Чтение онлайн

на главную

Жанры

Шрифт:

Товарищ Маркс, о, если б знал,

Что ты для нас мученьем стал!

Ты не писал бы “Капитал”,

А написал бы “Капитальчик”,

Ну, толщиною этак с пальчик…

Толькі-толькі заселі за кансьпектаваньне, дакладней – кампіляцыю з перададзеных у спадчыну кансьпектаў – першага тому “Капітала”, як у вестыбюлі ў чорнай рамцы зьявілася фотакартка нашага выкладчыка. Праводзілі ў апошні шлях да самага крэматорыю, а праз колькі дзён зьявіўся новы палітэканом па прозьвішчы Міронаў, больш чым удвая маладзейшы за былога. Прапануем яму нашыя кансьпекты, а ён зьдзіўлена паціскае плячыма: а навошта? Кажам: ад нас патрабавалі. А ён: калі хочаце – кансьпектуйце, а мне гэта непатрэбна. Дый вам, думаю, – гэтаксама... Любы падручнік па палітэканоміі капіталізму – гэта практычна той жа кансьпект “Капіталу”, але зроблены прафесійна, сістэматызавана, асучасьнена і, канешне ж, больш папулярна. Важна адчуць дух Марксава вучэньня, а ня цяжкую, архаіч­ную фразеялогію перакладаў ягонай геніяльнай працы. Нам чорнай зайздрасьцю зайздросьцілі калегі з іншых групаў, пакуль на трэцім томе бязглуздае рытуальнае кансьпектаваньне не адмянілі паўсюдна. Пагаворвалі, пасьля таго, як адзін тупаваты ад прыроды дзівак узнамерыўся вызубрыць “Капітал” на памяць, аднак нешта “заела”, адбыўся зрух у мазгах – стаў крычаць, нібыта Маркс украў у яго сюртук, патрабаваць аддаць таго пад суд. З паўгоду лячылі небараку, а потым адлічылі, па-вайсковаму кажучы, камісавалі па стане здароўя. Канешне ж, наўрад ці гэты дзівак-недарэка стаў прычынай, хутчэй быў апошнім штуршком, апошнім аргументам для злому дагматычна-талмуднага стэрыатыпу. У ВПШ прыходзілі слухачы ўсё новай і новай генерацыі з веданьнем рэальнага жыцьця, рэальных сацыяльных працэсаў, якія ну аніяк не хацелі ўкладвацца ў закасьцянелыя тэарэтычныя схемы. Новы рэктар рашуча ўзяў курс на амаладжэньне прафесарска-выкладчыцкага складу – і сьвежыя павевы сталі неадольна ўрывацца ў непрыступную цытадэль зафецішаванага тэарэтычнага фундаменталізму. Асабліва гэта назіралася на лекцыях і практычных занятках курсаў канкрэтнай эканомікі прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва і траспарту, дзе выкладчыкі дазвалялі сабе гаварыць такое, што ў нас аж дых займала, пасьля чаго падручнікі, якія ледзь ці не штогод мяняліся-падпраўляліся

