткай, кароткай біяграфіч­най даведкай мой, як сёньня сказалі б, імідж вырас як ніколі і ў пішучай, і ў чыноўнічай браціі, і ў начальства. Канешне ж, гэта было прыемна, цешыла, радасьць аж расьпірала душу, але я панічна баяўся быць некім заўважаным у самаздавольстве – прыкладам заўсёды была гранічная сьціпласьць Васіля Быкава... А неяк адгарнуў старонку сьвежага “Радыёперахвату” – і ажно дыханьне сьцяло: пра мой “Час прылёту журавоў”! На тым тыдні аж у трох выпусках аповесьць адкаментаваў пастаянны аўтар літаратурных перадачаў на беларускай “Свабодзе” Станіслаў Станкевіч, пра якога ў нашым друку ня раз пісалі як аб фашыстоўскім паслугачы, здрадніку і ворагу беларускага народу, каварным ідэалагічным дыверсаньце. І хоць “Свабода” спакойна і даволі дакладна вызначыла сутнасьць і скіраванасьць аповесьці, нечага дурнога і варожага ў Станкевічавых каментарах не было, разумеў: нічога добрага ад гэтай увагі з-за бугра чакаць мне не даводзіцца. Нехта не праміне выцягнуць на белы сьвет вядомы пастулат класіка марксізму-ленінізму: калі цябе хваліць класавы вораг – падумай, што няправільна ты зрабіў. Быў абсалютна перакананы, што ніякага глупства не зрабіў, сказаў, пра што трэба крыкам крычаць, але... Даўно пастаянна чытаючы “Радыёперахват”, заўважыў: варта “Свабодзе” пахваліць нейкага аўтара ці твор, як у нашай перыёдыцы зьяўляецца разгромны артыкул пра той твор альбо аўтара. З заміраньнем сэрца стаў чакаць і я. Аднак прайшоў месяц, другі, а ніякай рэакцыі не было, хоць яшчэ ня раз “Свабода” спасылалася на аповесьць і ў літаратурных, і нават у сваіх грамадска-палітычных перадачах. Гэта было дзіўна. Як і тое, што не адчуваў ні касых позіркаў, ні заўвагаў і папрокаў з боку свайго начальства, калегаў – нібыта і не было ніякіх забугорных перадачаў. Ад знаёмых хлопцаў з аддзелу прапаганды ЦК даведаўся, што і там паставіліся спакойна, ніхто і ня думаў надаць нейкую ўвагу, тым болей прад’яўляць прэтэнзіі і абвінавачаньні да аўтара аповесьці. Для мяне гэта было надзвычай важна – можна ня надта мардаваць сябе самакантролем, самааглядкай: пішы, што думаеш, праўда, трошкі і думай, што пішаш... Гэта тычылася работы над новай аповесьцю “Адчай”, дзе ў шмат чым працягваў ранейшую тэму, але на іншым узроўні, у іншым вымярэньні. Лакальны, на першы погляд, канфлікт паміж сакратаром парткаму і дырэктарам прадпрыемства перакідваўся ў высокія абкамаўскія, саюзна-міністэрскія кабінеты, перарастаў у непрымірымае супрацьстаяньне па-сутнасьці двух стыляў, метадаў кіраўніцтва – аўтарытарна-дыктатарскага і дэмакратычнага, у арбіту якога ўцягваліся персанажы зусім іншага калібру. Праўда жыцьця, логіка разьвіцьця канфлікту вымушала адно, адзінапрыймальны для нашай літаратуры метад сацыялістычнага рэалізму, курс па якім ня так даўно вельмі ўважліва, кансьпектуючы галоўнае і важнае, праслухаў у ВПШ, дыктаваў зусім іншае. Напрыклад, можна было дапусьціць, што ў сакратара абкаму маюцца сякія-такія недахопы, але яны мусілі абавязкова выпраўляцца ці то з дапамогай таварышаў, ці то вышэйстаячай партыйнай інстанцыі, інакш – будзе згушчэньне фарбаў, кіданьне ценю ледзь ці не на ўсю партыю. Адмоўнае павінна было абавязкова ня проста ўраўнаважвацца, а пераважвацца станоўчым, прагрэсіўным, якое заўсёды мусіла перамагаць. І даводзілася ледзь ці не ў міліграмах выважваць у сваіх героях: адмоўнае – у Смаляра і станоўчае – у Сымановіча, на якіх, адчуваў, як на асялку, будзе вымярацца партыйнасьць твору. І канешне ж, у аповесьці, дзе асноўная дзея адбываецца на буйным хімічным камбінаце саюзнага падпарадкаваньня, проста немагчыма было абыйсьці ролю рабочага калектыву, ягонага авангарду – партыйнай арганізацыі, чалавека з народу, які мусіць пасароміць, павучыць вуму-розуму начальнікаў. Часам даходзіў да атупеньня і роспачы ад перапісваньня многіх эпізодаў, літаральна прадзіраўся між Сцылай дазволенага і Харыбай забароненага, зьяўлялася жаданьне плюнуць на ўсё, узяцца за нешта іншае, больш просьценькае і прахадное, але неадольна хацелася, наколькі гэта магчыма, сказаць тое, чаго, здавалася, яшчэ ніхто не казаў, і ня проста сказаць, а быць надрукаваным, пачутым. Ніводная з маіх аповесьцяў потым не давалася так цяжка, ні над адной да апошняга радка не вісела так дамоклавым мячом аглядка і самацэнзура. Паставіўшы апошняе шматкроп’е, уздыхнуў з палёгкай...

