Чтение онлайн

на главную

Жанры

Шрифт:

Нашае заключэньне было такім жа...

Мы з Жэнем Рабко ня мелі ніякага ўяўленьня, пад якія сьцягі пакліча нас родны абкам, і выведаць не было ў каго. Перад Новым годам памянялася практычна ўсё наша непасрэднае начальства, ад каго залежаў наш лёс і кар’ера... Мяне як кандыдата ў члены абкаму выклікалі з Масквы па камандзіроўцы на той арганізацыйны пленум. Выступаў Машэраў, рэзка, зьнішчальна, як ён гэта ўмеў. Асабліва, што тычылася стасункаў першага сакратара абкаму Мікуловіча і старшыні аблвыканкаму Малочкі, якія канфліктавалі, ніяк не маглі падзяліць уладу. Мікуловіча вызвалілі тут жа на пленуме, але з дзіўнай фармуліроўкай “у сувязі з перадпенсійным узростам”, і тут жа аднагалосна абралі прывезенага Машэравым аднагодка Мікуловіча Кляцкова – загадчыка аддзелу аргпартработы ЦК. Па Малочку прынялі рашэньне: рэкамендаваць сесіі аблсавету вызваліць... Рэзка кінулася ў вочы: вызвалены з пасады Мікуловіч імгненна апынуўся ў поўнай ізаляцыі, нейкім вакууме – паплечнікі і падхалімы тут жа шарахнуліся, як ад заразнага. І думкі не дапускаючы, што гэта можа некаму не спадабацца, падышоў да яго, разгубленага, прыгнечанага, і ён рады быў нават мне, паздароўкаліся, загаварылі, заўважаючы, як вакол нас утвараецца пустэча. Нейкі

час стаялі адзінока ледзь ці не пасярод прасторнага вестыбюлю Дому палітасьветы, толкам ня ведаючы пра што гаварыць. Нас абачліва, на адлегласьці абцякала чыноўніцкая плынь спачатку ў адзін бок, потым, пасьля закліку працяглага, настойліва-патрабавальнага званка – у другі...

Мікуловіч ставіўся да мяне па-бацькоўску, я адчуваў ягоную ўвагу і падтрымку, а як паставіцца да Мікуловічавых кадраў новы першы? Часьцей за ўсё новае начальства ўспрымае вельмі насьцярожана, недаверліва, нават непрыязна фаварытаў сваіх папярэднікаў. І неўзабаве пачаліся кадравыя перамены, найважнейшай і найнепрыемнейшай сярод якіх для нас з Жэнем Рабко было прызначэньне сакратара па ідэалогіі Ульяновіча першым намесьнікам міністра культуры і прыход на ягонае месца нікому невядомай Емяльянавай з кафедры грамадскіх навук медінстытуту. А для мяне дык увогуле мала прыемнага абяцала ўзвышэньне ў другія сакратары абкаму Кабяка, які, натуральна, стаў найпершым дарадчыкам і найбліжэйшым паплечнікам новага першага. Кабяк даўно меў на мяне зуб, яшчэ калі я быў загадчыкам сектару друку і ў тэматычным аглядзе раённых газетаў шчыра выказаўся пра ягонае, першага сакратара Лідскага гаркаму, дубаватае выступленьне ў сваёй раёнцы. Там жа была куды больш вострая крытыка кіруючых выступленьняў з іншых раёнаў, але ніхто і ня думаў крыўдаваць, затойваць нейкую злобу... Кабяк аж сьвяціўся ад радасьці на пленуме, дзе здымалі Мікуловіча і прызначалі Кляцкова – пэўна ж, ужо ведаў, што ідзе другім абкаму. Выпадкова сутыкнуўшыся са мной у вестыбюлі, пагардліва бліснуў вачыма, не паздароўкаўшыся... Я нічога ня маю супраць Кабяка, нават рады за яго, як земляка-гарадзенца: узначаліўшы Віцебскую вобласьць, Сяргей Цярэнцьевіч пакінуў там добры сьлед і добрую памяць пра сябе. Што ж, часам мудрасьць прыходзіць разам з узваленай на плечы высокай адказнасьцю першай асобы, а магчыма, не прайшла марна, дала плён вучоба ў мудрага Леаніда Герасімавіча Кляцкова...