ў сьвятле найноўшых рашэньняў і ўказаньняў, падаваліся недарэчнейшымі адзін за другі. “Крамола” ўсё часьцей і часьцей стала выпаўзаць на лекцыях і семі­нарскіх занятках па курсах “Дяржава і права”, “Міжнародны рабочы і камуністычны рух”. Як сёньня памятаю шок у Ленінскай аўдыторыі, зроблены на слухачоў абодвух курсаў вядучым эксьпертам Міністэрства замежных справаў па прозьвішчы Богуш, які заявіў, што чатыры астравы Курыльскай грады належаць Японіі і рана ці позна будуць вернутыя ёй. Нават у сьвятая сьвятых гісторыі КПСС пад няўсыпным вокам прафесара Крэтава маладыя выкладчыкі асьцярожна знаходзілі пэўныя нестыковачкі, адсылалі да тых ленінскіх работ, якія ніколі не рэкамендаваліся да чытаньня і кансьпектаваньня. Абсалютна сучасным, чуйным да новага быў і наш куратар Рафаіл Рыгоравіч Грыгар’ян. Ужо тое, што ён у Берлінскім універсітэце на нямецкай мове абараніў дысертацыю па Гегелю, выклікала да яго павагу. Ён паступова, даходліва, займальна ўводзіў нас у складаны сьвет гегелевай дыялектыкі, і мы ўсё ўпэўненей і ўпэўненей пачыналі спасьцігаць, чаму супярэчлівасьці з іх колькасна-якаснымі пераходамі ёсьць і рухаючая сіла, і выток усялякага разьвіцьця, чаму перапынак паступовасьці, скачкі, адмаўленьне сыходнага моманту і адмаўленьне самога гэтага адмаўленьня, паўтор на вышэйшай аснове пэўных рысаў першапачатковага стану зьяўляюцца своеасаблівай саманаладжвальнай спружынай бесьперапыннасьці і паступовасьці разьвіцьця прыроды, грамадства, мысьленьня па ўніверсальных аб’ектыўных законах, вучыліся ўспрымаць, прымяняць іх да аналізу і пазнаньня логікі разьвіцьця і ягоных магчымых накірунках. Усё гэта было надзвычай цікава, і неўзабаве сталася, як ён і абяцаў: пачыналі спакойна, за кубачкам кавы з захапленьнем чытаць сьпецыфічную філасофскую літаратуру, якая яшчэ зусім нядаўна падавалася мудрагелістай, завумнай, незразумелай. Я дык на працягу многіх год пасьля заканчэньня вучобы выпісваў і чытаў “Философский журнал”. І яшчэ Рафаіл Рыгоравіч пастаянна раіў нам вучыцца адсарбіраваць патрэбнае для жыцьця і будучай нашай практычнай дзейнасьці, спрыяльнае для пазнаньня і павышэньня інтэлекту ад рознай непатрэбшчыны, глупства, якімі нам ўсё яшчэ працягвалі забіваюць галовы. Настойліва рэкамендаваў як можна паўней выкарыстаць час вучобы ў Маскве для знаёмства з тэатрамі, музеямі, маскоўскімі і падмаскоўнымі славутымі мясьцінамі, бо мець такую магчымасьць наўрад ці хто з нас калі-небудзь будзе... І трэба аддаць належнае арганізатарам і куратарам вучэбнага працэсу: яны стваралі для гэтага належныя ўмовы. Дэфіцытныя білеты ва ўсе лепшыя маскоў­скія тэатры і нашумелыя сьпектаклі слухачам часта было дастаць прасьцей, чым адказным работнікам апарата ЦК. Апроч абавязковых курсаў этыкі і эстэтыкі са здачай экзаменаў, функцыяваў факультатыў па праблемах літаратуры і мастацва, дзе чыталі лекцыі, праводзілі семінарскія заняткі кваліфікаваныя выкладчыкі з літаратурнага, акадэмічных інстытутаў. У школу з канцэртнымі праграмамі запрашаліся знакамітыя кампазітары і выканаўцы, якія ведалі перад кім выступаюць і выкладваліся спаўна. Асабліва запаважалі Іосіфа Кабзона, які без аніякіх фанаграм “трымаўся” на сцэне больш за чатыры гадзіны, сьпяваў усё, што яго прасілі. І ў першы, і праз год у другі раз. Праз нацыянальныя зямляцтвы запрашаліся калектывы з саюзных рэспублік, якія гастралявалі ці ўдзельнічалі ў нейкіх мерапрыемствах у Маскве. Часьцей за ўсё гэта былі калектывы этнаграфічнага кшталту, і ня ўсе з іх рабілі належнае ўражаньне на шматнацыянальную публіку. Затое галасістая беларуская прыгажунька Вольга Шутава ўчыніла літаральна фурор, якога, казалі, яшчэ ня бачыла Ленінская аўдыторыя. Асабліва, калі загучаў яе каронны “Дубочак зялёненькі”, і яе, стоячы, не адпускалі мо з паўгадзіны. І падбадзёраная доўгімі авацыямі, выкрыкамі “брава!”, “біс!” пасьля кожнага нумара сьпявала Вольга, як ніколі, натхнёна з найвялікшым душэўным уздымам, нібы адчувала, што зусім мала наканавана ёй, магчыма, кожнае выступленьне – гэта ейная лебядзіная песьня...