Васіль Быкаў быў першым чытачом і крытыкам. Аповесьць яму спадабалася, але выказаў вялікі песімізм: нягледзячы на ўсе твае хітрыкі і намаганьні ўраўнаважыць белае і чорнае, вельмі і вельмі сумняваюся, што дазволяць партыйнага функ­цыянера такога рангу маляваць чорнай фарбай, бо такога яшчэ не было. Тады мы і паспрачаліся з ім наконт цэнзуры, а неўзабаве я быў пасаромлены...

Васіль Уладзіміравіч зрабіў на палях рукапісу шмат вельмі карысных заўвагаў, якія я ўлічыў разам з выяўленымі самім пры другім уважлівым чытаньні, калі рукапіс “адляжаўся”, а сам трохі “адышоў” ад напісанага. Як і першую, з блаславеньня Быкава паслаў у “Маладосць”. І яшчэ ён падказаў зрабіць расклейку часопіса з першай аповесьцю, прыкласьці які-небудзь машынапісны экземпляр другой і паслаць заяўку ў выдавецтва “Мастацкая літаратура” на выданьне кнігі, “забіўшы” такім чынам пазіцыю ў іхніх планах, якія фарміруюцца і вярстаюцца за два гады наперад.

Поделиться:
Популярные книги

Искушение генерала драконов

Лунёва Мария
2. Генералы драконов
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Искушение генерала драконов

Идеальный мир для Лекаря

Сапфир Олег
1. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря

Третье правило дворянина

Герда Александр
3. Истинный дворянин
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Третье правило дворянина

Третий. Том 2

INDIGO
2. Отпуск
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Третий. Том 2

Лорд Системы 11

Токсик Саша
11. Лорд Системы
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Лорд Системы 11

Обыкновенные ведьмы средней полосы

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Обыкновенные ведьмы средней полосы

Купеческая дочь замуж не желает

Шах Ольга
Фантастика:
фэнтези
6.89
рейтинг книги
Купеческая дочь замуж не желает

Para bellum

Ланцов Михаил Алексеевич
4. Фрунзе
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.60
рейтинг книги
Para bellum

Неверный

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
5.50
рейтинг книги
Неверный

Неудержимый. Книга VI

Боярский Андрей
6. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга VI

Огненный князь

Машуков Тимур
1. Багряный восход
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Огненный князь

Вперед в прошлое 6

Ратманов Денис
6. Вперед в прошлое
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Вперед в прошлое 6

Без шансов

Семенов Павел
2. Пробуждение Системы
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
постапокалипсис
5.00
рейтинг книги
Без шансов

Истребители. Трилогия

Поселягин Владимир Геннадьевич
Фантастика:
альтернативная история
7.30
рейтинг книги
Истребители. Трилогия