Нарэшце, і нас паклікалі ў ЦК КПСС і паведамілі, якая на каго паступіла заяўка. У адрозьненьне ад іншых, нашым беларусам, якія ледзь ці ня ўсе цягнулі на чырвоныя дыпломы, нейкіх салідных прапановаў не паступіла – на адну прыступку вышэй, і ня болей. Аднаму Аляксею Камаю прапаноўвалася больш-менш салідная пасада сакратара абкаму партыі па сельскай гаспадарцы, што, калі на тое пайшло, нармальнае, але і не такое ўжо вялікае павышэньне для першага сакратара райкаму. Жэні Рабко давалі пасаду другога сакратара райкаму, а мне – начальніка ўпраўленьня паліграфіі і выдавецтваў аблвыканкаму, і гэтая перадпенсійная сінекура выклікала лёгкае недаўменьне ў загадчыка сектару ўліку кадраў ЦК. Я, шчыра кажучы, гэтаксама быў не ў захапленьні, але што мог сказаць? Дый што чакаць ад новага кіраўніцтва, якое мяне зусім ня ведае? Думаю, гэта часовы варыянт, заўважыў загадчык сектару, і я пагадзіўся, сказаўшы няпэўна: абкаму відней...

Па атрыманьні заявак стаў перабудоўвацца і вучэбны працэс – паглыблялася сьпецыялізацыя. Мелася быць традыцыйная месячная практыка ў розных рэгіёнах краіны, якая часьцей за ўсё прывязвалася да канкрэтных планаў ЦК КПСС, Вярхоўнага Савету і Савету Міністваў па вывучэньні нейкіх пытаньняў – праверцы, падрыхтоўцы дакументаў і абмеркаваньні на вызначаным узроўні. Слухачы-практыканты ў залежнасьці ад аператыўнасьці падрыхтоўкі і важнасьці праблемы альбо ўключаліся ў сфарміраваныя групы, альбо працавалі самастойна на вызначанай тэрыторыі, а потым прадстаўлялі абагульнены матэрыял. Сьпецыялізацыя і практыка праходзіла па трох напрамках: партыйная, савецкая, грамадская і гаспадарча-распарадчая работа – у адпаведнасьці з заяўкамі абкамаў. Ствараліся групы па 8-10 чалавек. Мы з напарнікам па пакоі Сабітам Валіевым, якога заявілі на старшыню райвыканкаму, патрапілі, натуральна, у тую ж савецкую плынь, больш таго – у адной групе разам паехалі на месяц вывучаць партыйнае кіраўніцтва Саветамі ў Пскоўскую вобласьць. Нашым куратарам быў малады выкладчык па прозьвішчы Жылінскі родам з Рыгі, куды адразу ж арганізаваў незабывальную трохдзённую паездку-экскурсію, зрабіўшы невялікага кругаля з Масквы. Пры ягонай апецы спыніліся ў інтэрнаце мясцовай партыйнай школы, пабылі і паглядзелі ледзь ці ня ўсе найбольш славутыя мясьціны і куточкі старой Рыгі і, канешне ж, не маглі не паслухаць музыку ў знакамітым Домскім саборы, ды абмінуць сусьветна вядомую Юрмалу, якую першы і апошні раз бачыў напрадвесьні бязьлюдную, як і неласкавы, прадзьмуты холадам затокі, засланы выкінутымі штормам крыгамі пляж. Праехалі на рафіку з прыпынкамі ў славутых ці проста прыгожых мясьцінах праз усю Латвію, частку Эстоніі, і куратар здаў нас пад апеку абкаму партыі, прызначыўшы мяне за старшага групы, а сам вярнуўся ў Рыгу. Дамовіліся пасьля практыкі дабі­рацца ў Маскву самастойна і там сустрэцца...