За сімвалічную плату альбо і зусім без яе арганізоўвалі экскурсіі па знакамітых гістарычных мясьцінах сярэдняй Расіі – Ясная Паляна, Барадзінскае поле, Яраслаўль, Суздаль, Уладзімір і г.д. Ну, а славутыя мясьціны ў блізкім Падмаскоўі – Архангельскае, Абрамцава, Сергіеў Пасад (тады Загорск) і іншыя, аб’ехалі, і ня раз, самастойна і ў выхадныя, і ў будні, калі не было цікавых лекцый: сядалі кампаніяй на электрычку ці рэйсавы аўтобус – і праз гадзіну-другую на месцы. Асабліва прыцягваў нашу кампанію Загорск, дакладней – Сергіева лаўра з мноствам старадаўніх храмаў, манастыром, духоўнай семінарыяй, адміністрацыйнымі памяшканьнямі патрыярхата. На гэтым невялічкім цесным астраўку пад рознавялікімі пазалочанымі купаламі з урачыстымі блікамі сонечных промняў было нязвыкла іншае жыцьцё, і цякло нясьпешна яно па чужых для нас законах непрымірымай ідэалогіі. Было надзвычай заманліва, цікава зблізу глянуць на незнаёмае быцьцё, якое згодна нашаму матэрыялістычнаму вучэньню параджае памылковую, непрыймальную ідэалістычную філасофію, чужую, варожую нам ідэалогію, а калі пашчасьціць, то і візуальна пабачыць ейных вядомых тэарэтыкаў і практыкаў. На курсе навуковага атэіз­му выкладчык часта спасылаўся на мітрапаліта Нікадзіма як вядучага сучаснага тэарэтыка-тэолага, аднаго з самых верагодных пратэндэнтаў на патрыяршы прэстол, сьцьвярджаючы, што клопатаў не абярэмся, калі і насамрэч будзем мець справу з гэтым маладым, энергічным, схільным мімікрыраваць ідэйным праціўнікам. Тут мы ня раз бачылі таго самага Нікадзіма – высокага, рыжабародага, заўсёды элегантнага і велічнага ў сваім раскошным аблачэньні сярод сьвіты клірыкаў у чорным. Ён адчуваў, што робіць уражаньне, і бы знарок напаказ лёгкай спружыніс­тай паходкай прахаджваўся па тэрыторыі сярод застылага ў пачцівым паклоне шматлікага люду, дзе якога шэптам перадавалася: “мітрапаліт Нікадзім”... Канешне ж, нікому з нас і ў галаву не прыходзіла ўступаць з ім у кантакт, усчынаць нейкую ідэйную дыскусію, бо апрыёры адчувалі ягоную агромістую перавагу, дый выдаваць, што слухачы ВПШ топчуцца тут, было і не з рукі, і пры адпаведнай інтэрпрэтацыі магло абярнуцца нежартоўнымі пасьледкамі. Проста цікава было пана­зіраць збоку. Ня ведаю, ад чаго ў зусім маладых летах памёр Нікадзім, але зьвестка аб ягонай сьмерці выклікала зьдзіўленьне і недаўменьне. І яшчэ была простая чалавечая цікавасьць, нейкі пратэст і адначасова спачуваньне сімпатычным хлопцам у звычайных сьвецкіх касьцюмах, якія вярталіся з гораду, прад’яўлялі дакументы манаху ў брамцы-прахадной і звыкла, пасьпешным крокам, ішлі на тэрыторыю самай антаганістычнай нашай навучальнай установе – духоўнай акадэміі. О, як карцела хоць адным вокам зірнуць, што дзеецца за гэтымі змрачнаватымі мурамі з маленькімі акенцамі, абразуміць, вярнуць да нармальнага жыцьця хлопцаў, якім затлумілі галовы папы. Але і з маладымі ў чорных сутанах студэнтамі духоўнай акадэміі, з якімі сутыкаліся і ў цэрквах, і на прылеглых тэрыторыях, і нават у музеі народных рамёстваў, уступаць у дыспут, пераконваць замінала нейкая незразумелая страхавітасьць... Але больш за ўсё вабіла, змушала раніцой у нядзельку ці на нейкае сьвята сядаць у электрычку і больш за гадзіну ехаць сюды, каб паслухаць музыку царкоўных званоў. У вялікіх і малых гарадах яны былі забаронены, званы можна было пачуць, бадай, толькі тут, і іхняя музыка падавалася нечым неверагодным, неспасьцігальным. Пагляд міжволі падымаўся ўверх, дзе залатыя купалы на фоне сіняга неба з імклівымі белымі аблачынкамі стваралі ўражаньне, што не з рознавялікіх і рознаўзроўневых званіц, а і аднекуль значна вышэй падаюць свае галасы і галасочкі званы і званочкі, і нібыта дырыжыруе імі нехта нябачны з паднябесься. І ўсе гэтыя такія розныя, непадобныя галасы і падгаласкі стваралі адну стройную, велічную, урачыста-гімнавую мелодыю амаль незямнога гучаньня. Праз нейкую хвілю-другую з’яўлялася адчуваньне, што гэтая мелодыя паволі адрывае ці то цябе, ці тваю душу ад грэшнай зямлі, ачышчае, уздымае да царкоўных купалоў з ажурнымі крыжамі, вышэй і вышэй, аж да нябёсаў... Усё гэта падавалася па той бок розуму, па-за рацыянальным мысьленьнем, адбывалася на падкоркавым, мо нават генным узроўні...