У Пскоўскім абкаме партыі прынялі нас за немаведама якое начальства. Напачатку мы ад непамернай увагі пачувалі сябе ніякавата, бянтэжыліся, але як даведаліся, што апошнім самым вялікім начальнікам, які чатыры гады назад наведаў Пскоў, быў інструктар ЦК, перасталі зьдзіўляцца. Адразу ж нас гасьцінна і нефармальна прыняў даволі малады, прадстаўнічы першы сакратар абкаму, які коратка, стрымана, нават прэснавата расказаў пра вобласьць, пасьля чаго засыпалі яго пытаньнямі. Мяне дык вельмі ўразіла, што першы не валодае самымі элементарнымі эканамічнымі паказчыкамі, як ураджайнасьць, вытворчасьць малака, мяса, рэнтабельнасьць і г.д., і, каб адказаць, пачынаў удакладняць па тэлефоне – у нас у Беларусі такога ўявіць сабе немагчыма, кіраўніка гэткага рангу Машэраў і дня не трымаў бы... На заканчэньне амаль двухгадзіннай гаворкі гаспадар запытаў, што б мы, апроч праверкі работы Саветаў у Вялікіх Луках, хацелі пабачыць у Пскове і вобласьці. На правах старшага групы я сьціпла сказаў: усе мы ўпершыню ў Пскове і з найвялік­шай удзячнасьцю прымем усё, што гасьцінныя гаспадары палічаць патрэбным паказаць, выказаў толькі адно жаданьне –

наведаць Пушкінскія горы. Першы даручыў сакратару па ідэалогіі скласьці для нас насычаную культурна-пазнавальную праграму, паведаміў, што апякаць нас будуць прысутныя тут загадчык аргапартаддзелу і намесьнік старшыні аблвыканкаму, даручыў забясьпечыць нам усе ўмовы і для плённай работы і зьмястоўнага культурнага адпачынку. Мы шчыра падзякавалі, а потым дзён дзесяць з ранку да вечара ў суправаджэньні дасьведчаных гідаў наведвалі гістарычныя мясьціны і славутасьці, на якія вельмі багаты старажытны Пскоў, а таксама культурніцкія ўстановы, прамысловыя прадпрыемствы, і нарэшце, на двух “Волгах” у суправаджэньні інструктара абкаму накіраваліся ў Пуш­кінскія горы. На мяжы раёну з кветкамі сустрэла першы сакратар райкаму, выхаванка ВПШ, якая пакінула Мітронаўскую слабаду ў той год, як мы паступілі. Сустрэліся як родныя, засядзеліся ў “грэчаскай зале” рэстарана за ўспамінамі і чаркай, знаходзячы агульных знаёмых, якім абяцалі прывезьці ейныя прывітаньні. Словам, прабылі-прагасьцявалі ня дзень, як планавалася, а ледзь ці ня тры. З добрай, ад­крытай душою яна хацела паказаць нам як мага болей, пазнаёміла з легендарным арганізатарам і захоўнікам мемарыяльнага Пушкінскага музею-запаведніка Гейчанкам, чалавекам, які сваё жыцьцё прысьвяціў Пушкіну, ведаў пра паэта ўсё. Ён быў таленавіцейшы апавядальнік, і правёў ня проста захапляльную экскурсію, а адкрыў нам вочы на Пушкіна. На разьвітаньне падпісаў і падарыў кожнаму з нас сваю кніжку пра Пушкіна і Пушкінскія горы...