Заняткі, звычайна, праходзілі а першай палове дня, праўда, зрэдку, як выключэньне, мо раз у два месяцы на пасьля абеда прызначаліся нейкія выніковыя семі­нары, залікі ці экзамены, аднак тады першая палова дня была вольнай. Паабедаўшы тут жа ў сваёй сталоўцы самаабслугоўваньня, адпачывалі, перакурвалі і пачыналі займацца самападрыхтоўкай, па-просту кажучы, хто чым хацеў. Нехта ішоў у чыталку, паколькі ў суседа па пакоі былі нейкія зусім іншыя, далёкія ад вучобы і навукі планы, нехта нешта чытаў, усеўшыся за стол ці ў мяккае крэсла, альбо лежачы на ложку, а бальшыня дык знаходзіла нейкі іншы занятак, і перш за ўсё – як мага хутчэй асвоіць Маскву. Фарміраваліся групы і кампаніі па інтарэсах, і яны не абмяжоўваліся нацыянальнымі, вучэбна-групавымі, нават курсавымі сувязямі. Адных аб’ядноўвалі культурніцкія, другіх – гісторыка-пазнавальныя інтарэсы, трэціх яднала любоў да парылкі з бярозавым венікам, чацьвёртых – залацістае піва, пятых – больш істотныя напоі, шостых – шахматы, сёмых – прэферанс, восьмых – звычайны рабоча-сялянскі падкідны і г. д. Сёй-той ставіў задачу ўвогуле экзатычную – за два гады паймець і запісаць у сваю калекцыю ня менш за сто масквічак. Задача была зусім рэальная, паколькі з пратэндэнткамі ў такія калекцыі вялікіх праблем не было – тэлефоны ў пакоях, асабліва на пачатку навучальнага года, аж абрывалі гульлівыя жаночыя галасы. Па статыстыцы ў Маскве тады пражывала за 80 тысячаў няўцешных удавіц і разьвядзёнак у дабальзакаўскім і бальзакаўскім узросьце, гатовых хоць ночку пагрэцца ля чужога агню, і вэпэшоўскі тэлефонны камутатар, за кожным нумарам якога жылі прыстойныя, згаладнелыя па жаночай ласцы мужыкі ў самым саку, быў вядомы, карыстаўся вялікай папулярнасьцю сярод іх... Але ня ўсе былі калекцыянеры па натуры, ведалі, чым яно можа скончыцца, таму надоўга, часам на ўвесь тэрмін прыжываліся ля сімпатычных бяз комплексаў і аніякіх прэтэнзіяў маладзіц, пакідаючы суседу маскоўскі тэлефон на выпадак “трывогі”. І тут іншы раз здараліся сьмешныя і грэшныя гісторыі.

Часам маскоўскія пасіі пераходзілі ў спадчыну ад выпускнікоў да першакурсь­нікаў, па тым жа знаёмым тэлефонным нумары. Апошнія і не здагадваліся. Часам высьвятлялася зусім выпадкова, калі нехта прыязджаў у камандзіроўку ў сталіцу і рашаў наведацца па старых адрасах... Мусіць, пра маскоўскія спакусы ведалі ці жаночай інтуіцыяй адчувалі, бо некаторыя жонкі кідалі ўсё і ехалі разам з мужамі ў Маскву, дзе здымалі кватэрку ці пакойчык, уладкоўваліся на работу. З нашай групы такім макарам прыехала жонка Івана Какоткіна Люся, урач. Пакуль яна была на рабоце, Іван прападаў з намі, а на ноч амаль дзьве гадзіны дабіраўся на ўскраек гораду, дзе яны здымалі пакойчык.

Але былі і іншага кшталту калекцыянеры. Апроч сотні масквічак, яны ставілі

яшчэ адну задачу – не пакінуць белай плямай на карце сталіцы ніводнай піцейнай установы. Калі першыя, маючы справу з удавіцамі і разваднічкамі, як-кольвек укладваліся ў стыпендыю, то гэтыя ўмудраліся праводзіць праз строгую прахадную кідкіх юных прыгажуняў, купленых за залатыя пярсьцёнкі, дарагія каменьчыкі, модныя транты і г.д. Для таго, канешне ж, дзьвесьцерублёвай стыпендыі было да сьмешнага мала... Гэта толькі мы, славяне, і то далёка ня ўсе, дзяліліся стыпендыяй з жонкамі і дзецьмі. Многія дык наадварот мелі падмогу з дому, і ня толькі... Неяк кінулася ў вочы, што ў паштовай ячэйцы з маёй літарай “Б” на адно і тое ж прозьвішча ледзь ці не штодня з Узьбекістану зьяўляецца па 5-6 запоўненых рознымі почыркамі грашовых пераводаў не сказаць, каб з вялікімі, але прыстойнымі сумамі. Хоць, як кажуць, у чужой кішэні грошы лічыць непрыстойна, але заінтрыгавала: што ж гэта за партайгэносэ? Пацікавіўся ў Вані Астравушкі, і той расказаў і нават паказаў другакурсьніка, якому рыхтуюць высокае месца ва ўзьбецкім ЦК. А ў іх заве­дзена пасылаць будучаму вялікаму начальніку “падмогу” да стыпендыі і не абавязкова ведаць, ад каго яна. Жыў патэнцыяльны ташкентцкі чын у Маскве па-байску. Ля прахадной з ранку да ночы яго чакала таксі, ледзь ці не штодня шыкаваў з прыгажунямі і патрэбнымі людзьмі ў самых прэстыжных рэстаранах. На свае вочы бачыў, як многія сярэднеазіяты, закаўказцы вярталіся з канікулаў наўючаныя неймаверных памераў бавуламі і з чамаданамі грошай. Пры тым нават і ня думалі хавацца, таіцца, ахвотна, як аб нечым абсалютна нармальным, расказвалі пра іхнюю традыцыю і завядзёнку раённай грамадою зьбірацца на праводзіны з канікулаў свайго былога начальніка, які пасьля вучобы ў Маскве, канешне ж, зойме яшчэ вышэйшую пасаду. І кожнаму старшыні калгасу, дырэктару саўгасу, прадпрыемства загадана рабіць адпаведны ўнёсак, каб іхні пасланец у сталіцы ня надта пачуваў сябе абмежаваным у сродках, пастараўся наладзіць патрэбныя знаёмствы і сувязі... І яны дзівіліся, не хацелі даваць веры, што ў нас за такое павыключалі б з партыі, пааддавалі б пад суд. Мы, перш за ўсё са славянскіх і прыбалтыйскіх рэспублік, з недаўменьнем і трывогай назіралі, як гэтая небясьпечная зьява пашыраецца, пачынае, як іржа, разьядаць “построенный в боях социализм”. А нам працягвалі далдоніць, у найноўшых партыйных дакументах сьцьвярджаць, што карупцыя пышным кветам працьвітае толькі ў асуджаным гісторыяй гнілым капіталізме, а таксама пры адступніках і прадажных рэжымах, якія здрадзілі сацыялізму і сваім народам. У нашым жа грамадстве разьвітога сацыялізму даўно вырваны, з коранем вынішчаны самі ўмовы існаваньня падобных ганебных зьяваў, таму ніякай карупцыі няма і быць няможа. І мы недаўменна паціскалі плячамі: то што ж тады такое карупцыя?.. І зноў каторы ўжо раз тэорыя разыходзілася з практыкай... Уяўлялі, чым усё можа скончыцца, якая сьветлая будучыня чакае нас, калі партыя ня гляне праўдзе ў вочы, ня возьмецца ўсур’ёз за выкараненьне гэтай заразы. А тое, што партыя абавязкова возьмецца, паленым жалезам пачне вынішчаць пошасьць, мы сьвята верылі, і неўпрыкмет, спакваля пачыналі прывыкаць, уцягвацца самі...