Пасьля вяртаньня ў Пскоў нам арганізавалі яшчэ адну незабыўную пазнавальную паездку-экскурсію пад апекай абласнога ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў у Сьвята-Усьпенскі манастыр у гарадку Пячоры непадалёк ад Пскова. Тэрыторыя манастыра з усімі пабудовамі і старадаўняй сьцяной вузкай паласой пад невялікім нахілам з паваротам налева расьцягнуўся па нізіне, заціснутай пагоркамі – не інакш дне яру. Дарога ад галоўнага храма ўніз высыпаная чырвоным гравіем, як напамі­нак аб візіце Івана Грознага з апрычнікамі, які сек галовы манахаў і кроў сьцякала па схіле ўніз. Але цікавай была ня столькі гісторыя старажытнага манастыра, «жыціе-быціе» ягоных цяперашніх насельнікаў, колькі тутэйшыя ўнікальныя пячоры. Падавалася нейкай містыкай, не хацелася даваць веры, што ў манастырскіх складах на схілах пагоркаў практычна ня кісьне малако, не псуецца мяса, а ў шматкіламетровых пячорах, дзе заўжды трымаецца пастаянная тэмпература плюс пяць градусаў, месяцамі ня вянуць кветкі, пры адсутнасьці ўсялякай вентыляцыі не чуваць ніякіх пахаў, дыхаецца лёгка, а пахаваныя ў сьценах нябожчыкі не падвяргаюцца тлену. Потым містыка трохі разьвеялася, калі даведаліся, што манастыр у Пячорах не выключэньне, на Пскоўшчыне ёсьць і іншыя мясьціны, дзе зямля, пераважна карычневатыя пясчанікі, мае падобныя ўласьцівасьці. У Вялікіх Луках нам расказвалі, што пры перазахаваньні Аляксандра Матросава з памерлай ужо вёскі Чарнушкі да ўзьведзенага грандыёзнага помніка-мемарыялу яму ў гарадскім парку, высьветлілася: больш за пятнаццаць гадоў герой ляжаў нібыта толькі што пахаваны, сатлела, хіба, трохі гімнасьцёрка на ранах...

Паездка ў Пячоры і наведаньне манастыра былі апошнім больш чым дзесяці­дзённым культурным мерапрыемствам у Пскове, і назаўтра мы накіраваліся вывучаць партыйнае кіраўніцтва Саветамі ў Вялікіх Луках, якія, здаецца, на пачатку шасьцідзясятых гадоў згубілі статус абласнога цэнтра. Вялікія Лукі ў мяне асацыяваліся з тысячамі жабракоў-бежанцаў, што хлынулі ў нашыя краі ў галодныя пасьляваенныя гады, і ў бальшыні сваёй называлі сябе вялікалуцкімі. І праз столькі гадоў кідалася ў вочы паўсюдная беднасьць і запушчанасьць. Занядбаныя вёскі, шмат дзе са скасабочанымі, зарослымі мохам саламянымі стрэхамі, дробнаконтурныя, з актыўным наступам хмызьнякоў палі, і нідзе ніякага звычайнага перадвеснавога ажыўленьня, руху, калі на палі вывозяцца арганічныя ўгнаеньні, па дарогах шныраюць трактары, грузавікі. І за ўсім гэтым – рэдкай прыгажосьці краявіды з азёрамі і азёркамі, рэчачкамі, барамі і гаямі.

Вялікія Лукі падаліся сярэдняй рукі горадам тыповай пасьляваеннай забудовы, нечым падобны на нашую Ліду, але, мусіць, трохі большы. Найбольш уразіла, што паўсюдна – і на вуліцы, і ў крамах, нават у кабінетах гаркама і гарвыканкама чуваць была беларуска-руская трасянка, якая і насамрэч прыпадабняла яго з Лідай, дый любым нашым горадам альбо гарадком. Напачатку падумалася: пэўна, панаехалі на прадпрыемствы ўраджэнцы з суседняй нашай Віцебскай вобласьці, але калі пачуў трасянку з поўным беларускім акцэнтам з вуснаў старшыні гарвыканкама Іпатава, запытаў, не сумняваючыся, што маю справу з земляком, адкуль ён родам, зьдзівіўся, пачуўшы, што ніякіх сваяцкіх сувязяў з Беларусьсю ня мае, сам тутэйшы, мясцовы, рускі, а тут ва ўсіх такі акцэнт, тут усе так гавораць...