Нас, прадстаўнікоў Беларусі, нават дзівіла, што рэктарат, парткам, прафкам прыдаюць гэтакае значэньне, удзяляюць столькі ўвагі зямляцтвам, бо для нас, самых інтэрнацыянальных інтэрнацыялістаў, гэтыя зямляцтвы падаваліся падазронымі, не спрыялі канчатковаму разбурэньню нацыянальных перагародак. Беларусы і тут беглі наперадзе паравозу. Тым ня менш, існавала сумеснае з Акадэміяй грамадскіх навук беларускае зямляцтва. У адрозьненьне ад іншых яно практычна бязьдзейнічала, калі не лічыць, што два ці тры разы дамаўляліся з выступленьнем у школе беларускіх мастацкіх калектываў, якія гастралявалі ў Маскве. Артыстаў і ўгаворваць не даводзілася, калі даведваліся, што выступаць давядзецца перад будучымі начальнікамі з усяго Саюзу і сацлагеру, з кім, магчыма і верагодна, неўзабаве давядзецца мець справу ў арганізацыі гастроляў. А так зьбіраліся ўскладчыну раз на год у рэстаране, каб абраць прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта. У прэзідэнты, звычайна, вырастаў віцэ, а першакурсьнікі вылучалі на ягонае месца некага са сваіх. На працягу вучобы я прысутнічаў і ўдзельнічаў у каранаваньні нашым прэзідэнтам Валодзі Міцкевіча, а віцэ – Аляксея Камая ў рэстаране “Славянский базар”, а праз год – Аляксея Камая ў пары з Генадзем Барташэвічам. Мы з Васем Слушнікам з ад­дзяленьня журналістыкі настаялі, каб пасяджэньне правесьці ў рэстаране “Минск” – трэба ж трымацца хоць нейкай сімволікі. І яшчэ я даказваў, што паколькі мы беларускае зямляцтва, то лагічна і пасяджэньне весьці на роднай мове, але са мной не пагадзіліся, і я быў адзін, хто тост-прамову сказаў па-беларуску, атрымаўшы самыя працяглыя апладысьменты. Але выбар на кіраўніцтва зямляцтвам на гэты раз быў не зусім удалы: ні прэзідэнт, ні віцэ не дабылі на сваіх ганаровых пасадах да канца – аднаго і другога адклікалі з вучобы датэрмінова. А потым нібыта па нейкай іроніі лёсу яны праз паўтара дзясятка гадоў па чарзе займалі пасаду другога сакратара ЦК КПБ...

За год-паўтара, здавалася, пасьпелі настолькі ўздоўж-упоперак асвоіць і вывучыць Маскву, што знайсьці, адкрыць нешта новае, незнаёмае, у прыватнасьці, дзе б можна добра адпачыць у выхадныя, проста ўжо немагчыма. Аж раптам даведваемся, што на тэрыторыі Ціміразеўскай акадэміі ёсьць чыстыя вадаёмы, дзе можна ня толькі пазагараць, але і добра пакупацца. А пад канец другога курсу адкрылі ўвогуле раскошнейшае месца адпачынку: сядаеш на Водным вакзале за прыймальную плату на цеплаход, які па канале праз шлюзы спускаецца да яшчэ ня надта шырокай, але чысьцюткай Волгі з цудоўнымі краявідамі, пясчаным дном і аксаміт­нымі берагамі, прышвартоўваецца да бязьлюднага берагу і ледзь ці не паўдня чакае, пакуль пасажыры накупаюцца-нагуляюцца, а ў прызначаны час склікае іх на борт густым хрыплаватым гудком. Гэта вам ня тлумны і забруджаны Сярэбраны бор, дзе і ў ваду заходзіць непрыемна! У цёплы час аздараўленьнем і адпачынкам займаліся пераважна самі, хто як можа, а зімою клопат браў на сябе прафкам. За сімвалічную плату па некалькі групаў арганізавана вывозілі ў Нагорнае – колісь камінтэраўскі, а зараз цэкоўскі прафілакторый. Летам тут жылі адказныя работнікі ЦК, якіх сьпецыяльныя аўтобусы з ранку адвозілі, а пад вечар прывозілі з работы, а ў несезоньне прафілакторый практычна пуставаў, і сюды на выхадныя завозілі групы ВПШ і Акадэміі грамадскіх навук. Тут былі надзвычай утульныя, нават раскошныя пакоі, смачна кармілі, меўся буфет з добрым наборам напояў рознай забойнай сілы. На ўсё жыцьцё запомнілася, як па-сямейнаму шчыра, весела адзначылі ў Нагорным усёй групай 38-годдзе Аляксея Камая першага красавіка...

Адпачынак адпачынкам, вольніца вольніцай, а многія, для каго не яны былі галоўнымі, не забывалі, для чаго сюды прыехалі. Адны мелі на мэце паехаць адсюль з гатовай дысертацыяй, а калі пашчасьціць, то і абараніцца, другія добрасумленна ці дзеля ўласнай цікавасьці заседжваліся ў прасторнай і зручнай “чыталцы” альбо цягалі зьвязкі кніг да сябе ў пакоі, не зважаючы на пацьвелкі пасьлядоўнікаў вядомага прынцыпу: лепш мець сіні дыплом і чырвоную морду, чым сінюю морду і чырвоны дыплом...

Можа ўзьнікнуць пытаньне: а як жа здавалі экзамены і залікі ўсе гэтыя “калекцыянеры” і “чырвонамордыя”? Па-першае, нікога не пакідалі на другі год, бо каб можна было – бальшыня гатова была б вучыцца да самай пенсіі, па-другое, у групах была дасканалейшым чынам адладжана з дубляжом і падстрахоўкамі так званая сістэма “секам” – здача па шпаргалках...

А ўвогуле разумна спалучаючы прыемнае з карысным і блізка не ўпадаючы ў нейкія мазгавыя перагрузкі і аскетызм, тут пры жаданьні можна было грунтоўна і ўсебакова заняцца самаадукацыяй, шукаць і знаходзіць, дакопвацца да самых патаемных ісьцінаў, нават калі яны схаваныя пад сям’ю замкамі. Галоўнае, што навучылі выкладчыкі, найперш Рафаіл Рыгоравіч – як і дзе шукаць гэтыя ісьціны, адсарбіраваць важнае ад малаважнага, істотнае ад неістотнага, знаходзіць, прасьледжваць прычынна-пасьледкавыя сувязі. У ВПШ была агромістая, найбагацейшая сьпецыялізаваная бібліятэка, дзе можна знайсьці практычна ўсё, пачынаючы з рарытэтаў, канчаючы найноўшымі выданьнямі па філасофіі, палітэканоміі, гісторыі, канкрэтнай эканоміцы, дзяржаве і праву, усёй іншай грамадска-палітычнай тэматыцы. Нават тое, што ў іншых бібліятэках даўно было зьнішчанае як шкоднае альбо пераведзенае ў засакрэчаныя сьпецфонды. Тут таксама меліся сьпецфонды, да якіх можна было даступіцца, не зьбіраючы шматлікія візы і рэзалюцыі, як у іншых, уключаючы Ленінку. Бібліятэка мела вельмі багатыя фонды мастацкай літаратуры, дзе можна было атрымаць тое, пра што нават цяжка было марыць. Напрыклад, часопісы 20-х – пачатку 30-х гадоў, дзе друкаваліся Булгакаў, Платонаў, Мандэльштам, практычна ўсе рэпрэсаваныя пісьменьнікі. Тут я прачытаў ня толькі вязьняў ГУЛАГу, эмігрантаў, але і забароненага Горкага, “Окоянные дни” Буніна, Аверчанку, на чыю злую сатыру пад назовам “Двенадцать ножей в спину революции” адклікнуўся сам Ленін, і шмат чаго яшчэ. Бадай, ніколі яшчэ гэтак асэнсавана і мэтанакіравана, з такім захапленьнем і натхненьнем не заглыбляўся я ў чытаньне, ня зьведваў такой радасьці пазнаньня і адкрыцьця. Часам літаральна адкрываліся вочы на шмат якія старонкі мінулага, якое падавалася афіцыйнай гісторыяграфіяй без аніякіх адценкаў, выключна ў закансерваванай, застылай чорна-белай інтэрпрэтацыі... Мусіць, мая цікавасьць, якая яўна выходзіла за межы вучэбных праграмаў, а таксама тое, куды я капаюся, дзе і што шукаю, кінулася ў вочы старэнькай, сухенькай бібліятэкарцы, пэўна, яшчэ са старых інтэлігентаў, і яна праніклася да мяне павагай, ахвотна і неяк неўпрыкмет накіроўвала маю ўвагу, падказвала, што можа зацікавіць, і тое насамрэч надзвычай захапляла мяне. Потым стала дапускаць да фондаў, на якія патрабаваўся высокі дазвол, які, звычайна, суправаджаўся насьцярожана-падазроным пытаньнем: а навошта гэта табе? А неўзабаве я заслужыў у яе такі давер, што дазваляла на вечар-два сёе-тое выносіць з чытальнай залы, узяўшы слова, што нікому ня буду казаць і паказваць...