Прабыць у Вялікіх Луках намерваліся больш за два тыдні, але ўдарыла раньняя вясновая цяплынь, і мы ў сваёй зімовай экіпіроўцы сталі выглядаць дзіўнавата, сьмешнавата, а галоўнае – надта ж няўтульна, таму рашылі папрацаваць інтэнсіўна і закончыць вывучэньне праблемы датэрмінова. Тым больш, што ніякіх складанасьцей не ўзьнікала – да нашага прыезду былі гатовыя – падрыхтавалі копіі розных патрэбных нам дакументаў, аналітычныя даведкі і г.д. Капаць нейкіх “жукоў” у нас не было на мэце, і пры маім вопыце падрыхтоўкі пытаньняў на бюро абкаму закончылі ўсё за тыдзень, даклалі аб выніках праверкі, якімі засталіся задаволеныя і тут, у Вялікіх Луках, і ў Пскове. Наладзілі нам разьвітальную вячэру і, падзякаваўшы за гасьціннасьць, група цягніком накіравалася ў Маскву, а мы з Сабітам, які не бываў на Беларусі – да мяне ў Гародню: грэх было б абмінуць яе, маючы ў запасе столькі часу і зрабіўшы зусім нязначнага кругаля...

Вядома ж, і падумаць тады ня мог, што, дакляруючы мне спакойную пасаду ў аблвыканкаме, родны абкам у стылі Кабяка ўчыняе нейкую дзіўную праверку. Зразумеў гэта, калі з новенькім чырвоным дыпломам зайшоў у кабінет першага сакратара абкаму Кляцкова прадставіцца: вось я, вярнуўся з вучобы, гатовы рэалі­зоўваць атрыманыя веды ў практычных справах, і быў агарошаны ягоным прамым, у лоб пытаньнем:

– Чаму вы згадзіліся на спакойную перадпенсійную работу?

– А хіба ў мяне быў нейкі выбар?.. – глянуў недаўменна я, і злавіўшы ў ягоным паглядзе недаверлівую іронію, зразумеў, што ён ведае пра прапанову застацца выкладчыкам на кафедры філасофіі, ад якой я катэгарычна адмовіўся і нават забыўся пра яе. – Абкам партыі рабіў заяўку. Ня мог жа я распачынаць нейкі торг...

Поделиться:
Популярные книги

Сердце Дракона. Том 19. Часть 1

Клеванский Кирилл Сергеевич
19. Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
боевая фантастика
7.52
рейтинг книги
Сердце Дракона. Том 19. Часть 1

Последняя Арена 10

Греков Сергей
10. Последняя Арена
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Последняя Арена 10

Идеальный мир для Лекаря 21

Сапфир Олег
21. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 21

Звезда сомнительного счастья

Шах Ольга
Фантастика:
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Звезда сомнительного счастья

Live-rpg. эволюция-4

Кронос Александр
4. Эволюция. Live-RPG
Фантастика:
боевая фантастика
7.92
рейтинг книги
Live-rpg. эволюция-4

Девятое правило дворянина

Герда Александр
9. Истинный дворянин
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Девятое правило дворянина

Муж на сдачу

Зика Натаэль
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Муж на сдачу

Para bellum

Ланцов Михаил Алексеевич
4. Фрунзе
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.60
рейтинг книги
Para bellum

Егерь

Астахов Евгений Евгеньевич
1. Сопряжение
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
7.00
рейтинг книги
Егерь

Вечная Война. Книга VII

Винокуров Юрий
7. Вечная Война
Фантастика:
юмористическая фантастика
космическая фантастика
5.75
рейтинг книги
Вечная Война. Книга VII

Я снова не князь! Книга XVII

Дрейк Сириус
17. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я снова не князь! Книга XVII

Ваантан

Кораблев Родион
10. Другая сторона
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Ваантан

Идущий в тени 4

Амврелий Марк
4. Идущий в тени
Фантастика:
боевая фантастика
6.58
рейтинг книги
Идущий в тени 4

Мятежник

Прокофьев Роман Юрьевич
4. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
7.39
рейтинг книги
Мятежник