Я рыхтаваў сябе ўсур’ёз, упэўнены, што атрыманыя веды і пазнаньні будуць запатрабаваныя ў маёй будучай рабоце. Ды па вялікім рахунку яны аказаліся нікому не патрэбнымі, апроч самога сябе. А мо гэта і маё шчасьце, што аказаліся незапатрабаванымі – хто ж яго ведае, як усё магло б павярнуцца...

Недзе пасьля Новага году другакурсьнікі пачыналі жыць хваляваньнем: што прапануюць, якую заяўку зробяць родныя абкамы партыі? Нехта ўжо нешта ведаў па неафіцыйных сяброўскіх сувязях, нехта здагадваўся, але ўсё роўна пэўнасьці не было. Яна і то няпоўная, адносная, прыблізная пачыналася пасьля выкліку ў ЦК КПСС, дзе і агучвалі заяўкі абкамаў, пыталіся, згодзен ты ці ня згодзен на прапанаваную пасаду і работу. Усе разумелі, што гэта толькі для прыліку, і не чутно было, каб нехта калі рашаўся выказваць нязгоду... Чуйна лавілі пэўныя сігналы на балючую тэму з дому, ад сяброў-таварышаў. Сігналы, пераважна ананімныя, ішлі і ў ЦК КПСС ад розных “добразычліўцаў”, якія прачуўшы, што некаму рыхтуюць салідную пасаду, кідаліся напаскудзіць, падставіць падножку. Ананімкі перасылаліся ў абкамы для праверкі і прыняцьця мер, а часам – у парткам школы, затым разглядаліся ў партгрупах. З нашых “фурманка” прыехала на “Адмірала” – Абдурызу Аліева. Нейкі зласьлівец сігналіў, што Аліеў змусіў урачоў зрабіць абразаньне свайму малому сыну. Параіліся з Аляксеем Камаём (пасьля датэрміновага адкліканьня Генадзя Шабаева я стаў старастам групы) і рашылі не псаваць хлопцу настрой, проста паказаць ананімку Абдурызе і закрыць-сьпісаць паціху. Абдурыза па-сяброўску, як на споведзі, расказаў, што насамрэч дзесяць гадоў назад народжанаму сыну па медыцынскіх паказаньнях бяз нейкай ягонай згоды і ведама зрабілі нешта накшталт паўабразаньня, і ўвесь гэты час метадычна “дастаюць” паклёпнікі. Была мо сотня эксьпертызаў, праверак, і ўсе з адназначнай высновай: чыстая лухта!

Поделиться:
Популярные книги

Ищу жену для своего мужа

Кат Зозо
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.17
рейтинг книги
Ищу жену для своего мужа

Имперец. Земли Итреи

Игнатов Михаил Павлович
11. Путь
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
5.25
рейтинг книги
Имперец. Земли Итреи

Газлайтер. Том 15

Володин Григорий Григорьевич
15. История Телепата
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 15

На границе империй. Том 10. Часть 1

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 10. Часть 1

Кодекс Охотника. Книга XVI

Винокуров Юрий
16. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XVI

Титан империи

Артемов Александр Александрович
1. Титан Империи
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Титан империи

Вечная Война. Книга VIII

Винокуров Юрий
8. Вечная Война
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
космическая фантастика
7.09
рейтинг книги
Вечная Война. Книга VIII

Низший - Инфериор. Компиляция. Книги 1-19

Михайлов Дем Алексеевич
Фантастика 2023. Компиляция
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Низший - Инфериор. Компиляция. Книги 1-19

Гром над Тверью

Машуков Тимур
1. Гром над миром
Фантастика:
боевая фантастика
5.89
рейтинг книги
Гром над Тверью

Возвышение Меркурия. Книга 13

Кронос Александр
13. Меркурий
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 13

Кодекс Охотника XXVIII

Винокуров Юрий
28. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника XXVIII

Свадьба по приказу, или Моя непокорная княжна

Чернованова Валерия Михайловна
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.57
рейтинг книги
Свадьба по приказу, или Моя непокорная княжна

Новый Рал

Северный Лис
1. Рал!
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.70
рейтинг книги
Новый Рал

Вечный. Книга III

Рокотов Алексей
3. Вечный
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Вечный. Книга III